НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

АБ ПЕРАМОВАХ З ВЫКАНАЎЧАЙ УЛАДАЙ

АБ ПЕРАМОВАХ З ВЫКАНАЎЧАЙ УЛАДАЙ

Працэс падрыхтоўкі перамоваў палітычных партыяў з выканаўчай уладай на Беларусі доўжыцца ўжо амаль год. За гэты час справа ня зрушылася зь месца. Улады, дэманстратыўна і з выклікам, поўнасьцю праігнаравалі ўсе свае абяцаньні, ўмовы і нават тэмы перамоваў. Кіраўнік рэжыму А. Лукашэнка ня раз заяўляў пра нежаданьне весьці перамовы з палітычнымі партыямі. Узмацнілася манаполія і кантроль рэжыму над сродкамі масавай інфармацыі, дэманстратыўна парушаюцца правы чалавека, працягваецца антыбеларуская палітыка этнацыду і закрыцьця беларускіх школаў, павялічалася пагроза для незалежнасьці Беларусі — сталі вядомыя змоўніцкія пляны ўвядзеньня расейскага войска на беларускую тэрыторыю. 25 сакавіка, на Дзень Незалежнасьці Беларусі, улады арганізавалі ў Менску агрэсіўную вайсковую апэрацыю супраць насельніцтва з ужываньнем бронетэхнікі і спэцаддзелаў унутраных войскаў. Схапілі і незаконна затрымалі звыш 500 асобаў, шмат каго беспадстаўна і па-зьверску зьбілі. Прытым вайсковай групай быў зроблены напад на Выконваючага абавязкі старшыні Беларускага Народнага Фронту і Партыі БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ) Юрыя Беленькага. Напад выглядаў як спроба забойства. Сп. Ю.Беленькага зьбівалі нават тады, калі ён ляжаў на зямлі ў стане непрытомнасьці. А. Лукашэнка асабіста (праз тэлефон) кантраляваў вайсковую апэрацыю 25 сакавіка.

Нашыя патрабаваньні да ўладаў пра выбачэньне за агрэсіўныя дзеяньні супраць народа і аб узбуджэньні крымінальнай справы за зьбіцьцё сп. Ю. Беленькага засталіся без адказу.

Выканаўчая ўлада адкрыта праігнаравала дэмакратычныя патрабаваньні і міжнародныя рэкамэндацыі пра: выбарчае заканадаўства, стварэньне ўмоваў даверу да выканаўчай улады, доступ да дзяржаўных СМІ апазыцыйных палітычных партыяў. Улады ня выявілі ні добрай волі, ні жаданьня праводзіць рэальныя перамовы з палітычнымі партыямі. Яны рыхтуюць недэмакратычныя выбары па недэмакратычным законе ў бяспраўны ворган псэўдазаканадаўчай улады, дэманстратыўна парушаюць правы народа і грамадзянаў, Канстытуцыю і дамоўленасьці. Гэта ўсё робіцца з адною мэтаю — паралізаваць грамадзкія сілы, любымі спосабамі зрабіць імітацыю выбараў і прадоўжыць аўтарытарную дыктатуру. Адказнасьць за нерэалізацыю перамоваў цалкам кладзецца на выканаўчую ўладу Рэспублікі Беларусь.

Падтрымліваючы самую ідэю перамоваў з існуючым рэжымам улады, Партыя БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ) зыходзячы з вышэйсказанага заяўляе, што прыпыняе сваю дзейнасьць у спробах перамоўнага працэсу палітычных партыяў з выканаўчай уладай. Далейшы ўдзел у імітацыі наладжваньня перамоўнага працэсу немагчымы. Ён будзе выкарыстаны рэжымам для прапагандысцкага прыкрыцьця ўсталяваньня сваёй легітымнасьці.

Мы гаворым пра непатрэбнасьць і шкоднасьць для беларускага грамадзтва прымаць удзел у антыдэмакратычных выбарах, якія рыхтуе аўтарытарная ўлада, ігнаруючы праўныя патрабаваньні. Мэта рэжыму — любымі спосабамі легітымізаваць сваё становішча.

Не адмаўляючы іншых магчымасьцяў і варыянтаў, не адмаўляючы магчымасьцяў Вярхоўнага Савета 13 скліканьня, мы лічым, што цяпер трэба больш шырока зьвярнуцца да прынцыпаў непасрэднай дэмакратыі і сканцэнтраваць працу па стварэньні народнай улады самакіраваньня — Грамадзянскага Парляманту і Грамадзянска Ўраду самакіраваньня. Беларусь ня можа далей заставацца без дэмакратычнай улады, якая б выяўляла інтарэсы беларускай нацыі.

Прынята кіраўніцтвам Партыі БНФ
22 траўня 2000 г.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту
і Партыі БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

Анатоль Крыварот
Адказны сакратар Управы БНФ і Партыі БНФ

Дадаць у: