НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

СЛОВА ЎДАГОНКУ НА СЬМЕРЦЬ НІЛА ГІЛЕВІЧА

СЛОВА ЎДАГОНКУ НА СЬМЕРЦЬ НІЛА ГІЛЕВІЧА

Гэтае слова мне ня трэба было б гаварыць, бо я пішу вершы і прозу, і выдаю кнігі. У такім становішчы нядобра крытычна пісаць пра іншых пісьменьнікаў. І тым ня менш, і таму некалькі агульных думак, не канкрэтызуючы асобаў, мушу выказаць.

У 90-х гадах, калі дасягнулі Незалежнасьці Беларусі, думалася: "Ну вось, адчынены шлюзы свабоды, скончыцца, нарэшце, гэтая пустапарожняя фальшывая савецкая літаратура і як узвысіцца цяпер нашае прыгожае пісьменства і нашае нацыянальнае мастацтва, колькі новых талентаў і імёнаў зазьзяе на небасклоне".

Не зьявілася і не зазьзяла. Узьнікла пісаньне маразму, нікчэмнасьці, дробязных перажываньняў, брыдоты і эпатажу малых самазакаханых людзей, што плаваюць на паверхні творчасьці і капаюцца ў нізкіх пачуцьцях.

Ёсьць, праўда, і добрае, і здаровае. Ёсьць. Але над міазмамі ўпадку вось ужо чвэрць стагоддзя не ўзышла, не ўзьнялася ні адна нацыянальная зорка народнай літаратуры сьветлага, добрага, чыстага, дзе вобразы і лёсы чалавечыя ёсьць лёсы народныя.

Можна запярэчыць і назваць прычыну ўпадку -- гэта антыбеларускі рэжым, вынішчэньне ўсяго беларускага, перасьлед за беларускае слова, за Сьцяг ды Гэрб, за кнігі ды міласьць да свайго. Так ёсьць. Але вялікай літаратуры няма. А менавіта ў гэтакіх умовах яна мусіла б быць.

Сьмерць беларускага патрыятычнага паэта з падсавецкай эпохі Ніла Гілевіча, які ўзвышаўся як высокае дрэва над усёй цяперашняй літаратурнай травой, над абплёўваньнем сьвятога, высокага, купалаўскага і вялікага, сьмерць яго падвяла рысу пад 25-гадовай гісторыяй беларускага літаратурнага таптаньня. Падвяла рысу і засьведчыла відавочны гістарычны факт: за савецкай акупацыяй, у час масавых расстрэлаў пісьменьнікаў і ўсяго народа, у час рэпрэсій, забаронаў, зьдзекаў і перасьледу, у час страху і сьмерці і пазьней, за часы татальнай камуністычнай цэнзуры на фоне літаратурнай шэрасьці і савецкага графаманства ўзьнікла здаровая і вялікая беларуская нацыянальная літаратура лепшых яе прадстаўнікоў. Гэта была, перш за ўсё, літаратура беларускіх вобразаў і лёсаў, гэта літаратура карцін народнага беларускага жыцьця і літаратура любові да свайго народа. Бяз гэтых складнікаў няма нацыянальнай літаратуры.

Не называю ні вялікіх, ні малых, ніводнага прозьвішча, ні цяперашніх, ні даўнейшых. Не прыводжу ні прыкладаў, ні цытатаў. Лічу тое бескарысным. Разумею прычыны ўпадку, і толькі канстатую, што было і што ёсьць.

Вялікая нацыянальная літаратура ўзьнікае і абуджае таленты, як правіла, на фоне нацыянальнай трагедыі, калі ўздымаецца дух свабоды і абавязкова, калі попел Клааса стукае ў сэрца.

У Ніла Гілевіча тое было.

 

2 красавіка 2016 г.                                                                   Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: