НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ

НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ (скарочаная назва – Партыя БНФ) зьяўляецца беларускай народнай партыяй дэмакратычнага ладу і нацыянальнага Адраджэньня. Азначэньне "кансэрватыўна-хрысьціянская" абазначае падтрымку народных традыцый гісторыі, культуры, звычаяў, маральнасьці дачыненьняў паміж людзьмі, народных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў чалавека і сям’і. Партыя ўлічвае хрысьціянскую падставу і гісторыю беларускай культуры, зыходзіць з пазыцыі, што Хрысьціянства ёсьць важным чыньнікам духоўнага і маральнага разьвіцьця беларускага народу.

КХП -- БНФ не прапагандуе ні канфэсійную, ні хрысьціянскую рэлігійную ідэалогію, зьяўляецца палітычнай але не рэлігійнай арганізацыяй. Партыя грунтцецца на хрысьціянскіх прынцыпах дачыненьняў і быцьця і асвойвае іх у палітыцы. Сябрамі Партыі могуць быць і вернікі, і ня вернікі -- усе, хто падтрымлівае праграмныя прынцыпы Партыі. Палітыка КХП -- БНФ арыентавана на ўсіх грамадзянаў Беларусі.

 

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ (Партыя БНФ) ёсьць удакладненая назва Партыі Беларускага Народнага Фронту. Новая назва прынята на чарговым ІV-ым Зьездзе Партыі 26.09.1999 года. Партыя мае 190 першасных суполак у 100 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках Рэспублікі Беларусь. У лістападзе 2000 г. (у першым годзе абнаўленьня Партыі) у шэрагах Партыі БНФ налічвалася 3500 сябраў.

Партыя БНФ была ўтворана на ІІІ Зьезьдзе Беларускага Народнага Фронту ў траўні 1993 г. у сувязі са зьменай заканадаўства аб выбарах, у якім былая намэнклятура ўлады забараніла ўдзел у выбарах грамадзка-палітычым рухам, спадзеючыся не дапусьціць да выбараў Народны Фронт. На ІІІ-м Зьезьдзе былі зацьверджаны і прынятыя эталоны сымволікі Партыі і Фронту -- Пагоня і трохпалосны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг з шасьціканцовым крыжам, а таксама знакавая эмблема арганізацыі.

 

Вытокі палітычнай дзейнасці Партыі БНФ пачынаюцца ад 19 кастрычніка 1988 году — часу ўтварэння Арганізацыйнага Камітэту Беларускага Народнага Фронту“ Адраджэньне”.

У новых і складаных умовах Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя -- БНФ працягвала тактыку палітычных вулічных акцыяў. Ў 2000 годзе на 25-га Сакавіка Партыя сабрала шматтысячны мітынг на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Антыбеларускі рэжым накіраваў супраць мітынга АМАП, "спэцназ" і ўнутранныя войскі -- тысячы жаўнераў. Пачалі хапаць людзей. Схапілі і адвезьлі ў спэц-лагеры для арыштаваных 500 асобаў, зь іх 300 сяброў КХП -- БНФ. Ў гэты ж дзень, на плошчы ў натоўпе, была зроблена спроба групы замаскаваных амапаўцаў забіць Юры Беленькага, Дэпутата Незалежнасьці, выконваючага абавязкі Старшыні КХП -- БНФ у Беларусі. Ад сьмерці яго ўратавалі аднапартыйцы.

Вулічныя акцыі са стратамі з боку Партыі і супроцьдзеяньнем з боку рэжыму працягваліся да 2006 года. Далей стала немагчыма вынікова праводзіць такую працу з прычыны ўзмацненьня рэпрэсій. У 2006 годзе антыбеларуская ўлада сілай задушыла канцэптуальную спробу КХП—БНФ правесьці несупярэчнае закону альтэрнатыўнае «народнае галасаваньне» на выбарах прэзыдэнта. Рэжым забірае ў Партыі ўсе памяшканьні, спрабуе ліквідаваць Партыю цераз суд. Партыя пераходзіць на разгалінаваную палітычную дзейнасьць, якая вынікае з канцэпцыі грамадзкага байкоту фальшывых выбараў і ўсіх рэжымных мерапрыемстваў, выдае ўлёткі, брашуры ў Беларусі і часопіс "Беларускія Ведамасьці" і кнігі за мяжой. Гэтая дзейнасьць падпарадкавана стварэньню альтэрнатыўных (накіраваных супраць антыбеларускага рэжыма) каштоўнасьцяў і спрыяньню альтэрнатыўнаму беларускаму грамадзтву. За мяжой знаходзіцца таксама старшыня КХП -- БНФ Зянон Пазьняк. Адкрыта ў Беларусі Партыя праводзіць навукова-палітычныя канфэрэнцыі, культурна-асьветніцкія і мэмарыяльныя мерапрыемствы, ажыцьцяўляе назіраньне за галасаваньнем (з мэтай фіксаваньня фальсіфікацыяў) на рэжымных фальшывых выбарах, якое заўсёды, фактычна, блакуецца рэжымнымі ўладамі.

 

У накірунку мэмарыяльна-асьветніцкай дзейнасьці найбольшым дасягненьнем КХП -- БНФ ёсьць стварэньне Народнага Мэмарыяла Курапаты ("Лес крыжоў"). Гэта найвялікшы магільнік маскоўска-савецкага генацыду ў свеце. Тут савецкія акупанты расстралялі і закапалі каля чвэрці мільёна чалавек. Згодна канцэпцыі вечнай памяці Мэмарыяла кожны чалавек зь Беларусі і з усяго сьвету можа зрабіць ахвяру памяці і паставіць тут свой крыж ў памяць рвсстраляных. Парадак працы, догляд, рабленьне крыжоў, збор сродкаў на крыжы, на памятныя знакі, мэмарыяльныя камяні ажыцьцяўляе адмысловая партыйная Камісія па Курапатах (старшыня А. Чахольскі). Тэрыторыя Народнага Мемарыяла Курапаты (згодна з канцэпцыяй Народнага Мэмарыяла) вечна разьвіваецца ў часе і прасторы (бо кожнае пакаленьне людзей можа ставіць тут свае знакі памяці). Плошча Народнага Мэмарыяла азнакавана вуглавамі валунамі з надпісамі і высокімі (7 мэтраў) мэталёвымі крыжамі. На 2016 год на месцы расстрэлаў і пахаваньняў расстраляных пастаўлена больш тысячы вялікіх драўляных крыжоў. Ёсьць таксама памятныя камень ад габрэяў, знакі ад мусульманаў, крыж ад палякаў, памятны знак (лавачка) ад прэзыдэнта ЗША, памятны камень ад Савета Міністраў БССР.

 

З палітычных ініцыятываў КХП -- БНФ (з тых, якія маюць ўплыў на ўсю нацыю) трэба адзначыць канцэпцыю байкоту фальшывых выбараў з пэрспэктывай і стварэньнем паралельнага беларускага грамадзтва, адрознага ад патрабаваньняў і палітыкі антыбеларускага акупацыйнага рэжыму. Рэальна народ Беларусі даўно адлучаны ад выбараў, якія ператвораныя рэжымам у прафанацыю, дзе нават ня лічаць галасы, а пішуць заранёў прыдуманыя вынікі. У гэтых умовах байкот робіцца формай пратэсту і сьведчаньнем непрызнаньня рэжымнай рэальнасьці.

Пэўны ўплыў на перадавое асяроддзе і заўсёдную пазытыўную пэрспэктыву мае ініцыятыва "Беларуская Салідарнасьць" (прынятая ў 2001 г.). Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць Платформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Зьместам беларускага яднаньня (згодна Платформы) ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава.

У пункце 4 Беларускай Салідарнасьці адзначана, што "Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі."

Больш разгорнута пра тое сказана ў п. 8 Платформы, дзе падкрэсьлена: "... заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае: шанаваць беларускую дзяржаўнасьць, шанаваць беларускую мову і беларускі народ, шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру, шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна ў Беларусі і ва ўсім сьвеце."

 

КХП-- БНФ імкнецца уплываць ня толькі на працоўных людзей, моладзь і інтэлігенцыю, але і на адміністрацыйны і ўладны апарат. Дзеля гэтага, напрыклад, у 2000-х гадах (са спасылкай на дакуманты ААН) быў падрыхтаваны матэрыял “Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва”, які наўпрост у "аанаўскіх" фармулёўках тлумачыў сутнасьць злачынства акупацыйнай рэжымнай русіфіккацыі ў Беларусі. На працягу паўгода матэрыял (каля тысячы лістоў) рассылаўся прыватна і асабіста ўсім чыноўнікам і адміністратарам, па якіх была складзена база дадзеных (а сьпісы іх друкаваліся ў "Беларускіх Ведамасьцях"). На нейкім этапе гэтай працы ўлады сфабрыкавалі справу ў суд на Партыю з мэтай яе ліквідацыі. Партыя здолела адстаяць сваё існаваньне ў фальшывым рэжымным судзе, але абвінаваўчы вердыкт з папярэджаньнем (цалкам неадпаведны закону) усяроўна быў вынесены. Такія ёсьць ўмовы асьветніцкай працы пры антыбеларускім рэжыме.

Сутнасьць антыбеларускай палітыкі рэжыму ў тых умовах (яны цяпер яшчэ больш пагоршалі), у якіх прыходзіцца на розных узроўнях працаваць адзінай Партыі Беларускага Адраджэньня, вымоўна ілюструе такі тыповы факт, адзначаны ў партыйным друку: “У адной са школ у вялікай вёсцы паблізу Салігорска маладая настаўніца атрымала загад адміністрацыі ўпарадкаваць фонд школьнай бібліятэкі. 

Настаўніца выканала заданьне: аформіла стэнды з новымі паступленьнямі кніг, часопісаў і газэтаў, напісала плакаты з цытатамі пра карысьць чытаньня і г.д. Замест падзякі беларуская настаўніца атрымала строгую вымову ад начальства. Яе прымусілі перарабіць працу. Адзіным “пунктам абвінавачваньня” быў той факт, што настаўніца аформіла бібліатэку на беларускай мове.” (Сеціва, Стар. "Беларуская Салідарнасьць")

 

Асобным разьдзелам стаіць выдавецкая дзейнасьць КХП -- БНФ, дзе акрамя выданьня пару дзясяткаў кніг (амаль усе за мяжой) трэба адзначыць часопіс "Беларускія Ведамасьці" (Варшава, рэд. З. Пазьняк; выйшла семдзесят нумароў; у 2014 г. выданьне часова прыпынена па тэхнічных прычынах). Тут друкавалася беларуская інфармацыя і адраджэнскія матэрыялы, якія не адлюстраваныя больш нідзе. Асабліва трэба адзначыць матэрыял "Хроніка парушэньняў правоў беларусаў", які зьбіралі сябры партыі, дакумэнтальна фіксуючы злачынствы рэжыму, і, прысылаючы зьвесткі ў рэдакцыю "БВ". Матэрыял друкаваўся з нумару ў нумар, зьяўляецца каштоўнай базай для гісторыі і для суду над злачынцымі рэжыму.

 

Праграма КХП -- БНФ складаецца з двух частак: агульнай праграмы Партыі, дзе вызначана бачаньне будучай дэмакратычнай Беларусі, і з першачарговай праграмы (праграмы-мінімум), у якой адлюстраваныя палажэньні, якія неабходна будзе ўвесьці ў жыцьцё адразу пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму.

Агульная праграма падрабязна вызначае галоўныя каштоўнасьці, дзеяньні і мэтады будаўніцтва краіны. Беларусь мусіць стаць парляманцкай дэмакратычнай краінай, з рынкавай эканомікай, прыватнай ўласнасьцю на зямлю, з прыватным і дзяржаўным сэктарам ў эканоміцы і антыманапольным заканадаўствам, з гарантыямі правоў асобы і сям’і, забесьпячэньнем свабоды слова, роўнасьці рэлігійных канфэсіяў перад законам і дзяржавай, з праярытэтам для адукацыі, медыцыны і абароны, з палітыкай дабрасуседзтва ў міжнародных дачыненьнях, з пэрспэктывай ўступленьня ў НАТО і стварэньня Асасыяцыі дзяржаваў Усхадняй Эўропы (фронтаўская ідэя БЧС -- Балта-Чарнаморскай Садружнасьці).

Пазыцыя нэўтралітэту Беларусі, выстаўленая Дэпутатамі БНФ ў 1990 годзе, мела тады перш заўсё тактычнае значэньне, каб пазбавіцца савецкага войска на нашай тэрыторыі і запабегчы ўцягваньню Беларусі ў ваенны саюз з Расеяй (нэўтралітэт ўсе падтрымлівалі, нават камуністы). Тым часам было зразумела, што ніякі нэўтралітэт Беларусі ў нашай частцы Эўропы побач з Расеяй у прынцыпе немагчымы. Ніхто ня дасьць яму гарантыяў, а калі і дасьць, то яны будуць нічога ня вартыя. Краіна бяз войска ў гэтай сытуацыі -- нішто. У праграме КХП -- БНФ пэрспэктыве уступленьня ў НАТО дадзена наступнае тлумачэньне:

"Расея засведчыла, што не збіраецца лічыцца з нашым нейтралітэтам і нашым незалежным існаваннем. Найважнейшай задачай беларускай дзяржаўнай бяспекі і нашай палітыкі павінна стаць уступленьне Беларусі ў НАТО. Гэта пэрспектыва, да якой мы мусім імкнуцца ўжо сёння, ствараючы бяспечную будучыню вольнай Беларусі".

 

Праграма-мінімум скрупулёзна па пунктах вызначае, што трэба будзе хутка, рашуча і тэрмінова рабіць пасьля ўпадку рэжыму. Вось вытрымкі з гэтай праграмы, прынятай 26 верасьня 1999 г. IV-ым Зьездам Партыі БНФ.

"Дзеля нармалізацыі становішча ў краіне перш за ўсё, трэба будзе разарваць путы залежнасьці ад існуючага прамаскоўскага рэжыму, ад імпэрскай палітыкі Расеі і будаваць незалежную, вольную Беларусь у геапалітычнай сістэме Эўропы. ... Першы пункт -- Ліквідацыя дыктатуры і спыненьне палітыкі “інтэграцыі” з Расеяй (...)

Першачарговыя дзеяньні пасьля ліквідацыі дыктатуры:

Адразу пасьля сканчэньня дыктатуры, адмены ўлады рэжыму і ўступленьня ў дзеяньне беларускай улады, аўтаматычна зноў вяртаецца дзеяньне Канстытуцыі 1994 года і ўсё адмененае і забароненае рэжымам заканадаўства і інстытуты ўлады. Неадкладна вяртаюцца дзяржаўныя сымвалы Беларусі: Бел-Чырвона-Белы сьцяг і гэрб Пагоня. Адмяняюцца вынікі незаконных рэфэрэндумаў 1995 і 1996 гг., узбуджаецца крымінальная справа супраць іх ініцыятараў, распускаецца нелегальны, незаконны “нацыянальны сход” (палатка). Беларуская мова зноў вяртаецца на дзяржаўны пасад, а пазачыняныя рэжымам беларускія школы тут жа і неадкладна адновяць свой беларускі статус. Будуць зачыненыя ўсе фашыстоўскія і антыбеларускія антыдзяржаўныя арганізацыі. Пра гэта павінны быць прынятыя адпаведныя заканадаўчыя акты.

 

Мусіць быць забясьпечаны грамадзкі і праўны парадак; адноўленыя законнасьць і законныя інстытуты ўлады, нармальная дзейнасьць беларускіх вышэйшых навучальных установаў. Будзе спынена разбурэньне беларускай культуры і забясьпечаныя праўныя гарантыі павагі да грамадзяніна Беларусі.

 

Асноўным пытаньнем, якое адразу трэба будзе пачаць вырашаць, — гэта неадкладныя захады па ўратаваньню беларускай эканомікі і падтрыманьні жыцьцядзейнасьці насельніцтва. (....)

 

1. Стварыць умовы для хуткага аднаўленьня правамоцнасьці Канстытуцыі. Усталяваць незалежную дзейнасьць суддзяў усіх узроўняў, пракуратуры і адвакатуры, забясьпечыць матэрыяльныя ўмовы гэтай незалежнасьці.

 

2. Падрыхтаваць становішча і ўмовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў у парлямант Беларусі і мясцовыя прадстаўнічыя ворганы ўлады. Увесьці мажарытарна-прапарцыйную сістэму выбараў у парлямант.

 

3. Забясьпечыць доступ да радыё і тэлебачаньня грамадзянам, грамадзкім арганізацыям, партыям. Ліквідаваць палітычную цэнзуру. Гарантаваць свабоду для беларускай інфармацыі ў беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Удакладніць заканадаўчую базу адносна СМІ з улікам інтарэсаў беларускага культурна-нацыянальнага аднаўленьня і бясьпекі беларускай дзяржавы. Увесьці ільготнае падаткаабкладаньне на інвэстыцыйныя праекты ў СМІ.

 

4. Спыніць дзейнасьць дэкрэтаў, указаў, законаў, паправак да законаў, якія не адпавядаюць інтарэсам беларускай дзяржавы, парушаюць правы чалавека і яго маёмасныя правы. Увесьці права недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці і маёмасьці, права ўласьніка на іх абарону. Правесьці амністыю і скасаваць крымінальныя справы па палітычных і эканамічных пытаньнях, якія былі незаконна ўзбуджаныя дзяржаўнымі ворганамі. Правесьці перагляд у судах крымінальных справаў эканамічнага і маёмаснага характару з мэтай вызваленьня несправядліва асуджаных і пры ўмове выплаты ім грашовай кампэнсацыі і вяртаньня канфіскаванай маёмасьці.

 

5. ... Нармалізаваць дзейнасьць беларуска-расейскай мяжы. (Увесьці памежны і мытны кантроль.)

 

6. ... Нармалізаваць сувязь з краінамі эўраатлянтычнага альянсу. Аднавіць супрацоўніцтва з Эўразьвязам, Эўрапарлямантам, МВФ і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.

 

7. Актывізаваць дзейнасьць усіх суб’ектаў гаспадараньня: грамадзянаў, прадпрымальнікаў, прадпрыемстваў. Дзеля гэтага:

 

- тэрмінова правесьці перамовы з Расейскай Фэдэрацыяй па мытных пытаньнях, урэгуляваць мытныя пошліны на імпарт і экспарт тавараў і прадукцыі ў інтарэсах Беларусі; (...)

 

- зьнізіць падаткавую нагрузку на суб’екты гаспадараньня, спрасьціць справаздачнасьць для малога і сярэднега бізнэсу. Усталяваць ільготныя падаткі для перапрацоўшчыкаў сельгаспрадукцыі, для вытворцаў лекаў, медыцынскай прадукцыі і медыцынскага абсталяваньня, для суб’ектаў, што працуюць на тых накірунках эканамічнай дзейнасьці, якія даюць хуткія вынікі ў павелічэньні рабочых месцаў і насычэньні таварнага рынку. Вызваліць ад падаткаў прыбыткі, якія накіроўваюцца на інвэстыцыі. Вызваліць ад уплаты асноўных падаткаў (дабаўленая вартасьць, прыбытак) фірмы і прадпрыемствы, якія выконваюць інвэстэцыйныя праекты дзеля разьвіцьця транспартных камунікацыяў, сувязі, турызму; (...)

 

- перадаць увесь арэндны нежылы фонд, у тым ліку той, што прыўлашчаны Упраўленьнем справамі былога прэзыдэнта, у муніцыпальную ўласнасьць. Значна зьнізіць арэндную плату;

 

- увесьці заяўляльны прынцып пастаноўкі на ўлік суб’ектаў эканамічнай дзейнасьці. Скасаваць дзяржаўную манаполію на большасьць відаў прадукцыі. Адмяніць ліцэнзаваньне відаў эканамічнай дзейнасьці;

 

- нармалізаваць функцыянаваньне дзяржаўнага бюджэту. Ліквідаваць фонд былога прэзыдэнта, яго сродкі перавесьці ў дзяржаўны бюджэт. Ліквідаваць пазабюджэтныя фонды;

 

- правесьці аўкцыённую прадажу фірмаў, утвораных пры Упраўленьні справамі былога прэзыдэнта. Сродкі накіраваць на папаўненьне пэнсійнага фонду; (...)

 

- стварыць умовы для свабоднай дзейнасьці рынкавых мэханізмаў, у тым ліку: валютных, таварных, фондавых, нерухомай маёмасьці, біржаў, страхавых і фінансавых кампаніяў і інш.;

 

- правесьці мерапрыемствы дзеля стабілізацыі беларускіх грошай. Забясьпечыць устанаўленьне адзінага курсу беларускага рубля. Стварыць стабілізацыйны валютны запас. Увесьці беларускую валюту (беларускі талер);

 

- прыступіць да зямельнага ўладкаваньня;

 

- актывізаваць аўкцыённую прыватызацыю гандлёвых прадпрыемстваў, прадпрыемстваў харчовай, лёгкай, будаўнічай прамысловасьцяў. Сродкі ад продажу дзяржаўнай маёмасьці накіраваць на папаўненьне пэнсійнага фонду і дзяржаўнага страхавага кампэнсацыйнага фонду.

 

Выбары новага беларускага парляманту ў дэмакратычных умовах, дасягненьне збалянсаванасьці галінаў улады, дасягненьне стабільнасьці на таварным рынку, увядзеньне стабільнай беларускай валюты (талера), вольнае разьвіцьцё беларускай адукацыі і культуры стануць прыкметай завяршэньня пераходнага пэрыяду."

Мы бачым, што палажэньні праграмы-мінімум, напісаныя 17 гадоў таму, анітрохі не састарэлі і адлюстроўваюць нібы сёньняшні дзень. Гэта таму, што пры антынацыянальным акупацыйным рэжыме нічога не разьвіваецца. Мафіёзы, ворагі і зладзеі рабуюць народ, дзяржаву, нішчаць краіну, спараджаючы стагнацыю ("стабільнасьць") -- час спыняецца. Але палітычнае змаганьне ў спыненым часе ёсьць самае найцяжэйшае, бо яно таксама стагназуе ў мёртвых кропках антынароднай улады.

Тым ня менш Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ -- гэта ёсьць адзіная ў Беларусі партыя Нацыянальнай ідэі, нацыянальнага Адраджэньня і класічнай дэмакратыі. І ўвогуле яна адзіная партыя, якая рэальна і зьмястоўна супроцьставіцца антыбеларускаму рэжыму і варожай палітыцы Масквы, будучы вольнай і незалежнай у сваіх дзеяньнях.

Партыя складаецца з розных сацыяльных групаў грамадзтва, найбольш прадстаўленыя інтэлігенцыя, прадпрымальнікі, найменш сяляне і рабочыя. У партыі чатыры Дэпутаты Незалежнасьці -- Юры Беленькі, Сяргей Папкоў, Мікола Крыжаноўскі, Зянон Пазьняк (часова ў сувязі з працай на радыё адышоў Сяргей Навумчык) Партыя валодае двума партыйнымі старонкамі ў Сеціве -- "Народная партыя" і "Беларуская Салідарнасьць" -- і некалькімі дапаможнымі. Але галоўным лічыцца папяровы распаўсюд інфармацыі.

 

16 сакавіка 2016 г.                                                                                               Зянон Пазьняк

Дадаць у: