НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Імпэрыя зла павінна быць разбурана

Імпэрыя зла павінна быць разбурана

(Выступ на травеньскім 2015 г. Сойме КХП – БНФ і БНФ «Адраджэньне»)

 

Падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі цягам апошняга году, паказваюць у каторы раз, як важна ствараць і рыхтаваць асяроддзе аднадумцаў у грамадзтве, на якіх можна было б абаперціся разумным і актыўным людзям і змагарам у час перамен.

Наша зьнешне нябачная асьветніцкая праца трывае і дае пэўныя вынікі перш за ўсё таму, што пагрунтавная на нацыянальнай праўдзе і на здаровым сэнсе людзей. Трэба яе разумна працягваць, зьвяртаючы вялікую ўвагу на больш эфэктыўную цяпер інфармацыю на папяровых носьбітах.

Зараз варожая антыбеларуская прапаганда імкнецца заблытаць галовы людзям у разуменьні асноўных пытаньняў беларускага жыцьця, культуры і палітыкі. Зноў выцягваюць у сеціва і эфір розную антыбеларускую гразь (тыпу Алексіевіч) і яны гадзяць на мову, на беларусаў, нацыю і культуру, сьведама скажаюць элемэнтарныя паняцьці, каб пасеяць сумненьні ў галовах слаба адукаваных людзей.

Ў апошні час я мэтанакіравана напісаў каля дзясятка матэр’ялаў па простых і важных пытаньнях палітыкі і агульнавядомых каштоўнасьцях. У цяперашнім сьвеце трэба тое рабіць і распаўсюджваць, каб у беларусаў захаваўся розум, які імкнецца ім адбіць цэлая зграя дурняў, агентуры і так званых СМІ (асабліва расейскіх і прарасейскіх).

Прыярытэтная тэма цяпер – крытыка рускага фашызму, разьвенчваньне міфалогіі і палітыкі імпэрскай Расеі. Час зараз такі, які абавязвае кляпаць жалеза пакуль яно гарачае. Самы расейцы, дзякуючы агрэсіўнай дзейнасьці Пуціна, дапамаглі у гэтай справе. Яна стала міжнароднай. Зьявіўся шанс, нарэшце, цывілізацыйна закапаць імпэрыю зла, перш чым яна рэальна здохне сама і разваліцца. Але трэба каб найперш яна здохла ў галовах беларускіх людзей (як гэта сталася ва Ўкраіне сярод украінцаў) і тады за будучыню Беларусі можна быць больш пэўнымі. Пра Расею-імпэрыю і імпэрскую супольнасьць мне прыходзілася пісаць даўно, яшчэ ў 70-х гадах у «Самвыдаце». Сёньня я вяртаюся да гэтай актуальнай тэмы, паўтараю аргумэнты і рвзважаньні.

 

10 траўня 2015 г.

 

* * *

Чалавечая супольнасьць «імпэрыя» ў адрозьненьне ад нацыянальнай супольнасьці арыентавана не на ўнутраннае разьвіцьцё а на зьнешняе, на экстэнсіўнае зьнешняе пашырэньне, не на абарону і стабільнасьць, а на агрэсію і захоп. Адсюль дэградацыя культурных традыцый і выраджэньне ўласнага імпэрскага этнаса, разбурэньне іншых этнасаў. Існаваньне імпэрыі заўсёды паразітнае за кошт чужых культур, здабыткаў, прыродных і каляніяльных рэсурсаў, працы рабоў, акупаванага насельніцтва і г. д.

Супольнасьць імпэрыя – гэта ня вынік разьвіцьця формаў чалавечага грамадзтва (напррыклад, племя-народ-нацыя), гэта апэндыкс, збочанае адгалінаваньне, якое тармозіць ўнутраннае (іманентнае) стваральнае разьвіцьцё супольнасьці і жыве пакуль існуе дзяржаўная (імпэрская) улада.

Імпэрыя як дзяржава можа існаваць доўга, але гэта не стабільная сістэма і распад яе структурна наканаваны. З распадам імпэрыі-дзяржавы зьнікае і імпэрыя-супольнасьць. Яна ня можа функцыянаваць без імпэрскай дзяржавы, але мэнтальныя якасьці імпэрскай супольнасьці не зьнікаюць імгненна (прыклад, імпэрскі «савок», які застаўся пасьля паўраспаду СССР). Гісторыя пацьвярджае, што разбурэньне этнаса імпэрыяй звычайна прыводзіць да таго, што пасьля зьнікненьня такой дзяржавы-імпэрыі імпэрская мова, у выніку разьвіцьця іншых вызваленых зтнасаў у суверэнныя нацыянальныя супольнасьці, паступова робіцца мёртвай мовай (бо здэградаваў імпэрскі этнас – носьбіт імпэрскай мовы). Тыповыя прыклады – Атаманская імпэрыя, Рымская імпэрыя (лаціна).

Але ў гэтую тыпалогію рэліктавай імпэрыі не ўкладваюцца новыя імпэрыі, скажам, Аўстрыйская, ці каланіяльная Брытанская, бо там з прычыны іншых цывілізацыйных абставін не была створана імпэрская супольнасьць і захаваліся карэнныя этнасы, якія ствырылі нацыі.

Расейская імпэрыя – гэта зьява выразна рэліктавая, нягледзячы на ўсе спробы адысьці ад мангольскай асновы -- Арды. Спробы (у асноўным варварскія) абкультурыць, эўрапэізаваць Расею-Масковію-Арду прывялі да таго, што мы назіраем цяпер мэнтальнага варвара (мангола), апранутага па-эўрапейску, з інтэрнэтам і атамнай бомбай.

Распад імпэрыі наканаваны па вызначэньні. Мы ня ведаем якім кшталтам адбудзецца распад Расеі, але найбольш верагодны – не з-за ўнутраных прычынаў (бо ў Расеі няма пакуль што ніякіх унутраных ідэяў свабоды, ды і не было). Пры такім (зьнешнім) разьвіцьці падзей (зьнешнім – калі дамінуюць зьнешнія сілы) самы прагназуемы вынік – зьнікненьне імпэрцаў-рускіх з карты сьвету і мёртвая руская мова (кшталту часовай лакальнай латыні).

Гэты працэс (як ўзьнікненьне грамадзкіх перадумоў для амярцьвеньня рускай мовы) пачаўся неўзабаве пасьля распаду Савецкага Саюзу і разьвіваецца хуткімі тэмпамі. Зьмены выяўляюцца ў адчувальнай лексічнай дэградацыі і сьціраньні стылістычных характкрыстык рускай мовы на ўсіх узроўнях.

Руская так званая «эліта» ў навуцы, мастацтве, палітыцы на радыё ды тэлебачаньні (не кажу ўжо пра ананімны інтэрнэт) стала размаўляць (часткова ато і поўнасьцю) лексікай нізкіх малакультурных пластоў грамадзтва, крымінальнай лексікай турмы і рускай турэмнай зоны, ўжываючы публічна ненарматыўныя азначэньні і самую брудную лаянку са зьнявагамі сьвятых паняцьцяў, годнасьці жанчыны-маці, з вульгарным называньнем інтымных зьяў, працэсаў распаду ў арганізме, з паўсюдным прыніжэньнем чалавека і ўсяго чыстага, добрага, сьветлага. Цынічна адкінутыя маральныя табу культуры (культура, як вядома, базуецца на табу).

Гніеньне рускага грамадзтва вельмі наглядна фармалізавана ў вульгарызацыі рускай мовы, замены паняцьцевай лексікі жаргонам, неадэкватнымі блатнымі эўфемізмамі, нізкімі ненарматыўнымі азначэньнямі. Некаторыя фразы цяперашніх рускіх культурным людзям, што вывучалі расейскую мову за саветамі, ужо проста незразумелыя, а прагляд рускага тэлебачаньня і відэазапісаў у прысутнасьці жанчын, дзяцей (і проста культурных людзей) робіцца псіхалагічна дыскамфортным і немагчымым.

Сацыяльна-палітычныя прычыны дэградацыі рускай мовы зразумелыя. Да ўлады і да вялікіх грошай у Расеі прышлі людзі са спэцслужбаў, з нізкіх, дрэнна адукаваных і крымінальных пластоў грамадзтва (часьцяком нават бандыты). Яны сталі кіраваць Расеяй і прынесьлі з сабой свой шчарбаты культурны ўзровень, сваю адсталую лексіку і (sic!) сьведамую нянавісьць да маральнасьці і культуры. Расейская нікчэмная эліта лёгка ўспрыняла нізкі узровень і вульгарную мову нуворышаў з «Зоны» і КГБ.

Да зьместу нашай гаворкі важна адзначыць, што ні адна мова, якая вымушана была існаваць пад русіфікацыйным ціскам СССР, не пераняла і не адлюстравала ў сваёй лексіцы і стылю разбуральныя працэсы, што прагрэсуюць у рускай імпэрскай мове. Брыдота маўленьня і паводзінаў заглынаецца толькі разам з бруднай рускай мовай, але родная мова (беларуская, украінская, татарская, румынская і г. д. ) застаюцца (пакуль што) нашмат больш філалагічна чыстымі. Гэта вельмі важна і сімптаматычна для тыпалагічнага разуменьня як і чаму будзе мярцьвець імпэрская руская мова пасьля распаду імпэрыі і як будуць дамінаваць мовы вольных вызваленых народаў Расеі, якія ўтвораць свае дзяржавы.

Тут дадам, што ад пачатку свайго імпэрскага ўзьнікненьня руская дзяржаўная мова ўжо была напалову мёртвай, бо базавалася на ўжо нежывой старабаўгарскай пісьмовай мове («царкоўна-славянскай», «стараславянскай» і нават «древнерусской» – як называлі яе потым імпэрцы, каб схаваць баўгарскую аснову). Гэтая мова была настолькі непавароткай і кандовай, што ў канцы 18-га стагодзя (калі імпэрыя акрэпла) стала вялікай перашкодай для стварэньня рускай імпэрскай літаратуры, якая нараджалася. На ёй немагчыма было выявіць сучасных таму часу тонкіх пачуцьцяў чалавека, не існавала тэрміналогіі. І, дарэчы, ня дзіўна, што пазьнейшыя расейцы так сталі цаніць паэта расейска-афрыканскага паходжаньня Аляксандра Пушкіна (якога ў той час яны ж пасьпяхова і ўгробілі ва ўзросьце 37 гадоў).

Пушкін стварыў новую рускую літаратурную мову, скарыстаўшы, між іншым, набыткі французкага сінтаксісу і зрабіўшы рускую мову больш гнуткай і лексічна багацейшай. Уплыў французкай мовы на паўмёртвую мову рускай літаратуры быў каласальны і станоўчы. «Низкопоклонство перед Западом» і гувернёры «из Бордо», ўзьненавіджаныя ксэнафобамі імпэрцамі, дарам не мінулі. Аднак пра гэта рускія навукоўцы маўчалі і нідзе не пісалі ( а можа ім і «невдомёк»). Тым больш што расейцы зрабілі гэтую імпэрскую мову зброяй агрэсіі і этнічнага разбурэньня народаў. Ale już mija, mija czas, – як пісаў Міцкевіч.

Уваогуле самай выратавальнай ідэяй для рускіх ва ўмовах распаду імпэрыі была б цяпер ідэя фэдэралізацыі і сэпаратызму. Гэтая ідэя ў канцовым шляху магла б прывесьці да ўзьнікненьня рускай нацыянальнай сьвядомасьці замест імпэрскай і да стварэньня рускай нацыі і, адпаведна, да стварэньня рускай нацыянальнай дзяржавы там, дзе гэтая сьвядомасьць узьнікне, і да ўтварэньня шэрагу іншых дзяржаваў.

Аднак, такі сцэнар малаверагодны. Больш верагодны гніючы і крывавы распад цёмнай імпэрыі з аддаваньнем захопленых ёй чужых тэрыторыяў мэтрапольным краінам. Украіна ужо цяпер мусіла б думаць аб вяртаньні і інтэграцыі ўкраінскай Кубані, Белгародчыны, часткова Стаўрапальшчыны і іншых тэрыторыяў ў складзе украінскай дзяржавы. Тое ж самае ў Беларусь будуць вернутыя беларуская Смаленшчына, Браншчына, поўдзень Пскоўшчыны; Фінляндыі вернецца Карэлія, Японіі -- Сахалін і Курыльскія астравы. Чакаецца каласальная дзяржаўная і нацыянальная праца па рэабілітацыі і вяртаньні да цывілізаванага жыцьця гэтых разбураных абрабаваных і загаджаных Расеяй захопленых тэрыторыяў.

Той дзікі агрэсіўны фашызм, які мы назіраем зараз у Расеі – гэта ёсьць выкід, праява існаваньня расейскай імпэрскай супольнасьці. Справа якраз ня ў Пуціне, а ў расейскім грамадзтве. Ня толькі Пуцін уздыбіў у нянавісьці на ўвесь сьвет рускае імпэрскае грамадзтва, але рускае грамадзтва зрабіла і патрабавала такога Пуціна. Адно з другім карэлюецца. Аднак імпэрская супольнасьць ёсьць першасная. Яна злая зь верху да нізу, шалёная, подлая, ненавісная да сьвету, яна заўсёды знаходзіла сваю пачвару для пакланеньня і сумавала па ёй, калі яе не было. Ёй хочацца Сталіна, цара і крыві. І каб усе яе баяліся. Ў гэтым сэнс яе мэнтальнай экзістэнцыі.

Гэта супольнасьць, фактычна, існуе без інтэлігенцыі без духоўнай эліты. (Руская Праваслаўная Царква там яшчэ пры саветах рэальна ператворана ў аддзел КГБ.) Усе цяперашнія расейскія інтэллектуалы, сацыяльныя вярхі і вяршкі (за рэдкім выключэньнем) падтрымалі пуцінскі фашызм, агрэсію супраць Украіны і (што самае паказальнае і жахлівае) падтрымалі неверагодную, подлую, усеагульную хлусьню, па якой з рабскім энтузіязмам і задавальненьнем жыве рускае імпэрскае грамадзтва. Хлусьня ёсьць рэлігіяй рускіх, а хлус на троне – сымвалам рускай веры.

Вельмі невялікая частка расейцаў (недзе значна менш 10-ці адсоткаў) валодае нацыянальным думаньнем і не паддаецца на фашысцкую ідэалогію і хлусьню (нават падтрымлівае справядлівасьць і Украіну). З гэтымі людзьмі ва ўсе часы распраўлялася найперш само імпэрскае грамадзтва. Прыкладаў безьліч ад Пятра Чаадаева ды Радзішчава да маці сямёх дзяцей, што патэлефанавала ва ўкраінскую амбасаду і была арыштавана, аддадзена пад суд.

Імпэрская Расея дакладна была і ёсьць скопішчам зла, прычынай гвалту, нянавісьці і вайны, праблемай для чалавецтва. Маё глыбокае перакананьне – гэтая імпэрыя не павінна існаваць. Тое даўно разумеем мы, беларусы, украінцы, грузіны, прыбалтыйскія народы, але цяпер, калі настаў планетарны час узаемаадносін людзей, гэта ёсьць праблема ўсяго чалавецтва. Як яна будзе вырашана – ня буду ні гадаць, ні прарочыць. Ведаю толькі, што яна будзе вырашана, бо мусіць, павінна быць вырашана. З гэтага трэба й зыходзіць.

 

Тым часам некаторыя эўрапалітыкі замест таго, каб рэальна і збройна дапамагаць Ўкраіне, заняліся прароцтвамі пра хуткі канец Расеі ў выніку эканамічнага краху. Гэта ўсё вынік разуменьня Расеі заходнім розумам. Расейцы лёгка выжываюць ў такой гразі, антысанітарыі, у такіх жудасных сацыяльных умовых п’янства, хамства, бяспраўя, крымінальнасьці, развалу, распусты, паўгалоднага існаваньня і безвыходнасьці, у якіх ня можа выжываць ні адзін народ. І такое існуе стагоддзямі.

Заходні актор і «алкаш» Дзепардзьё, які прыняў расейскае грамадзянства і, атрымаўшы ад Пуціна ўсё па вышэйшаму рускаму стандарту, праз паўгода рускай «жизни» ледзь ногі вынес з той Расеі. Якія там яшчэ «сацыяльныя пратэсты», калі сказана, што «ва ўсім вінавата Амэрыка»! Вось калі «крымнаш» і «мачыць», хто на Расею прэ, вось тады пакажам, «на пузе проползём» і шапкамі закідаем, і Пуцін герой.

Антынароднае і сусьветнае зло, злачынствы супраць чалавецтва, што натварыла Расея цягам сваёй гісторыі, ніколі не былі ўсьвядомлены ёй і яе грамадзтвам, і яе людзьмі. Не зразуметыя, не адчутыя, фактычна, ніводным расейцам! Ніколі не было ні скрухі ні пакаяньня. Сьпіхвалі масавыя забойствы, генацыд і тэрор то на шалёнага маньяка цара (які быў «грозны» але герой), то на маральнага вырадка сіфіліціка Леніна (які «геній чалавецтва»), то на «бальшавізм», «камунізм», «культ асобы», але ніхто ніколі не пакаяўся, за злачынствы, не прышло нават ў галаву. Наадварот, злачынствы падаваліся як «доблесьць» і гераізм», як гістарычная неабходнасьць і выключнасьць «расейскага прызначэньня». У такіх паводзінах і ацэнках няма чалавечага. Гэта сьвет цара Хамурапі, цёмная сфэра зла, дзе каштоўнасьці перакручаныя ў ілжы і перавернутыя з ног на галаву.

Адсутнасьць пакаяньня за злачынствы фашызму (камунізму) галоўная прыкмета, якая адрозьнівае эўраазіятаў расейцаў ад эўрапейцаў немцаў. Гэта сьведчаньне, што рускі фашызм існуе і будзе існаваць ў розных мадыфікацыях, і тварыць злачынствы, пакуль існуе яго базавая форма –- расейская імпэрыя. І таму, перш за ўсё, імпэрыя зла павінна быць разбурана.

Расея даўно навучылася разьвязваць вялікую вайну чужымі рукамі. Імпэрыя тут таксама вельмі жывучая і з часоў Андропава б’е ў адну кропку – у Блізкі ўсход. Пасьля нядаўняга прадуманага рашэньня Крамля аб перадачы Ірану ракет С-300, скора ўсім будзе (можа быць) не да Украіны. (Іран на парозе стварэньня атамнай зброі, якой хоча зьнішчыць Ізраіль, і С-300 гэтаму паспрыяюць.) Рукі Расеі ў вайне супраць Украіны будуць разьвязаны. Вось вынік прамаруджаньня «чэмбэрленаў» і «дыялогаў» з Пуціным. Пуцін абыгрывае гэтых гаваруноў як падлеткаў. Імпэрыя працягвае тварыць сусьветнае зло.

Але ізноў жа падкрэсьлю думку, якую сцьвярджаю ўвесь час. Рэальна Расейскую імпэрыю пахаваюць Украіна і Беларусь. Мы з часоў ВКЛ восемсот гадоў змагаемся з Масквой-Ардой і за ўвесь гэты час Эўропа нам толькі шкодзіла, то праз Польшчу, то наўпрост. Катастрафічна шкодзіла. У пачатку 1990-х яна выступала супраць незалежнасьці Беларусі і Украіны за захаваньне Савецкага Саюза, а ў канцы 90-х раскалола беларускі нацыянальны рух і гэтым умацавала антыбеларускі рэжым Лукашэнкі. І прадаўжае ўмацоўваць яго цяпер.

І прычыны вядомыя, цягнуцца з глыбокай гісторыі, вынікаюць з цавілізацыйнай розьніцы паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай. У самым галоўным – у чалавечым вымярэньні, ў стварэньні гуманітарных каштоўнасьцяў Ўсходняя Эўропа (што ад Балтыйскага да Чорнага мора) была вышэй за Эўропу Заходнюю. Тым часам па стварэньні, накапленьні і разьмеркаваньні матэрыяльнага багацьця наперадзе Эўропа Заходняя (найперш немцы, французы, ангельцы). Суперніцтва прывяло нямецкі Захад да супрацоўніцтва з Масквой-Ардой і Усходняя цывілізацыя Эўропы (а гэта мы – Вялікае Княства Літоўскае, найперш Беларусь і Украіна) апынуліся паміж двух агнёў. Ўсходняя Эўропа была разбурана ўжо ў канцы 18-га стагоддзя. І увесь наступны час пасьлядоўна нам не давалі падняцца якраз тыя, хто нас зьнішчаў. І ўсё тое зноў працягваецца. Але ўсяму таму прыдзе канец. Жыве Беларусь! Слава Украіне!

7. 04. 2015 Зянон ПАЗЬНЯК

 

Дадаць у: