НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

25 ГАДОЎ ЖАЛОБЫ І ВАЙНЫ

25 ГАДОЎ ЖАЛОБЫ І ВАЙНЫ

             Сёньня споўнілася 25 гадоў, як былі адкрытыя Курапаты. У той жа год на Ленінградзкім тэлебачаньні паказалі маё інтэрв’ю пра адкрыцьцё гэтых могілак генацыду. Тады з Ленінграда мне прыслала ліст мой рэцэнзент па дысертацыі доктар мастацтвазнаўства Надзея Кузякіна, дзе пісала, што трывожыцца за мой лёс: “Понимаете ли Вы, какую страшную, злобную силу Вы зацепили?..”

            Разумеў. Усё разумеў. Бяда толькі, што зачапіўшы, мы яе ня зьнішчылі. Грамадзтву хапіла жалю і ўтрапеньня, ды не хапіла моцы. Адна справа плакаць над магілай, іншая – забіць цмока. У выніку – лукашызм, эміграцыя, выжываньне ў чужыне і брудны сьцёк нянавісьці “зачэпленых”, які не спыняецца ў мой бок ужо чвэрць стагоддзя і ня спыніцца ніколі, пакуль будзе існаваць “скопішча зла”.

            Курапаты сталі паваротам у маім лёсе і нечакана – паваротам у лёсе Айчыны.

            З пачатку 70-х я ведаў пра гэтае месца. Шмат што было перадумана за доўгія гады. Настаў час – і ўсё адбылося. Як важна было ўмець чакаць.

            Курапаты – найвялікшы ў сьвеце зборны могільнік генацыду. Верхняя лічба расстраляных і закопаных тут сягае чвэрці мільёна асобаў (250 тысяч). Генацыд тварылі расейскія бальшавікі. Расстрэльвалі энкавэдзісты (НКВД). Забівалі дзень і ноч з 1937-га па 23 чэрвеня 1941 года.

            Асноўны сацыяльны пласт расстраляных – бедныя сяляне. Узрост, выяўлены раскопкамі, --  ад 18 да 60 гадоў. Сярод забітых шмат жанчын. Уразілі мяне жаночы туфлік з маленькай ножкі 35-га памеру, сіняя місачка, такая, якая была ў нас дома, і дзявочыя валасы, доўгія і сьветлыя, нібы лён.

            І яшчэ мы дасталі зь ямы велізарную падэшву ад мужчынскага чаравіка (ці ж ні 49-га памеру). “Божа! – усклікнуў мой калега мастак Хведар Ладуцька, -- гэта ж быў волат, гігант, і нейкая маскоўская чэрнь, нейкі нікчэмны гэбоўскі карлік, курдупель з нагана яго забіў!” Гэтага не магу забыць.

            Атакі на Курапаты ішлі патокамі, як прарыў каналізацыі. Людзі днём рабілі тут Мэмарыял памяці, ставілі крыжы. Нелюдзі па начах разбуралі Мэмарыял, ламалі крыжы. І мы ведаем, хто за гэтым ёсьць.

            З 2012 года пачалася новая атака ўжо на Народны Мэмарыял Курапаты. Цяпер якраз адбываецца шкодная акцыя правакатараў пад выглядам “агульнанацыянальнай” талакі. У электронных СМІ дружна ахайваюць маё імя і сяброў КХП-БНФ, якія стварылі Народны Мэмарыял.

            “Скажыце, -- задае пытаньне правакатар са СМІ, -- ці могуць быць Курапаты манаполіяй адной нейкай палітычнай ці грамадзкай структуры?” (Маецца на ўвазе манаполія на догляд і разбудову.)

-- Не! – дружна адказваюць яму.

І на такім узроўні далей уся прапаганда. На каго яна разьлічана?

Спадары правакатары, я вам адкажу, хоць у вас і не хапіла сьведамасьці спытаць пра гэта ў мяне.

            “Могуць, панове, могуць! Могуць і павінен быць такі адзін “манапаліст”. І ўсюды так ёсьць здаўна. За існаваньне магілы адказвае той, хто яе даглядае.

            У чэшскай традыцыі (дзе знаходзяцца гэтыя разумныя СМІ) такое правіла ўведзена ў заканадаўства. Калі ёсьць магіла на могілках, то юрыдычным актам афармляецца адказная асоба, якая магілу даглядае, альбо плоціць грошы за дагляд. Калі ні дагляду, ні грошай ня будзе, магіла зьнішчаецца. Павінен быць адказны за магілы.

            КХП-БНФ і “Хрысьціянская злучнасьць Курапаты” дабраахвотна ўзялі на сябе адказнасьць і абавязак даглядаць Курапаты, ставіць і рамантаваць крыжы, якія прыносяць людзі. І яны робяць усё з 2000 года. Тут пастаянны клопат гэтых людзей. Дзякуючы ім, найперш, Курапаты аб’яўлены гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Гэтым людзям, адпаведна, давярае і навуковае кіраўніцтва Мэмарыялу. Яны заслугоўваюць павагі. Іх не абмінаюць, бо яны сочаць за магіламі.

            Што вытвараюць правакатары і як яны сябе паводзяць – казаць тут ня буду. Ужо шмат сказана і паказана. Дадам толькі, што скажу больш, але гэта потым (у наступным артыкуле).

            “Чаму сёньня ў Беларусі народная сьвятыня не аб’ядноўвае а разьядноўвае дэмакратычныя і ўвогуле актыўныя сілы?” – хітра задае наступнае пытаньне правакатар. Прысутныя пачынаюць нешта мямліць. Усе разам робяць выгляд, быццам не разумеюць, якая вайна, з кім і за што (не на жыцьцё, а на сьмерць) ідзе ў Курапатах. Яны думаюць ашукаць грамадзтва і кажуць: глядзіце, маўляў, “дэмакратычныя сілы” “не падзялілі Курапаты”.

            Вось гэта і ёсьць тая тэхналёгія ілжывай прпаганды, пра што я пісаў раней. Вайна, спадары прапагандысты, ідзе ў Курапатах ужо 25 гадоў паміж беларускімі людзьмі з аднаго боку і з другога – з гэбэ ды нашчадкамі НКВД, спадкаемцамі тых, хто забіваў, хто хоча зьнішчыць улікі. І няважна, якую маску яны адзяваюць (дэмакратаў ці журналістаў) і каго яны выкарыстоўваюць. Мы іх ведаем. І прапагандысты (ад мікрафона і пяра) таксама ведаюць. Нікога ашукаць ўжо не ўдасца.

            Прайшло 25 гадоў пасьля адкрыцьця Курапатаў. Вайна прадаўжаецца.

 

3-га чэрвеня 2013 г.                                                            Зянон ПАЗЬНЯК

 

Дадаць у: