НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Аб антыбеларускай палітыцы Расеі і змаганьні супраць яе

Аб антыбеларускай палітыцы Расеі і змаганьні супраць яе

Выступ на студзеньскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

Толькі што прамінуў пік чарговага канфлікту паміж Пуціным і Лукашэнкам. Паступова ўсё вяртаецца да ранейшага інтэграцыйнага маразму, і гэтая палітыка будзе працягвацца далей з абодвух бакоў.

Пра канкрэтныя прычыны і сутнасьць сваркі я ўжо пісаў – гэта імкненьне пуцінскай групы ўлады ў Маскве выйсьці на трэці (новы) прэзыдэнцкі тэрмін шляхам інкарпарацыі Беларусі і правядзеньня выбараў прэзыдэнта ў нібыта новай “саюзнай” дзяржаве. Аднак прэзыдэнт павялічанай імпэрыі мусіў быць адзін, а прэтэндэнты – два. Таму канфлікт паміж гэтымі саўдзельнікамі быў непазьбежны.

Усё гэта ёсьць злачынная і брыдкая антынародная гульня. Але прыходзіцца пра яе казаць, бо такая рэальнасьць вычварэнскай імпэрскай палітыкі.

Імкненьне Пуціна па-гэбоўску загнаць суперніка ў кут скончылася фіяскам і палітычнай паразай Пуціна. Тым ня менш пуціністы здолелі фармальна захаваць твар і ў выніку Беларусь прайграла эканамічна. Скандалісты вярнуліся на зыходныя і, дарэчы, агульныя палітычныя пазыцыі. “Інтэграцыя” працягваецца. І будзе працягвацца. Гэта толькі эўфімізм імпэрскай палітыкі. Тут не мяняецца нічога. У студзені працягваецца стварэньне на Беларусі адзінай расейска-беларускай (а фактычна – расейскай) сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА), функцыянуюць усе (патрэбныя Расеі) псэўдаструктуры так званай “саюзнай дзяржавы”, адчыненыя межы і г.д. У афіцыйнай Беларусі ніхто не шукае і не думае ні пра якія эканамічныя, энергетычныя і іншыя альтэрнатывы. Усё гэта паказвае на непрынцыповасьць канфлікту, што зноў пераходзіць у зацяжное суперніцтва, небясьпечнае для народу Беларусі (які, паўтаруся, знаходзіцца ў закладніках гэтай авантурнай палітыкі дзьвюх асобаў).

Можна не сумнявацца, што пасьля таго, як не ўдалася спроба зламаць саўдзельніка з наскоку, Масква будзе паступова, крок за крокам зацягваць энергетычную пятлю на шыі Беларусі. Тут тыповае энкавэдзісцкае разуменьне палітыкі. Іншай яны не ведаюць. Аднак палітычна Лукашэнку гэта ўжо мала зашкодзіць (бо час працуе не на Пуціна). Гэта зашкодзіць Беларусі і перш за ўсё – канчатковым зьнішчэньнем беларускага прадпрыймальніцтва.

Падвышэньне ў два разы цэнаў на энергетычныя рэсурсы пры адчыненай мяжы з Расеяй выкліча (павінна выклікаць) перавод беларускіх бізнэсовых вытворчых прадпрыемстваў (што спажываюць энергію) і капіталаў у Расею (у Смаленшчыну, Браншчыну, Пскоўшчыну і г.д.), дзе энергія танейшая. Створана нахільная плоскасьць, лейка, у якую пачне зьлівацца беларускі вытворчы бізнэс. А гэта і падаткі, і працоўныя месцы, і капіталы, і тэхналёгіі, і разьвіцьцё вытворчасьці. Тут велізарныя страты і гарантаваная адсталасьць для краіны з высокім беспрацоўем. Замест каб разьвіваць Беларусь, беларусы будуць падымаць Расею.

Штучным беспрацоўем і адчыненымі межамі ўжо даўно створана сітуацыя, што амаль мільён беларусаў працуе ў Расеі і на Расею. Цяпер туды зьбіраюцца сьпіхнуць і беларускі вытворчы бізнэс. Складаецца ўражаньне, што пра гэта ў рэжымных колах ніхто ня думае (ці думаюць “наадварот”). Але ў Маскве, не сумняваймася, усё пралічылі.

Каб запабегчы гэтаму заплянаванаму абяскроўленьню беларускай эканомікі, трэба тэрмінова зрабіць нармальную дзяржаўную мяжу з Расеяй і праводзіць адпаведную ўнутраную эканамічную палітыку. Тым часам Лукашэнка ўжо заявіў, што “яны” (рэжым) не зьбіраюцца ўводзіць які-небудзь кантроль на мяжы з Расеяй. Выглядае, што рыхтуецца заплянаванае самагубства нашай краіны, і рэжым, як заўсёды, гэтаму спрыяе.

Тут варта нагадаць, што адно з найвялікшых злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, зробленае ім за дванаццаць гадоў аўтарытарнага кіраваньня, – гэта прывязка беларускай эканомікі, гандлю і энергетыкі да Расеі. Прывязка рабілася сьведама і пачалася адразу, у 1994 годзе. Тады ні з таго, ні з сяго пачалі пераводзіць беларускай вытворчасьці, кацельныя і г.д. з мазуту на газ. Хаця газ абходзіўся даражэй на 30 адсоткаў, чым мазут, а ў Беларусі была свая нафтаперагонная вытворчасьць і нават свая нафта (тады здабывалі два мільёны тон). Гэта быў пачатак мафійнай стрыжкі купонаў і запраданьня Беларусі. Што ёсьць цяпер і што адбываецца далей – мы бачым.

Трэба ўлічыць, што пагроза для сувэрэнітэту, волі і інтарэсаў Беларусі складваецца вельмі сур’ёзная. Пуціністам няма куды дзявацца, яны рэальна могуць страціць уладу ў Расеі і пачнецца чарговы “передел” (і “беспредел”). Таму ціск на Лукашэнку і маніпуляцыі з так званай “інтэграцыяй” і “саюзнай дзяржавай” будуць працягвацца. Тут могуць скарыстаць і ціск, і подкуп, і ашуканства – увесь ужо вядомы з гісторыі імпэрыі арсенал.

Варта зьвярнуць увагу ў сувязі з гэтым на паводзіны ў час нафта-газавай сваркі так званай падстаўной “апазыцыі” і ўвогуле ўсіх гэтых нібыта “эканамістаў”, “юрыстаў” і т.п. “спэцыялістаў”. Відовішча проста шакуе. Усе яны тонам і зьместам апраўдвалі расейскія паводзіны, радаваліся з “паразы”, як яны лічаць, Беларусі і ўсяляк грэбліва выказваліся пра сваю краіну. Для іх Лукашэнка – гэта Беларусь, а нацыянальныя беларускія інтарэсы – гэта Лукашэнка. “Так што няхай ведаюць расейцы , зь якой краінай маюць справу”, – зларадна ўсклікае “экспэрт” Л. Злотнікаў у інтэрвію “Свабодзе”.

Рэальныя спадзяваньні цяпер могуць быць толькі на новае пакаленьне. І дзеля гэтага павінна рабіцца асноўная наша нацыянальна-асьветніцкая праца і нацыянальна-асьветніцкая палітыка. Цяпер, улічваючы небясьпеку, трэба рабіць наступныя канкрэтныя крокі. Зыходзім з падставы, што абараніцца і перамагчы можам толькі абапіраючыся на свой народ, сваю нацыю, сваю моладзь і сваё грамадзтва.

Трэба шырока ўрухоміць канцэпцыю БНА (Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня). Гэта канцэпцыя беларускага асьветніцкага руху з дыскрэтнай гарызантальнай структурай (аўтаномныя групы па 3-5, максімум 7 асобаў). Галоўная задача – беларуская нацыянальная асьвета ў Інтэрнэце, пашырэньне беларускамоўных “сайтаў” інфармацыйна-асьветніцкага кшталту, накапленьне нацыянальнай інфармацыі і множаньне беларускіх культурных здабыткаў у Інтэрнэце. Групы БНА могуць займацца таксама іншай асьветніцкай працай на Бацькаўшчыне, абыходзячы рагаткі прамаскоўскага рэжыму. Пры гарызантальнай сістэме і аўтаноміі структураў рух фармальна незьнішчальны. Мэтадычную дапамогу руху будуць рабіць старэйшыя адраджэнцы і арганізацыі. Практычна ўжо створана базавая суполка – “Беларускі Маладзёвы Рух Амэрыкі” –, якая дапамагае ў стварэньні беларускамоўных “сайтаў”, выдзяляе бясплатныя “гостынгі” на беларускамоўныя асьветніцкія і некамэрцыйныя старонкі. БНА – гэта можа быць сусьветны асьветніцкі беларускі рух у Інтэрнэце. Беларусы, якія нават сядзяць у Аўстраліі ці на Мадагаскары, могуць прымаць у ім удзел. Ізноў узьнікла сітуацыя, калі неабходна аднавіць дзейнасьць БКА (Беларускага Камітэту Абароны), створанага ў 2002 годзе пасьля пуцінскіх “мухаў-катлетаў” і адкрытай палітычнай атакі на незалежнасьць Беларусі. Неабходна аднавіць групы і друкаваныя выданьні, што ў 2002-2004 гг. выдавалі БКА і мясцовыя камітэты абароны, і адрадзіць усю дзейнасьць, апісаную ў інструкцыях і бюлетэнях БКА. БКА мае таксама гарызантальную і дыскрэтную структуру аўтаномных суполак (3-7 асобаў), мэтадычны цэнтар і Камітэт. Заклікаю найперш маладых беларусаў на ўсіх узроўнях уключацца ў змаганьне супраць антыбеларускай расейскай імпэрскай палітыкі і за вольную Беларусь. Памятайма, што калі ня будзем змагацца, то на галаву нам сядзе масковец і ськінуць яго тады можна будзе толькі сілаю зброі. Лягчэй яго проста не пусьціць у хату, чым вытурваць праз вакно пасьля таго, як ён зьнішчыць нашае жыльлё.

Камітэты абароны нябачна мусяць быць усюды: на прадпрыемствах і ў інстытутах, ва ўстановах і структурах, нават там, дзе іх ніхто не спадзяецца. Беларусь мусіць змагацца. Хопіць назіраць вечнае паражэнства, апатыю і пустазвонства. Настае адказны час і беларусы не павінны яго страціць.

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

21 студзеня 2007 г.

Дадаць у: