НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Слуцкі Збройны Чын. 96-я ўгодкі мужнай барацьбы

Слуцкі Збройны Чын. 96-я ўгодкі мужнай барацьбы

Слуцкі збройны чын – гэта яскравая і адначасна дзіўная старонка ў гісторыі Беларусі, калі ў пагрозьлівай сытуацыі народ арганізаваўся на барацьбу супраць непамерна вялікай сілы ворага, праявіў незвычайны энтузіязм і гераізм у няроўным змаганьні.

Случакі дзейнічалі так, як і трэба дзейнічаць вольнаму народу. Ёсьць пагроза свабодзе – будзем змагацца.

У цяперашні час дэградацыі і ўпадку дзеяньні случакоў у далёкім 1920 годзе выглядаюць ідэалам і прыкладам для перайманьня, як трэба адстойваць сваю зямлю і свой народ. І сапраўды, людзі пайшлі на сьмяртэльны бой, каб жыла Бацькаўшчына.

А пачалося ўсё ў кастрычніку 1920 года, калі акупанты з усходу і захаду заключылі паміж сабой перамір’е ў Рызе і стварылі прэлімінарную дамову аб падзеле Беларусі. Гэтакі, маўляў, чацьверты падзел Рэчы Паспалітай, у які ўключылася падзеленая Польшча. Кіраўнік маскоўскай дэлегацыі на перамовах бальшавік Йофе і польскі прадстаўнік пасьля падпісаньня гэтакага перамір’я нават абняліся і пацалаваліся. Такія вось цуды паводзінаў у гісторыі нашых суседзяў.

Лінія падзелу Беларусі праходзіла праз Бягомль, Слуцк, Тураў. Дзеля савецкай Беларусі акупанты пакідалі толькі шэсьць паветаў вакол Менска. Частка Случчыны, са Слуцкам, Семежавым, Вызнай уваходзіла ў 30-кілёмэтровую нэўтральную зону, якая потым мусіла адыйсьці да бальшавікоў.

Вось тут і пачалася беларуская мабілізацыя на барацьбу, бо беларусы, беларускія арганізацыі не прызналі рыжскую дамову непрыяцеляў і заклікалі “усімі спосабамі і сродкамі працягваць барацьбу за Незалежную Беларускую Народную Рэспубліку з усімі яе ворагамі”.

І сапраўды, случакі змагаліся за БНР супраць усіх яе ворагаў. Пасьля Зьезду арганізацыяў і жыхароў Случчыны, які адбыўся 14 лістапада 1920 г., была аб’яўлена мабілізацыя. За некалькі дзён сабралося войска ў 10.000 чалавек, палову зь якіх прышлося адпусьціць дадому, бо не было зброі. Тым ня менш брыгада, створаная з двух палкоў, трымала фронт працягласьцю амаль у сто кілёмэтраў, выяўляла посьпехі і прыклады гераізму. Асабліва калі ўлічыць, што вораг случакоў – гэта велізарная маскоўская арда бальшавіцкай арміі.

Засталіся ўспаміны шмат якіх слуцкіх змагароў. Адзін зь іх пісаў, што змагаўся супраць маскалёў ва ўкраінскіх войсках, у ваенных групоўках балтыйскіх краінаў, але нідзе не спатыкаў такога ўзьлёту, такога імпэту барацьбы з ворагам, такой адданасьці беларускай свабодзе, як у слаба ўзброеных слуцкіх сялян, студэнтаў і вайскавікоў, якія гатовыя былі загінуць, але перамагчы.

Бальшавікі не маглі даць рады са слуцкімі ваярамі, бо случакі адпускалі палонных. У выніку жаўнеры, змабілізаваныя ў бальшавіцкае войска, сталі пераходзіць на бок случакоў. Тады маскоўцы пусьцілі супраць беларусаў азіяцкія фармаваньні ў асноўным з кітайцаў. Гэтыя ўжо не перабягалі.

Пералом адбыўся тады, калі маскоўцы дамовіліся з палякамі аб узгодненых дзеяньнях і атрымалі магчымасьць са сваімі дывізіямі ўвайсьці ў нэўтральную зону. Баі пачаліся вельмі зацятыя. Семежава (дзе разьмяшчаўся цэнтар случакоў) некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. У слуцкіх ваяроў, дзе была адна вінтоўка на траіх, скончылася амуніцыя. Пад націскам арды яны перайшлі праз раку Лань на тэрыторыю, занятую палякамі, і па патрабаваньні польскага камандаваньня раззброіліся, расстраляўшы рэшткі амуніцыі ў паветра.

Бальшыня слуцкіх змагароў выехала ў эміграцыю, некаторыя аселі ля Беластока і потым, наіўна паверыўшы бальшавіцкай прапагандзе, вярнуліся ў Слуцк і былі расстраляныя камуністамі.

У той цяжкі час бальшавіцка-маскоўскага бандытызму і маскоўска-польскай вайны збройны чын случакоў, якія ўступілі ў барацьбу з “цьмой” ворагаў, меў найперш вялікае маральнае значэньне і міжнародны сэнс. Случакі выратавалі гонар нацыі і сьцьвердзілі паважнасьць і рэальнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, за свабоду якой яны са зброяй у руках гатовыя былі аддаць жыцьцё і многія яго аддалі.

Увогуле, як сьведчаць гістарычныя факты, на Случчыне, Капыльшчыне, дзе былі моцныя эзэраўскія ўплывы, рыхтаваліся да абароны заранёў, яшчэ летам 1920 года. Назапашвалі зброю, рыштунак, амуніцыю, стваралі арганізацыі. Дзеяньні змагарных случакоў – гэта прыклад і для нашага брыдкага часу. Трэба зыходзіць не з наіўнага самазаспакаеньня, што «неяк жа ж будзе» і вайны ня здарыцца, але, маючы за плячыма вопыт Слуцка, рыхтавацца да яе, бо вораг рыхтуецца і барацьба будзе за нашае нацыянальнае існаваньне.

Пасьля маскоўскай агрэсіі супроць Украіны і крамлёўскай пагрозаў усяму сьвету, размовы пра вайну сталі цяпер штодзённасьцю, а падрыхтоўка да вайны -- дзяржаўнай палітыкай. Краіна за краінай ступае на гэты шлях, які ўжо ня ёсьць вынікам выбару але неабходнасьцю. Палітыкі пачынаюць разумець, што калі гэбоўская кліка Пуціна, што захапіла ўладу ў Расеі, нейкім цудоўным вобразам не выпарыцца ў пваветра, то вайна, практычна, непазьбежная.

Толькі зьбег нечаканых абставінаў мог бы прадухіліць маскоўскую агрэсію супраць Беларусі. Беларусам цяпер нікога ня трэба слухаць: ні сваіх здэнацыяналізаваных гаваруноў, ні чужых разумнікаў, але рыхтавацца да сьмяртэльнай барацьбы з ардой, назапашваць усё патрэбнае і гартаваць дух. Антынацыянальны акупацыйны палітычны рэжым, які беларусы дазволілі стварыць у Беларусі, ня дасьць магчымасьці рыхтавацца адкрыта. Легальна дзейнічаюць зараз толькі пятая калона і «дыверсанты», закінутыя Масквой. Яны адкрыта рыхтуюць гібрыдную акупацыю Беларусі. Таму беларусам трэба быць гатовымі заранёў, каб сустрэць ворага, як у Слуцку: Першы кліч – і тысячы змагароў. Ня будзе масковец пляваць нам ўтвар. І ня будзе так, як у Данбасе. У Беларусі вораг знойдзе сабе магілу.

Слава героям Слуцкага Збройнага Чыну!

Слава Айчыне!

Жыве вольная Беларусь!

 

27 лістапада 2016 г.                                                                                          Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: