НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

“ЗНОЎ МАСКВА НА НАС ІДЗЕ…”

“ЗНОЎ МАСКВА НА НАС ІДЗЕ…”

У гэтым годзе мы назіраем новыя маніпуляцыі Масквы і здрадніцкага рэжыму Лукашэнкі аб паглынаньні Беларусі Расеяй. Захоп чужых тэрыторыяў – гэта пабуджэньне, якое існуе ў Масквы пастаянна. Пляны агрэсіі цяпер рэзка павярнуліся ў бок Беларусі ў сувязі з наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі ў 2024 годзе і жаданьнем Пуціна захавацца на прэзыдэнцкай пасадзе, стварыўшы бачнасьць законнасьці і легітымнасьці.

Выгаднай маніпуляцыяй для Масквы ёсьць паглынаньне Беларусі пад выглядам інтэграцыі. Тады Пуцін мог бы выбірацца на пасаду прэзідэнта ў нібыта новым суб“екце дзяржаўнага права і тое лічылася б, як першы раз. Дзеля гэтай апэрацыі патрэбная важная ўмова: наяўнасьць здрадніцкага антынацыянальнага кіраўніцтва Беларусі і абыякавага дэзінфармаванага насельніцтва. Усё гэта ў Беларусі даўно збольшага створана (асабліва ў сістэме ўлады) і прысутнічае у неўсьвядомленым стане ў значным абшары грамадзтва. Існуе верагоднасьць (і Масква на тое спадзяецца), што інтэграцыйная маніпуляцыя адбудзецца на фоне беларускага нацыянальнага суіцыду.

Нажаль, тут надзвычайная рэальнасьць. Такое ўжо адзін раз адбылося -- 14 траўня 1995 года – дзень які абазначыў нацыянальную катастрофу і вызначыў доўгае існаваньне прамаскоўска-калгаснага рабства. Цяпер Беларусь падвялі да бар“еру. Увесь клопат Масквы толькі ў выраблена падрыхтаваных фармулёўках, каб ашукаць усіх. Гэтым яны і займаюцца.

Гандаль краінай адбываецца на вачах грамадзтва, але, як прынята ў крымінальных сістэмах, -- за зачыненымі дзьвярыма. Таварам тут зьяўляецца ўлада, сродкам аплаты і разьлічэньня – незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі (рэальна – існаваньне і лёс нацыі). Вынік залежыць ад рашэньня аднаго цёмнага неадукаванага чалавека, выхадца з нізоў, якога, аббалваненае прапагандай грамадзтва дазволіла пасадзіць сабе на шыю.

Для беларусаў тут сітуацыя выключная, бо зьяўляецца вынікам расейскай палітыкі ўнутранай акупацыі (гэта мэтад гібрыднай вайны). Адсюль спэцыфіка рэжыму ўлады – паталагічная нянавісьць да ўсяго беларускага, найперш, да беларускай мовы, беларускай школы, літаратуры, навукі, гісторыі і вялікіх людзей нацыі.

У парцэсе інтэграцыйнага захопу Беларусі ні прадажная ўлада Лукашэнкі, ні прадажнае чынавенства не зьяўляюцца вялікай праблемай для крамлёўскіх агрэсараў. Масква іх можа запалохаць, загнаць у кут, купіць, фізічна ліквідаваць. Небясьпекай для Масквы зьяўляецца грамадзтва, беларускі народ. Тут у Крамля галоўная зброя – прапаганда і хлусьня. Магчымасьці неабмежаваныя, бо цалкам адчыненая беларуская мяжа і інфармацыйная прастора. Рабі што хочаш. Панаваньне расейскай прапаганды, гастроляў рускай пашляціны, агентуры ў межах беларускай дзяржавы ёсьць абсалютнае і падтрыманае антыбеларускай уладай. Але тым ня менш (да гонару беларусаў) вынікі гэтай атрутнай расейскай справы не абсалютныя. Вялікая частка беларускага грамадзтва разумна бачыць становішча і небясьпеку з боку Расеі.

Інтэгратары ў Крамлі прыдумляюць розныя фармулёўкі захопу Беларусі з разьлікам перш за ўсё на аббалваненую частку беларускага грамадзтва і на прыхільнасьць ў гэтым эўрапейскіх левых, у якіх, дарэчы, сумленьне ўвогуле не ўваходзіць у рахубу каштоўнасьцяў асобы. Апошняй куляй такой інтэгратарскай дэмагогіі было нядаўняе паведамленьне, што, маўляў, “ура!” – дамовіліся, знайшлі ўзаемны спосаб інтэграцыі: ніякога палітычнага аб’яднаньня, сувэрэнітэт застаецца, ён непарушны. Будзем, маўляў, аб’ядноўваць толькі эканомікі. Гэта значыць 97 адсоткаў расейскай эканомікі плюс тры адсоткі беларускай створаць аб’яднаную эканоміку адной “інтэграцыі” зь «непарушным сувэрэнітэтам» Беларусі. (Хаця школьніку зразумела, што агульная эканоміка патрабуе адзінага кіраўніцтва, адзінай заканадаўчай базы і адзінай праўна-адміністрацыйнай сістэмы функцыянаваньня.)

Гэтая фармулёўка прыдумана з разьлікам на ідыётаў. Яна, тым ня менш небясьпечная, бо аббалваненых у выніку расейскай прапаганды ёсьць шмат.

Што б ні было прыдумана Масквой і антыбеларускім рэжымам – усё будзе з гатоўнасьцю ўспрынята чынавенствам і стане выконвацца.

Усё маргінальнае, што недзе на ўзьбярэжжы было, існавала, мадзела, усё цёмнае, прымітыўнае і антыбеларускае, тупое – усё гэта хамскі рэжым даўно выцягнуў на паверхню, падняў у начальства, прызначыў міністрамі адукацыі ды навукі, якія акурат цяпер атрымалі заданьне выкараняць з вучэбнага працэсу вышэйшую матэматыку.

Такое ёсьць становішча пад час чарговага працэсу акупацыйнай інтэграцыі. Гледзячы на суіцыдную прадажнасьць чынавенства перад расейскай інтэграцыйнай агрэсіяй, разумныя людзі звычайна ўсклікаюць: “Няўжо яны не разумеюць, што іхным кар’ерам канец! Расейцы іх усіх заменяць на сваіх гэбістаў, жулікаў ды «браткоў», якія пакажуць ім што такое Расея!”.

Усё чыноўнікі, аднак, разумеюць. Для такога разуменьня хапае паловы зьвіліны ў мазгах. Але гэтыя людзі ёсьць поўныя нікчэмнасьці, халуі, няздольныя ні на які супраціў любой уладзе. Не патрабуйце свабоды ад рабскіх душаў. Прыстойныя людзі ня здраджваюць. Той, хто поўзае, лятаць ня будзе. Яны маюць ўладу, маглі б спрыяць сваім людзям, беларусам, нацыі. Ды дзе там! Яны не дарасьлі да нацыі, гадзяць і будуць гадзіць на Беларусь, пакуль будуць існаваць. Рэжымнае чынавенства – гэта ворагі Беларускага народа. Фактычна, так.

Ёсьць выключэньні, -- могуць сказаць. Ёсьць, вядома. Але называць ня буду, бо іх (каб выслужыцца) разарве гэтая ж чыноўніцкая зграя.

Аналізуючы паўстаньні супраць Масквы пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, я зьвярнуў увагу на характэрную асаблівасьць. Пачатак паўстаньня (літаральна першыя дні) вызначаліся тым, што першым чынам паўстанцы вешалі і расстрэльвалі здраднікаў.

Ясна як белы дзень, што чыноўніцкая здрада Беларусі (якая адбываецца) ніколі не застанецца забытая, і ніхто зь іх не павінен будзе ўнікнуць пакараньня. Я думаю, што тут станецца зарок пакаленьня, які мусіць быць выкананы, гэтак жа як быў выкананы адносна нямецкіх нацыянал-сацыялістаў і злачынцаў супроць чалавецтва. Злачынцы супраць нацыі – гэта таксама злачынцы супраць чалавецтва.

Беларусь несьмяротная. Яна была і будзе, якія б цяжкасьці ні прышлося яшчэ перажыць.

Зразумела, аднак, што ў здрадзе, нацыянальным разбурэньні і хлусьні, якія запанавалі ў Беларусі, вінавата найперш адна асоба. Злачынства гэтай асобы перад нацыяй невымяральнае. Яно бяздоннае. Я ўжо казаў ня раз, што гэты калгасьнік разам з маскоўскай хеўрай зглумілі маладосьць Беларускай нацыі, якая толькі пачала вольна аднаўляцца пасьля двухсот гадоў маскоўскай няволі.

Цяперашні этап акупацыйнай інтэграцыі адбываецца ва ўмовах, калі грамадзтва цалкам адлучана ад рэальнай інфармацыі і ніякім спосабам ня можа ўплываць на падзеі, якія плянуюцца рэжымам супраць народу Беларусі. Перакрытыя ўсе магчымасьці. Нават з пратэстам людзі ня могуць выйсьці, бо крымінальная ўлада ўвяла за правядзеньне грамадзкіх мерапрыемстваў велізарную несувымерную плату, паборы на карысьць дзяржаўных службаў і ўстаноў (паліклінік, міліцыі, пажарнікаў і г.д.). Прыватызацыя дзяржавы групай антынародных асобаў прывяла да таго, што сама дзяржава становіцца ворагам чалавеку.

У гэтых умовах засталіся два варыянты інаваньня: радыкальныя дзеяньні альбо рабства. Радыкальныя дзеяньні абгрунтаваныя палажэньнямі, якія вынікаюць з Канстытуцыі. Гэта праўныя і правільныя дзеяньні. Да іх трэба рыхтавацца кожнаму вольнаму беларусу і кожнаму быць гатовым.

У такіх умовах, у якіх апынулася цяпер Беларусь, няма больш ніякіх грамадзкіх законных магчымасьцяў уплываць на крымінальную ўладу, якая праводзіцуь чужую антыбеларускую палітыку. Яны робяць, што хочуць. Падрыхтоўка да радыкальнага супраціву і гатовасьць радыкальнага супраціву пры першых аб’явах здачы сувэрэнітэту гэта ёсьць нацыянальная неабходнасьць. Беларускае грамадзтва мае значны патэнцыял і ў пэўныя моманты здольнае да самаарганізацыі. Важна не паддавацца на заклікі правакатараў (якія ўжо ўсім вядомыя), але пасьлядоўна рыхтавацца да змаганьня. Такі цяпер час.

Публічныя спосабы інфармацыйнага змаганьня таксама вельмі неабходныя перш за ўсё таму, што яны трапляюць у сістэму даступнай інфармацыі (Інтэрнэт, часткова папяровы друк і самвыдат). Аб сітуацыі мусіць быць інфармаваная міжнародная грамадзкасьць.

Мы жывем у вельмі цяжкім часе, калі разбураецца хрысьціянскі тып грамадзкага чалавека, асоба ідэалаў, і зьявіўся сацыяльны індывідуаліст, які лічыць, што ўвесь сьвет яму нешта павінны. Тут псіхалёгія сацыялізму, мутацыя саўка, якая назіраецца тым часам ва ўсім посткамуністычным і дэмакратычным сьвеце.

Але тым ня менш Беларуская нацыя хоць павольна, але ўсё ж салідарызуецца, усё больш робіцца здольнай адстаяць сваю свабоду і незалежнасьць ад унутраных і зьнешніх непрыяцеляў. І першая задача – ствараць, гуртаваць сілу, каб ня даць магчымасьці ворагам нацыі правесьці акупацыйную інтэграцыю з Расеяй.

Віншую сяброў Сойму і ўсіх адраджэнцаў з Днём Беларускай вайсковай славы. Віват Ворша! У гэтыя дні памятайма пра перамогу пад Воршай. Хай не бянтэжыць нас непрыяцеляў цьма. Мы такія ёсьць, што перамагаем малымі сіламі. «Нас мала. Літасьці не чакайце». Гэтыя словы Давіда Гарадзенскага, зьвернутыя да немцаў, балі гістарычным дэвізам продкаў.

Слава Айчыне! Жыве Беларусь!

8 верасьня 2019 г.                                                                   Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: