Калісьці, яшчэ за часы “халоднай вайны”, беларуская эміграцыя рупілася пра стварэньне свабодных сродкаў інфармацыі па-беларуску. Амэрыканцы ішлі насустрач. Калі сказаць коратка, то радыё “Свабода” стварыў Прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. Гэта было сапраўды беларускае Адраджэнскае радыё. Першыя беларусы-працаўнікі на беларускім радыё дамовіліся між сабой, што частку заробленых грошай кожны зь іх будзе рэгулярна аддаваць на Раду БНР.
Гэта былі палітыкі, якія за мяжой утрымалі і зьбераглі ідэалы Вольнай Беларусі, у той час, калі на Бацькаўшчыне яны былі практычна цалкам — зьнішчаныя.
Але часы зьмяніліся. Канец Савецкага Саюзу, зьнікненьне камуністычнай пагрозы і (як вынік) паслабленьне паняцьцяў ды прыход да ўлады лева-лібэральнай масьці ў Заходнім сьвеце выцягнулі паўсюдна наверх бездухоўнасьць, збочанасьць і лібэральную драбнату, якая фармуе сьвет пад сябе. Ідэалы беларускага Адраджэньня выпарыліся на радыё “Свабода”, як вясновы туман.
Слухаць паліткарэктную вальяжную паўінфармацыю, каб потым высьвятляць, як было ў сапраўднасьці, для абазнаных людзей часам бывае проста неахвота. Яна выклікае толькі нуду.
Наш аналіз паказвае, што ў апошнія гады радыё “Свабода” страціла (і страчвае) у Беларусі шмат пастаянных слухачоў, найбольш тых людзей, якім баліць будучыня Беларусі. Я са зьдзіўленьнем заўважыў, што і сам перастаў рэгулярна слухаць гэтае радыё і шукаю інфармацыю зь іншых крыніцаў (хоць разумею, што мне неабходна слухаць усё).
Бадай найбольш цікавае ў пражскім беларускім эфіры — гэта паведамленьні зь месцаў, дзе чуецца яшчэ дыханьне рэальнага чалавека. Мы заўсёды карыстаемся такімі зьвесткамі з эфіру “Свабоды” ў нашым друку, бо яны “жывыя” і ў сваёй стрыманай непасрэднасьці, і ў сваім максімалізме. (Добора яшчэ, што на радыё яны ўвогуле гучаць.)
“Слухаем вашыя перадачы на працягу сямі гадоў, — пішуць на радыё слухачкі з пасёлку Лясны Менскага раёна, — і заўважаем, што яны апошнім часам зьмяніліся, і не заўсёды — у лепшы бок. Усё часьцей інфармацыя скажаецца і не адпавядае рэчаіснасьці.” (Радыё “Свабода”, 1 чэрвеня 2001 г.)
“Свабода, ты прадалася расейскім спэцслужбам, — “крэпка” зьвяртаецца слухач Яська Гаспадар з-пад Менску, якому лопнула цярпеньне. — Замест таго, каб ратаваць незалежнасьць і клікаць беларусаў да барацьбы, ты даеш слова розным статкевічам, посахавым, пашкевічам ды іншым памагатым рэжыму. Мала іх паказвае Дзяржаўнае тэлебачаньне, дык яшчэ і вы засьмечваеце імі і ім падобнымі беларускі эфір.” (Радыё “Свабода”, 25 студзеня 2001 г.)
Слухача — Яську Гаспадара з-пад Менску — можна зразумець. Наслухаўшыся “Жмінды Дрышчовай” і яе лінгафоннай кліентуры на менскім радыё, а потым чуць іх яшчэ раз па гэтакай лібэральна дагледжанай “Свабодзе” — людзям прынука, яны злуюцца.
Беларусы хочуць мець Беларускае нацыянальнае радыё, а не палову, беларускія ідэі, а не разважаньні на ўзор сорасаўскай дэмакратыі, якую прыстойны беларус ніколі ня прыме і ня ўспрыме.
Але, як кажуць, што ёсьць, тое ёсьць. Не было б горай.
Толькі беларускі слухач зьмяніўся. Ён перарос “Свабоду”. Чаго там аніяк ня ўцямяць. Зрэшты, можа, й добра, што ня цямяць, бо ўцяміўшы — трэба ўсё мяняць. Дык зоймуць кругавую абарону супроць слухача. І “Амэрыка ім дапаможа”.
8 чэрвеня 2001 г.
Зянон Пазьняк