НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Набліжайма сьветлы час вольнай Беларусі!

Набліжайма сьветлы час вольнай Беларусі!

Дарагія землякі, паважаныя беларусы!

Віншую Вас зь вялікім нацыянальным сьвятам Днём Незалежнасьці! Мінула ўжо 89 гадоў з таго часу, калі была адноўлена незалежнасьць Беларусі, але значэньне і асэнсаваньне гэтай падзеі павялічваецца з кожным днём. Небясьпека над незалежнасьцю Бацькаўшчыны вяртае нас у пачатак.

Дзьве падзеі за апошнія сто гадоў ускалыхнулі нашу гісторыю – гэта Акт 25 сакавіка 1918 года і стварэньне БНР, а таксама 25 жніўня 1991 года – вяртаньне незалежнасьці Беларусі з-пад савецкай імпэрыі. Стварэньне незалежнай БНР у далёкім 1918-м – для нас прыклад і сьветач. Аднаўленьне незалежнасьці ў 1991-м – рэчаіснасьць, творцамі якой былі мы і ўсё нашае пакаленьне беларусаў, якія ўспрынялі незалежнасьць Беларусі з радасьцю і надзеяй.

Але надзея сама не ажыцьцяўляецца, за яе трэба змагацца і набліжаць яе. Шмат хто тады недаацаніў небясьпеку з боку Расеі і падступнасьць яе імпэрскай палітыкі. Разуменьне ў грамадзтве паступова прыходзіць толькі цяпер. Яшчэ ня позна, але страчана вельмі шмат. Перад намі і ўсім цяперашнім пакаленьнем стаіць задача ня толькі ліквідаваць прарасейскі рэжым і прамаскоўскую імпэрскую палітыку на Беларусі, але і аднавіць усё тое, што было разбурана і растаптана за гады прамаскоўскай дыктатуры. Дзеля гэтага патрэбнае павелічэньне і ўзмацненьне беларускай сілы. Наша сіла – гэта Беларуская ідэя і людзі, якія яе падтрымліваюць, здольныя за яе змагацца і дзеля яе працаваць. Мэханізм, які цэментуе нашу сілу – ёсьць Беларуская Салідарнасьць.

Сёлета непрыяцелі Беларусі заплянавалі новы сцэнар. Задумалі скампрамэтаваць, згадзіць нацыянальнае сьвята Дзень Незалежнасьці. Марыянэткі нават напісалі ліст, зьвярнуліся да Лукашэнкі з просьбай аб супрацоўніцтве. Маскоўская агентура зьбіралася, відаць, пажаць на гэтым свае плады, скарыстаць беларускі патрыятычны рух. У выніку рэжым увёў неаб’яўленае надзвычайнае становішча для беларусаў і накінуўся на беларускую моладзь. Вось таксама ілюстрацыя, як разыгрываецца маскоўскае палітыканства, а ў выніку церпяць толькі беларусы.

Але нядоўга так будзе працягвацца. Рэсурсы і Пуцінскага, і Лукашысцкага рэжыму малеюць, а беларуская сіла, нягледзячы на ўсе разбурэньні, расьце і будзе расьці, павялічвацца і мацнець. Наша праца і нашае змаганьне ня ёсьць і ня будуць дарэмнымі. Набліжайма сьветлы час вольнай Беларусі. Хай кожнае наша слова, кожная справа, як некалі, кладуцца на алтар моцы і незалежнасьці нашай дарагой Бацькаўшчыны.

Жыве Беларусь! Слава героям!

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

25 сакавіка 2007 г.

Дадаць у: