НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

АДРАДЖЭНЬНЕ І СТАТУС-КВО (Урывак з артыкула “Прамаскоўскі рэжым”)

 АДРАДЖЭНЬНЕ І СТАТУС-КВО  (Урывак з артыкула “Прамаскоўскі рэжым”)

            Ідэалёгіяй беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху, як і ў бальшыні паняволеных народаў Эўропы, было і ёсьць Адраджэньне.

            Гэта значыць, што энтузіясты нацыянальнай свабоды, змагаючыся за незалежнасьць і стварэньне (аднаўленьне) нацыянальнай дзяржавы, ставяць задачу аднавіць разбуранае, адбудаваць зьнішчанае, адрадзіць нацыянальную культуру і ўсё страчанае ў выніку ўціску і акупацыі. І далей на грунце культурнага адраджэньня нацыі, абапіраючыся на народную гісторыю, яны імкнуцца адбудаваць нацыянальную дзяржаву, дачыненьні і разьвіцьцё. Гэта натуральны працэс існаваньня ўсяго жывога.

Ворагі нацыянальнай свабоды, акупацыйна-імпэрскія рэжымы і г.д. супрацьпастаўляюць адраджэньню нацыі грамадзкае “статус-кво”, гэта значыць, тое разбуранае, дэфармаванае становішча, якое яны стварылі ў выніку акупацыйнай палітыкі. Яны называюць яго па-рознаму: “грамадзтва”, “стабільнасьць”, “рэальнасьць”, “народ”, “здаровы сэнс” і таму падобнымі эўфэмізмамі.

Напрыклад, на Беларусі за ХХ-е стагоддзе расейцы (разам зь немцамі) забілі шэсьць мільёнаў беларусаў (палову нацыі, калі лічыць на пачатак ХХ-га стагоддзя). Расейскія акупанты-камуністы зьнішчылі беларускую школу, забаранілі беларускую мову і друк, сфальсіфікавалі гісторыю, расстралялі беларускіх пісьменьнікаў, разбурылі сьвятыні, задушылі сялянства і выхавалі цэлае племя манкуртаў ды рэнегатаў. Вынікі гэтага разбурэньня нішчыцелі спрабуюць выдаць за норму, за нармальнасьць, гэта, па іх лёгіцы, статус-кво, рэальнае становішча. Яны хочуць замацаваць стабільнасьць разбуральных вынікаў, ня трэба, маўляў, нічога зьмяняць, нічога адраджаць, аднаўляць, бо гэта, маўляў фашызм, нацыяналізм. Пры гэтым яны выступаюць нібыта ў інтарэсах зьнявечанага імі народа. “Ня трэба беларускай мовы”, -- крычаць нішчыцелі адраджэнцам, -- усе гавораць па-руску, усе разумеюць”. Душыцелі шукаюць падтрымкі ў сваіх ахвяраў. “Давайце зыходзіць з рэальнасьці, -- дэмагагічна вяшчаюць разбуральнікі нацыі, -- будзем рэалістамі”, --нэрвуюцца сёньняшнія і ўчарашнія акупанты.

Аднак справядлівасьць і права, сусьветная практыка і закон разьвіцьця – на баку адраджэнцаў. Жывое павінна адрадзіцца, і калі жывы дух, то нават зьнішчанае паўстане зь мёртвых, забітае ўваскрэсьне.

Тым часам каб рэалізаваць культурна-нацыянальнае адраджэньне нацыі, неабходна зьдзейсьніць дзьве ўмовы: ажыцьцявіць нацыянальную асьвету народу і ўсталяваць нацыянальную ўладу. На Беларусі шмат разоў была вынішчаная нацыянальная эліта і, як вынік, ня быў ажыцьцёўлены да канца прынцып нацыянальнай асьветы ў межах аднаго пакаленьня. Адсюлі і праблемы беларускай ўлады. І нішчыцелі, у адрозьненьне ад многіх беларусаў, гэта добра разумеюць.

 

15 верасьня 2005 г.                                                    Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: