НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РЭПЛІКА ДА ПЫТАНЬНЯ АБ МОВЕ

РЭПЛІКА ДА ПЫТАНЬНЯ АБ МОВЕ

Я прышоў да высновы, што трэба паўтарыць прапанову з артыкула "Пра мову ў абставінах вынішчэньня" -- тое, дзеля чаго тэкст быў надрукаваны, бо ў выніку інфармацыйнай перашкоды шмат хто не прачытаў тэкст артыкула.

Заяўлена было, што "паўстала задача стварыць грамадзкую тэрміналягічную камісію (інстытут), каб запабегчы жарганізацыі мовы, засьмечваньню яе амэрканізмамі, чужой паразітнай лексікай, пазьбегнуць страты беларускай адметнасьці." Гэта павінен быць грамадзкі інстытут прафэсіяналаў, навукоўцаў, пісьменьнікаў, сур’ёзных людзей. І ўсё тое магчыма.

Мушу ізноў падкрэсьліць, што беларускую мову падсцерагае вялікая небясьпека жарганізацыі і трасянковасьці мёртвымі чужымі лексемамі, найперш амэрканізмамі. За адраджэньне мовы ўзяліся з добрымі намерамі сьведамыя беларусы, але ня ўсе яны ўжо гадаваліся ў этнічнай моўнай стыхіі, некаторыя не адчуваюць духу мовы, яе аўтэнтычнасьці, лексічнага смаку. Менавіта адсюль зьяўляюцца розныя "краўфандынгі”, "гаджэты" ды "цішоткі" (няма такога слова "цішотка" у беларускай мове і ніколі не было, ёсьць "майка"). Падкрэсьліваю нястомна: тут не разьвіцьцё, не ўзбагачэньне, а тыповая дэгенерацыя лексічнай сістэмы мовы. Мне прыходзіцца вяртацца да таго, аб чым папярэджваў яшчэ ў 1988 годзе ("Двуязычие и бюрократизм"), калі ўводзіў тэрмін "трасянка" для руска-беларускай мяшанкі, гэтакага "піджын" у асяроддзі савецкіх нізоў. Да якой пачварнасьці можа дэградаваць мова -- "трасянка" вымоўна ілюструе. Цяпер "трасянковасьць" пагражае мове на новым узроўні.

Адносіцца да гэтай пагрозы трэба сур’ёзна. Тут не павінна быць безадказнасьці і лёгкадумства. Ніколі ня позна вучыцца, тым больш, што наша навука напрацавала столькі слоўнікаў і апісаньняў мовы, а літаратура нарадзіла сапраўдных геніяў складу і слова.

Ня трэба забывацца, што мова -- належыць ня толькі нам, яна ня толькі нашая спадчына. Гэта тое, што мы пазычылі ў нашых дзяцей. Мы мусім думаць, што мы ім аддадзім? Мова здабытак будучыні.

Добра было б, каб за справу арганізацыі Грамадзкай Тэрміналагічнай камісіі ўзяліся б найперш навукоўцы ды сталыя пісьменьнікі. Там павінны быць таксама аўтэнтычныя носьбіты мовы і разумныя людзі. Трэба брацца. Яшчэ ня позна.

 

25 верасьня 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: