НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ КАМПАНІІ

АБ  КАМПАНІІ

1. Пра байкот

Тое што ідэя байкоту фальшывых выбараў прыкметна ўвайшла ў нашае грамадзтва, гэта сьведчаньне здаровай рэакцыі часткі людзей на аферызм і ашуканства рэжыму. Апошнім часам (з 2008-га года) на рэжымнае галасаваньне прыходзіла ня больш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў. На выбарах ў "палату" ў 2019 годзе галасавала мізэрная частка людзей (10-20 адсоткаў). Колькасьць прагаласаваных рэжым "дапісваў" ў так званым "папярэднім галасаваньні" і фальшаваньнем колькасьці галасоў на выбарчых участках, часта павялічваючы іх ў 10 разоў (зафіксавана назіральнікамі).

Няўдзел выбаршчыкаў у фальшывым галасаваньні робіць, практычна, немагчымым схаваць фальсіфікацыю выбараў. Гэта важна для непрызнаньня фальшывых выбараў і выяўленьня нелегітымнасьці антынароднай улады.

Другі аспэкт байкоту -- гэта прыступка для антырэжымнай кансалідацыі грамадзтва. (Гэта істотна, бо грамадзтва расколатае па адносінах да рэжыму). Калі ж людзі ўдзельнічаюць у заведама фальшывым галасаваньні, то яны аўтаматычна становяцца прыладай фальсіфікацыйнай машыны (сістэма іх выкарыстоўвае як прыкрыцьцё фальсіфікацыі, бо рэальныя галасы ня лічаць, але выстаўляюць патрэбны рэжыму вынік).

Самае цяжкае для людзей -- зразумець просты механізм ашуканства у гэтай афёры. Ідэалогія і палітычная пазыцыя чалавека тут на яго паводзіны амаль што не ўплываюць. Ўсё залежыць ад якасьці думаньня. Таму ня дзіўна, што асобы, якія не прымаюць антынародную палітыку рэжыму, часта пасіянарна ідуць на выбары, каб галасаваць супраць, ці за іншага, не ўсьведамляючы, што іхні ўдзел у фальшывым галасаваньні скарыстаюць для пакрыцьця ашуканства. І растлумачыць тое ім немагчыма (тупіковая логіка). Сьвядомасьць заблакаваная. Патрэбны час.

Рэжым зразумеў небясьпеку байкоту і мы бачым, што выбары 2020 года, прызначаныя ў пэрыяд эпідэміі (што ўжо антызаконна), тактычна накіраваныя на забесьпячэньне прыходу выбаршчыкаў на ўчасткі і на фактычную ліквідацыю сістэмы грамадзкага кантролю і назіраньня за галасаваньнем.

На карысьць рэжыму служыць і наяўнасьць прэтэндэнтаў ад рэжымнай намэнклятуры, якія будуць разыгрываць ролю канструктыўнай альтэрнатывы для прыцягненьня на выбары расчараванага і раззлаванага на Лукашэнку электарату.

2. Аб кандыдатах рэжымнай намэнклятуры

Рэжымныя СМІ і асабліва канфармісцкія СМІ (іншых ў нас ужо няма) раскручваюць дзьве асобы спадароў Бабарэку і Цапкалу. Гэта сьведчыць аб зацікаўленасьці рэжыму і Масквы ў выключнай ролі гэтых прэтэндэнтаў.

Бліжэйшая функцыя іхняй ролі для рэжыму -- гэта прыцягненьне раззлаванага электарату на участкі для галасаваньня (рэжым ня хоча пустых участкаў).

Далёкасяжная роля для Масквы -- гэта стварэньне важкіх палітычных фігур нібыта альтэрнатыўных Лукашэнку, якія будуць прызнаныя і кантраляваныя Масквой, Эўразьвязам і ЗША (вакансія "Мілінкевіча", які выконваў гэтую ролю, цяпер якраз пустуе). Масква рыхтуе на будучыню новую, ужо намэнклятурную, зрусіфікаваную (без нацыянальных беларускіх "замарочак") кіруемую альтэрнатыву рэжыму, якая пры патрэбе будзе скарыстаная для замены Лукашэнкі.

Спадара Бабарыку пачалі рыхтаваць да гэтай ролі яшчэ тры гады таму. Якраз тады ён пачаў выступаць публічна (напрыклад, у бізнэс-клубе "Імагуру" на Фабрыцыуса) з апавяданьнямі пра свае паняцьці, пра ацэнкі эканомікі, фінансаў і т.п. на тым жа ўзроўні, што і цяпер з псэўда-крытыкай сістэмы. І ніхто яго, чыноўніка рэжыму, ня рушыў.

Што датычыць "дыпламата" сп. Цапкалы, то ён як кадравы функцыянер " всегда готов", сваёй ролі ў выбарчай кампаніі, і сваіх "рускамірскіх паняцьцяў" нават не хавае.

Павышаная ўвага да гэтых асобаў, якую настырна выяўляе агентура і СМІ, служыць ня толькі рэкляме гэтых прозьвішчаў, але (што цяпер найважней) адключэньню ўвагі грамадзтва ад сьмяртэльнай пандэміі і ад злачынства рэжыму Лукашэнкі, які выкарыстоўвае эпідэмію дзеля захворваньня і зьнішчэньгя беларусаў.

3. Аб сацыяльным папулізме

Людзі раззлаваныя пагаршэньнем жыцьця, беспрацоўем, нізкімі заробкамі і несьціханай хлусьнёй Лукашэнкі. Узьніклі прыдатныя ўмовы для пратэстнага папулізму. Ён тут жа зьявіўся: канструктыўная эмацыйная крытыка ўлады, апэляцыя да сацыяльных патрэбаў простага чалавека, забойчыя факты, сьведчаньні бяспраўя ды беззаконьня і г. д. Ўсё гэта ўжо гучыць, усё яно зразумела людзям, ўсё людзьмі ўспрымаецца і "гібрыдная" агентура, што выскачыла ў гэты час, гераічна вядзе масы на змаганьне з рэжымам. Тэхналёгія праверана яшчэ ў царскай Расеі.

Можна нават не праглядаць іхную "ідэалогію", сутнасьць вызначаецца ўжо па зьнешніх прыкметах: мова толькі расейская, ніякіх нацыянальных сімвалаў, ніякіх размоваў, выступаў і апэляцыяў да нацыянальных праблем, да фактаў зьнішчэньня нацыі, школы, мовы, культуры і г. д.

У той час, калі рэжым глуміць ўсё нацыянальнае, яны будуць апэляваць да "дэмакратыі" і абапірацца на "статус-кво" як на аб’ектыўную аснову (гэта значыць прызнанаваць злачынную ў выніку антыбеларускай палітыкі нацыянальную дэфармацыю грамадзтва, як аб’ектыўную дадзенасьць).

Характэрнай прыкметай пратэстаў пад уплывам агентуры ў Беларусі ёсьць абавязковая падмена і замена агульнанацыянальных сімвалаў і колераў (напрыклад, Пагоню на бусьліка, ды на зубра). Прытым звычайна прыдумваюць глумлівыя прадметы. Некалі нейкі маладзён з псэўдаапазыцыі навязаў на дручок замест сьцяга джынсавыя штаны. Мілінкевіч зрабіў з гэтага нацыянальны сімвал беларускага руху. Брусэль адобрыў і назваў тое глумленьне "рэвалюцыяй джынс". Псэўдаапазыцыя пачала насіць на шыі і махаць як сьцягамі джынсавымі анучкамі.

Памятаю чытаю ў "Каўказ-цэнтар" рэакцыю Аляксандра Літвіненкі, які пісаў аб нішчэньні антынародным рэжымам Лукашэнкі беларускай сьвятыні -- Бел-Чырвона-Белага сьцяга. І ў гэты час ,-- пісаў Літвіненка, -- беларуская апазыцыя "водрузіла над сабой как флаг джінсовую тряпку. Поістіне нація болванов". Жахліва было тое чытаць. Але каму ты ўжо што растлумачыш.

У нядзелю, 24 траўня, я праглядзеў адкрыты эфір з Камароўкі аб зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты. Тут класіка канторы. Груба, але прафэсійна. Усё ёсьць. Ўсё прысутнічае. Усё ўзорна. Новы глумлівы сімвал таксама прыдумалі для народа -- дамашні тапак-шлёпанец, якім быццам бы б’юць тараканаў (гэта, відаць, у Цьмутаракані так робяць).

Нейкія асобы хадзілі з плакатамі, дзе намаляваныя шлёпанцы, несьлі іх на дрэўках, трымалі ў руках. А ў час доўгага інтэрв’ю змагар з рэжымам Сяргей Ціханоўскі, якога раптам выпусьцілі з-пад арышту, шмат разоў падымаў сьціснуты кулак ў верх і крычаў: "Стоп таракан!" "Стоп таракан"! -- адзываліся побач. Якое там "Лукашэнка прэч!" Якое там "Слава Айчыне"! Якое там "Жыве Беларусь"! "Таракан" -- крычаць.

Спадар Ціханоўскі камунікуецца не ў ФБ. Ён у канторскай "Вконтакте". На пытаньне пра 1991 год -- нацыянальную рэвалюцыю і Незалежнасьць Беларусі, рэпліка (-- а это когда Советскій Союз распался). Пра Пагоню і Беларускі сьцяг (-- как народ решіт) і г. д. Як кажуць, ад сябе не ўцячэш.

Тут тыповая пазыцыя чалавека, які знаходзіцца пад уплывам маскоўскай ідэалёгіі гібрыднай вайны. Такіх людзей часам называюць "агентамі ўплыву", прытым яны нават самы пра тое не здагадваюцца, але дзейнічаюць у рэчышчы чужой палітыкі.

Такое здараецца зь людзьмі, у якіх не пастаўлены і не сфармаваўся нармальны нацыянальны хрыбет, нацыянальная годнасьць, гонар за мову, гісторыю і свой народ, які перажыве выпрабаваньне. Цяпер у рэжымнай Беларусі, дзе лукашызм нішчыць усё беларускае, нацыянальная недафармаванасьць асобы стала ўжо сацыяльнай асаблівасьцю ў грамадзтве.

Зрэшты, у такіх людзей (калі яны не завербаваная агентура, вядома) яшчэ ёсьць пэрспэктыва асабістага нацыянальна-культурнага разьвіцьця ў інтарэсах Беларусі. Але пакуль што відовішча не найлепшае.

"За каго будзеце галасаваць?" -- пытаюць у асобы са шлёпанцам у руках. "Хоць за каго, -- чуецца адказ, -- абы не Лукашэнка." (Часам здавалася, што гэта тыя самыя людзі, якія 25 гадоў таму крычалі: "Абы ня Кебіч")

Дакладна так было ў 1994 годзе, калі сацыяльны папулізм асядлала маскоўска-гэбоўская агентура, якая паставіла на Лукашэнку і мела падтрымку савецкага электарату ("з сьлязамі ў вачах"). У выніку атрымалі 25 гадоў ўнутранай прамаскоўскай акупацыі і вынішчэньне нацыі (мовы, культуры, нацыянальнай адукацыі, развалу эканомікі, упадку грамадзтва).

Зразумела, што лялькаводы на Ціханоўскага шмат ня ставяць, у яго іншыя функцыі (прыцягнуць людзей на выбары), зь якімі ён спраўляецца. Але побач зь ім фігуруе (таксама ўжо гаворыць па-руску) нязьменны "пратэстант" Статкевіч, вядомы правакатар пабоішча 2010 года. Становішча пакуль двузначнае. Пратэст павінен пашырацца. Аб’ектыўна Ціханоўскі расхіствае рэжымны сацыяльны маразм, людзі адгукаюцца, падтрымліваюць. Бяда толькі ў тым, што там дзе Статкевіч і кантора, справа заўсёды заканчваецца дрэнна.

4. Аб гэбізме

Нагадаю пра відавочныя рэчы. Галоўнай дзяржаватрымальнай палітычнай сілай у Беларусі і ў Расеі (пачынаючы з 1999 -2000 года) зьяўляецца КГБ. Гэта цяпер супэрпартыя на дзяржаўным забесьпячэньні, пад шапкай эксклюзіўных законаў і з каласальнай агентурай. Гэтая супэр-партыя (асабліва ў Расеі) асядлала ўсё -- ўладу, эканоміку, фінансы, рэсурсы, замежную палітыку, праваслаўную царкву, ваенна-прамысловы комплекс, бізнэс, сродкі масавай інфармацыі, суды і пракуратуру. Гэтая "супэр-партыя" вядзе гібрыдную вайну дзеля расейскіх імпэрскіх інтарэсаў у Беларусі, Прыбалтыцы ва Украіне, на ўсім сьвеце. Хто гэтага не разумее, таму ня раіў бы йсьці ў палітыку і нават рот адчыняць, каб камэнтаваць нейкія палітычныя дзеяньні.

Што трэба зразумець ў барацьбе з гэбізмам. Гэтую сілу (за якой ўлада) не пераможаш кампрамісам, не ашукаеш хітрасьцю, ўдаваньнем нейкай іншай пазыцыі, мімікрыяй, замежнымі спонсарамі (што самае неразумнае), палавіністымі лёзунгамі ды апэляцыямі. Гэбізм баіцца адкрытасьці і галоснасьці (бо гэта напалову "таемнае таварыства"), і народа, над якм трымае ўладу.

Таму перамагчы гэбізм можна тады, калі змагацца адкрыта супраць антынароднай гэбоўскай сістэмы за свабоду беларускага народа і за беларускія нацыянальныя інтарэсы, але не цямніць пад "эўракаштоўнасьці" ды пераймаць (за аплату) розныя сумніўныя дактрыны тыпу "правы чалавека" (прыдуманыя на захадзе дзеля свабоды дэвіянтаў), бо пад праімпэрскай гэбоўскай акупацыяй не існуе ніякіх правоў. Тут трэба змагацца не за «правы» (якіх няма і ня будзе), а за свабоду.

Воля Бацькаўшчыны, сацыяльная свабода народа, дэмакратычны лад, незалежная дзяржава і нацыянальная годнасьць нацыі -- вось нашае права, якое топчацца антынародным рэжымам пры падтрымцы Масквы.

Калі нацыя імкнецца перамагчы антынародную навалу, яна павінна адкрыта выставіць сваю грамадзкую сілу і сваю праўду пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і сьведчыць адкрыта пазыцыю справядлівасьці, каштоўнасьці свайго народа, сваёй мовы, культуры, гісторыі і свайго існаваньня.Тут яе права, аплочанае крывёй і мільёнамі жыцьцяў! У пазыцыі сіла.

5. Аб народзе.

Наш народ працавіты, разумны, добры, справядлівы і няшчасны. Няшчасны, бо страціў свае сацыяльныя вярхі -- сваіх абаронцаў. Часткова іх зьнішчылі ворагі, часткова вярхі ва ўмовах акупацыі здрадзілі народу, выракліся яго мовы і перайшлі на бок непрыяцеля.

Тым часам нацыянальная інтэлігенцыя Адраджэньня не аддзяляла сябе ад паспольства і ўсяго народу. Яна сама лічыла сябе народам і змагалася за агульную долю і волю нацыі.

Адна з тэхналёгій сучаснай маскоўскай гібрыднай вайны -- зьневажаць і гадзіць на беларускі народ ад імя нібыта дэмакратаў і крытыканаў. Гэтай бесаўшчынай перапоўнены Інтэрнэт. Абзываюць агулам нашых людзей "чаркай-скваркай", "пафігістамі" і іншымі абразьлівымі клічкамі. Гэтая хваля трольнай нянавісьці часам падхоплівае іншых інтэлігентаў і так званых "апазыцыянераў" гатовых прад’явіць прэтэнзіі народу, які, маўляў, не змагаецца за іхныя перадавыя погляды і прапановы аб дэмакратыі, а толькі выжывае ды капаецца ў гноі ў кароўніку з 4-х гадзін раніцы за сто рублёў у калгасе альбо пад рэжымным кантрактам на заводзе, кляпаючы дэталі.

Прэтэнзіі да кінутага працоўнага народа настолькі агідныя, што няварта і камэнтаваць. У палітычным сэнсе -- гэта грубая палітычная памылка. Людзі ад такіх палітыкаў адварочваюцца і пойдуць за агентурай, пад шлёпанцам і тараканам пад поўным абсурдам, але не за крытыканамі. (Для заметкі і параўнаньня. Палітык, які назавае народ "народцам" "у намордніку" падпісвае сабе прыгавор)

Свой народ (гэта значыць нас ўсіх) трэба любіць, шанаваць, шкадаваць у няшчасьці, дапамагаць дзеяньнем і добрым словам, не чакаючы падзякі.

Самазахаваньне ў гібрыднай вайне з імпэрскай Расеяй, перамога і нацыянальная будучыня беларусаў там, дзе беларуская мова, дзе нацыянальны сьцяг, дзе Пагоня, нацыянальны урад, дэмакратычны парлямант і вольны народ. Падняўшы сьцяг нацыі як сьцяг змаганьня, -- мабілізуем змагароў за волю Бацькаўшчыны.

25 травень 2020 г.                                                                                                   Зянон Пазьняк

Дадаць у: