НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РЭПЛІКА ПРА БЕЛАРУСКІЯ ГРОШЫ

РЭПЛІКА ПРА БЕЛАРУСКІЯ ГРОШЫ

Намер дэнамінацыі цяперашніх грошай, якая аб’яўлена антыбеларускім рэжымам (і якая будзе ў гэтых неспрыяльных умовах правальнай акцыяй) зноў выклікала ўвагу да гісторыі зьяўленьня грошай Рэспублікі Беларусь. Пра тое мной ужо неаднаразова было напісана, але гэтая мая рэпліка выкліканая зьяўленьнем у Сеціве розных фантазіяў на тэму нацыянальнай валюты.

Пра беларускія грошы, як і пра ўсе падставы суверэнітэту, Беларускі Народны Фронт рабіў распрацоўкі ад самага пачатку свайго існаваньня. Тут нават дыскусіяў вялікіх не ўзьнікала, бо ўсе дасьведчаныя ў гэтай справе фронтаўцы пагаджаліся, што нацыянальнай валютай мусіць быць талер. Сама гісторыя нашай краіны, дакуманты і фальклёр (а гэта значыць гістарычнае ўспрыняцьце народа) пра тое сьведчаць.

Летам 1990-га года, асабліва пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб суверэнітэце, мы ў парляманцкай Апазыцыі БНФ шчыльна заняліся пытаньнем стварэньня нацыянальных грошай. Найперш прышлося сістэматызаваць зьвесткі і правесьці дасьледваньне пытаньня. Вынікам была мая публікацыя аб талерах і будучых беларускіх грошах у трох газэтах (асноўны тэкст: "Літаратура і Мастацтва", -- 1990, 28 верасьня; надрукавана таксама: Зянон Пазьняк. Развагі ..., т.1, -- Варшава-Нью Ёрк-Вільня, 2007, с. 23-26). Пытаньне было абмеркавана і адобрана ў фракцыі Фронта.

Потым ў мяне было некалькі спатканьняў і размоваў з Прэм’ер-Міністрам В. Кебічам на прадмет увядзеньня беларускага талера. Была дасягнута прынцыповая дамоўленасьць на пэрспэктыву менавіта пра "талер", пра гістарычнае абгрунтаваньне ідэі, пра эскізы ідэі і пра нераспаўсюджваньне інфармацыі аб дамоўленасьці (гэтага вымагала сытуацыя, Беларусь знаходзілася ў СССР).

Мной была зроблена строга сакрэтная замова на паказальныя эскізы беларускіх грошай нашаму фронтаўскаму (на той час) мастаку Лявону Бартлаву (прадстаўлены былі наміналы, прозьвішчы асобаў, выявы якіх мусілі быць на талерах, і г. д.). Праз пэўны час праца была выкананая на добрым мастацкім узроўні (каларыстыка і кампазыцыйная рэмінісцэнцыя Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, жухла-бежавая танальнасьць фона пад старыя манускрыпты).

Неўзабаве тэчку з паказальнымі эскізамі, абгрунтаваньнем і гістарычнымі матэр’яламі я аднёс Прэм’ер-Міністру. Пры мне ён урачыста паклаў яе ў сэйф і сказаў; "Выдатна, цяпер мы ўзброеныя". Праз нейкі час праца сапраўды пачалася. Непасрэдным выканаўцам яе быў прызначаны член Апазыцыі БНФ Сяргей Слабчанка (які, дарэчы, шмат стараўся, каб перш чым будзе талер -- увесьці часовыя грошы, цяперашнія "зайцы", бо эканамічнае становішча да гэтага абавязвала; тут было адно з патрабаваньняў дэпутатаў БНФ).

Аднак Кебіч ў Беларусі -- гэта не Краўчук ва Ўкраіне. Пасьля здабыцьця Незалежнасьці краіны ён пачаў падтрымліваць намэнклятурныя антынезалежніцкія сілы, лёгка трапіў пад уплыў КГБ (тады нам яшчэ было невядома, што сам Кебіч быў завербаваным вышэйшым афіцэрам КГБ і знаходзіўся пад прэсінгам Масквы). Кебіч пачаў прапагандаваць адзіную грашовую сістэму Беларусі з Расеяй, зрабіў гэтую авантуру сваёй палітыкай. Адносіны з Кебічам расстроіліся канчаткова.

Але перад гэтым, пасьля доўгай і цяжкай барацьбы з намэнклятурнай балшынёй Вярхоўнага Савета, дэпутацкай Апазыцыі БНФ удалося, усё ж, давесьці да галасаваньня пытаньне аб увядзеньні беларускіх грошай. Вярхоўны Савет прагаласаваў і рашэньне аб увядзеньні беларускіх грошай было прынятае.

Для нас, фронтаўцаў, гэта стала адначасна і перамогай, і вялікім трыюмфам і лакальнай паразай. Кебіч (які ўжо моцна палюбіў Маскву) крута зьмяніў сваю думку і выступіў за "рубель". Яго тут жа, зларадна кідаючы позіркі ў наш бок, падтрымаў Шушкевіч. Пасьля гэтага з намэнклятурным бэтонам ужо гаварыць было цяжка. Бальшыня прагаласавала за "рубель".

Неўзабаве беларускія "рублі" былі вырабленыя (за валюту) за мяжой і заваезеныя ў Нацыянальны банк Беларусі (старшынёй яго быў тады С. Багданкевіч). З пачаткам лукашызму нацыянальнае будаўніцтва Беларусі спынілася. Лёс беларускіх "рублёў" невядомы. Хутчэй за ўсё, што сатрапія іх спаліла.

Тут яшчэ трэба згадаць, што на працягу апошніх гадоў я сустракаў у Сеціве некалькі інтэрв’ю журналістаў у таго самага Лявона Бартлава, што дабрасумленна выканаў тады заданьне і стварыў добрыя наглядныя эскізы. Цяпер у інтэрв’ю мастак не прызнаецца да БНФ (хоць адзін час быў нават выбраны ў Сойм БНФ), не прызнаецца да даручэньня, якое яму было прапанавана ад старшыні БНФ, а распавядае карэспандэнтам як ён маляваў талеры і чаму гэта рабіў, і якая гэта патрэбная праца і т. п. Журналісты (якія цяпер мала чытаюць) пішуць пра Лявона як пра выключнага чалавека, які самотна падняў такую вялікую і запатрабаваную працу, якая вось раптам адчынілася праз 25 гадоў зьдзіўленым нашчадкам з адбітай памяцьцю.

Зрэшты Лявон Бартлаў, як памятаю, чалавек з гумарам. Магчыма ён пажартаваў.

Нават пры пабежным поглядзе на нашу гісторыю, не ўзьнікае ніякіх сумненьняў, што новыя беларускія нацыянальныя грошы павінны называцца талерамі. Камуністы ў 90-х заблакавалі гэтую назву. Ім хацелася, каб было, як у СССР -- "рубель". Некаторыя маладыя патрыёты і цяпер абураюцца з-за гэтага "рубля". Ён рэжа ім слых асацыяцыяй з "ватай" ды Маскоўшчынай. Добра іх разумею, але менш дасьведчаных магу павесяліць. Па этымалогіі рубля Маскоўшчына тут ў корані ні пры чым.

У старажытнай Беларусі (Полаччыне і іншых землях) і на пачатку Вялікага Княства Літоўскага не ўжывалася дзясяткавая грашовая сістэма, ня гледзячы на тое, што дзясяткавае лічэбнае паняцьце "рубель" нарадзілася якраз ў старажытнай Беларусі ўжо каля 14-га стагоддзя і нават раней, і слова гэтае (і паняцьце) беларускае. Яно паходзіць яшчэ, відаць, з так званага "безманэтнага пэрыяду" (Х-ХІ ст.), калі грыўню (фармаваны зьлітак срэбра) дзеля разьлічэньня аплаты рубалі на часткі. Адрубаная частка грыўні стала называцца "рубель". Гэтае слова бытавала там, дзе была грыўня, але найперш ў Ноўгарадзкай і Полацкай землях (Магчыма найперш адсюль пайшло рубаньне грыўні, якое дайшло і да Кіева).

Масквы, Масковіі і Арды тады не існавала ў прыродзе. Пазьней "рубель" ( як ужо адзначана) стаўся асновай дзясяткавай сістэмы. І хоць ў нас тады яна ўзьнікла, але распаўсюджаньня не атрымала.

Тым часам значна пазьней (у ХVІІІ ст.) рубель быў пераняты Масковіяй за часы панаваньня цара Пётры І-га ("Шалёнага"). Тут рубель прыжыўся і пачаў шырока разьвівацца.

Да сказанага дадам, што грашовая сістэма Вялікага Княства Літоўскага была адной з самых моцных і самая стабільная ў Эўропе. Яе падарвала потым тая праклятая маскоўская вайна ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя, вайна, якую мы называем "Патоп".

Талеры ўжываліся ў Беларусі як плацёжны сродак і праіснавалі ў абарачэньні, практычна, да сярэдзіны ХІХ стагоддзя (нягледзячы на акупацыю), пакуль не былі забаронены зьверху (1840 г.) акупацыйнай уладай. Гэта пра нешта кажа і не пра малое.

Я не сумняваюся, што пры любой нармальнай беларускай уладзе талеру будзе вернута пашана людзей і гісторыі і ён будзе зноў узведзены на грашовы фінансавы пасад нашай краіны.

 

8 сакавіка 2016 г.                                                                                                  Зянон Пазьняк

Дадаць у: