НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Слава змагарам за Беларусь!

Слава змагарам за Беларусь!

(Слуцкі збройны чын 2017, выступ)

Паважаныя спадарыні і спадары, паважаныя сябры, фронтаўцы!

Вітаю Вас на Случчыне!

Сёньня мы адзначаем 97 угодкі слаўнага Слуцкага збройнага чыну. Мы адзначаем гэтую дату ў лістападзе кожны год, разумеючы важнасьць яе для нашай гісторыі, і  шануючы змаганьне продкаў за нашу нацыянальную будучыню і волю супраць ворагаў чалавецтва.

Што такое Слуцкі збройны чын? Гэта збройная барацьба дабраахвотнага войска Случчыны і Рады БНР супраць бальшавіцка-расейскіх акупантаў, а дакладней – супраць рэгулярнай расейска-бальшавіцкай арміі, якая напала на Беларусь і ваявала тут з польскімі акупантамі за беларускую тэрыторыю.

А пачыналася ўсё з перамір’я паміж двума акупацыйнымі войскамі: бальшавіцка-расейскім і пілсудзка-польскім. Случчына апынулася ў зоне паміж двума ўзброенымі бакамі, калі яны ўстанавілі перамір’е паміж сабой.

14 лістапада ў Слуцку Беларускі павятовы зьезд пацьвердзіў вернасьць акту 25 Сакавіка і гатоўнасьць змагацца за свабоду Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэлегаты Слуцкага павятовага зьезду зьвярнуліся да сусьветнай грамадзкасьці выступіць супраць плянуемага падзелу тэрыторыі Беларусі паміж Польшчай і Расеяй і запатрабавалі вываду акупацыйных войскаў з абодвух бакоў.

Утвораная ў гэты час Беларуская Рада Случчыны на чале з Дзьмітрыем Пракулевічам аб’явіла сябе адзінай законнай уладай у павеце і прыступіла да арганізацыі беларускага войска супраць бальшавіцкіх маскоўцаў, якія наступалі. За некалькі дзён сабралася больш дзесяці тысячаў дабраахвотнікаў. Але з-за нястачы зброі большая палова дабраахвотнікаў была вернута ў свае вёскі і мястэчкі. З рэшты ўтварылі два палкі: Слуцкі і Грозаўскі. У цэлым было каля 2000 ваяроў. Але і тут палова дабраахвотнікаў ня мела зброі, спадзяючыся здабыць яе ў маскоўцаў на полі бітвы.

Кіраваў палкамі Антон Сокал-Кутылоўскі. Першы бой з маскалямі адбыўся 27 лістапада. Случакі выбілі акупантаў зь вёскі Васільчыцы і захапілі яе. На працягу 2-х тыдняў случакі вялі пасьпяховыя баі з маскалямі-бальшавікамі і 17 сьнежня выбілі ворага з Семежава і Вызны, захапілі шмат палонных і ваеннага рыштунку. Тады расейцы выслалі супраць беларусаў дадаткова яшчэ дзьве дывізіі. Але эфект з гэтага быў невялікі, бо расейскія салдаты-сяляне ваявалі дрэнна і часта пераходзілі на бок случакоў, пакідаючы бальшавікоў.

Тады расейцы кінулі супраць беларусаў аддзелы з кітайцаў. Гэтыя ўжо не пераходзілі. Вайна станавілася ўсё больш зацятай. Вызна і Семежава некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Фронт расьцягнуўся амаль на 100 кілёмэтраў. Случакі пачалі ўжываць партызанскую тактыку барацьбы: нападалі, наносілі страты ворагам і адыходзілі. Але цьма ворагаў і колькасная перавага была такой велізарнай, што стала зразумела, перамагчы цэлую 16-ю армію маскоўцаў малымі слуцкімі сіламі ня ўдасца.

З баямі случакі адышлі ў сваю зону  і потым войска ў паўтары тысячы ваяроў перайшло праз раку Лань на польскі бок фронту і разброілася. Ніхто ня стаў ваяваць на баку палякаў. Слуцкіх змагароў вывезлі ў Беласток. Частку зь  іх палякі падступна і тайна перадалі на зьдзек бальшаваікам.

Расейцы вельмі сур’ёзна аднесліся ла слуцкага вайсковага чыну. Яны баяліся, што прыклад слуцкіх змагароў за БНР можа распаўсюдзіцца на суседнія паветы і на ўсю Беларусь. Улічваючы, што слуцкіх ваяроў масава падтрымлівала насельніцтва, пагроза для Масквы магла стацца вялікай. Таму бальшавікі кінулі супраць случакоў ня толькі кітайскія аддзелы, але ўсю сваю 16-ю армію.

Пра слуцкае збройнае змаганьне даведаліся ва ўсім сьвеце. Барацьба случакоў умацавала пазыцыі БНР і, між іншым, тактыку бальшавікоў аб існаваньні БССР, якая задумана была імі, як альтэрнатыва БНР і, адначасна, пастка для беларускіх дзеячоў, магіла для беларускага народа. Так яно і сталася. Беларусь панесла велізарныя страты  ў 1920-30-х гадах, перажыла найстрашнейшы расейскі генацыд, але ўсё ж-такі выжыла. І цяпер мы з гонарам і ўдзячнасьцю ўспамінаем слуцкіх змагароў за волю, свабоду Беларусі.

Павінен асабліва падкрэсьліць, што ў той час (яшчэ да расейска-савецкага генацыду і маскоўскага камунізму) у Беларусі быў жыцьцедайны і салідарны народ, які цягнуўся да вольнага нацыянальнага жыцьця. Гэта яскрава засьведчыў Слуцкі збройны чын.

Энтузіязм абараняць Бацькаўшчыну ад расейскай навалы быў надзвычайны. Маткі самы выпраўлялі сваіх сыноў на вайну. На зьездзе Случчыны, дзе прысутнічалі розныя партыі і арганізацыі – усе галасавалі аднагалосна (такое тады ўпершыню) за збройную барацьбу і стварэньне войска, за вернасьць БНР. Тады Беларускі народ ужо быўшы прачнуўшыся да нацыянальнай працы і творчасьці. 20 гадоў расейскага генцыду і вынішчэньні ў выніку польскай палітыкі “санацыі” падрэзалі нацыянальныя сілы беларусаў. У каторы раз мы падымаемся амаль зь небыцьця.

У каторы раз Беларусь аджывае і ў каторы раз вечныя ворагі чалавецтва гатовыя пачаць чарговую вайну і чарговае вынішчэньне людзей. Але заўсёды так ня будзе. Надыходзіць час, калі адвечны вораг свабоды і вольнага сьвету Масква -- мілітарысцкая Расея, зламае свой карак і на гэты раз назаўсёды.

Слава Айчыне!                                                                                                           Жыве Беларусь!

                                                                                              Зянон ПАЗЬНЯК

26 лістапада 2017

Дадаць у: