НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ -- 25 ЖНІЎНЯ -- ВЯЛІКАЯ ПЕРАМОГА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ

ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ -- 25 ЖНІЎНЯ --  ВЯЛІКАЯ ПЕРАМОГА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ

Паважаныя беларусы, землякі-адраджэнцы! Надыходзіць найвялікшае нацыянальнае сьвята беларускага народа -- Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. 25-га Жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі статус Канстытуцыйнай сілы, прыняў шэраг заканадаўчых актаў, якія замацоўвалі незалежнасьць краіны.

25-ы Жнівень стаўся пачаткам стварэньня новай незалежнай Беларускай дзяржавы, якая стала называцца Рэспубліка Беларусь, прыняла ў якасьці дзяржаўных сымвалаў гістарычны гэрб "Пагоня" і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, прыняла Канстытуцыю незалежнай дзяржавы, дзе зацьверджаны ўсе чыньнікі суверэнітэту і незалежнасьці краіны, пэрспэктывы нацыянальна-культурнага разьвіцьця.

Рэспубліка Беларусь стала паўнавартасным удзельнікам міжнароднай супольнасьці, прызнаная ўсім сьветам.

Стварэньне незалежнай дзяржавы -- гэта ёсьць вялікая перамога Нацыянальнай Беларускай ідэі. Наступнае разьвіцьцё гэтай дзяржавы -- паўнавартаснае выяўленьне і абарона нацыянальна-культурных інтарэсаў нацыі цераз нацыянальную ўладу і нацыянальную палітыку. Гэты этап будзе зьвязаны зь ліквідацыяй улады ўнутранай прамаскоўскай акупацыі краіны.

Нацыянальная ідэя прайшла тры дзяржаватворныя этапы. 25 Сакавіка 1918 года была аб’яўлена незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. 1-га студзеня 1919 года, пасьля расейскай акупацыі і, фактычна, ліквідацыі БНР, акупанты (пры ўдзеле беларускіх нацыянал-камуністаў) стварылі марыянеткавую залежную Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, якая мела пэўныя фармальныя адзнакі суверэнітэту. 27 ліпеня 1990 года была прынята Дэклярацыя (аб’яўленьне) аб суверэнітэце БССР. Гэта быў фармальны акт, які яшчэ не ствараў Незалежнасьці краіны. І, нарэшце, 25 Жніўня 1991 года адбыўся магутны гістарычны зрух -- была дасягнута рэальная незалежнасьць і пабудавана рэальная незалежная дзяржава, прызнаная ўсімі ва ўсім сьвеце.

Асаблівасьць існаваньня гэтай цяперашняй нашай дзяржавы ў тым, што яна падверглася ўнутранай прарасейскай акупацыі праз унутраныя мэханізмы краіны. Вынікам гэтай акупацыі, ажыцьцёўленай у 1994 годзе, стала антыбеларуская ўлада і антыбеларуская ўнутраная палітыка.

Пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму ўнутранай акупацыі зьявяцца магчымасьці завершыць будаўніцтва нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы на аснове нацыянальнай улады і нацыянальна-культурных інтарэсаў народа.

Віншую са сьвятам! Жыве Беларусь!

 

25 Жніўня 2015 г.                                                                                        Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: