НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

МОВА

МОВА
Там, дзе зьнішчаюць нацыю, там абавязкова зьнішчаюць альбо людзей (генацыд), альбо мову (этнацыд, лінгвацыд).
Мова – гэта нацыя. Мова – чалавек. Большай каштоўнасьці, чым мова, у культуры, нацыі і чалавецтва не існуе.
Мэтады вынішчэньня беларускай мовы расейскімі акупантамі маюць доўгую макабарычную гісторыю і пачварную факталёгію.
Мне падаецца, што беларусы, выхаваныя за саветамі, яшчэ не да канца ўсьвядомілі добрасьць жыцьця ў сваім доме, у незалежнай вернутай Беларускай дзяржаве. Гэтаму перашкодзіў прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі. Аднак маладзейшае пакаленьне, ня гледзячы на разбурэньне і прыдушанасьць беларускага нацыянальнага жыцьця, адчувае інакш.
Трэба аднак маладым беларусам зразумець, што калі б маскоўцам ўдалося вынішчыць беларускую мову, то беларусы маглі б страціць тады незалежнасьць Бацькаўшчыны і дзяржаву.
Сутнасьць акупацыйнай палітыкі Расеі на Беларусі і галоўнае акупацыйнае дзеяньне заключаецца ў русіфікацыі. Як толькі беларусы страцілі б сваю мову, пытаньне аб беларускім народзе, і тым больш аб дзяржаве, зьнікла б з ужытку. Пэрспэктыва скончылася б.
Цяпер, ва ўмовах унутранай акупацыі Беларусі, Расея праз рэжым Лукашэнкі прадаўжае тую ж агрэсіўна-тупіковую разбуральную палітыку, што і раней. Рускія імпэрцы і цяпер думаюць зрабіць тое, чаго ня здолелі зрабіць іхныя папярэднікі за 200 гадоў. З улікам абставінаў, яны прыдумалі нават новае апраўданьне русіфікацыі, маўляў, нічога страшнага, беларуская нацыя і дзяржава будуць існаваць і на рускай мове.
Тым часам зразумела, што “беларуская” дзяржава з рускай мовай і адпаведна (бо інакш тады ня можа быць) з рускай культурай існаваць у прынцыпе ня можа. У яе існаваньні побач з імпэрскай Расеяй (і яе прэтэнзіямі) не было б ніякага сэнсу і ніякага абгрунтаваньня. Яна тут жа зрабілася б часткай Расеі. Прытым “па ўласным жаданьні” (пасьля інсьпірацыі з Масквы).
Так мусіла б запасьці вечка дамавіны. Крамлёўцы гэта добра разумеюць. Таму – перасьлед за беларускую мову і вынішчэньне вузлавых пазыцыяў мовы ў беларускім грамадзтве цяпер (як і заўсёды) доўжыцца безупынна.
Тым часам на справе змагацца з русіфікацыяй проста, я б сказаў, зусім проста. Трэба беларусам усюды і з усімі ў сваёй краіне размаўляць, пісаць і гаварыць — па-беларуску. Гэта тым больш проста, што беларуская мова – адна з найбольш дасканала распрацаваных, багатых і прыгожых моваў на сьвеце, у якой стварылася і сцьвердзілаля вялікая духоўная культура беларускага народу.
Кастрычнік, 2005 г.
Зянон Пазьняк
Дадаць у: