НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Наперадзе абарона Незалежнасьці

Наперадзе абарона Незалежнасьці

(Выступ на чэрвеньскім 2016 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

 

Пуцінская Расея рыхтуецца да вайны і да гібрыднага захопу Беларусі. Гэты план пачаўся, фактычна, у 2000 годзе. Зараз адбываецца яго актыўная падрыхтоўчая фаза. Ружжо павешана на віду і яно можа выстраліць, калі не прадбачыць такой магчымасьці і не прымаць захады. Канцэнтрацыя расейскага войска ля мяжы Беларусі будзе павялічвацца і пашырацца разам з крамлёўскім ціскам на сатрапскі рэжым. Палітычная сытуацыя ў Расеі павярнулася такім чынам, што пуцінскі рэжым, каб захавацца, зацікаўлены цяпер у захопе і анэксіі Беларусі. Хаця яшчэ 4-5 гадоў таму пытаньне так не стаяла (ішла толькі падрыхтоўка).

Паводзіны антыбеларускага рэжыму і начальніка рэжыму у гэтых абставінах прадказальныя. Антыбеларуская ўлада ня будзе супраціўляцца акупацыі, ня выставіць войска супраць агрэсараў. Гэтак жа як і ва Украіне справу барацьбы з акупантамі мусяць будуць узяць на сябе людзі, жыхары Беларусі. Рэжым і сатрап здольныя дбаць толькі аб захаваньні ўлады, таму прымуць ультыматум агрэсараў, абставіўшы здраду дэмагогіяй. Адносна паводзінаў антыбеларускага рэжыму і Лукашэнкі ня трэба мець ніякіх ілюзій.

Што рабіць беларусам? Падкрэсьлю тое, пра што прыходзілася ня раз казаць і пісаць. Абавязкова мусім супраціўляцца агрэсіі, у якой бы форме яна ні пачалася.

Расейская агентура пры падтрымцы лукашысцкага рэжыму і папоў РПЦ цягам апошніх гадоў настварала ў Беларусі сотні экстрэмісцкіх арганізацыяў пад выглядам “казакоў” і розных “рускіх саюзаў”. Туды зацягнутыя беларускія падлеткі і ў асноўным моладзь. Кіруюць гэтымі арганізацыямі дарослыя людзі з ваенным мінулым. Гэта, як правіла, агентура расейскага ФСБ і папы РПЦ (што адно і тое ж). Беларускай моладзі там “прамываюць мазгі” ў рэчышчы фашыстоўскай ідэалогіі “русского мира”, вучаць ненавідзець Беларусь, страляць і карыстацца зброяй.

З гэтай беларускай моладзі ворагі Беларусі рэальна рыхтуюць “цітушак” (мадыфікацыя расейскіх янычараў). Небясьпечна, аднак, само існаваньне такіх прарасейскіх арганізацыяў. На выпадак гібрыднай вайны гэтыя арганізацыі будуць запоўненыя расейскімі баевікамі з расейскай армііі (мяжа адчынена) і адыграюць ролю шырмы, маскі для ўнутранай агрэсіі. У існуючых перадваенных абставінах пры нармальнай уладзе ўсе гэтыя псэўдаказацкія і прарускія агентурныя арганізацыі павінны б быць зачыненыя, забароненыя, праведзеныя арышты агентуры і пачата сьледзтва. Вайну, тэрарызм і закалаты трэба прадухіляць.

Тым часам антыбеларускі рэжым адкрыта падтрымлівае такую варожую дзейнасьць па падрыхтоўцы тэрарызму на нашай тэрыторыі. Праўда, ня ўсё так проста. У гэтым годзе разьведка пад выглядам журналісцкай інфармацыі некалькі разоў выкінула ў Інтэрнэт падрабязныя зьвесткі пра дзейнасьць расейскай агентурнай калёны ў Беларусі з падрабязнымі біяграфіямі і фатаграфіямі завадатараў расейскага экстрэмізму на нашай зямлі. Раіў бы ўсім беларускім палітыкам мець гэтыя зьвесткі ў сваіх архівах.

Зразумела, што ў такім становішчы антыбеларускі рэжым не дапусьціць легальнага ўзьнікненьня беларускіх патрыятычных ваенізаваных арганізацыяў альтэрнатыўных пятай калоне. Але ёсьць некалькі спосабаў падрыхтоўкі да дзейснай абароны незалежнасьці Беларусі. Пра адзін мэтад ужо было ня раз паведамлена. Гэта неарганізацыйны спосаб малых груп (у ідэале дзьве асобы), якія рыхтуюцца да абароны Айчыны і збройнай барацьбы. Пры гэтым у ідэйна-палітычным плане выкарыстоўваецца плённы мэтад так званай “ланцуговай рэакцыі” (ад асобы да асобы), выкарыстаны беларусамі ў 1960-х гадах (супраць якога быў бяссільны КГБ).

У плане змаганьня з арганізацыямі пятай калоны можа ўжывацца таксама класічная мэтодыка “пранікненьня”, якую выдатна выкарыстоўвалі ў 30-х гадах у Заходняй Беларусі супраць польскіх псэўдабеларускіх арганізацыяў, створаных польскімі спэцслужбамі. Прынцып вельмі просты: беларусы масава ўступалі ў такую арганізацыю і забіралі яе ў свае рукі, пасьля чаго палякі зачынялі арганізацыю (бо яна ім ужо была не патрэбна).

З пятай калонай такога пакуль не атрымаецца па зразумелых прычынах, але заслаць туды сваіх патрыётаў і ўзяць пад кантроль эфэсбоўскую “забаўку” – гэта справа тэхнікі і наяўнасьці патрэбных людзей, якія могуць адыграць ролю ў час ікс.

Трэба змагацца, ёсьць шансы, мэтады, і магчымасьці. Але галоўнае ёсьць абавязковая неабходнасьць супраціўленьня.

У апошні час расейцы перадыслакавалі некалькі матарызаваных вайсковых брыгад да межаў Беларусі ў Смаленскай і Бранскай вобласьцях. Асаблівы розгалас атрымала зьяўленьне расейскіх войскаў у беларускіх акупаваных гарадах Клінцы і Навазыбкаў, якія часова яшчэ знаходзяцца ў межах Расеі. Ёсьць некалькі ацэначных вэрсій такіх паводзінаў пуцінскай ваеншчыны.

Расейскі палітычны афіцыёз сьцьвярджае, што гэтая перадыслакацыя і базы зроблены супраць Украіны. Афіцыёзныя аналітыкі лукашысцкага рэжыму даводзяць, што тут расейцы супраць НАТО так стараюцца.

Усе гэтыя аспэкты могуць быць, але, на маю думку, галоўным зьяўляецца рэалізацыя часткі маскоўскага плану па верагодным захопе Беларусі. Такая верагоднасьць можа ўзьнікнуць у любы час і таму маскоўцам хочацца трымаць нашу краіну і свайго хітрага сатрапа на аптычным цалёўніку. Тут тыповыя паводзіны расейцаў пры планаваньні агрэсіі. Нядаўні правал дзяржаўнага перавароту ў Казахстане, які рыхтавалі расейцы, у каторы раз ілюструе іхныя “стандарты”. Такая вось цана іхняга “мытнага саюзу”, АДКБ і пацалункаў з Назарбаевым.

Варыянтаў захопу Беларусі шмат. Самы просты -- арганізаваць сумесны парад у Менску ці сумесныя вайсковыя вучэньні ў Беларусі і пакінуць тут свае войскі, спаслаўшыся, скажам, на просьбу Лукашэнкі, якую ён падпіша пры пэўных абставінах. Зрэшты, могуць арганізаваць якую-небудзь правакацыю на беларуска-украінскай мяжы, альбо ў Гародні, Менску ці Віцебску (пятай калоны для гэтага хапае) і прыйсьці на дапамогу ў “навядзеньні парадку” (зноў жа “па просьбе Лукашэнкі”), альбо па сваёй “сяброўскай” ініцыятыве. (Успомнім маскоўскі “дэсант” Чарнамырдзіна і Строева па ратаваньні Лукашэнкі ад імпічманту ў 1996 годзе). Усё гэта агрэсіўная тактыка і мэтодыка, якая з боку беларусаў адразу і абавязкава мусіць спаткаць жорсткі адказ і супраціў.

Верагоднасьць захопу тэрыторыі Беларусі магчымая, калі прыняць пад увагу стратэгічныя абставіны маскоўскай агрэсіі. Няўдача з фантомам “Наваросіі”, цяжкасьці ў захопленым Крыме і на Данбасе не спрыяюць стабільнасьці Пуціна. А тут яшчэ і ў Сірыі правалы. Для крамлёўскага рэжыму прыдатнай была б пасьпяховая акупацыйная кампанія, каб узьняць папулярнасьць і давер да Пуціна ў варварскім грамадзтве. Гэта важна для крамлёўскай хунты. Эскалацыя вайны з Украінай бліцкрыгам для Масквы ня скончыцца. Тое самае ў Прыбалтыцы. Момант страчаны. Канфлікт там ужо ня стане лакальным. “Посьпех” у Сірыі існуе толькі ў прапагандзе. Трэба гарантавана ратаваць рэпутацыю Пуціна і яго пуцінскай палітыкі. Такім паратункам мог бы стаць якраз ціхі ўвод расейскіх войскаў у Беларусь і кантроль над беларускай дзяржавай. У выніку адбылася б рэзкая перамена геапалітычнай і стратэгічнай сытуацыі ў карысьць Пуціна. У Расеі гэта выклікала б усплеск “патрыятычнага сіфілісу” (словы Герцэна пра Расею), а ў Эўропе перапалох і разгубленасьць. Дэградуючая левалібэральная Эўропа не ў стане супраціўляцца Расеі. Яна будзе шукаць перамоваў з Пуціным. (І знойдзе на ягоных умовах). Выратаваньне Эўропы зноў, як і ў 1940-х, апынецца ў руках амэрыканцаў, якія хутчэй за ўсё, пагодзяцца на пуцінскую акупацыю Беларусі, калі ня будзе беларускага супраціўленьня маскоўскай агрэсіі.

(Пішу і зьдзіўляюся, як рэзка перамяніўся сьвет у выніку маскоўскай агрэсіі. Прыходзіцца апэраваць катэгорыямі сярэднявечнай палітыкі і гэта ўжо сёньняшняя рэальнасьць!)

Акрамя падрыхтоўкі адпору і збройнага супраціўленьня, вельмі важна цяпер інфармацыйная асьвета беларускага насельніцтва, якое пры садзеяньні антыбеларускага рэжыму амаль цалкам знаходзіцца пад уплывам маскоўскай тэлегёбэльсаўшыны. Сродкамі масавай інфармацыі ні беларускае грамадзтва, ні наша Народная Партыя не валодаюць. СМІ манапалізаваныя прамаскоўскім рэжымам і, фактычна, паўтараюць маскоўскую прапаганду. Магчымасьці беларускай інфармацыі ў гэтых абставінах невялікія, але яны, гэтыя магчымасьці, могуць быць істотна павялічаны і стаць дзесяцікроць больш эфэктыўнымі, калі арыентаваць інфармацыю на пэўныя групы людзей, здольныя яе ня толькі спажываць, але і рэтрансьляваць у асяроддзі. Сябры нашай адраджэнскай Партыі разумеюць, пра што ідзе гаворка. Мушу толькі заўважыць, што становішча разумее і кіроўны рэжым. Існуе пэўная спэцыялізацыя прапагандыстаў, троляў, бесаў, правакатараў і агентуры, якія дзейнічаюць у розных сэгмэнтах грамадзтва, прытым выкарыстоўваюць перш за ўсё так званы ўмоўна “дэмакратычны” друк.

Паўтаруся, што галоўнае агульнае палажэньне маскоўцаў у антыбеларускай інфармацыйнай вайне – гэта пазбаўленьне народа волі да супраціўленьня. Такая пазыцыя памнажаецца і распрацоўваецца ў розных аспэктах, але накіравана найперш на дэскрыдытацыю Нацыянальнай ідэі, нацыянальнай гісторыі змаганьня за волю і незалежнасьць. Таксама дэскрыдытуюць нацыянальных дзеячоў беларускай палітыкі і культуры.

Лукашысцкі рэжым, як толькі зьявіўся, агучыў вуснамі Лукашэнкі некалькі антыбеларускіх лапідарных тэзісаў, прыдуманых з патрэбаў маскоўскай прапаганды, менавіта: “Сувэрэнітэт – гэта ерунда”, “Незалежнасьць звалілася зь неба”, “без Расеі нам нікуды”, “у 90-х рускія сядзелі ў Менску на чамаданах”, “ва ўсім вінаватыя “сьвядомыя”. (Гэтае азначэньне ў форме лаянкі ўведзена Лукашэнкам; камуністычная прапаганда раней такога слова, практычна, не ўжывала).

Заходняя агентура ў асобах Ганса Віка, Адрыяна Севярына і інш. увяла свой “нямецкі” тэзіс прапаганды: “дасягнуць дэмакратыі ў Беларусі трэба праз саюз і аб’яднаньне з дэмакратычнай Расеяй”. Гэты тэзіс дэмакратыі без суверэнітэту заходнія шкоднікі мусіравалі доўгі час ў Беларусі праз сваю псэўдаапазыцыю, якую аплочвалі. На сёньняшні дзень іхны тэзіс страціў прапагандысцкі сэнс. Спраўдзілася сьведчаньне Беларускага Адраджэньня, што Расея – гэта агрэсія і вайна. Яна ніколі не была і ня будзе дэмакратычнай краінай.

Тым часам маскоўскія схемы антыбеларускай прапаганды ў каравым лукашысцкім выяўленьні працягваюць паўтарацца з тупым пастаянствам. На гэтым полі ўжо шмат хто адзначыўся, не разумеючы, відаць, што зьдзяйсьняе акт грамадзкага суіцыду. Пад лукашысцкімі штампамі няма ніякай факталагічнай і рацыянальнай асновы (ніхто не сядзеў на чамаданах), але тым ня менш яны паўтараюцца і працягваюць сьмярдзець.

Зазначу, што з гледзішча каардынатараў гэтай гёбэльсаўшчыны, падыход цалкам рацыянальны. У прапагандзе хлусьні (праверана на прыкладзе тэлебачаньня) грамадзкая маса найлепш засвойвае самыя прымітыўныя, простыя і абсурдныя палажэньні.

Ёсьць цэлы перапіс асобаў, якія па тых ці іншых прычынах засьвечваюцца на лукашысцкіх прапагандысцкіх штампах. Пастаянную ерась у нацыянальным пытаньні піша, напрыклад, Сяргей Дубавец. Я ніколі не зьвяртаў на ягоныя выхадкі ўвагі, ведаючы прыроду зьявы. Але хто ня ведае, і неразумее правакацыі, часам хапаецца за галаву ад прачытанага славаблудзтва. Нядаўна ён напісаў у Сеціве тэкст, фактычна, супраць Нацыянальнай ідэі, супраць гістарычных дасягненьняў Народнага Фронта, прыдумаў (цалкам у стылі лукашэнкаўскага “сядзеньня рускіх на чамаданах”) неіснуючую ў рэальнасьці зьяву супроцьстаяньня нейкіх “сьвядомых” і “несьвядомых” (тэрміналогія Лукашэнкі) і абвінаваціў усіх беларускіх змагароў ў ігнараваньні беларускага народа. Тут жа арганізуецца міні-абмеркаваньне ў Інтэрнэце і дзён 5-6 група чытачоў (збольшага тролі) «сьцябаецца» ў волю (зорны час для эгацэнтрыста).

Гучыць амаль камічна, але цынічны эпатаж дубавецкага опуса зьдзівіў нават прыхільніка “русского мира” лукашэнкаўскага ідэолага Валянціна Анціпенку. “Вачам сваім ня веру, -- напісаў у Сеціве спадар Анціпенка, -- “Наша Ніва” даўно не наша. Але каб такое закруціць – “уму непостижимо”. “Сёньня дубейшыя за іншыя дубы, усё ж ёсьць”, -- рэзюміраваў начальнік ідэалагічнай і арганізацыйна-кадравай працы Валянцін Анціпенка пра выхадку Дубаўца. Поўнае фіяска выходзіць. Усё ў пясок.

І каб закончыць пра гэты пэрманэнтны брыдкі выпадак, мушу першы і апошні раз сказаць пару слоў пра аўтара опусаў.

Калі ў 1989 годзе хутка і энэргічна фармаваўся Народны Фронт, я сярод іншых прапанаваў уключыць у першы Сойм БНФ маладога журналіста Сяргея Дубаўца. Яму і Алесю Сушу было даручана рыхтаваць газэту “Навіны БНФ”, якая была зарэгістраваная на маё імя. Пасьля першага нумара Дубавец ад працы адышоў. Газэту цягнуў Алесь Суша. А неўзабаве Дубавец зьехаў у Вільню і больш на Соймах яго ня бачылі. Па маіх назіраньнях малады чалавек выявіў поўную няздольнасьць да палітычнай працы, схаластычнае неразуменьне працэсаў. Тым часам палітыка ёсьць калектыўная справа. Рашэньням арганізацыі трэба падпарадкоўвацца і рабіць тое, што ўсе разам вырашылі, нават калі хто з гэтым не пагаджаецца. Людзі з завышанай самаацэнкай, індывідуалістычным характарам і эгацэнтрычнай натурай рабіць агульную калектыўную (і часам жмудную) справу звычайна няздольныя. Ім трэба красавацца і рабіць не агульнае, а сваё. Яны альбо ствараюць праблемы ў арганізацыі, альбо адыходзяць. Дубавец адышоў, затаіўшы, відаць, вечную злобу з-за сваёй нерэалізацыі на ўвесь БНФ. Невытлумачальнае (для тых, хто не разумее) пакусваньне Фронта пачалося адразу як толькі Дубавец адышоў і ад’ехаў. Усё змаганьне, барацьба і здабыцьцё незалежнасьці адбылося без яго. Ён ня ўдзельнічаў у гэтым палітычным пераможным змаганьні, ня ведае як і што рэальна адбывалася. Працэс пайшоў міма яго сябе любімага. Эгацэнтрызм ператвараецца ў паталогію духа, чалавек перастае часам кантраляваць свае словы і ўчынкі, пакутуе ад уласнай няздатнасьці і завышаных уяўленьняў пра сябе, адчайна стараецца ва ўсім быць непадобным на іншых і выяўляе хваравіты сальерызм.

Наша цяперашняя беларуская адраджэнская моладзь даўно па-максімалісцку запісвае такіх людзей у агентуру вядомай канторы, што зьяўляецца, аднак, вельмі сумніўным, бо такая публіка і для “канторы” не падыходзіць. Фактам ёсьць тое, што згацэнтрызм асабліва ў пэрыяд міжчасься становіцца вельмі распаўсюджанай інтэлігенцкай хваробай. Дастаткова толькі азірнуцца вакол і шмат што ўбачыцца. Усё гэта грамадзкія выдаткі гнілога часу, якія выяўляюць глыбокую грамадзкую хваробу, імя якой лібэральны крызіс нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэта зьява цывілізацыйнага кшталту, якая ўзьнікае незалежна ад палітычнай сістэмы і, як правіла, у вельмі шкодным выяўленьні, бо падточвае нацыянальную кансалідацыю Беларускага Адраджэньня якраз у патрэбны для кансалідацыі час. Эгацэнтрысты абплявалі ўжо па-беларуску і Купалу, і Коласа, і магілы дзеячоў Рады БНР у сваёй прозе і вершаплёцтве. Такое ёсьць збочанае аблічча праклятага часу.

Павінен падкрэсьліць, што антыбеларускі рэжым перажывае сістэмны эканамічны крызіс, які ахоплівае ўсё грамадзтва і фармальна зьяўляецца цяпер галоўнай праблемай, якая датычыць усіх людзей. Але асаблівасьць у тым, што паправіць эканамічны стан грамадзтва ўжо ў прынцыпе немагчыма без дэмантажу усёй рэжымнай сістэмы. Прапановы па эканоміцы робяцца бяссэнсоўнымі, бо ня могуць вырашацца эканамічным спосабам. Такі стан аб’ектыўна мусіць прывесьці да грамадзка-сацыяльнага канфлікту з уладай, і беларусы мусяць да яго рыхтавацца.

На 11 верасьня рэжым прызначыў выбары ў імітацыйны парлямант (“палатку”). Наша Партыя ня будзе падтрымліваць псэўдавыбарчы фарс. Але кантроль над ім мусім ажыцьцяўляць і фіксаваць парушэньні. Трэба ўлічыць, што калабаранцкі Захад будзе шукаць любой зачэпкі, каб легітымізаваць антыбеларускі рэжым. Трэба перашкодзіць яму ў гэтых намерах.

12 чэрвеня 2016 г.                                                                                     Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: