НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

РЭПЛІКА ПРА ПАГРОМ СМІ І АПЭРАТЫЎНЫЯ ВУЧЭНЬНІ

РЭПЛІКА ПРА ПАГРОМ СМІ І АПЭРАТЫЎНЫЯ ВУЧЭНЬНІ

У пагроме журналістаў і неафіцыйных рэсурсаў СМІ ёсьць дзьве прычыны. Першая (суб’ектыўная) -- гэта шызоідная помста за "інсульт". Тое абсалютна дакладна, ведаючы хворую псіхіку суб’екта, адзначылі бальшыня назіральнікаў.

            Другая прычына -- галоўная, якая фармальна ўстаўлена ў першую прычыну, але сутнасьць і рухаючыя сілы яе -- іншыя.

            Тут праведзена тыповае тактычнае вучэньне ворганаў на прадмет ліквідацыі недзяржаўных СМІ на пэрыяд пачатку гарачай фазы гібрыднай вайны. (Дарэчы, на дзеючых у Беларусі маскоўскіх і прамаскоўскіх СМІ, не трэніраваліся). Масква асэнсавала вопыт акупацыі тэрыторыяў Украіны, дзе сродкі масавай інфармацыі дзейнічалі свабодна і перабілі расейскую прапаганду хлусьні. Падрыхтоўка да гібрыднай акупацыі Беларусі адбываецца грунтоўна, адкрыта і відавочна. Нават апэрацыйныя вучэньні, як бачым, адкрыта праводзяцца. "Абсурд, маразм, варварства, вар’яцтва! Дурні!" -- усклікае цэлы хор назіральнікаў гэтых падзей, заблытваючы відавочнае.

            Але ніякага абсурду няма. Прамаскоўская ўлада праводзіць акупацыйную палітыку. Ужо ж прывыклі. Якой законнасьці вы тут хацелі!? Вучэньні прайшлі зладжана, арганізавана, з прэвентыўнай карысьцю для Масквы і маскоўскай агентуры. У час "Х" усе недзяржаўныя СМІ будуць ліквідаваныя на працягу адной гадзіны, а журналісты арыштаваныя за няўплату падаткаў, алімэнтаў і "нецэнзурные выражэнія".

            Зразумела, што з гэтых "вучэньняў" рэжым ужо цяпер пастараецца выцягнуць выгаду. Зьмяніць склад рэдакцыяў, напрыклад, зьмяніць зьмест рэсурсаў, нагадаць спадару Зісеру як трэба сябе паводзіць. Але ў час "Х" марная справа. Не дапаможа спадару Зісеру ні беларусафобства, ні "русскій язык", ні супрацоўніцтва з кім трэба. Непатрэбныя будуць спадары Зісеры Маскве. Вось што значыць не разумець гісторыі. Іх расстрэльвалі -- а яны крычалі: "Да здравствует Сталін!" Вечныя граблі.

            Да часу "Х" беларусам трэба рыхтавацца сур’ёзна. Складанасьць у тым, што захаваньне вольных СМІ ў такіх умовах можа быць гарантавана не законам (які ня дзейнічае), а супрацівам палітыцы рэжыму з боку беларускіх людзей. На гэта трэба спадзявацца і тое набліжаць.

 

12 жніўня 2018 г.                                           Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: