НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ХАМ: «Я ўсім заходнікам, амэрыканцам кажу: «Мужыкі..." (Нататкі пра антыбеларускі рэжым)

ХАМ: «Я ўсім заходнікам,  амэрыканцам кажу: «Мужыкі..." (Нататкі пра антыбеларускі рэжым)

 29-га красавіка беларусы выслухалі па тэлебачаньні чарговую порцыю хамства і цемрашальства ад правіцеля рэжыму. Ён выступаў. Але за хамскай формай нявыхаванасьці і неадукаванасьці прасочваецца і хамская палітыка.

Назіраючы за антынароднымі ініцыятывамі рэжыму ў галіне заканадаўства, у сфэры сацыяльнай і нацыянальнай палітыкі, заўважаем характэрную тэндэнцыю разьвіцьця па паўночна-карэйскім узоры. Прычынай такога павелічэньня цемрашальства ёсьць найперш усьведамленьне правіцеля, што Захад гатовы супрацоўнічаць з рэжымам і заплюшчыць вочы на ўсе яго злачынствы дзеля геапалітычных меркаваньняў. Яны (на Захадзе) думаюць такім чынам адцягнуць правіцеля рэжыму далей ад Расеі і ад расейскай агрэсіі супраць Украіны. Некалі яшчэ нават Сталін казаў: «Вельмі добра, што ў Эўропе дурні». Для маскоўцаў гэта было добра.

Тым часам, чым большыя саступкі зробіць Захад рэжыму, тым большы ўціск будзе ў Беларусі на народ, на беларускую мову і культуру, на культурных беларускіх людзей.

Справа ня ў тым, што эўрапалітыкі таго не разумеюць (хоць яны і не разумеюць), справа ў тым, што эўрапейскаму філісьцеру нашыя нацыянальныя праблемы не абходзяць. Ім лепш, каб у Беларусі была аморфная кіруемая маса, а ня моцная культурная нацыя. Уся справа толькі ў тым, каб на гэтую дэммасу ўплывалі яны.

Нам трэба ведаць, што ў выпадку адкрытай акупацыі з боку Расеі ці гібрыднай вайны па мадэлі анэксіі Крыма, Эўропа выкажа заклапочанасьць і асуджэньне Расеі (можа ўжыць эканамічныя санкцыі), але ня стане рэальна дапамагаць і падтрымліваць збройна нашу барацьбу (такое відаць цяпер у дачыненьні да Украіны). Эўропа ня хоча клопатаў і ваеннных расходаў, таму будзе дамаўляцца з Пуціным.

Лічу, што нам, беларусам, трэба тое ведаць і сур’ёзна рыхтавацца да барацьбы з пуцінскім фашызмам, які мы пераможам разам з украінцамі. Трэба падтрымліваць украінцаў і дапамагаць Украіне.

Пры ўпамінаньні пра беларускую пэрспэктыву, як у Паўночнай Карэі, ніхто зь беларусаў, зразумела, у тое не паверыць, бо мы ж эўрапейцы, іншы народ. І дарма. Вельмі нават дарэмна. Мы ведаем у Эўропе надзвычай культурны народ, які пры гітлераўскім фашызме за вельмі кароткі час ператварыўся ў агалцелую масу агрэсіўных прымітываў. А што мы назіраем цяпер у пуцінскай фашысцкай Расеі? Тую ж агалцелую дэградацыю, толькі ў дзікунскай і крымінальнай форме. Культура чалавека – гэта вельмі тонкі пласт сацыяльнай сьвядомасьці, які лёгка разбурыць і цяжка направіць. Дык прыгледзімся да сябе, што адбылося з грамадзтвам за дваццаць гадоў нацыянальнага вынішчэнья і існаваньня пад русіфікацыяй ды хамскай ўладай.

Цяпер уся сістэма хамскага антыбеларускага рэжыму працуе па паўночна-карэйскім узоры (законы пра «дармаедаў», пра падаткі зь беспрацоўных, пра падаткі і паборы з бытавых міжлюдзкіх пазык, з працоўных сямейных узаемадапамог, рыхтуецца падаткавы пабор на бязьдзетных і г. д.)

Сістэма рэжымнай улады даўно цалкам гатовая для выкананьня любога абсурду. Сэлекцыя адбылася. Праблема толькі ў народзе, які можа не паслухацца. Але ўлічым, што прынамсі палове нацыі хрыбет ужо зламалі, і яна гатовая падпарадкоўвацца і ўгінацца перад масквой. Аднак і гэта яшчэ ня самае кепскае. Сатрапія ў Беларусі адметная тым, што пры ўсіх агульных падыходах і атрыбутах зьнішчэньня, уціску і разбурэньня, яна ёсьць адзіная ў сваім родзе за ўсю гісторыю чалавецтва. Яна сьведама антынацыянальная, яе палітыка, палітычная ідэалогія і практыка накіравана на вынішчэньне беларускай нацыі, на сьціраньне беларусаў з твару зямлі, з дэмаграфіі, гісторыіі і культуры. Праводзіцца палітыка этнацыду, лінгвацыду і ўнутранай акупацыі ў інтарэсах чужой імпэрскай дзяржавы.

«Мы -- «русский мир», – паўтарае кіруючы хам платформу рускага фашызму, і ўся заля функцыянераў сістэмы ўспрымае гэта воплескамі.

Калі працягнуць паўночнакарэйскую сістэму да лагічнага выніку, то ўбачым, што любое яе завяршэньне пакідае пэрспэктыву карэйскаму народу, які скруцілі і зрабілі рабом, але ў яго ёсьць працяг, і магчымасьць адраджэньня, бо ён ёсьць, бо існуе карэйская мова, культура, гісторыя, этнас, і растаптаны народ Паўночнай Карэі яшчэ можа падняцца і адрадзіцца ў сваёй іпастасі.

Калі працягнуць да лагічнага завяршэньня сістэму антыбеларускай сатрапіі, то ў канцы мы ўбачым сьмерць нацыі, небыцьцё, неіснаваньне. У гэтым уся розьніца.

Страшны, антычалавечы паўночнакарэйскі камуністычны рэжым – гэта ёсьць «карэйскі» рэжым. Азіяцкі рэжым туркменбашы – гэта быў тыранічны «туркменскі» рэжым. «Дзевяноставасьміадсоткавы» жорсткі назарбаеўскі рэжым – гэта ёсць «казахскі» рэжым. (Тое самае можна сказаць пра ўсіх Кадафі ды Хусэйнаў, ды Чавэсаў, ды Кастра). Ніводзін з гэтых жорсткіх рэжымаў, ідучы па трупах дзеля ўлады і грошай, не капаў магілу нацыі. І толькі антыбеларускі акупацыйны рэжым «хама» капае магілу нацыі і рыхтуе беларусам нацыянальную сьмерць. Вось дзе сутнасьць, якая патрабуе выбару сьведамага ці нясьведамага ад кожнага беларуса.

За ўсю нашу гісторыю не было большага злачынцы перад беларускай нацыяй, чым гэты расперазаны хам. Няма такой кары, якую ён мусіць атрымаць, хіба што вечнае гарэньне ў Пекле, але людзі таго не вырашаюць.

Якія б выпрабаваньні ні чакалі яшчэ беларусаў (нават вайна), трэба добра ўсьведамляць, што пакуль будзе існаваць хамскі рэжым з хамам ва ўладзе, датуль будзе праводзіцца акупацыйная палітыка вынішчэньня беларускай нацыі. Гэтае сцьвярджэньне ёсьць як бы агульнае месца ў разуменьні становішча ў Беларусі, але абставіны могуць зьмяніцца, і нельга быць непадрыхтаванымі да перамен, і нельга ніколі пра тое забыць.

 

1 траўня 2015 г. Зянон ПАЗЬНЯК

 

Дадаць у: