НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ "СВАБОДЗЕ"

АБ "СВАБОДЗЕ"

Атрымаў некалькі абураных тэлефонных званкоў. Усе пра радыё "Свабода". Трансьлявалі там і надрукавалі чарговага камуністычнага выкапня і беларусажэрцу, такога Івана Антановіча. Гэта былы загадчык Аддзела культуры і ідэалогіі ЦК КПБ. Адтуль кіравалі культурай у Беларусі. Прозьвішча гэтай істоты ў тыя часы (70-80-я гады) было назыўным, калі гаворка заходзіла пра подласьць, забарону ўсяго беларускага, добрага, сьветлага, усялякай вольнай думкі і ўсялякай карыснай беларускай справы. Гэта быў рэакцыянер з падвешаным языком, кар’ерыст, ілгун, для якога не існавалі прынцыпы. Супраць такіх камуна-намэнклятурных беларусажэрцаў (кшталту яшчэ розных Яфрэмаў Сакаловых, чарнобыльскага злачынцы Сьлюнькова, Малафеева, Камая і іншай здрады) змагалася ўсё беларускае духоўна вольнае грамадзтва, выступаў Народны Фронт.

У выніку Беларускай нацыянальнай рэвылюцыі і барацьбы, гэтых здраднікаў і запраданцаў ськінулі ў палітычны нябыт. Пасьля здабыцьця Незалежнасьці Беларусі, яны амаль усе паўцякалі у Маскву, хто да Лігачова, хто да Зюганава, хто ў Лубянку.

І вось радыё Свабода ў каторы раз дастае з палітычнай сьметніцы чарговы экзэмпляр, савецкага шкодніка беларушчыны і запісвае яго падлаватыя сэнтэнцыі, камуняцкія ацэнкі свабоды, нашай Незалежнасьці і народа (які ён гробіў на сваёй цэкісцкай пасадзе), прапагандуе яго станоўчыя характарыстыкі, якія ён дае розным камуна-мярзотнікам тае пары, якія пазьбеглі пакараньня.

Гэтае прапагандысцка-інфармацыйнае "паветрыя" пайшло з пуцінскай Расеі. Гэта там падымаюць з труны Сталіна, Бэрыю, Молатава -- усіх бальшавіцкіх злачынцаў чалавецтва, друкуюць інтэрв’ю зь іхнымі сваякамі ды нашчадкамі, якія расказваюць пра сваіх зьвярына-мярзотных продкаў, якія яны, маўляў, былі добрыя людзі.

Для чаго тое ўсё робіцца? Стараюцца дзеля адной мэты -- заблытаць мазгі маладому пакаленьню, людзям, якія ня ведаюць той рэальнасьці, якая была, бо ня маюць жыцьцёвага вопыту. Потым настане час, калі зь мярзотнікаў і злачынцаў (ужо для наступнага пакаленьня) зробяць ідэалы герояў і нявінных ахвяр. Такая ёсьць палітыка маскоўскай цемры і рэстаўрацыі зла.

Безумоўна, радыё Свабода маскоўскія выверты не падтрымлівае. Проста, відаць, так атрымалася ад неразуменьня. Ні сваабода слова, ні плюралізм, ні дэмакратыя тут не прычым. Можа журналісты пра тое ўсё думалі, але ў рэальнасьці справа тут простая і вядомая. Калі даюць трыбуну выкапню злачыннай ідэалагічнай сістэмы, адкінутай грамадзтвам, значыць закладваюць магчымасьць яе прапаганды і рэстаўрацыі (тое што адбываецца ў Расеі).

Не хачу, аднак, перабольшваць гэтага ўвогуле дробнага факту. Камуністычны выкапень, які, маючы ўладу, душыў свабоду слова, цяпер мае права на свабоду слова. Эмацыйнае абурэньне людзей выклікала тое, што паблюзьнерыць зь беларускай гісторыі і змаганьня яму дае эфір і плошчу дэмакратычны ворган, чытачы і слухачы якога успрымаюць гэта як зьдзек над іхным сумленьнем і пачуцьцямі. І журналісты, відаць, таго не разумеюць. Выступіў бы ён у "Советской Белоруссии" ці якім-небудзь "Регнум", ніхто б і не заўважыў.

Дэмакратычны ворган для таго і ствараецца, каб пашыраць дэмакратычныя ідэі, падзеі, зьявы, ацэнкі, даваць слова дэмакратычным людзям, нацыянальным дзеячам і падзьвіжнікам, станоўчым беларускім працаўнікам горада і сяла, а не палітычным адыёзам, не цемрашалам у авечай скуры, што душылі народ і не пакаяліся. Навошта ж тады дэмакратычная трыбуна. Так што праўда ў чытачоў (слухачоў).

Я разумею чаму мне тэлефануюць абураныя беларусы. Яны хочуць, каб я пра тое напісаў. Але пісаць далей мне ня хочацца, бо тут ужо нічога ня зьменіцца. Таго адраджэнскага беларускана радыё, заснаванага на ідэалах 25 Сакавіка, якое пачыналася беларускай нацыянальнай эміграцыяй у 50-х гадах, таго ідэёвага адраджэнскага радыё ўжо няма. Няма і ідэалаў. Там цяпер зусім іншыя людзі, з іншым розумам, з іншымі інтарэсамі, дзе інтэрас Беларусі не на першым месцы.

Ёсьць толькі адзін шлях перамены і паляпшэньня. Гэта шлях палітычнага змаганьня за свабоду Беларусі. Перамога вырашыць ўсё.

 

25 верасьня 2016 г.                                                                                          Зянон Пазьняк

Дадаць у: