НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

СЬВЯТА ГРУЗІНСКАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ Ў НЬЮ-ЁРКУ

СЬВЯТА ГРУЗІНСКАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ Ў НЬЮ-ЁРКУ

 Пасьля агрэсіі Расеі супраць Украіны пачаў мяняцца міжнацыянальны клімат у Амэрыцы. Нацыянальныя дыяспары і эміграцыя з былога СССР сталі па-новаму заўважаць адна адну, шукаць кантактаў, прысутнічаць на ўрачыстых мерапрыемствах адна ў другой, запрашаць на юбілеі і г. д. Канкрэтна тут актыўныя: Украіна, Беларусь, Грузія, Малдова, Эстонія, Летува, Латвія і (Sic!) заўсёды прысутныя палякі. Польская дыяспара схіляецца да ўсіх нас (астатніх краін былога "соцлагеру" мы пакуль што ня бачым). Відаць палякі за мяжой інтуітыўна разумеюць небясьпеку для іх, якая ідзе з Расеі і адчуваюць ненадзейнасьць Захаду.

26 траўня 97-я гадавіна Незалежнасьці Грузіі. Грузіны, як і беларусы, і іншыя нацыі, раней захопленыя Расейскай імпэрыяй, сьвяткуюць дзьве даты -- 1918 г. і 1991 г., калі вызваліліся ад СССР і аднавілі Незалежнасьць. Мы, беларусы, сьвяткуем 25 Сакавіка -- Дзень Волі і Незалежнасьці БНР, і 25 Жніўня -- Дзень Незалежнасьці і стварэньня незалежнай Рэспублікі Беларусь. І ўсё гэта (як і ў іншых краін) адзін працэс нацыянальнай Незалежнасьці.

24 траўня грузіны Нью-Ёрка запрасілі беларусаў на імпрэзу, якая адбылася ў цэнтры Манхэттана ў Ніжнім горадзе. Ведаючы крыху ранейшыя цяжкія справы ў грузінаў Нью-Ёрку, я быў прыемна зьдзіўлены ўражлівымі пераменамі да лепшага.Ужо па імпрэзе было відаць, што перад намі моцная, вольная і культурная грузінская эўрапейская нацыя, патрыятычная і ўпэўненая ў сабе. Тут можна было адчуць тое, што некалі я заўважыў ў грузінскім тэатры. Грузінская патрыётка (сталая жанчына) так ўзьнёсла выступае на грузінскай мове, што пачынае трымцець душа, не разумеючы пры гэтым ніводнага слова.

Але ўсіх узрушыў канцэрт проста на бруку. Выступалі грузінскія дзеці ад 6-ці да 14-ці гадоў. Яны танцавалі грузінскія танцы і сьпявалі грузінскія песьні ды так, што трымалі ўвагу гледачоў амаль дзьве гадзіны. Якія гэта цудоўныя дзеці вольнай Грузіі! Якія галасы, якія песьні!

Мне ўспомніліся пачатковыя 90-я гады, калі мы, фронтаўцы, хадзілі слухаць дзіцячы ансамбаль "Госьціцу", дзе беларускія дзеці сьпявалі беларускія народныя песьні ў аўтэнтычнай манеры выкананьня. Іхныя грудныя сьпевы гучэлі, як трубы архангелаў і танцавалі яны, як анёлы. Як тыя нашы дзеці былі тады падобнымі на гэтых вольных, шчасьлівых грузінскіх дзяцей!

Потым вярнуліся саўковыя гразь, калхоз, нямытая Расея -- ўсё разбурана і абплёвана.

Што яшчэ заўважана, што пры невялікай грузінскай дыяспары сьпявае і танцуе такая вялікая колькасьць дзяцей (больш за 40). Прытым ў грузінаў няма нават свайго памяшканьня ў Нью-Ёрку для зборак і рэпетыцый. Дык яны кожны раз наймаюць памяшканьне і на табе -- дзеці паказваюць такі клас. Віншуем з Днём Незалежнасьці, шчыра радуемся за Грузію і зычым ёй шчасьця.

 

Выступае старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА Андрусь Асадчы.

 

Грузінскі танец.

 

Танец ваяроў.

 

Грузінская дзяўчынка глядзіць канцэрт.

 

Грузінская бабуля з будучай танцоркай.

 

Грузінка ў чорным капялюшыку.

 

Ганна Сурмач – Старшыня Галоўнай управы БАЗА.

 

 

26 траўня 2015 г.

Зянон Пазьняк

 

Дадаць у: