НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

СПЫНІЦЬ МАНІПУЛЯЦЫІ АХОЎНАЙ ЗОНАЙ КУРАПАТАЎ

СПЫНІЦЬ МАНІПУЛЯЦЫІ АХОЎНАЙ ЗОНАЙ КУРАПАТАЎ

Курапаты -- гэта трагічнае і сьвятое месца ў Беларусі і на Зямлі. Трэба яго шанаваць. Гэтым мераецца чалавечнасьць асобы. І якраз таму, што месца гэтае сьвятое, сюды пры дрэннай антынароднай уладзе пастаянна лезе нечысьць, каб нагадзіць, нахлусіць, разбурыць, зьнішчыць і ліквідаваць. Нечысьць не пераносіць сьвятога.

Прычыны вядомыя. І паколькі яны не мяняюцца, то барацьба ўжо ператвараецца ў руціну. Адбілі адну атаку -- пачынаецца іншая. Грамадзкія энтузіясты і арганізатары Народнага Мэмарыялу Курапаты (перш за ўсё КХП -- БНФ і "Хрысьціянская Злучнасьць Курапаты") даўно запрыкмецілі падрыхтоўку чарговай дыверсіі супраць нэкропаля на пляцоўцы па вуліцы Мірашнічэнкі. Але гром грымнуў толькі тады, калі прывезьлі будаўнічую тэхніку і пачалі працу. Наш алярм быў трывожны, бо практыка паказае, што падняць пратэстную грамадзкасьць рэальна можна, як правіла, тады калі будаўнічыя працы ўжо пачаліся.

І вось тут, што вельмі своечасова, на абарону Мэмарыяла зьявіліся маладыя людзі, валанцёры, здольныя дзейнічаць рашуча, упарта і нават брутальна.

Як і з "бульбаш-бардэлем" чарговы нумар тут ня пройдзе. Валанцёры-пратэстоўцы сваёй фізічнай прысутнасьцю ля будаўнічай пляцоўкі востра прыцягнулі ўвагу грамадзкасьці да беззаконьня і трымаюць працэс ў напружаньні. І гэта важна ў змаганьні з чарговай будаўнічай агрэсіяй у зоне Курапатаў.

Цяпер па практычнай сутнасьці пытаньня. Замоўцай пяціпавярховага офіснага цэнтра выступае ЗАТ "Цяжмаш" (дырэктар Ігар Анішчанка). Гэтая кампанія адкупіла ўчастак зямлі па вуліцы Мірашнічэнкі ў ахоўнай зоне Курапатаў і замовіла бцдаўніцтва ў ТАА "Белрэканструкцыя".

Няма сумненьняў, што закон парушаны. Аукцыён па продажу ўчастка адбыўся ў 2013 годзе. Тым часам участак вывелі з ахоўнай зоны ў 2014. Значыцца аукцыён незаконны. Тут тэма для пракуратуры, чаму ва ўгоду нейкаму падазронаму будаўніцтву яно плануецца ў ахоўнай зоне Курапатаў без узгадненьня зь Міністэрствам культуры, а потым участак выводзіцца з ахоўнай зоны (кім, хто і дзеля чаго тое зрабіў).

Не было рэальнага (не пыл у вочы) узгадненьня праекта з грамадзкасьцю. ПДП фірмы прадставілі толькі ў кастрычніку 2016 года і (Sig!) да гэтага часу ён не зацьверджаны. Офісны цэнтар будуюць без зацьверджанага праекта дэтальнай планіроўкі на незаконна выдзеленай і набытай зямлі.

Па ўсіх гэтых пытаньнях сябры нашых арганізацыяў зьвярнуліся з адпаведнымі заявамі ў Міністэрства культуры, у Генэральную пракуратуру, Сьледчы Камітэт і Менгарвыканкам.

Тым часам замоўнік будаўніцтва, Ігар Анішчанка, раптам хуценька заявіў, што спыняе будаваць і забраў тэхніку з будпляцоўкі. З гэтага я магу толькі зрабіць выснову, што дырэктар правільна ацаніў наступствы, якія маглі для яго настаць, бо, як казаў мудрэц, -- "я ведаю больш, чым кажу". Тым ня менш такое рашэньне можна прыняць.

Але гэта ня значыць, што справа пратэсту і абароны Курапатаў спыніцца. Яна павінна працягвацца асабліва ў юрыдычнай галіне, што датычыць чыноўнікаў і асобаў, якія жанглююць законамі і будаўнічымі ўчасткамі. Барацьбу цяпер спыняць нельга і пратэсты валанцёраў таксама.

Нельга верыць на словы рэжымным чыноўнікам. Павінны быць законныя рашэньні і дзеяньні, выпраўленьне парушэньняў і хібаў. Павінна быць перамога справядлівасьці, адзначаная голасна і моцна. А вырваны ўчастак мусіць быць вернуты ў ахоўную зону Курапатаў (гэта абавязкова!). Інакш сюды зноў улезуць і пачнуць усё псаваць "на законных" падставах. Гэтая пазыцыя (вяртаньне ўчастка ў ахоўную зону) -- важнае патрабаваньне.

 

28 лютага 2017 г.                                                                                                         Зянон Пазьняк

Дадаць у: