НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Дзень герояў

Дзень герояў

Ліст адраджэнцам на ўгодкі
Слуцкага Збройнага

Дарагія землякі! Віншую вас у Бацькаўшчыне ў слаўны Дзень слуцкіх герояў Беларусі! Вось прыклад выдатнай і хуткай мабілізацыі на барацьбу з ворагам. Слуцкая брыгада войска Беларускай Народнай Рэспублікі ў колькасьці дзесяці тысячаў жаўнераў (разам з запасам) была створана цягам ўсяго трох дзён і адразу прыступіла да баявых дзеяньняў супраць расейскай “чырвонай арміі”.

Гэта сапраўды быў гераічны чын, бо расейскі вораг шматкроць пераважваў у колькасьці і ўзбраеньні. Акрамя таго расейцам, фактычна, спрыяла польскае войска.

Тут мы бачым выразны прыклад: каб змагацца за Бацькаўшчыну – ня трэба лічыць сілы ворага. За Бацькаўшчыну трэба змагацца ў любых абставінах.

Тое, што адбылося на Случчыне ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, нагадвае нам традыцыі Вялікага Княства. Калі вораг зьнянацку ўрываўся ў нашыя межы, тады нашыя продкі імгненна рабілі шляхецкае апалчэньне і ладзілі пагоню, не чакаючы княскага войска.

Добрая традыцыя вольных людзей. Гэта называецца – дух Пагоні. Цяперашнім беларусам (перш за ўсё маладым) трэба адрадзіць у сабе гэты дух. Ён яшчэ нам спатрэбіцца, і можа, не адзін раз, каб вечна жыла Беларусь.

Каб вечна жыла Беларусь, нам трэба аднавіць беларускую сілу ў палітыцы. Бо толькі беларускія палітыкі, што стаяць за беларускія нацыянальныя інтарэсы, здольныя абараняць Беларусь і гарантаваць будучыню нацыі. Невыпадкова расейская агентура і “гансвікі” стараліся першым чынам раскалоць і ліквідаваць Беларускі Народны Фронт, заблякаваць тую беларускую сілу, якая спыніла дзейнасьць КПСС у Беларусі і вярнула незалежнасьць краіне.

Але з 1997 года, пасьля дзяржаўнага перавароту Лукашэнкі, Беларускі Народны Фронт жыве пад салідарнай ідэяй і лёзунгам Беларускага Вызвольнага Руху.

Бяжыць час, сочацца крынічныя воды, высьпявае супраціў і настане хвіліна, калі ў некалькі дзён паўстане наша вялікае народнае апалчэньне за вольную Беларусь, без маскоўскай цемры, бяз здраднікаў і акупантаў, і тады ад усяго гэтага чужынскага гэбоўскага маразму месца мокрага не застанецца.

Слава Слуцкім змагарам!
Слава героям!
Жыве Беларусь!

26 лістапада 2006 г. Варшава

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: