НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ВЫХАД З КРЫЗІСУ

 ВЫХАД З КРЫЗІСУ

            Фінансава-эканамічны крызіс абняў палову сьвету, асабліва захапіў Эўропу і Амэрыку.

            У розных краінах ён адбываецца па-рознаму. Усюды церпяць бізнэс, вытворчасьць, гандаль і банкі. Але, трэба сказаць, простага чалавека ў Заходнім сьвеце крызіс закрануў найменш даткліва. Тым часам у нас, на Беларусі, ён стукнуў найбольш па простых людзях, па ўсім народзе. Чаму так адбылося, што робіцца і што рабіць у гэтым становішчы?

            Крызіс высьпяваў даўно і зьвязаны ён з несувымерным павелічэньнем цаны за нафту, якая зьяўляецца адным з базавых чыньнікаў фармаваньня цэнаў на тавары і адыгрывае ў сучасным сьвеце ролю каталізатара сусьветных грошай (даляра). Актыўна спрыяла гэтаму працэсу (палітычнымі мэтадамі) гэбоўская Расея, эканамічнае існаваньне якой залежыць ад цаны на нафту.

            Адначасна з ростам цэнаў на нафту адбывалася штучнае зьніжэньне курсу амэрыканскага даляра з боку Амэрыкі і інтэнсіўнае падвышэньне кошту нерухомасьці. Наступны этап – падвышэньне курсу даляра і зьніжэньне цаны нерухомасьці.

            На гэтых кіруемых працэсах нажываюцца краіны-экспарцёры нафты (найбольш Расея) і асабліва (на манiпуляцыях зь нерухомасьцю і курсах) -- групы, якія ўплываюць на фармаваньне курсу сусьветнай валюты і цэнаў на нерухомасьць. Летам мінулага году сістэма дала збой – банкі пераацанілі свае магчымасьці: ня вытрымаў амэрыканскі народ, ня змог плаціць па крэдытах (лопнула іпатэка). Пачаўся фінансавы крызіс, дакладную прычыну якога “ня ведаюць”  самы стратэгі і аўтары працэсаў. Паказальнае выступленьне (былога ўжо) старшыні Фэдэральнай Рэзэрвавай Сістэмы ЗША, прызнанага аўтарытэта ў фінансавым сьвеце Алана Грынспэна ў Кангрэсе ЗША ў кастрычніку мінулага году. Ён сказаў, што “памыліўся”, што сорак гадоў усё атрымлівалася, а тут “памыліўся”, і ўсё перакулілася.

            Расея, дзе няма нармальнай капіталістычнай эканомікі і нармальнай, адпаведнай банкаўскай сістэмы, дзе гэбоўская група ўлады пампавала свае нафта-даляры і думала, што так будзе вечна, гэтая Расея адчула крызіс адразу і адразу ён набыў там пачварныя формы. Усё гэта было цалкам прадказальным, варта было толькі падумаць.

            Вялікай небясьпекай і злачынствам перад будучыняй было б зьвязаць большую палову нацыянальнага гандлю краіны і адзіны імпарт рэсурсаў з такой дзяржавай, як Расея. Але рэжым Лукашэнкі менавіта гэтакае злачынства сьведама і зрабіў. Крызіс у Беларусь прыйшоў найперш з Расеі. Рэжым не рабіў  нічога, каб яму запабегчы. Наадварот, гаворачы людзям пра ўяўную стабільнасьць, рыхтуючы вялікую дэвальвацыю, рэжым штучна трымаў заніжаную цану ў беларускіх рублях за даляр у той час як даляр зь лета мінулага году йшоў у гару. Гэта, як можна меркаваць, дало магчымасьць атрымаць выгаду тым, хто ведаў пра дэвальвацыю.

            Дзейнасьць рэжымнага кіраўніцтва Беларусі ва ўмовах крызісу, які яно наклікала, прадыктаваная выключна і толькі клопатам пра захаваньне сваёй улады, гэтак жа як і рэакцыя на новыя дачыненьні Эўразьвязу да палітыкі антыбеларускага рэжыму. Нічога ў прынцыпе не зьмянілася і ня будзе зьмяняцца ва ўнутранай палітыцы на Беларусі (акрамя маленькіх і паказушных саступак, якія не зьяўляюцца нават тэндэнцыяй). Зьнішчэньне ўнутранага рынку гэтак жа, як і зьнішчэньне нацыянальнай беларускай культуры, працягваецца.

            Сустрэча зь прэзыдэнтам Юшчанкам, якая нядаўна адбылася ў Чарнігаве, і чарговая ўяўная зацікаўленасьць Лукашэнкі праектам Балта-Чарнаморскага калектара (БЧНК), за ажыцьцяўленьне якога ўвесь час змагаўся Народны Фронт, -- гэта зноў чарговае гульбішча рэжыму, каб выцыганіць малую цану за газ ад пуцінскай Расеі. Атрымалі цану, і на гэтым цікавасьць да БЧНК скончыцца. БЧНК ніколі ня стане зьместам эканамічнай палітыкі лукашысцкага рэжыму, як ніколі ня стане марыянэтка распараджацца сабой. Асобным эканамічным і палітычным накірункам дзеяньня БЧНК быў толькі ў Народным Фронце. Ажыцьцяўляючы гэтую ідэю, мы добра ўсьведамлялі, каму яна будзе непадабацца. За БНФ і ўкраінскім Рухам стаяць ужо міжнародныя дачыненьні і пагадненьні, распрацоўка праектнай дакумэнтацыі па БЧНК і нават ахвяры (зьнікненьне адказнага па Калектару ад Народнага Руху Ўкраіны Міхайлы Байчышына ў 1993 годзе разам з дакумантамі БЧНК). БЧНК не для антыбеларускага рэжыму і не для Лукашэнкі.

            Жыцьцё беларусаў за гэтай уладай будзе няўхільна пагаршацца. Рэжым ня здольны выйсьці з крызісу не разбурыўшы грамадзтва і эканоміку, не абрабаваўшы народ і не загнаўшы яго ў галечу (хаця крызіс сам па сабе павінен прыносіць аздараўленьне). Аздараўленчае выйсьце з крызісу можа адбыцца толькі пры адхіленьні гэтага рэжыму ад улады. Аналіз паказвае, што наперадзе – грамадзка-эканамічны стрэс і вельмі цяжкі час, калі толькі ня ўдасца хутка адвязацца ад вялікадзяржаўнага ціску Расеі і пазбавіцца ад кіруючага рэжыму на Беларусі. У крызіснай сытуацыі беларускі народ у прынцыпе мог бы выжыць сам, калі б у яго была элемэнтарная свабода дзеяньняў і доступ да саёй нацыянальнай уласнасьці. Але, зразумела, што яму не дадуць дыхнуць, а будуць толькі душыць (дачыненьні з дробнымі прадпрыймальнікамі – характэрная ілюстрацыя).

            Трэба было б у гэтым становішчы даць людзям волю, каб яны маглі ўнутры краіны рабіць (вырабляць), што хочуць і прадаваць, што хочуць,  дзе хочуць і каму хочуць. Патрэбныя на гэтую дзейнасьць і на гэты час спрошчаныя невысокія падаткі. Доступ грамадзянаў Беларусі да зямлі. Заахвочваць прыватныя фермы і хутары. Трэба спрасьціць і аблегчыць грамадзянам выезд на працу (на заробкі) за мяжу. Трэба панізіць мінімум ў дзесяць разоў арэндную плату за памяшканьні, за рабочыя месцы на рынках, у варштатах і г. д. Трэба ўвогуле скасаваць мафійную манаполію на нерухамасьць, якой незаконна распараджаецца адзін чалавек. Спыніць беспэрспэктыўнае будаўніцтва “аграгарадкоў” і г. д. па ўсёй шкале, з чаго адразу відаць, што пры гэтым рэжыме зрабіць нічога немагчыма. Крэдыты ад МВФ (можаце лічыць гэта за жарт) патрацяць на пабудову лядовых палацаў у “Казючыках” (адпрацаваная форма “адмыўкі” грошай і крадзяжу).

            Ашчадны выхад з крызісу, паўтаруся, вымагае толькі палітычнага рашэньня – ліквідацыі рэжыму, які гэты крызіс падрыхтаваў. Дзеля гэтага трэба, мінімум, наяўнасьць пратэстных настрояў у грамадзтве і наступная іх кансалідацыя на ідэі зьмены кіраўніцтва і вяртаньня законнай Канстытуцыі 1994 года, якая дасьць магчымасьць хутка ўпарадкаваць нармальную сістэму ўлады ў краіне. Адпадаюць усе пытаньні пра “палаткі”, “сэнат”, “вертыкаль”, выбарчае заканадаўства і пра аўтарытарнага прэзыдэнта. У Беларускай дэмакратычнай Канстытуцыі, якую незаконна адмяніў Лукашэнка, усё напісана як рабіць.

            У падрыхтоўцы людзей да патрабаваньня зьмены збанкрутаванай улады ўзурпатараў і фальсіфікатараў ёсьць першыя крокі да палітычнага выхаду з крызісу і задача грамадзянаў краіны. Найперш бачу ў гэтым галоўную задачу тых патрыётаў, якія стаяць на пазыцыях Адраджэньня, змаганьня, незалежнасьці і беларускай дэмакратыі і не пабеглі, як так званая вікаўская “апазыцыя”, прасіцца на службу да рэжыма, каб дапамагчы ацалець прамаскоўскай ўладзе. Крызіс ужо расстаўляе шмат што на сваё месца. Небясьпеку для незалежнасьці Беларусі уяўляе ня крызіс, а існуючы антыбеларускі рэжым. Каб ратаваць краіну трэба не падтрымліваць рэжым, а зьнішчыць яго.  Трэба скарыстаць крызіс, каб ліквідаваць уладу цемры. Беларусам даецца шанц. Пасьля крызісу павінна стаць выздараўленьне. Але патрабуецца толькі адно – хваробу перамагчы.

 

24 студзеня 2009 г.                                                     Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: