НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ПРЭЗЭНТАЦЫЯ Ў ЕЛЕНЕЙ ГУРЫ

ПРЭЗЭНТАЦЫЯ Ў ЕЛЕНЕЙ ГУРЫ

            28 студзеня гэтага года надарылася мне быць у Еленей Гуры на прэзэнтацыі сваёй кнігі паэзіі "Ojczyzna wieczna". Гэта пераклад вершаў на польскую мову з кнігі "Дарога", зроблены польскай паэткай Ірэнай Грынцэвіч. Імпрэзу арганізавалі "Карканоская бібліятэка" і "Еленегурскі літаратурны клуб".

 

 

 

 

 

 

   

 

            Шчыра кажучы, мяне ўразіла, што ў невялікім гарадку (80 тысячаў насельнікаў разам з ваколіцамі) ёсьць столькі паэтаў, аматараў мастацтва і людзей, якія тонка разумеюць паэзію. Цёплая, шчырая атмасфэра, адкрытыя людзі -- ўсё гэта нагадала мне Бацькаўшчыну. Але найбольш праняло  тое, як дакладна адчулі і зразумелі мае вершы мясцовыя польскія паэты.

 

 

            Чыталі найперш перакладчыца Ірэна Грынцэвіч і аўтар, а потым з несамавітым артыстызмам паэтка Альжбэта Катлярска, якая з захапленьнем дэклямавала "Цьвіценьне", дакладна адчытаўшы гэтую хрэстаматыю лета. Ім падабалася ўсё і нават тое, што ўпершыню ў паэзіі (як яны казалі) услаўленыя кветкі бульбы ды гароху і як яно ўсё, маўляў, прыгожа. Але найбольш блізкія і зразумелыя балі палякам вершы пра міласьць да Айчыны. А пані Ванда дык яшчэ эксклюзыўна адзначыла вершы пра каханьне да жонкі, жартуючы, што нажаль мала хто пра любасьць да сваёй жонкі цяпер піша, больш каля чужых круцяцца.

 


            Добра мне запомніліся разважаньні інтэлектуаліста і несамавітага паэта Яна Овчарэка, які выступіў у якасьці літаратурнага крытыка і адзначыў, фактычна, усё тое галоўнае, што я і хацеў выявіць у сваёй паэзіі. Апрыоры прынята лічыць, што меркаваньні аўтара пра сваю творчасьць могуць быць памылковымі. А тут -- супадзеньне з ацэнкамі іншай асобы цалкам адметнай і самастойнай. Крытычнага аналізу і ацэнак з боку знаўцаў і назіральнікаў якраз заўсёды і нехапае аўтару. Чым шырэйшае асяроддзе ўспрыняцьця творчасьці, тым лепш. Беларускай літаратурнай крытыкі цяпер, пасьля вынішчэньня беларушчыны, ужо практычна не існуе. Ды і кнігі мае ў Беларусь, фактычна, не даходзяць (толькі адзінкавыя экзэмпляры). А тут, у Еленяй Гуры, мог я пачуць меркаваньні знаўцаў, прыхільныя і добразычлівыя.

            Вялікая ўдзячнасьць з майго боку ўсім арганізатарам, музыкантам, якія гралі, і паэтам.

 

1 лютага 2015 г.                                                                  Зянон Пазьняк

 


 

На здымках: За сталом зь лева на права -- Альжбэта Катлярска, аўтар, Ірэна Грынцэвіч. Выступае -- Ян Овчарэк.

Дадаць у: