НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

НЕЛЬГА ЗАБЫЦЬ

НЕЛЬГА ЗАБЫЦЬ
Летам 1944 года на Беларусі скончылася нямецка-фашыстоўская акупацыя і зноў вярнулася расейска-савецкая, разам з кампартыяй і НКВД. Беларускія гарады, разбамбаваньы нямецка-савецкай авіяцыяй, ляжалі ў руінах, бальшыня вёсак спалена, сотні — разам зь людзьмі. Вэрмахтам, СС, Чырвонай арміяй, НКВД, Штаатдынст (СД) і савецкімі партызанамі забіты кожны чацьверты беларус (а ўлічваючы 20-я і 30-я гады — кожны трэці).
Беларусы былі ўключаныя ў вайну ў асноўным на баку Савецкага Саюзу. Тыя, што змагаліся за Беларусь супраць бальшавікоў на баку немцаў у канцы вайны перайшлі да аліянтаў і павярнулі зброю супраць Вэрмахта. Беларусь унесла вялікі ўклад у перамогу над фашызмам, моцна пацярпела за часы нямецкай акупацыі і адносіцца да краінаў-пераможцаў. Усе краіны-пераможцы вярнулі свае тэрыторыі і мелі кампэнсацыі за страты. Усе, акрамя Беларусі, якая (парадокс!) страціла свае тэрыторыі і нават сваю гістарычную сталіцу. Гэта вынік змаганьня пад чужымі сьцягамі і за чужыя інтарэсы.
Разумныя высновы з гэтага не было каму рабіць. Беларускую нацыянальную інтэлегенцыю зьнішчылі яшчэ ў 30-х, а тая, што засталася, у час вайны эмігравала на Захад. Улада ў Беларусі была аддадзена Масквой у рукі савецкіх партызанаў НКВД.
Цэлае пакаленьне беларусаў (і ў Беларусі, і ў эміграцыі), што вытрымала і вынесла на плячах гэтую фашыстоўска-бальшавіцкую вайну, да канца свайго існаваньня (а яно акурат цяпер заканчваецца) жыло вайной. Вайна вызначыла іхны лёс.
Лёсавызначальнасьць 2-й Сусьветнай вайны (фактычна, вайна была адна, толькі з перапынкам у 20 гадоў) добра адчулі ў Маскве. КПСС пабудавала на гэтым сваю палітыку і дзяржаўную ідэалёгію, эксплуатавала жах людзей перад вайной для апраўданьня таталітарызму сацыяльнай беднасьці і імпэрскай палітыкі. Страх перад вайной стаў галоўным элемэнтам халоднай вайны КПСС супраць забраных народаў Савецкага Саюза. Крызіс СССР змог узьнікнуць і рэалізавацца ў частковым распадзе бальшавіцкай імпэрыі толькі тады, калі, практычна, поўнасьцю зьмяніліся пакаленьні, а дакладней, — калі зышло з палітычнай арэны пакаленьне вайны.

Але мы — пасьляваенныя беларусы — ня можам, ня маем права забыць Сусьветную вайну па двух прычынах. Першая—незьлічоныя ахвяры і пакуты народа. I другая, галоўная—хлусьня пра вайну. Вялікая мярзотная хлусьня на крыві беларускай нацыі. Народ ня можа годна існаваць на хлусьні. I каб здабыць праўду, дзеля нашага народнага здароўя і будучыні, мы заўсёды павінны памятаць, што і як было ў першай палове 1940-х гадоў мусім разабрацца і ацаніць свой народны лёс.
Зянон Пазьняк
Дадаць у: