НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ВІНШАВАНЬНЕ СА СЬВЯТАМ

ВІНШАВАНЬНЕ СА СЬВЯТАМ

            Паважаныя землякі, дарагія беларусы! Віншую ўсіх з найвялікшым нацыянальным сьвятам -- Днём Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь! 25-га жніўня 1991 года, пасьля ўпартага і зацятага змаганьня дэпутатаў Народнага Фронту з дэпутатамі камуністычнай намэнклятуры, Вярхоўны Савет аднагалосна надаў сілу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі, прынятай у 1990 годзе. З 25 жніўня 1991 года Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Самае галоўнае ў тым, што Незалежнасьць стала палітычнай рэальнасьцю. Неўзабаве былі вернутыя і зацьверджаныя ў якасьці дзяржаўных сімвалаў беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня, створаныя новыя міністэрствы, нацыянальнае войска, амбасады, межы, беларускія грошы, грамадзянства, наладжаныя міжнародныя сувязі. Дзяржава Рэспубліка Беларусь была прызнана ва ўсім сьвеце. Пачалося культурнае і дзяржаўнае будаўніцтва вялікай Беларускай нацыі, пасьлядоўніка Вялікага Княства Літоўскага, гістарычных ліцьвінаў і магутнай культуры. Вярнулася беларуская школа, узьнікла радасьць нацыянальнага існаваньня і сьветлы погляд у будучыню.

            У 1994 годзе Беларусь стала ахвярай прамаскоўскай унутранай акупацыі, спланаванай Лубянкай і Крамлём. 24 гады антынацыянальнай цемры мелі катастрафічныя вынікі для краіны. Але Сьцяг Незалежнасьці над намі лунае. Ён у гары. Нішто ня зьнішчыць Беларускую ідэю, якія б разбурэньні ні працягваліся. Краіна вернецца ў пачатак да 25 Жніўня і пойдзе наперад вялікім народам. І тады ўжо -- навечна.

            Жыве Беларусь! Са сьвятам! Слава Айчыне!

 

25 жнівень 2018 г.                                                                            Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: