НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

"КІНА НЯ БУДЗЕ"

"КІНА НЯ БУДЗЕ"

Пасьля таго як раскалолі Народны Фронт (1999 г.) Захад сваімі грантамі, халявай, палітычным ідыятызмам, гансвікам, спадаром Мілінкевічам сапсаваў тут цэлае пакаленьне беларускай моладзі. Рэжым рэжымам, але Захад сыграў сваю мэтадалагічную ролю.

            Ня тое што палітычныя, але нават простыя жыцьцёвыя дзеяньні ператварыліся ў кінаспэктакль. Віртуальная ілюзія ўспрымаецца, як рэальнасьць, а рэальнае жыцьцё, як другасная карціна. Гэта, між іншым, хвароба цывілізацыі. На Захадзе я спрэс бачу моладзь і "дзетак тэлевізара", што існуюць (паводзяць сябе) у тэлевізійных вобразах з фальшывымі штучнымі тэлеманерамі. У Іраку і Аўганістане бывала ў час бою амэрыканскія салдаты-маладзёны пачыналі здымаць адзін аднаго на відэа, што прыводзіла да ахвяр, бо вайна не кіно.

            У Беларусі даўно плодзіцца такая самая імітацыя ў пакаленьні, апрацованым заходнімі палітычнымі прымітывамі. Вось апошні прыклад (дзеля чаго і пішацца гэтая рэпліка). Зьявілася людзкая ініцыятыва і простая задача (у традыцыі Народнага Мэмарыяла): змайстраваць некалькі вялікіх драўляных крыжоў і паставіць іх на ўскраіне Курапатаў (з боку Цны) наўзбоч "дарогі сьмерці", па якой людзей завозілі на расстрэл, як помнік і напамін аб жудасных справах жудаснага часу. У гэтым рухомая сутнасьць вечнага Народнага Мэмарыяла Курапаты.

            За справу шчыра ўзялася моладзь (З катэгорыі так званых "дзяцей Мілінкевіча"). Што было трэба, каб абавязкова зрабіць справу? Першае: ведаць, што існуе антыбеларуская ўлада і акупацыйная палітыка гэтай васальнай ўлады, варожая існаваньню Курапатаў. Другое: робячы справу, трэба запабегчы ўмяшальніцтву ўлады і ўсім  магчымым парушэньням закона з боку ўлады, агрэсіі і рэпрэсіяў з боку міліцыі. Трэцяе: выканаць задачу з улікам абставінаў.

            Вынік: задача нявыкананая, справа правалена, бо ўсё рабілася наадварот.

            Менавіта. Чамусьці было паведамлена ўсяму сьвету хто, што і дзе будзе рабіць (гэта ж так важна "рабільшчыкам"). У Сеціве заранёў былі зьмешчаны здымкі майстэрні -- месца, дзе ўсё робіцца, з указаньнем чыя гэта майстэрня, паказаныя фатаграфіі  драўляных нарыхтовак, пададзена інтэрв’ю з "рабільшчыкамі" і г. д.

            Назаўтра рэжымныя функцыянеры спыняюць машыну і забіраюць усю працу. У майстэрню прысылаюць АБЭЗ. І вось тады накручваецца вялікі відэафільм ("стрым") з героямі правальшчыкамі ў цэнтры, з дыялогамі і маналогамі іхняга "змаганьня" супраць праверкі АБЭЗ і г. д. Прытым ідзе адкрытая трансьляцыя (які размах) гэтага маразму на адпаведным такога ж ўзроўню інтэрнэт-партале.

            Не хачу ўжо тут рабіць ніякіх ацэнак непадкантрольным нам зьявам. Зазначу толькі, што паміж кіно і рэальнай разумнай працай разумных людзей на карысьць Бацькаўшчыны -- "дыстанцыя вялізнага памеру".

            У Народным Мэмарыяле Курапаты беларускімі людзмі, ўсім грамадзтвам зроблена велізарная праца ўсіх пакаленьняў. Для маладых з нашага боку тут была і ёсьць толькі адна ўмова (якая дае вынік): вучыцца, працаваць і кіна ня будзе. Рэальных вынікаў у жыцьці можна дамагчыся толькі ў рэальным жыцьці.

 

30 чэрвень 2018 г.                                                                     Зянон Пазьняк

Дадаць у: