НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ – ШАНЦ ПЕРАМОГІ (рэліз для замежжа)

 НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ – ШАНЦ ПЕРАМОГІ  (рэліз для замежжа)

 Аўтарытарным прамаскоўскім рэжымам у Беларусі створана дзяржаўная фальсіфікацыйная сістэма галасаваньня і правядзеньня выбараў. Сутнасьць яе палягае на поўным кантролі над дзейнасьцю ўсіх выбарчых камісіяў і на цалкавітай залежнасьці ўсіх чальцоў гэтых камісіяў ад адміністрацыі ўлады (склад камісіяў фармуе рэжым). Апазыцыйна настроеных да рэжыму асобаў ў камісіі не дапускаюць. У 2004 годзе ў час выбараў і незаконнага рэфэрэндуму фальсіфікацыйная машына галасаваньня прадэманстравала сваю таталітарнасьць: галасы нават не падлічвалі; чальцы камісіі падпісвалі заранёў складзеныя адміністрацыяй улады пратаколы галасаваньня з патрэбнымі для рэжыму вынікамі.

У гэтых умовах удзел у галасаваньні альтэрнатыўна настроеных кандыдатаў робіцца бяссэнсоўным і толькі спрыяе бачнасьці “дэмакратычных” выбараў, на практыцы – спрыяе рэжыму. Становішча выглядае тупіковым.

Намі, Беларускім Народным Фронтам і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй – БНФ, Ініцыятывай “Беларуская Салідарнасьць” прапанаваны і прыняты да дзеяньня мэтад Народнага галасаваньня, які дазваляе цалкам на падставе Канстытуцыі і Закона заблякаваць фальсіфікацыйную машыну выбараў.

Тэхналёгія мэтаду: выбаршчык бярэ бюлетэнь для галасаваньня на выбарчым участку, расьпісваецца ў сьпісе выбаршчыкаў і ідзе ў кабіну. У кабіне бюлетэнь рэжыму ён кладзе ў кішэнь, а ў скрыню для галасаваньня кідае свой Народны бюлетэнь – чысты ліст паперы, на якім піша прозьвішча кандыдата, за якога галасуе, альбо ня піша нічога.

Пасьля галасаваньня выбаршчык перадае афіцыйны бюлетэнь у Нацыянальную Грамадзкую Камісію (НГК), якая ўсё падлічвае і складае пратакол падліку. Усе дзеяньні цалкам пагрунтаваныя на заканадаўстве.

У выніку -- Народны бюлетэнь выбаршчыка будзе ўлічаны выбарчай камісіяй як несапраўдны, а выбаршчык будзе мець на руках дакумэнтальнае пасьведчаньне свайго альтэрнатыўнага галасаваньня -- афіцыйны бюлетэнь з гэрбавай пячаткай і подпісамі чальцоў выбарчай камісіі.

Фальсіфікацыя і маніпуляцыя галасамі ў гэтым выпадку будзе заблякаваная. І калі НГК зьбярэ, напрыклад, больш 50 адсоткаў афіцыйных бюлетэняў выбаршчыкаў, гэта будзе азначаць неабвержны народны імпічмант Лукашэнку. Але відавочна, што для правальваньня рэжыму дастаткова будзе меншая колькасьць бюлетэняў.

Такім чынам Народнае галасаваньне патрэбнае для таго, каб законна выкінуць Лукашэнку з выбарчага працэсу. Другі этап – дэмакратычныя выбары прэзыдэнта Беларусі, рашэньне аб якіх можа прыняць Беларускі Часовы ўрад (у залежнасьці ад абставінаў, бо падзеі абвострацца).

                                                            * * *

Як выглядае цяпер рэальная сітуацыя? Да сярэдзіны студзеня рэжым усьвядоміў небясьпеку Народнага галасаваньня і маю ролю ў гэтай справе. 18 студзеня (як раз, калі мы дасягнулі ўжо 100 тысячаў подпісаў) Цэнтральная Выбарчая Камісія (ЦВК) прад’явіла мне другое афіцыйнае папярэджаньне ва ўльтыматыўнай форме, дзе было заяўлена, што сабраныя за мяне подпісы ЦВК не прызнае з прычыны распаўсюджаньня намі інфармацыі пра Народнае галасаваньне, якое ЦВК кваліфікуе як “агітацыю”. Усе астатнія дні мае групы зборшчыкаў рэгулярна арыштоўвала міліцыя; пратаколы затрыманьня адсылалі ў ЦВК. Стала зразумела, што рэгістраваць маю кандыдатуру ня будуць, а людзей, што за мяне падпісаліся на падпісных лістах (там іхныя адрасы і нумары пашпартоў) будуць перасьледваць. Паколькі маю кандыдатуру заблякавалі (і, зразумела, мяне ня пусьцяць на Беларусь), мы прынялі рашэньне зьберагчы нашых прыхільнікаў і не здаваць падпісныя лісты (135 тысячаў) ў ЦВК.

У пачатку лютага створана Нацыянальная Грамадзкая Камісія і яе структуры. Падрыхтаваны Статут НГК, працягваецца інфармацыйная праца па Народным галасаваньні. Дзейнасьць сканцэнтравана ў Менску і вялікіх гарадах. Праведзеныя фармальныя перамовы з камандамі кандыдатаў (акрамя Гайдукевіча). Народнае галасаваньне падтрымаў А. Вайтовіч. Ні Мілінкевіч, ні Казулін, якіх фінансуе Масква дзеля дэмакратычнага антуражу выбараў (што выгадна Лукашэнку), ня здольныя былі на самастойныя дзеяньні і не падтрымалі Народнае галасаваньне.

Пасьля рэгістрацыі кандыдатаў і пасьля іхных паездак па дапамогу ў Маскву стала зразумела, што плян замены Лукашэнкі на Казуліна Лубянка, відаць, распрацоўваць далей ня будзе (хаця поўнасьцю выключаць гэтага нельга). Масква, як і раней, цалкам падтрымлівае Лукашэнку і імітацыю “дэмакратычных” выбараў з усімі дзейнымі і службовымі статыстамі.

Пазыцыя Эўразьвязу тут характарызуецца вэрбальнай дэмагогіяй, наіўнасьцю і бездапаможнасьцю, адсутнасьцю канцэпцыі. Эўропа цалкам (сьведама і нясьведама) падыгрывае Маскве.

Цяпер найбольшая перашкода для Народнага галасаваньня – гэта абмежаванасьць інфармацыі. Народны Фронт заўсёды абапіраўся толькі на свой народ. Народнае галасаваньне, як паветра патрабуе шырокай вядомасьці. Там, дзе беларусы знаёмяцца з народнай канцэпцыяй галасаваньня – там адразу становяцца на яе бок.

 

22 лютага 2006 г.                        

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Беларускага Народнага Фронту

“Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай

Партыі БНФ 

Дадаць у: