НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ВЫСОКА -- ПРА МУЛЯВІНА

ВЫСОКА -- ПРА МУЛЯВІНА

30 верасьня ў грамадзкай залі беларускага сабора св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку была прачытана лекцыя Галіны Пазьняк на тэму "Уладзімер Мулявін -- беларускі геній, які апярэдзіў свой час".

            Дакладчыца ацэньвае творчасьць Уладзімера Мулявіна як надзвычайную зьяву ў беларускім музычным мастацтве, як узор  найвышэйшага сусьветнага ўзроўню. Яна ўспрымае Мулявіна як генія, якога падараваў Бог Беларусі, сцьвярджае, што спадчына Мулявіна яшчэ мала сабраная і творчасьць ягоная, якая выклікае такое ўражлівае захапленьне, яшчэ належным чынам не апісана, не ацэнена і не раскрыта. Тут агульная беларуская бяда, якая вынікае з сьвядомасьці, але найперш -- з тых пэрманэнтных абставінаў акупацыйнай палітыкі і вынішчэньня ўсяго беларускага, што паўплывала на паводзіны людзей.

            Галіна Пазьняк падкрэсьліла, што Мулявін быў уражаны і ашаломлены беларускім аўтэнтычным фальклорам. Тут ён знайшоў бяздонны акіян для сваёй творчасьці.

            Другой пасіяй генія стала беларуская паэзія, асабліва Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Мулявін, як ніхто з музычных творцаў, глыбока пранік у паэзію Купалы і магутна яе адлюстраваў у сваёй музыцы. Ён лічыў Купалу найлюбімейшым сваім паэтам, казаў, што сэнс сваёй творчасьці бачыць у папулярызацыі беларускай народнай песьні і беларускай мовы. Апошняя пазыцыя ёсьць тыповым прынцыпам нацыянальнага тэатра ў час нацыянальнага Адраджэньня. Вандроўная трупа вугорскага тэатра Ота Келемана, напрыклад, яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя сцьвярджала, што сэнс стварэньня вугорскага тэатра ў распаўсюджаньні і адраджэньні вугорскай мовы.

            Гэтае адраджэнскае разуменьне мастацтва -- дзівосная зьява ў творчым сьветапоглядзе Мулявіна, чалавека, які прыехаў з Расеі, з грамадзтва, зацыкленага на непавазе да іншых народаў. Уладзімер Мулявін быў мілашам Беларусі. Яму падабалася беларушчына, і ён аддаў ёй сваю душу. Галіна Пазьняк увогуле назвала Мулявіна беларускім геніям і нават выказала здагадку, ці ня меў ён у продках беларускіх карэньняў.

            Дакладчыца з горыччу адзначыла іншую тыповую зьяву -- няўдзячнасьць многіх сьпевакоў і музыкантаў ансамбля дзеля памяці і справы свайго настаўніка, кіраўніка і творцы, які навучыў і падняў іх высока.

            Спадарыня Пазьняк асабліва дэталёва спынілася на рок-опэры Мулявіна "Песьня пра долю" (лібрэта Валеры Яшкін) у пастаноўцы Ларысы Сімаковіч з удзелам Нацыянальнага Акадэмічнага Народнага аркестра імя І. Жыновіча і мужчынскай харавой групы Дзяржаўнай Акадэмічнай Харовой капэлы імя Р. Шырмы.

            Па ацэнцы дакладчыцы, гэта ёсьць сцэнічна-вакальны шэдэўр, які патрабуе вялікай ацэнкі і культурнага высокага слухача. Тут выдатны ансвмбль выканаўцаў, высокага ўзроўню вакал, гарманічнае адзінства аркестра, хору і салістаў. У лекцыі былі прадэманстраваныя ў відэа-запісу ўрыўкі са спэктакля, асобныя арыі і падрабязны пераказ зьместу з напевам асобных мэлёдый.

            Гаворачы пра гэты твор Мулявіна, Галіна Пазьняк асабліва адзначае, што ён быў, практычна, страчаны, не захавалася ніякіх запісаў. Але ня так даўно нейкі добры чалавек выклаў у Сеціве аматарскі запіс опэры, зроблены ў час канцэрта. Запіс дрэннай якасьці. І вось заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандар Крамко ўзяўся за  рэстаўрацыю музыкі і запіс партытуры. Шмат часу спатрэбілася на гэтую працу. Але нарэшце працоўны подзьвіг артыста быў пасьпяхова завершаны і наша мастацтва вярнула шэдэўр зь небыцьця.

            Радасна, што тут, у эміграцыі, вядзецца размова на высокія тэмы мастацтва. Слухачоў было ня шмат, але патрэбнасьць у добрым мастацтве і асэнсаваньне вялікага зьместу існуе. І гэта станоўчая зьява.

 

1 кастрычніка 2018 г.                                                                      Адам Мікша

Дадаць у: