НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РЭПЛІКА аб выбарах 2015 года

РЭПЛІКА аб выбарах 2015 года

Супраць беларускай нацыі ідзе пэрманэнтная вайна з боку нашых ворагаў. Гэтая вайна ўключае ўсе сфэры жыцьця, ад палітыкі да адзеньня і кулінарыі. Маладым беларускім адраджэнцам важна ведаць мэтодыку ворагаў.

Цяпер адбываецца традыцыйны выбарчы фарс. Што тут галоўнае для рэжыма?

1). Фармальна забясьпечыць, арганізаваць і выканаць перамогу Лукашэнкі на выбарах, захаваць яго уладу.

2). Арганізаваць фармальную бачнасьць дэмакратычных справядлівых выбараў, каб дамагчыся міжнароднага прызнаньня выбараў і легітымізаваць рэжым.

Якія існуюць перашкоды для рэжыма дзеля дасягненьня гэтых мэтаў?

Па пункту 1) перашкодаў няма. Машына фальсіфікацыі адладжана. Гарантавана «перамагае» толькі Лукашэнка.

Па пункту 2) узьніклі дзьве праблемы. Першая праблема -- гэта забесьпячэньне прысутнасьці ў выбарах некалькіх кандыдатур на пасаду прэзыдэнта, імітаваць суперніцтва і спаборніцтва ў выбарчай кампаніі.

Гэтую праблему рэжым лёгка вырашае праз спарынг-партнёраў.

Другая праблема -- верагоднасьць байкоту, непрыход людзей на галасаваньне. Сфальсіфікаваць галасаваньне пры пустых выбарчых участках цяжка, бо ўсё відавочна. Таму рэжымная ўлада баіцца байкоту.

Праблему колькасьці прагаласаваных выбаршчыкаў рэжым вырашае шляхам антыдэмакратычнага і бескантрольнага так званага "папярэдняга галасаваньня", ціску на людзей і прывозам іх на выбарчыя ўчасткі. З другога боку, вырашэньню праблемы прыходу на галасаваньне спрыяла агітацыя за выбары прадстаўнікоў псэўдаапазыцыі, якія ў іх удзельнічалі.

 

На сёньняшні дзень існуе моцная тэндэнцыя байкоту выбараў і рэжым, адчуўшы настрой грамадзтва, разыгрывае рацыянальны план па ліквідацыі байкоту і прывабліваньні людзей на выбарчыя ўчасткі. Ён стварае прывабную ілюзію альтэрнатывы, зрабіўшы стаўку на Тацьцяну Караткевіч, прыгожую маладую і раней невядомую жанчыну, разумеючы, што масы палітычна неабазнаных людзей, якія чакаюць замены Лукашэнку, могуць на тое купіцца.

Дзеля ажыцьцяўленьня гэтай мэты з выбарчага марафону былі выдаленыя (розным спосабам) усе так званыя "апазыцыянеры" і пакінуты толькі два кур’ёзныя дзівакі (Улаховіч і Гайдукевіч), якія мусяць выгадна адцяняць Тацьцяну Караткевіч.

Першы тэлевізійны выступ Т. Караткевіч, сацыялістычны па зьместу і папулісцкі па сутнасьці, быў выраблена разьлічаны на саветызаваныя масы і на шырокі спэктар абывацеля. Ён паказаў, што задума альтэрнатывы можа мець шансы супраць байкоту. Абывацель, што расчараваўся ў Лукашэнку, рэагуе ірацыянальна, ён можа пайсьці галасаваць за Т. Караткевіч і гэтым абнізіць акцыю байкота. Тут галоўнае для рэжыма, каб людзі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і прагаласавалі. Ня важна, за каго. Машына фальсіфікацыі ўсё аформіць, як трэба для ўлады.

Вось у гэтым галоўная функцыя ўдзелу ў выбарах Тацьцяны Караткевіч і ўсё тлумачэньне таго, чаму яна ні завошта ня будзе здымацца з выбараў, разумеючы, што выбараў няма, і што яна ў прынцыпе ня можа выйграць ў гэтым спэктаклі, разьлічаным на працяг улады Лукашэнкі. Вось ў гэтым адказ, чаму яна не выступае з пазыцыяў кандыдата на прэзыдэнта нацыі, але толькі з агульных (савецкіх) электаральных меркаваньняў.

Кандыдат на прэзыдэнта нацыі мусіць найперш выступаць на нацыянальнай мове. Гэта ў палітыцы элемэнтарна, калі ставіць непасрэдныя задачы стаць такім прэзыдэнтам. Калі ставіць задачы пабочныя, то тады будзе тое, што мы чулі. Зрэшты, у другім яе выступе, зыходзячы з тэхналёгіі і мэтаў такога дапаможнага выбарчага плана, мусіла б прагучэць беларуская мова, што магло б пагнаць на галасаваньне яшчэ пэўны адсотак наіўных беларусаў. Магчыма, што так будзе і зроблена (хаця і не абавязкова).

Дадам яшчэ, што ролю "падсадной качкі" (паляўнічы тэрмін) нельга недаацэньваць. Яна можа нарабіць шкоды больш, чым уся псэўдаапазыцыя за 15 гадоў свайго паразітнага існаваньня.

Найперш трэба ўсьведамляць, што ў легітымізацыі рэжыма Лукашэнкі больш за ўсё зацікаўлена Масква. Легітымнасьць рэжыму дазволіла б Маскве правесьці фармальна нібыта чыста і юрыдычна нібыта абгрунтавана паўзучую акупацыю Беларусі і дэмагагічна зацьвердзіць незаконныя рашэньні і ўсё тое рабаўніцтва нашай краіны, якое было зроблена імі за 21 год супрацоўніцтва з антыбеларускім рэжымам Лукашэнкі.

Праект з Т. Караткевіч -- гэта перш за ўсё праект ФСБ Расеі. Ён, між іншым, выразна пазнаецца па рэакцыі і адносінах да гэтага кандыдата з боку рускай агентуры ў Беларусі, ад Ярмошынай да Дзімітрыева.

Цяжка вызначыць, ці ўсё гэта цалкам усьведамляе сама кандыдат, але па ўсім відаць, што яна ёсьць вырабленым выканаўцам плану дэзарганізацыі байкоту выбараў і легалізацыі рэжыму Лукашэнкі.

Пасьля выбараў, калі б план Масквы ўдаўся і легітымізацыя рэжыму адбылася, Караткевіч маглі б прапанаваць пасаду ў сістэме ўлады. У выпадку правалу маскоўскага плана яна можа заняць месца Мілінкевіча на Захадзе ў якасьці даверанага прадстаўніка так званай "апазыцыі".

Тацьцяна Караткевіч аб’ектыўна выконвае вельмі ганебную ролю, якая можа скончыцца для яе маральным крахам асобы. Можа стацца якраз тое, што адбылося зь Някляевым, які трапіў у сеткі "Говправды", быў зьбіты гарыламі рэжыму, здраджаны паплечнікамі-агентурай, увязьнены ў турму, пасьля чаго зноў купіўся на абяцаньні здраднікаў і агентуры і не зрабіў з усяго належных высноваў. У выніку ён быў выкінуты на палітычны сьметнік, і яго запозьненае ўскліканьне "што я мог супраць спэцслужбаў" выклікае толькі іронію і горкі сьмех.

Як змагацца супраць гэтай антынароднай камбінацыі на выбарах? Часу мала, і адзіная рэальная магчымасьць -- гэта распаўсюд праўдзівай інфармацыі, агітацыя за няўдзел у галасаваньні, прапаганда беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў, Беларускай Нацыянальнай ідэі, выкрыцьцё варожай ролі пуцінскай Расеі і яе агентуры, пікеты, улёткі, абход людзей і г. д.

Народная партыя і тыя здаровыя палітычныя сілы і асобы, што захаваліся ў грамадзтве, мусілі б гэтым неадкладна заняцца.

 

20 верасьня 2015 г.                                                                     Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: