НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Нянавісьць шэрых

Нянавісьць шэрых

Сярод разумных і дурань разумны. Але нікчэмная асоба найлепш відаць на фоне вялікіх асобаў. Таму нікчэмнасьць, як правіла, ненавідзіць лепшых.
Самая бязьлітасная нянавісьць, гэта ёсьць нянавісьць шэрых людзей, бо яна ірацыянальная і толькі шукае лягічнага апраўданьня. Гэта нянавісьць натоўпу, што забіваў каменьнямі прарокаў і нянавісьць Сальеры, што падліваў атруту генію (няхай сабе і выдумка – сюжэт, ды ў ім намёк).

23 чэрвеня я прачытаў у Сеціве вытрымкі са “спачуваньня” вышэйшай службовай асобы ў Беларусі ў сувязі са сьмерцю Васіля Быкава. Спачуваньне напісана на расейскай мове, дзе сказана, што “Васілій” Быкаў “выдатны” пісьменьнік, што “Васілій” Быкаў “не шукаў пракладзеных шляхоў” і што памяць пра “Васілія” Быкава “захаваецца” і г.д.

Такім чынам “Васілій”. “А тут ня зьдзек, – адкажуць вам з гатоўнасьцю, – гэта пераклад на “удобный язык”. Але наша мова і імя Быкава не дазваляюць такіх маніпуляцыяў. Каму гэта можа быць незразумела? Нават у Маскве такое ня робяць, хоць там усе пішуць на “удобном языке”.

Мне чамусьці ўспомніўся пэрсанаж адной з п’есаў Бэрнарда Шоў пра норавы ХХ-га стагоддзя, сноб-інтэлектуал, пісака і балбатун. Ягоная шэрасьць і прэтэнзіі не пераварвалі Арыстоцеля. Ён адчуваў сябе вялікшым і грэбаваў нават імем Арыстоцеля; інакш не называў вялікага філёсафа, як “Стагірыт” (па назве горада, адкуль паходзіў Арыстоцель). Гэтакім чынам шэрасьць і дурнота хоча прынізіць аўтарытэт.

Шэрасьць прымітыўная. Стараючыся прынізіць лепшых, яна імкнецца ўзвысіць сябе і пачынае маніпуляваць імем вялікага (то “забываецца” ягонае прозьвішча, то перакручвае імя, то ня той націск, то ўдае няведаньне, як завуць і г.д.). Шэрасьць у гэты момант жыве ілюзіяй, быццам сьвет мераецца па ёй (маўляў, калі яна ня ведае, хто такі Арыстоцель, то які там яшчэ Арыстоцель). Шэрасьць спадзяецца, што па-хамску перакруціўшы імя вялікага чалавека, яна зьнішчае ягоную вялікасьць і думае, што людзі будуць ёрнічаць разам з шэрасьцю.

Менавіта ў такіх ілюзіях быў пабудаваны звыклы зьняважлівы выступ супраць Быкава вышэйшай службовай асобы Рэспублікі Беларусь на расейскім тэлебачаньні НТВ 20-га ліпеня.

“Быков Василий, который вообще не приемлет тенденции на сближение с Россией…” і г.д. – вось тыповы ўзор гэтага маналёгу. Стыль міліцэйскага пратаколу.

“А спыталі б, – падказвае пытаньне журналісту вышэйшая службовая асоба, – ты (г.зн. ён) вучыўся ў школе па падручніках і творах Быкава, чаму ў цябе зь ім ня склаліся адносіны?”

Тут ужо ўспамінаецца Мікалай Гогаль, ягоны Хлестакоў (“… с Пушкиным на дружеской ноге” і г.д.) Сапраўды, маўляў, я – велічэзны, ён – “выдатны”, а адносіны ў мяне “зь ім ня склаліся”. Прапануецца размова пра двух вялікіх (хоць вялікі толькі адзін). Гэта ўзор ня толькі прымітыўнага ўяўленьня пра дачыненьні, але і прыклад таго, як шэрасьць прыладжваецца да знакамітасьці і хоча зраўняцца.

Неадукаванасьць кіруючай асобы ў Беларусі агульнавядомая (чаго вартае, скажам, будаўніцтва Перпэтуум Мобіле), таму ніхто ўжо не зьдзіўляецца, што ў дзяцінстве (як кажа гэтая асоба) яна зачытвалася “вершамі” Васіля Быкава.

Не сьпяшайцеся сьмяяцца. Тут ня проста. Трэба ведаць псіхалёгію гэтага “чытача”, вырабленую на ўзорах гэбоўскіх уяўленьняў. Гэта той жа мэтад перакручваньня імя, ёрніцтва, сьведамае ўдаваньне няведаньня, хто такі Арыстоцель, апусканьне размовы ўніз, на прымітыўны ўзровень, адкіданьне арэола пашаны. Маўляў, мы ведаем, што народны “пісацель”, толькі што ён там пісаў: ці вершы, ці прозу, да вороде бы “стихи”. Не пісаў? Што вы гаварыце? А я думал, он паэт. І гэтак далей. Гумар лейтэнантаў.

Сапраўдная матывацыя таго, што часам робіць і кажа кіраўнік выканаўчай улады і адэкватнае разуменьне ягоных учынкаў ведамае толькі вузкім спэцыялістам і тым, хто яго назірае даўно.

Аднак самай фэнамэнальнай рысай гэтага дыягназу паводзінаў ёсьць ня хамства, ня ёрніцтва, не нахабства расперазанага халопства, а хлусьня, вялікая ілжа, стыхійная, як патоп; яна вывяргаецца штодзённа, упэўнена і пераканана, у якую ён сам апантана верыць. (І чым больш хлусіць, тым больш верыць.)

І тыя, хто слухаюць яго першы раз, другі, трэці (а некаторыя і тысячу разоў), ня могуць не ўспрымаць, настолькі даверліва, упэўнена, з дрыжыкамі ў голасе і бляскам у вачах ён ілжэ. Ілжэ, нібы спавядаецца, нібы адчыняе душу, хлусьню гаворыць, як малітву, як на духу, выціскае сьлязу.

Гэта не гульня, не мастацтва, не фальш – гэта праўдзівае выяўленьне натуры. (Як па маіх жыцьцёвых назіраньнях – паранойнае выяўленьне псіхалёгіі нэўрастэніка.)

Я працытую тут сьвежую, толькі што сказаную “прамову веры”.

“Саша (гэта да вядучага НТВ Аляксандра Герасімава), я не хачу наладжваць якуюсьці піараўскую кампанію і піар на сьмерці гэтага чалавека. Я дастаткова зрабіў для Васілія Уладзімеравіча Быкава да сьмерці. Дастаткова зрабіў – пра гэта нідзе не гаварыў. Я зрабіў яму ўсё жывому, аб чым ён і сям’я мяне прасілі. І, паверце, я спрабаваў зрабіць і выратаваць гэтага чалавека пасьля доўгіх гадоў лячэньня за межамі нашай краіны ў самых слаўных лекараў. Вось калі б ён тады зьвярнуўся да нашых лекараў, Васілія Быкаў доўга б яшчэ жыў. Але, на жаль, яго ўжо прывезьлі з Чэхіі, зь Нямеччыны, дзе ён яшчэ? – у Фінляндыі лячыўся, прывезьлі ўжо безнадзейным чалавекам. У гэтай сітуацыі я ўсё рабіў.”

Калі прааналізаваць гэты сьпіч, то можна заўважыць ягоную прадуманасьць. Хоць акрэсьлена была толькі мэта, астатняе – нібыта спантаны палёт “праўдзівай душы”, горкае “адкрыцьцё” набалелага. Але ўсё, што тут сказана пра быццам бы звароты Быкава і пра быццам бы клопаты галоўнай службовай асобы ёсьць няпраўда, выдумка.

У тэлефонных размовах з Васілём Быкавым на эміграцыі, у ліставаньні, пры сустрэчы ў Празе ў 2000 годзе у нас ніколі не заходзіла размова пра вышэйшую службовую асобу. У мяне складвалася ўражаньне, што для Быкава яна проста не існавала, бо зь ёй было ўсё зразумела. У Быкава іншым занята была галава. Ён, здаецца, увогуле ніколі ня бачыў гэтую асобу ў жывым пляне (акрамя як па тэлебачаньні), ніколі зь ёй не гаварыў ніякім спосабам і не пісаў.

У “прамове веры” (іранічны сэнс) вышэйшая службовая асоба прыўзьнімае нібыта заслону “праўды”. Але ўсё гэта прыдумана, каб прывабна паказаць сябе.

Тым часам да апошняга прыезду ў Менск Васілю Быкаву (не бяз ведама вышэйшай службовай асобы) зрабілі неверагодную подласьць. Нізасьць гэтага ўчынку шакуе. Хвораму Быкаву прышлося гэтую нізасьць пераадольваць ды перажываць і з-за яе застацца ў Менску. Ён плянаваў вярнуцца ў Прагу. Там сябры чэхі і беларусы выстараліся яму рэдкае лякарства (20 тысячаў даляраў адна таблетка). Чалавека, нават сьмяртэльна хворага на рак, яно магло пратрымаць у жыцьці яшчэ год, альбо два.

Але Быкаў ня змог выехаць. Нізасьць яго даканала. “Гэта чалавек, які не прымае тую палітыку, якую сёньня Лукашэнка праводзіць у Беларусі”, – кажа на НТВ пра Быкава вышэйшая службовая ўлада, называючы сябе ў трэцяй асобе.

Стала вядома, што за тыдзень да сьмерці Быкава сярод бюракратыі ўлады знайшоўся індывідуум, які пахваліўся: у тым, маўляў, што Быкаў затрымаўся ў Менску, – гэта ягоная, чыноўніка, заслуга.

Васіля Быкава ўскосна зьнішчыў рэжым вышэйшай службовай асобы. Я не падаю тут канкрэтнасьцяў, не раскрываю сутнасьць нізасьці, якую зрабілі Быкаву, бо паабяцаў пра гэта пакуль маўчаць. Праўду скажуць тыя, хто яе добра ведае. Яна ўжо прасочваецца, але ня выяўлена поўнасьцю да гэтага часу, з-за выпадковага зьбегу абставінаў. А можа і з наканаваньня вышэйшай Нябеснай Сілы. Хто ведае.

Нельга дараваць зьдзеку над Быкавым – пісьменьнікам і чалавекам. Васіль Быкаў як асоба – гэта вобраз беларуса. Узгадайма ягоную постаць, успомнім жыцьцёвы шлях, угледзімся ў яго аблічча.

Зянон ПАЗЬНЯК

Нью-Ёрк

Дадаць у: