НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ПАМЯЦІ УЛАДЗІМЕРА КАРМІЛКІНА

ПАМЯЦІ УЛАДЗІМЕРА КАРМІЛКІНА

14 ліпеня раптоўна памёр Уладзімер Кармілкін (нарадзіўся ў 1934 годзе). Гэта быў вельмі камунікабельны і дабрадушны чалавек. Яго ведалі ў Фронце ўсе. Ён быў нязьменным фоталетапісцам і аўдыё-апэратарам усіх фронтаўскуіх справаў, карыстаўся ўсеагульнай прыхільнасьцю. На пахаваньне яго прышло мноства людзей. Гэты чалавек выклікаў дабразычлівасьць у сэрцах.

Я запомніў яго зь першых мітынгаў Беларускага Народнага Фронту. Ён стараўся засьведчыць сваю салідарнасьць і жаданьне спрыяць беларускай справе. Памятаю, як ён казаў мне сваёй дабрадушнай скарагаворкай:

— Я, ведаеце, Зянон Станіслававіч, свайму бацьку кажу (а ён у мяне камуняка такі незгінаемы), кажу, бацька, мы ў Беларусі жывём, трэба ісьці разам зь беларусамі, дапамагаць беларусам. Нельга супраць, гэта будзе нядобра. Вось я вырашыў з Фронтам ісьці. Камуністаў не люблю. Яны мне яшчэ ў арміі душу ад’елі. Несправядлівасьці ў савецкай арміі я наглядзеўся.

Уладзімер Кармілкін здымаў і запісваў усё падрад, нястомна, з поўнай аддачай. Такі прынцып, часам, можа аказацца вельмі пазнаваўчым для гісторыі, бо зафіксаваныя ня толькі кульмінацыйныя моманты, але і шэры, нудны паўсюдны фон.

Уладзімер Паўлавіч родам са Смаленска (які цяпер пад Расеяй) і быў запісаны „рускім", хаця я ў гэтым дужа сумняваўся. Па характару, па дабрыні і па перакананьнях ён быў адданым беларусам, бяскрыўдным і жыцьцярадасным працаўніком, які сам знайшоў сабе працу на беларускай ніве і рабіў яе самааддана і добра.

I вось яго няма... Як гэта сумна і шчымліва. Думалася яго яшчэ ўбачыць у вольнай Беларусі. Але няўмольна круціцца кола лёсаў. Бывай, Уладзімер Паўлавіч.

Зянон Пазьняк

Беларускія Ведамасьці, №44 | чэрвень-ліпень 2002 г.

Дадаць у: