НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ЛІСТЫ ПРА ВЫБАРЫ

 ЛІСТЫ ПРА ВЫБАРЫ

1.Бог, Беларусь, Незалежнасьць

(Вытрымкі)

...Цяпер найбольш блытаюць людзей так званая „незалежная" прэса і тыя асобы, якія выступаюць супраць Лукашэнкі, але згаджаюцца і калябаруюць з Масквой. Яны лётаюць у Маскву і просяць маскоўцаў: дапамажыце зьмяніць Лукашэнку, падтрымайце нас, мы будзем лепей вам служыць. Яны просяць у Масквы дапамогі. Але чым яны будуць зь ёй потым разьлічвацца? Такія „палітыкі-гандляры" прададуць Беларусь гэтак жа, як і Лукашэнка (яшчэ й хутчэй).

...Пазыцыі палітыкаў у беларускіх выбарах (падкрэсьліваю, у выбарах) вызначаюцца не па дачыненьнях да Лукашэнкі, а па дачыненьнях да „інтэграцыі" („саюзу") з Расеяй. Трэба разумець, што ў дачыненьнях да Лукашэнкі вырашаецца лёс прэзыдэнцкай улады. У дачыненьнях да „інтэграцыі" з Расеяй вырашаецца лёс беларускай нацыі. Таму чалавек, які на прэзыдэнцкіх выбарах будзе змагацца з Лукашэнкам і адначасна выступаць за „інтэграцыю" з Расеяй, ня ёсьць альтэрнатывай Лукашэнкі, а толькі апанэнт-дублёр маскоўскай нэакаляніяльнай палітыкі.

Людзі, што супраць Лукашэнкі і за „інтэграцыю" з Расеяй, былі нашымі саюзьнікамі ў палітычнай барацьбе з рэжымам (бо ў барацьбе не існавала выбару). На прэзыдэнцкіх выбарах гэтыя людзі ў якасьці кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі ўжо ня ёсьць і ня могуць быць нашымі саюзьнікамі. Гэта нашыя палітычныя праціўнікі, супраць якіх мы змагаемся за лёс Беларусі. Гэта ёсьць закон палітыкі. Выбар адбываецца па вышэйшай неабходнасьці.

...Я ўжо пісаў пра радыё „Лібэрці". Ня майма наконт яго ілюзіяў. Хоць там ёсьць яшчэ прыстойныя людзі і сьведамыя беларусы, але яны ўжо мала што вызначаюць і ў большай частцы, — гэта ўжо не адраджэнскае радыё. Людзі ў Беларусі, нацыянальна-вызвольная моладзь ужо даўно перарасьлі ягоны ўзровень. Не ўспрымайма ягоныя палавіністыя камэнтары палавіністых камэнтатараў як праўду ў апошняй інстанцыі. Некаторыя зь іх сьведама хлусяць, а некаторыя — не арыентуюцца.

Успомніце 1999 год, як радыё „Свабода" адлюстроўвала палітычную афёру па зьнішчэньні Беларускага Народнага Фронту — так званы „праект Чыгір". Успомніце, як экзальтавана, узахлёб, да самазабыцьця хлусілі ў эфір некаторыя „прафэсійныя" журналісты пра быццам бы мільёны прагаласаваўшых на „альтэрнатыўных" выбарах прэзыдэнта, як узьвялічвалі „рэвалюцыю" ў Фронце, як уздымалі ўгару вялікую „новую хвалю", новых стодаляравых „палітыкаў" і г.д. Дзе цяпер гэтая „хваля" і гэтыя вялікія „новыя палітыкі", і гэтыя журналісты са „Свабоды"?!

...Нас нічога не павінна бянтэжыць, ніякая супраць нас пісаніна, ніякае друкаваньне, ніякая прапаганда, ніякі радыё-эфір. (Пра афіцыйнае радыё, тэлебачаньне і газэты я ўжо і не кажу.) Мы мусім разумець, што гэтак робіцца, незалежна ад нас. Мы мусім ацэньваць усё з пазыцыяў вышэйшасьці нашага разуменьня і спакойна рабіць сваю справу далей.

У беларусаў зьявілася рэальная магчымасьць дапамагчы самым сабе выйсьці з заганнага каляніяльнага кола падзей. Мы ня маем права такую магчымасьць змарнаваць. На плечы кожнага з нас кладзецца вялікая нагрузка і вялікая адказнасьць, бо важыцца лёс Беларусі.

(24 чэрвеня 2001 г.)

2. Выбару няма

Прайшоў пэўны час ад заканчэньня збору подпісаў у выбарчай кампаніі, і сітуацыя, ня гледзячы на тое, што афіцыйна вынікі яшчэ не падведзеныя, ужо, практычна, вызначаная.*

Для Беларусі выбару няма. Альбо зноў прамаскоўскі Лукашэнка, альбо ягоныя прамаскоўскія намэнклятурныя супернікі (што можа стаць яшчэ горай).

Створана такое ж становішча, як у 1994 годзе. Толькі цяпер у беларускага грамадзтва ёсьць вопыт сямігадовага ашуканства і прыніжэньня. Ці будзе зробленая з гэтага нармальная і пасьлядоўная выснова, — казаць яшчэ рана, улічваючы, што ўся так званая гэбоўска-вікаўская „дэмакратычная" прапаганда штурхае беларусаў зноў паўтарыць памылку і зноў галасаваць за іншага маскоўскага калябаранта. Сітуацыя клясычна каляніяльная: выбары бяз выбару. Выбар марыянэткі.

Як і ў 1994 годзе, Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне" павінен заклікаць беларускіх выбаршчыкаў ісьці на галасаваньне, каб выкрэсьліць усіх. Гэта правільнае і неабходнае дзеяньне.

Выбарчая сітуацыя абмяркоўвалася 4-га жніўня на Паліткамітэце Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянсшй Партыі — БНФ у Варшаве. Паліткамітэт лічыць неабходным і прапануе прыняць менавіта такое, адзінае ў гэтай сітуацыі, пэрспэктыўнае для Беларусі рашэньне: перакрэсьліць пры галасаваньні ўвесь намэнклятурна-каляніяльны бюлетэнь.

Аналізуючы дачыненьні, намі асабліва была зьвернута ўвага на разбуральніцкую ролю Ганса-Георга Віка, які зьяўляецца куратарам нямецка-маскоўскага „другога варыянту" (замена Лукашэнкі на прамаскоўскую намэнклятурную фігуру) і асабліва — на падстаўную ролю М. Домаша. Ролю найбольш нікчэмную ў гэтай кампаніі, прадугледжаную і адпаведным чынам падтрыманую Г. Вікам дзеля нэўтралізацыі беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў.

Сітуацыя наглядна ілюструе, у якое балота трапілі асобы, якія з 1999 года адышлі ад нацыянальна-вызвольнай барацьбы ў вікаўскую „аб’яднаную дэмапазыцыю". Зараз увесь запас выдумкі яны накіроўваюць на прыдумваньне „канцэпцыяў" і апраўданьне свайго становішча на службе ў намэнклятурнай „пяцёркі" ды працы на намэнклятурнага камуніста У. Ганчарыка (што з Масквы не вылазіць). I гэта яшчэ не фінал і, відаць, не мяжа такіх паводзінаў.

Цяпер кожнаму становіцца відавочным, што нямецкая пазыцыя ў дачыненьні да Беларусі на Захадзе ўзмацнілася, і Беларусь, фактычна, запрададзена. У Эўропе поўна заяваў, нібы напісаных пад нямецкую капірку, што, маўляў „ня важна, каго выбяруць", а важна, „як" будуць выбіраць. А на пытаньне „як", будзе адказваць Ганс Вік. Лукашэнка ведае, што калі ён акуратна правядзе фальсіфікацыю, то Вік яе не заўважыць, і Эўропа Лукашэнку прызнае.

Улічваючы нямецка-маскоўскі гешэфт, прапанаваная намі пазыцыя выкрэсьліваць абодвух іхных кандыдатаў ёсьць для беларусаў адзіна пэрспэктыўнай.

Верагоднасьць, што за вельмі кароткі тэрмін можна давесьці да грамадзтва нашу задачу і тое, што грамадзтва гатовае яе ўспрыняць, — невялікая, але яна ёсьць.

Мы павінны памятаць, што палітычны працэс змаганьня за свабоду і незалежнасьць Беларусі ня скончыцца ў верасьні. Ён будзе працягвацца. I нават калі б нам не ўдалося цяпер пераканаць грамадзтва ня лезьці ў чарговы маскоўскі загон, то ў будучыні (і вельмі хутка) наша пазыцыя шматкроць павялічыць нашыя сілы.

Хвала тым, хто стаіць за свой народ!

(6 жніўня 2001 г.)

* Тое, што замест заплянаваных намі 150 тысячаў подпісаў (як меркавалася) мы сабралі толькі 104600 подпісаў, стала рашаючым чыньнікам у адносінах да нас з боку афіцыёзу (безапэляцыйная нерэгістрацыя) і вызначыла таксама нашую пасыўную рэакцыю ў адказ, на якой я асабіста настаяў

Бо мы ня можам у гэтых варунках прад’яўляць прэтэнзіі з пазыцыі сілы. Нельга з такім „запасам" пускацца ў дробязныя высьвятленьні і спрэчкі зь непрыхільнай і абсалютна некантралюемай уладай (выбарчымі камісіямі), ставіць сябе ў становішча малога і пакрыўджанага. Мы змарнавалі б час на пустое, нічога б не дамагліся і не прыдбалі б гонару

Неразумныя, дробязныя паводзіны Л. Сініцына (а я не сумняваюся, што ён сабраў свае 110 тысячаў) ёсьць выразная ілюстрацыя да маіх словаў (I гэта улічваючы, што за „птушка" Сініцын.)

Што датычыць нашых унутраных прычынаў „невыкананьня намечанага пляну" (150 тысячаў подпісаў), то да канца выбарчай кампаніі (у якой мы мусім удзельнічаць) высьвятляць гэтае пытаньне і шукаць вінаватых немэтазгодна і ня трэба. Пазьней мы яшчэ вернемся да яго і прааналізуем свае памылкі і пралікі.

3. Трэба рыхтаваць паўторныя выбары прэзыдэнта

У Беларусі пачаліся выбары прэзыдэнта. Гэта выбары ва ўмовах дыктатуры і антыбеларускіх дзеяньняў чужароднай улады.

Сітуацыя з кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі выразна акрэсьлілася. Для беларусаў яна вельмі некарысная. Як і ў 1994-м годзе, для беларусаў выбару няма. Выбіраць няма каго, бо ўсе кандыдаты прамаскоўскай арыентацыі. Усе гатовыя падтрымліваць на Беларусі расейскую каляніяльную палітыку. Гэта былая камуністычна-гэбоўская намэнклятура, якая падзялілася на пары і супернічае паміж сабой. 3 аднаго боку Лукашэнка-Гайдукевіч, з другога — Ганчарык-Домаш. У выпадку выбраньня любога зь іх застаецца існаваць антынародны рэжым, яго ськіраванасьць на Расею і залежнасьць ад антыбеларускай палітыкі Масквы.

Такую самую камбінацыю прыдумалі беларусам у 1994-м годзе, калі ў другім туры выбараў прапанавалі выбіраць паміж Кебічам і Лукашэнкам (паміж чартом паленым і чартом смаленым). Беларусы і „выбралі"!

А трэ’ было перакрэсьліць абодвух.

Тады, 7 гадоў таму, я выступіў ад імя Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне" са спэцыяльнай заявай, якая была зьмешчаная ў друку.

"У другі тур прайшлі А. Лукашэнка і В. Кебіч, — пісаў я тады. — Гэтыя кандыдаты належаць да аднаго палітычнага асяроддзя. Іх яднае нянавісьць да беларускага нацыянальнага адраджэньня, да незалежнага дзяржаўнага станаўленьня нашай нацыі, да рынкавага рэфарматарстеа, да беларускай культуры, да эўрапейскага шляху разьвіцьця Беларусі.

Іх разьядноўвае — барацьба за ўладу. Гэта барацьба падобных. Змагаючыся, яны апэлююць да народу.

Мае аднадумцы і я заклікаем не галасаваць на выбарах за гэтых кандыдатаў, Выбар аднаго зь іх стане працягам ганебных памылак і грамадзкага няшчасьця, прадаўжэньнем народнага самагубства. Галасаваньне за гэтых людзей увогуле траціць сэнс, бо выбару няма." (Беларус, —1994, №414)

Што адбылося потым, гісторыя сьведчыць жорстка і вельмі выразна (так, як і было папярэджана). Я цытую тут гэтыя свае словы з поўным усьведамленьнем годнасьці, але не для таго, каб нейкага дакараць, а каб яшчэ раз нагадаць, што ў палітыцы заўсёды трэба тое рабіць, што трэба рабіць, а ня тое, што хочацца. Бо расплата можа быць вельмі суровай.

Цяпер, у 2001 годзе, беларусам нельга наступіць на тыя ж граблі, нельга зноў лезьці ў маскоўскую пастку.

Цяперака трэба выкрэсьліць усіх прамаскоўскіх кандыдатаў: і Лукашэнку, і Ганчарыка, і Домаша, і Гайдукевіча. Памятайма, што і ў першым, і асабліва ў другім туры галасаваньня, трэба будзе перакрэсьліць усіх.

Што мы дасягаем такім дзеяньнем? Гэтым мы дасягаем таго, што ў верасьні ніхто ня будзе абраны на прэзыдэнта і праз тры месяцы мусяць адбыцца паўторныя выбары з новымі, беларускімі кандыдатамі.

Што гэта дасьць? Гэта дасьць рэальныя пэрспэктывы абраць сапраўды беларускага прэзыдэнта і скончыць з рэжымам.

Па-першае, Лукашэнка на паўторныя выбары вымушаны тады йсьці „аслабленым", асобай, якая ня выйграла, маючы неабмежаваную ўладу.

Па-другое, Лукашэнка, які з 21 ліпеня 1999 года зьяўляецца нелегальным кіраўніком і ўзурпатарам улады перад народам, становіцца неўзабаве нелегітымным і перад самым сабой, і перад рэжымам, які ён стварыў, бо ў канцы лістапада канчаецца тэрмін ягоных паўнамоцтваў па ягонай канстытуцыі, якую ён прыдумаў са спадаром Абрамовічам. Месца кіраўніка краіны, згодна з гэтай канстытуцыяй, павінен часова заступіць старшыня Саўміна спадар Ярмошын.

Такім чынам ствараюцца новыя ўмовы для выбараў.

Па-трэцяе, за гэты час будуць выстаўленыя новыя, беларускія кандыдаты, і грамадзтва набудзе пэўны вопыт, каб не ўспрымаць усур’ёз розную нафталінавую намэнклятуру, усялякія „пяцёркі", „сямёркі", „двойкі" ды „адзінкі" з членаў бюро ЦК КПБ.

Я зьвяртаюся, перш за ўсё, да беларускай грамадзкай эліты і моладзі, бо ад эліты найперш залежыць, як будзе галасаваць электарат. Нельга жыць у стане пэрманэнтнага самаашуканства. Калі эліта зноў паўторыць памылку 1994 года, то псіхалягічна можа заламацца ўся нацыя. Бо паўторнае „выбраньне" Лукашэнкі, якое прызнае Эўропа (а яна рыхтуецца прызнаць), стане фатальным для Беларусі.

Выбар жа намэнклятурнага „нелукашэнкі" ў дадзеным раскладзе можа стаць у пэрспэктыве яшчэ горшым, чым электаральная катастрофа і выбар 1994-га года.

Эліта не павінна забываць, што за раскладам выбару прэзыдэнта, які створаны цяпер у Беларусі, стаяць агульныя нямецка-маскоўскія інтарэсы і рэальна адсутнічаюць інтарэсы беларускія.

Калі беларусы зноў выберуць каляніяльную крэатуру маскоўскай палітыкі (а іншых сярод кандыдатаў няма), то ў пэрспэктыве мы страцім нацыянальную маёмасьць, валюту і, як вынік, — дзяржаўную незалежнасьць. (Схема ўжо закладзеная рэжымам Лукашэнкі.) Тады ўсе палітычныя і сьветапоглядныя разыходжаньні ў беларускім грамадзтве ня будуць мець аніякага значэньня. Страцяць усе. I страта будзе катастрафічнай і для тых, хто за Беларускую мову і Беларускі сьцяг, і для тых, хто супраць. Бо ў сэнсе нацыянальнага існаваньня народа ёсьць толькі адзін выбар: адна мова, адна краіна, адна незалежнасьць. Двух нацыянальных выбараў не бывае і не існуе, як не існуе двух жыцьцяў.

Выглядае, што гэтага, на жаль, ня ведае бальшыня цяперашняй эліты беларускага грамадзтва. I ў гэтым — крыніца ўсёй беларускай бяды.

Што датычыць моладзі, якая па прыродзе сваёй заўсёды жыве больш сэрцам, чым выгадай, то сэрца трэба адчыняць для Беларусі. Галасаваць трэба так, каб не было потым пакутліва сорамна, каб ня мучыла сумленьне, як тых, каму ў 1994-м годзе не хапіла элемэнтарнага ўяўленьня і, каб не прапусьціць Кебіча, яны галасавалі за Лукашэнку.

Магчымыя чатыры вырыянты разьвязкі на выбарах.

Першы варыянт: Лукашэнка фальсіфікуе, выйграе, і яго прызнае міжнародная супольнасьць.

Другі варыянт: выйграе намэнклятурны „нелукашэнка", і яго прызнае міжнародная супольнасьць.

Трэці варыянт: Лукашэнка фальсіфікуе, выйграе, але Захад не прызнае выбары за справядлівыя.

Чыцьвёрты варыянт: не выйграе ніхто, і прызначаюцца паўторныя выбары.

Варыянты названыя па парадку небясьпечнасьці для Беларусі. Першы варыянт мы разглядаем як фатальны для ўсёй нацыі, які будзе суправаджацца шокавым стрэсам.

Другі варыянт — самазабойчы для Беларусі, які будзе суправаджацца грамадзкім расслабленьнем, пустымі надзеямі і ілюзіямі пераменаў хоць, у прынцыпе, не адбудзецца ніякіх пераменаў у галоўных аспэктах эканамічнай, фінансавай, ваеннай, культурнай і ўвогуле — нацыянальнай палітыкі, ужо спраектаванай існуючым рэжымам. Ня будзе адменена нават лукашэнкаўская канстытуцыя — аснова рэжымнай сістэмы. Нэакаляніяльная акупацыя Беларусі, з прычыны ілюзіяў, псіхалягічнай і палітычнай раззброенасьці грамадзтва, пойдзе хуткімі тэмпамі.

Трэці варыянт можна разглядаць як вельмі небясьпечны, але часовы і палітычна недаўгавечны. Бо застанецца нелегальнасьць вышэйшай улады, захаваецца канфліктная раскладка сілаў, павялічыцца апаніруючая частка, узмоцніцца палітычны падзел у грамадзтве, у сістэме ўлады і ў міжнародных дачыненьнях. Узмоцніцца ўнутраная ізаляцыя Лукашэнкі. Няўстойлівасьць такога рэжыму можа штурхнуць яго на экстрэмісцкія дзеяньні супраць беларусаў, але можа таксама павялічыць шансы беларусаў на перамогу і перамены ў беларускіх інтарэсах.

Толькі чацьвёрты варыянт дае надзею і можа адчыніць пэрспэктыву для Беларусі. Яму не хапае, на жаль, належнага інфармацыйнага забесьпячэньня.

Інфармацыйнае поле ў асноўным занятае цяпер агітацыяй за Лукашэнку. Аднак найбольш падступная прапаганда вядзецца якраз вакол вікаўскага „другога варыянту" ў асяроддзі рускамоўнага так званага „незалежнага" друку і „дэмакратаў".

Агітацыя за старую камуністычную намэнклятуру абгрунтоўваецца тут нібыта „неабходнасьцю" (?) пераходнай фігуры, нібыта прыймальнай для „ўсіх" (?). Намэнклятурны „нелукашэнка" правядзе, маўляў, дэмакратычныя парляманцкія выбары, і яны, „дэмакраты", трапяць у парлямант (палату) і стануць на ўзроўні ўлады далей, крок за крокам, змагацца за дэмакратыю.

Гэтакімі вось „ідэямі" тлумяць мазгі беларускай моладзі.

Усе абяцаньні намэнклятуры — пусты гук. Пакуль старая савецкая намэнклятура будзе трымаць уладу ў Беларусі, яна ніколі не адмовіцца (нават часткова) ад мажарытарнай сістэмы, якая забясьпечвае ёй татальную перавагу на выбарах. I усё зробяць „дэмакратычна" (пад „віват" Захаду).

Цяперашнія „дэмакраты" — гэта камуніст С. Калякін (які адобрыў будаўніцтва дарогі праз Курапаты), генэрал П. Казлоўскі (які выганяў зь беларускага войска беларускіх афіцэраў), былы член бюро ЦК КПБ У Ганчарык, былы старшыня Аблвыканкаму С. Домаш, былы лукашэнкаўскі прэм’ер М. Чыгір (абвінавачаны ў карупцыі С. Антончыкам), былы лукашэнкаўскі міністар М. Марыніч, генэрал КГБ В. Кез і г.д. (уся былая камуністычна-гэбоўская намэнклятура) — сьвяткуюць „сьвята" „демократического единения". „Мы павінны пабудаваць на Беларусі дэмакратычную дзяржаву", — кажуць яны (С. Домаш).

Зусім нядаўна гэтыя ж самыя асобы будавалі „на Беларусі" „камунізм", потым — „разьвіты сацыялізм", потым — „перестройку", затым — „інтэграцыю" разам з Лукашэнкам, цяпер зьбіраюцца будаваць „дэмакратыю" (абы ўлада!). I ўсё — „на Беларусі". Але ніхто зь іх ніколі не будаваў, ня хоча і ня здольны будаваць саму Беларусь. Гэта супярэчыць іхняй псіхалёгіі.

Сэрвільная журналістыка „незалежных" мэдыяў пляскае ў ладкі гэтай „дэмакратыі" і робіць выгляд, што ня бачыць, што адбываецца. Праўда, адзін з усёй гэтай пішучай „роты" сарамліва заўважыў: „Напрыканцы хацелася б пажадаць нашым паважаным дэмакратам адну „ дробязь " — перакласьці, нарэшце, на беларускую мову папярэдні слёган адзінага кандыдата „В единстве — сила". (Але навошта? Можа, ня трэба? Так жа лепей. Памятаеце: „Партия и народ — едины".)

Намэнклятура прыстасоўваецца, але не зьмяняецца. „Пагадненьне" між сабой, якое яны нядаўна падпісалі, складзена па ўсіх штампах савецкай каляніяльнай вывучкі. Яны ўжо дзеляць ўладу, якой яшчэ не загарнулі (куча расьце). I толькі ў самым канцы паперкі (усё, як некалі) напісана адчэпнага пра культуру ды мову. Маўляў, „стварыць спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця нацыянальнай культуры, мовы, традыцыяў і ўжываньня нацынальнай, гістарычнай сымволікі беларускага народа ". (Маўляў, вяртаемся да Кебіча. Каза з дому—жыць лягчэй.) Дарэчы, так фармулююць, калі гавораць пра нацыянальныя мяншыні.

"Узяць курс на забесьпячэньне дынамічнага разьвіцьця эканомікі, — пішуць гэтыя „дэмакраты", — на ўздым жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва." Як бачым, „курс" амаль ленінскі. Як гэта ўсё знаёма, гэтыя фразы і гэтая пустапарожнасьць. „Верной дорогой идете, товарищи!"

Пустыя абяцанкі намэнклятуры ня вартыя выедзенага яйка. Яны ніколі не выконваліся і ня будуць выконвацца. Бо ёсьць інтарэсы намэнклятуры. (Успомніце абяцанкі Кебіча, Лукашэнкі і г.д.) У Беларусі цяпер мы назіраем пад выглядам і пад шырмай дэмакратыі спробу вяртаньня „бурбонаў". Бурбонаў старой камуністычнай (кебічаўскай) намэнклятуры.

Няўжо беларусы і цяпер ня ўбачаць, не зразумеюць, хто шчэміцца, хто хоча на іхных плячах вярнуцца ва ўладу, каб зноў павесьці народ „правільным курсам" у маскоўскую яму?!

У беларускага грамадзтва ёсьць дастатковы вопыт, каб разумець, што такое ўлада савецкай прамаскоўскай намэнклятуры, як яна дасягаецца, функцыянуе і ўтрымліваецца, якія могуць быць вынікі гэтай улады і наступствы для Беларусі. Гэта ўсім зразумела. Але трэба дзейнічаць. Дзейнічаць рашуча і разам. Адкінуць усю лукашэнкаўскую і ўсю „дэмакратычную" дэмагогію намэнклятуры. Бо, як кажа наша беларуская моладзь, Беларусь— гэта сьвятое.

Якім чынам можна засьцерагчыся цяпер (практычна, за тры тыдні да выбараў) ад дэмакратычнай дэмагогіі і ад ганебнага становішча, у якое зноў заганяюць беларусаў?

Мы можам супрацьпаставіць гэтаму нашу Беларускую Салідарнасьць у абароне асноўных беларускіх каштоўнасьцяў: мовы, незалежнасьці, нацыянальнай маёмасьці. Усе беларусы, незалежна ад поглядаў і якіх бы там ні было прыхільнасьцяў, могуць салідарызавацца ў абароне асноўных здабыткаў нацыі. Гэта натуральна і ў гэтым наша нявыкарыстаная сіла.

Я зьвяртаюся да ўсіх грамадзянаў Беларусі, і перш за ўсё, да таго мільёна выбаршчыкаў-беларусаў, якія падтрымалі мяне на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе, да ўсіх, хто падтрымлівае Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне", ягоную Кансэрватыўна- Хрысьціянскую Партыю — БНФ і ўвесь Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух. Зьвяртаюся з заклікам: не галасуйце за Лукашэнку і за яго заплечніка С. Гайдукевіча. Не галасуйце за У. Ганчарыка і С. Домаша. Не галасуйце за прамаскоўскіх кандыдатаў намэнклятуры.

I ў першым, і асабліва ў другім туры, выкрэсьлівайце ўсіх прамаскоўскіх кандыдатаў намэнклятуры, разам з Лукашэнкам! Выкрэсьлівайце ўсіх! Арыентуйцеся на паўторныя выбары з новымі, беларускімі кандыдатамі

Усе пазыцыі, якія выяўленыя ў гэтай маёй заяве, абмеркаваныя на Паліткамітэце Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, разам з кіраўніцтвам Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне" і прапанаваныя на Сойм Народнага Фронту і Партыі БНФ. Я не сумняваюся, што яны ўвойдуць як асноўныя палажэньні ў Праграму дзеяньняў усяго Нацыянальна-Вызвольнага Руху на пэрыяд палітычнай кампаніі па выбарах прэзыдэнта.

Мяркую, што, улічыўшы вопыт 1994 года, Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ менавіта цяпер, з пачаткам агітацыйнай кампаніі, павінны аб’явіць аб сваёй палітычнай апазыцыі да любога кандыдата намэнклятуры, у выпадку выбраньня яго на прэзыдэнта краіны.

Альтэрнатывай акупацыі, анэксіі, інтэграцыі, усім формам нэакаляніялізму і расейскага імпэрыялізму быў і зьяўляецца Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне", ягоная Партыя і ўвесь адраджэнскі беларускі рух. Змаганьне за Беларусь — гэта працэс, які не заканчваецца выбарамі прэзыдэнта. Беларуская альтэрнатыва ёсьць. I пакуль яна існуе, усіх беларусаў не ашукаюць.

Памятайма пра Беларусь! Тады не дапаможа Маскве ніякая здрада, ніякае намэнклятурнае прыстасаванства, ніякая дэмакратычная дэмагогія і ніякія хітрасьці нямецкай дыпляматыі. Жыла, жыве Беларусь, і будзе жыць!

(15 жніўня 2001 г.)

4. Выхад — паўторныя выбары

Беларусь, якая практычна пазбаўленая нацыянальна арыентаванай палітычнай эліты, нагадвае мне сьляпога, якога зламысьнікі вядуць у бездань. Рай для нягоднікаў, замежных разьведак і сацыяльных паліттэхнолягаў.

Перш чым загарнуць уладу ў Расеі, КГБ адпрацаваў варыянт рэжыму ў Беларусі. Цяпер выпрабоўваюцца варыянты выбараў.

Пачынаючы з канца 1997 года, пасьля спалучэньня інтарэсаў рускага КГБ і нямецкай разьведкі ды дыпляматыі ў Беларусі, гэты спэцтандэм стаў ці ні наймацнейшай сілай, здольнай рабіць кардынальны ўплыў на працэсы ў краіне.

"Праект Чыгір" і падпольныя выбары прэзыдэнта ў 1999 годзе, „Хартыя-97", „перамоўны працэс" і „дыялёг", „аб’яднаная дэмапазыцыя" (без беларускіх ідэяў адраджэньня), моладзевая арганізацыя „Зубр" і, нарэшце, „пяцёрка" намэнклятуры ды „адзіны" намэнклятурны кандыдат — усё гэта не абышлося без інсьпірацыяў тандэму нямецка-расейскіх спэцслужбаў і агентуры.

Стратэгічная задача „тандэма" — разбурыць беларускі незалежніцкі рух супраць каляніяльнай палітыкі Расеі, зьнішчыць беларускае нацыянальнае Адраджэньне (перш за ўсё — Беларускі Народны Фронт) і ўключыць Беларусь у сфэру дзяржаўнага кіраваньня Масквы, узамен за саступкі немцам (у пэрспэктыве) у былой Усходняй Прусіі (Калінінградзкая вобласьць). Ні для немцаў ні для расейцаў ні для іхнага сумеснага капіталу, аб’яднанага ў канцэрн „Газпрам-Рургаз", не патрэбная „транзытная тэрыторыя" Беларусь і выплаты за транзыт.

Менавіта дзякуючы спэцыяльным стараньням з Усходу і з Захаду, быў аслаблены Беларускі Народны Фронт, рэанімаваная групоўка былой кебічаўскай намэнклятуры і, пад шырмай „дэмакратаў", уведзеная ў палітычны расклад прэзыдэнцкіх выбараў (так званыя „пяцёркі", „сямёркі", „адзіны кандыдат" і г.д.). Ажыцьцёўлены прынцып „кіруемага канфлікту", распрацаваны рускімі спэцслужбамі. Я ўжо пісаў у папярэднім лісьце (ад 15.08.2001г.) пра магчымыя чатыры варыянты вынікаў выбараў. Найбольш небясьпечныя для Беларусі першы і другі варыянты (калі прэзыдэнтам стаў бы Лукашэнка-Гайдукевіч ці Ганчарык-Домаш, і калі б іх прызнала міжнародная супольнасьць).

Нямецка-маскоўскі „тандэм" вядзе сваю палітыку, і, на першы погляд, здаецца, што Масква быццам бы не пярэчыць замене Лукашэнкі. Але гэта толькі здаецца, бо кожны трымае ў запасе сваю выгаду.

Відавочна таксама, што група Лукашэнкі адчула небясьпеку і верагоднасьць здачы Лукашэнкі з боку Масквы, і таму праводзіць сваю „гульню" — жорсткую, цьвёрдую, пасьлядоўную, не зважаючы на законы і права, тыпова дыктатарскую.

Пасьля нечакана лёгкага пазбаўленьня ад маёй кандыдатуры, быў перагледжаны ўвесь сцэнар выбараў. Акрамя С. Гайдукевіча, адкінулі ўсіх „запасьнікоў", дублёраў і паралельных стаўленікаў Масквы (нават Л. Сініцына і М. Марыніча), а С. Домаша, спэцыяльна падрыхтаванага для разьбіцьця нацыянальна-вызвольнага алектарату, тут жа адвялі ўбок. (Потым яго, як службовую фігуру, хутчэй за ўсё ўвогуле выдаляць з „гульні".)

Зьнешне складваецца ўражаньне, што група Лукашэнкі, не зважаючы ні на якія правы і законы, дэманстратыўна, напралом хоча выйграць у першым туры. Лукашэнка паказвае, што яму непатрэбнае прызнаньне Захаду, што ён будзе дружыць з Пуціным, Хусэйнам ды Кадафі. У яго — свая кампанія. У выніку — пачынае здавацца, што ўсё набліжаецца да трэцяга варыянту (Лукашэнка „выйграе", але Захад выбары не прызнае).

Па маіх назіраньнях, аднак, і па раскладцы кандыдатаў усё падрыхтавана якраз да першага варыянту (Лукашэнка „выйграе" і яго прызнае Эўропа). Для гэтага патрэбны другі тур.

Калі на гэта пойдуць, то можа здарыцца наступнае. Груба і нахабна скарыстаўшы адміністрацыйны рэсурс і фальсіфікацыі, у другі тур выходзіць пара Лукашэнка-Гайдукевіч.

Што ў гэтай сітуацыі будуць рабіць Ганс Вік, кебічаўскія „адзіныя" кандыдаты і ўся „дэмакратычная" камарыльля, застаўшыся за бартом? Лямантаваць? Чаго? Выбары ж прадаўжаюцца „дэмакратычна" і на „альтэрнатыўнай" аснове. Ці можа Ганс Вік захоча даказаць, што Ганчарык набраў больш галасоў за Гайдукевіча і што галасаваньне сфальсіфікавалі? („Ай-я-яй, нядобра крыўдзіць кандыдата Гайдукевіча." — скажуць спадару Віку.) Зрэшты, Ганс Вік гэтага рабіць ня стане. I вядома, чаму.

Калі здарыцца другі тур, то як будуць паводзіць сябе вікаўскія назіральнікі за выбарамі? Што ім тады там назіраць і што рабіць? Стаць сьведкамі „справядлівага" выбраньня Лукашэнкі? Ці, можа, яны захочуць засьведчыць фальсіфікацыі і даказаць, што пакрыўдзілі дублёра Гайдукевіча? „Ды кіньце вы, — скажа дублёр Гайдукевіч, — я прэтэнзіяў ня маю, барацьба была чэснай."

Захаду нічога не застанецца, як прытрымлівацца ўсіх сваіх папярэдніх упартых заяваў аб прызнаньні Лукашэнкі ў выпадку „добрых" выбараў і — прызнаць Лукашэнку.

Тэхнічна гэта будзе азначаць, што КГБ Расеі (які на справе — за Лукашэнку), дзейнічаючы ў маскоўска-нямецкім тандэме, абкруціў вакол пальца хаўрусьніка Віка (што лічыў сябе найхітрэйшым).

Для Беларусі — гэта будзе чарговая народная катастрофа, пасьля чаго беларусам застанецца толькі праклясьці і здрадлівую Эўропу, і хітрую Маскву.

Можна не сумнявацца, што ў гэтай сітуацыі лібэральна-сацыялістычная Эўропа нас прадасьць, як прадала Чачэнію, як некалі ня раз прадавала Польшчу, Чэхаславаччыну ды Аўстрыю.

Але ёсьць выхад са становішча. Ён залежыць ад беларусаў і прапанаваны ўжо Беларускім Народным Фронтам „Адраджэньне" і арганізацыямі Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху. Трэба галасаваць супраць усіх кандыдатаў. Вынікам дружнага галасаваньня супраць усіх (гэта значыць супраць абодвух у другім туры) павінны стаць паўторныя выбары прэзыдэнта з новымі, беларускімі кандыдатамі. (Адзначым, што 27 лістапада заканчваецца тэрмін Лукашэнкі па ягонай канстытуцыі. Узьнікаюць новыя ўмовы выбараў.) Гэта адзіны выратавальны варыянт для Беларусі і магчымасьць пазьбегнуць маскоўскай пасткі. Дарэчы, тады (пры галасаваньні супраць усіх кандыдатаў) зьявіцца і сэнс у працы назіральнікаў за выбарамі. Неабходна збавіцца ад ачмурэньня кебічаўскімі зданямі і дэмакратычнай дэмагогіяй намэнклятурных рэваншыстаў.

Беларусь можна адвесьці ад палітычнае катастрофы. Беларусам трэба скарыстаць такую магчымасьць.

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне" 25 жніўня 2001 г

Дадаць у: