НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Аб пагрозе суверэнітэту Беларусі з боку Расеі

Аб пагрозе суверэнітэту Беларусі з боку Расеі

Пуцінская ўлада выкарыстоўвае статус Расеі – краіны прадаўца энергетычных рэсурсаў (нафты і газу) для палітычнага ціску на Беларусь з мэтай стварэньня эканамічнага крызісу і ліквідацыі суверэнітэту Беларускай дзяржавы.

Пра гэта расейскае кіраўніцтва, палітычныя прадстаўнікі і нават рускі амбасадар у Беларусі А.Сурыкаў гавораць груба, наўпрост, не хаваючы плянаў анэксіі нашай краіны, якую яны плянуюць ажыцьцявіць шляхам незаконнага рэфэрэндуму аб так званым “канстытуцыйным акце” і пад выглядам наступнага нібыта “аб’яднаньня дзяржаваў”.

Гэтая грубая і агрэсіўная палітыка эканамічнага шантажу і душэньня Беларусі, разьвязаная расейскім кіраўніцтвам, наўпрост супярэчыць трэцяму пункту Будапэшцкага Мэмарандуму 1994 года аб гарантыях бясьпекі Беларусі, прынятага Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Вялікабрытаніяй і Расеяй, падпісанага Беларусяй у знак згоды на адмаўленьне ад ядзернай зброі.

Пункт 3 запісаны так:

“ЗША, РФ, Злучанае Каралеўства пацьвярджаюць іхныя абавязацельствы да Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з Прынцыпамі Заключнага Акту АБСЭ, не прыбягаць да эканамічнага ціску з мэтай падпарадкаваць сваім інтарэсам выкарыстаньне Рэспублікай Беларусь яе правоў, неад’емных ад яе суверэнітэту, а таксама не забясьпечваць сабе перавагі якога кольвечы кшталту.”

Пагроза суверэнітэту Беларусі з боку Расеі вымагае прывядзеньне ў дзеяньне п.6 згаданага Мэмарандуму. Мы настойваем на выкананьні гэтага пункту і правядзеньня кансультацыяў трох краінаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Расеі) аб парушэньні Расеяй прынятых забавязацельстваў і аб пагрозе дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

Гэты ліст перадаецца прэзыдэнту Д. Бушу, прэм’ер-міністру Т. Блэру, прэзыдэнту У. Пуціну дзеля прыняцьця рашэньняў і дзеяньняў у абарону Беларусі.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ:
Зянон Пазьняк, старшыня,
Юры Беленькі, намесьнік старшыні,
Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні

18 сьнежня 2006 г.

Дадаць у: