НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ДЗЬВЕ ПАЗЫЦЫІ -- БЕЛАРУСКАЯ І МАСКОЎ

ДЗЬВЕ ПАЗЫЦЫІ -- БЕЛАРУСКАЯ І МАСКОЎ

9-га жніўня ў Менску адбылося тое, што мусіла адбыцца -- пабоішча мірных людзей. Сіла была ўжыта несувымерна. Відаць было, што сілавікі выконвалі ўстаноўку: біць і душыць. Пазнаю почырк Лукашэнкі. Яго віна тут безумоўная.

У падрыхтоўцы сітуацыі такога неарганізаванага пратэсту ўскосная віна ляжыць таксама на Ціханоўскай і штабістках, якія адкінулі байкот і ўпарта заклікалі ўсіх выбаршчыкаў прыйсьці галасаваць менавіта ў канцы дня 9-га жніўня. Пры гэтым штабісткі казалі, што калі народ выйдзе на пратэст, то яны далучацца.

Людзі выйшлі. Штабісткі не далучыліся, а адна зьехала ў Маскву. Людзей пабілі.

Прычына простая. Гэта ня лідары. Гэта сьляпыя выканаўцы маскоўскага гібрыднага палітзаказу, дзе правакацыя з пагромам людзей зьяўляецца часткай агульнага расейскага плану ціску на Лукашэнку і захопу ўлады ў Беларусі.

Пратэстны мітынг, нават стыхійны, мусіць мець хоць якую арганізацыю і кіраўніцтва. Гуайдо, напрыклад, тое ведаў, і пайшоў на стыхійны мітынг аб’яўляць сябе прэзыдэнтам. Ціханоўскую вымусілі заявіць пра свае прэтэнзіі ў офісе Бабарыкі пасьля пабоішча людзей.

І вось тут маскоўскі план набывае агрэсіўныя рысы са спадзевам на народны беларускі пратэст. Значыцца, Сьвятлана аб’яўляе сябе прэзыдэнтам, і народ павінен на вуліцах за яе змагацца. Толькі ці варта аўчынка клопату?

Але ёсьць іншы план, хутчэйшы і больш рэалістычны -- беларускі. Яго друкуюць у Сеціве шмат дзе. Напрыклад, на Хартыі-97. Ён сфармуляваны ў трох сказах:

-- новыя выбары без Лукашэнкі;

-- вызваленьне ўсіх палітвязьняў;

-- Жыве Беларусь!

Гэты план лепшы. За яго варта змагацца. Прытым ёсьць шанец яго ажыцьцявіць. Усё будзе залежыць ад людзей і ад сілы напору. Тут выхад, да якога мусіў бы прывесьці ўсеагульны байкот фальшывага галасаваньня. Але гэтай мэты цяпер можна дасягнуць праз агульны пратэст: новыя выбары без Лукашэнкі і з новымі кандыдатамі.

Беларусам ня трэба класьці жывот за штабістак і хатнюю Сьвету, якія (ведалі тое ці ня ведалі) выконвалі планы Масквы, што ў выніку прывяло б Пуціна ў Беларусь.

Такім чынам -- новыя выбары без Лукашэнкі з новымі кандыдатамі!

Свабоду палітвязьням!

Жыве Беларусь!

 

10 жнівень 2020 г.                                         Зянон ПАЗЬНЯК

 

narodnaja-partyja.org

Дадаць у: