НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АБ МОВЕ Ў АБСТАВІНАХ ВЫНІШЧЭНЬНЯ

АБ МОВЕ  Ў АБСТАВІНАХ ВЫНІШЧЭНЬНЯ

Напачатку некалькі патрэбных агульных адзнак.

-- Беларуская нацыя жыве і мае будучыню, пакуль жыве беларуская мова.

-- Гэтую праўду, каб выжыць у сьвеце хлусьні, мусіў бы ўсьвядоміць кожны беларус.

-- Усеабдымнае жыцьцё нацыянальнай мовы забясьпечвае нацыянальная дзяржава.

-- Мова разьвіваецца ў нізах (К. Ушынскі) найперш у сфэры этнасу -- традыцыйных сацыяльных групах, павязаных пераемнасьцю традыцыяў культуры.

-- Рэальная пагроза існаваньню мовы ўзьнікае тады, калі трацяцца асноўныя сацыяльныя складнікі яе існаваньня, гэта значыць этнас і нацыянальная дзяржава. Пакуль існуе хоць адзін складнік, мова працягвае існаваць. (Аб набытым складніку культуры размова ніжэй.)

Гэтыя развагі патрэбныя, каб уясьніць становішча і лёс нашай беларускай мовы. Пасьля ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай беларуская мова стыхійна і натуральна трывала ў этнічнай сфэры грамадзтва. З разьвіцьцём культуры і асабліва са зьяўленьнем нацыянальнай ідэі мова разьвівалася таксама на пісьмовым узроўні ў літаратуры.

Цяпер узьнікла пагрозьліва неспрыяльная сытуацыя для існаваньня беларускай мовы. За дваццаць тры гады рэжыму ўнутранай акупацыі моцна вынішчаны беларускі этнас, перш за ўсё -- вёска, якая хутка русіфікуецца і перастае быць натуральным асяроддзем мовы. Этнічны (утвараючы) складнік разьвіцьця нацыянальнай мовы, практычна, паралізаваны.

Палітыку паралічу і разбурэньня моўнага грунту праводзіць антынацыянальная ўлада, якая ліквідавала нацыятворную функцыю дзяржавы ў галіне нацыянальнай ідэалёгіі, культуры і мовы.

У беларускага грамадзтва застаўся яшчэ адзін складнік разьвіцьця мовы. Гэта набыты складнік культуры, які, фактычна, зьяўляецца надсацыяльнай элітарнай зьявай і ўключае ў сабе найперш літаратуру (бо там стоадсоткава жыве мова), а таксама ў пэўнай ступені мастацтва, творчасьць і некаторыя культурна аб’яднаныя (элітарныя) групы людзей.

Культурны складнік жыцьця мовы, як правіла, індывідуалізаваны. Таму асноўны мэтад, якім антынацыянальная ўлада імкнецца звузіць, абмежаваць і ліквідаваць гэтую вышэйшую зьяву нацыі, зьяўляюцца рэпрэсіі: раскол беларускіх арганізацыяў, адабраньне нерухомай маёмасьці, пазбаўленьне творчых пляцовак, трыбуны, магчымасьцяў друку, кантактаў зь людзьмі, кваліфікацыя творчай працы як беспрацоўя і абкладаньне падаткамі за беспрацоўе і таму падобныя прыёмы, аж да мэтанакіраванага "дзяржаўнага" разбурэньня сям’і гэтых групаў людзей (адабраньня дзяцей і т.п.).

Асаблівасьць унутранай акупацыі Беларусі ня толькі ў тым, што ўлада антыбеларуская. Уладу ў Беларусі, пры падтрымцы агентуры Масквы, апанавалі малакультурныя, малаадукаваныя нацыянальна цёмныя індывідуумы пры шырокім спрыяньні сацыяльна адсталых (савецкіх) людзей і проста цемры, якая заўсёды агрэсіўная.

Тут істотная якасьць рэжыму. Пад наглядам Масквы і разам з маскоўскай агентурай краінай кіруе і нацыю разбурае антынацыянальная цемра.

Страты велізарныя. Яны працягваюцца. І тым ня менш, нягледзячы на перашкоды і разбуральную палітыку рэжыму, мы бачым, што сярод людзей паступова вырастае павага да беларускай мовы ў розных пластах грамадзтва.

Гэта сьведчаньне таго, што актыўным моватворным складнікам выступае ў нас набыты чыньнік культуры. Гледзячы на такое становішча, усплываюць у памяці словы Купалы з "Раськіданага гнязда": "Гэта бітва йдзе сусьветна між Сьвятлом і Апраметнай".

Тут моцны чыньнік Адраджэньня. Пад намі культура Вялікага Княства Літоўскага, гісторыя якога напаўняе гонарам сэрца. Пад намі вялікая якасная і чалавечная беларуская літаратура. Творчасьць продкаў асьвятляе нам шлях. Толькі трэба па ім ісьці.

Адсутнасьць складніка этнічнага моўнага асяроддзя асабліва

не карысна на раньніх стадыях росту чалавека. Цяпер тое адчуваецца шмат дзе і ўплывае на дэфармацыю маўленьня. Гэтаму можна супроцьдзейнічаць, калі разумець абавязковасьць захаваньня чысьціні мовы.

Прыкладаў шмат. Дастаткова адчыніць Сеціва і пачытаць беларускія старонкі. Часта няправільна называюць род назоўнікаў, блытаюць і няправільна абазначаюць агульныя (тыпалагічныя) і канкрэтныя назовы ды паняцьці.

Усе памылкі -- гэта памылкі русіфікаванай сьвядомасьці. Напрыклад, ужываюць слова "сабака" у жаночым родзе (як у расейцаў). Па-беларуску "сабака" -- гэта "ён", прытым па-беларуску "сабака" ёсьць агульная назва віду, гэтак жа як "кот", "конь" і ўсе жывёлы, якія ня маюць зьнешняй выразна выяўленай палавой ідэнтыфікацыі (бо калі ідэнтыфікацыя ёсьць, то канкрэтызацыя абавязковая, скажам, "авечка" і "баран", "каза" і "казёл", «курыца» і «певень» і г. д.). У мове ўсё дакладна вызначана і названа. Прытым тут самая простая лексіка, у якой нельга блытацца.

З назвай "кот" увогуле нейкі сумбур. Спрэс пішуць "котка", маўляў, той меў "котку", гэты мае "котку". Усюды канкрэтызацыя "коткі". Адкуль такі выбар? Ці адкуль тое вядома? Агулам па зьнешніх прыкметах котку можна апазнаць толькі калі яна "рыска" (трохколерная асобіна). Аказваецца, гэта людзі ў розуме сваім перакладаюць з расейскай. Там "кошка" жаночага роду. У расейцаў назовам "кошка" абазначаецца агульная назва віду (і ката і коткі). У беларускай мове агульная назва віду -- "кот". Бывае блытаніна, калі няправільна называюць род слова "боль", замест "заля", кажуць "зал" і г. д.

Яшчэ горш, калі людзі, відаць, з найлепшымі матывамі, хочуць падкрэсьліць самабытнасьць мовы, яе шматзначнасьць, багацьце лексікі, але дрэнна арыентуюцца, калі такая лексіка ўжываецца. У выніку ў неадпаведным кантэксьце зьяўляюцца словы, кшталту, "Клінтаніха", "міністарка" і т. п.

Такія словы і формы словаў ёсьць, але яны, як правіла, бытавога кшталту, часам з іранічным падтэкстам, і ўжываюцца ў адпаведнай гаворцы. Называньне гэтых словаў у неадпаведных абставінах і ў іншым кантэксьце ўспрымаецца як вульгарызм са зьняважлівым непаважным сэнсам.

Правілы мовы абавязваюць казаць "спадарыня міністар", «яна міністар», «спадарыня дырэктар", «яна дырэктар» і г. д. "Міністарка" (слова-калека), ужытае ў публічным кантэксьце, -- гэта зьняважлівае панібрацтва. Тут назіраем істотнае этычнае псаваньне мовы. Ня кажам ужо пра назовы тыпу "Клінтаніха", «Пашкевічыха», «Арэшчыха», «Хадычыха» і г. д. у масавай інфармацыі.

Падкрэсьліваю, што такая лексіка выкарыстоўваецца ў быце, у вуснай гаворцы, у мастацкай літаратуры, але амаль не ўжываецца ў публічнай і, тым больш, афіцыйнай сфэры. Разьвітая культура (і культура мовы) выразна дыферэнцаваная. У пляжным уборы ня ходзяць на працу і ў опэрны тэатар. Тое ж самае і ў мове: усё мае свае межы і сваё месца. У беларускай мове лексічна падрабязна распрацаваны сацыяльны, родавы і ўзроставы статус асобы, і адпаведныя назвы і імёны гэтай асобы. (Пра гэта можна прачытаць цэлую лекцыю, бо шмат што ўжо страчана.)

Людзі, якія вярнуліся ў роднае маўленьне па-за моўным асяроддзем, часта, як відаць, не ўсьведамляюць фанэтычнай сутнасьці беларускай мовы. Вымаўляюцца такія фанэтычныя канструкцыі, якія супярэчаць самому роду беларускай мовы. Прыемная маладая пара артыстаў, напрыклад, хораша сьпявае беларускую песьню, а рэфрэнам, выклічнікам увесь час, замест беларускага "гэй!", гучыць чужое дзіўнае слова: "Хэй, хэй-хэй!" Прыклад неверагодны, каб так сьпявалі беларусы. Гэта немагчыма, бо ў корані супрацьпаказана фанэтычнай лексіцы і сутнасьці беларускай мовы. Тут якраз вынік чужых наносаў.

Шлях вяртаньня да свайго -- высакародны, але таксама няпросты шлях.

Сапраўдная паломка і жарганізацыя мовы адбываецца (як шмат дзе ў сьвеце) ад неапраўданага ўжываньня ангельскіх тэрмінаў, назваў і слоў. Месцамі мова робіцца ўжо незразумелай і цяжкай для ўспрыняцьця.

Краіны, у якіх дзейнічаюць свае нацыянальныя ўрады і парляманты, ствараюць спэцыяльнае заканадаўства, якое абараняе мову ад замежнай жарганізацыі лексікі. Асабліва шчыльна распрацаваны, напрыклад, такі закон у Францыі. У Беларусі цяпер няма ні нацыянальнага ўраду, ні нацыянальнага парляманту, якія б абаранялі мову і нацыю. Англамоўная жарганізацыя набывае злавесныя формы.

У беларускіх тэкстах як шчарбатыя зубы мільгаюць “хэдлайнер”, “краўфандынг”, “бодзібілдэр”, “олдскул”, “дайвінг”, “мэнспрэдынг”, “роўпджампэр”, “гаджэты”, “байкеры”, “фрылансэры” і іншае жаргоннае сьмецьце.

Навошта такі гвалт над лексікай, зь якіх такіх комплексаў?! Палякі, напрыклад, хораша распрацавалі сваю кампутарную і навукова-тэхнічную тэрміналёгію. (Хоць і там па тэлебачаньні можна пачуць выказваньні, кшталту “выпочынэк уікендовы”.)

У ЗША сярод менш культурных беларусаў у бытавой гаворцы бывае чуваць ужо замежная «трасянка», калі кажуць што яны нешта хочуць “юзаць”, але няма каму “супортаць” і г. д.

Усё гэта -- не адзнака ўзбагачэньня і моўнага разьвіцьця, а прыкмета дэгенерацыі і ўпадку.

Ад жарганізацыі ангельшчынай беларускую мову ўжо трэба ратаваць. Зусім жа не складана ўсё сказаць зразумела і па-беларуску.

Дарэчы, расейшчына ў плане тэрміналёгіі на беларускую мову ў публічным афіцыйным ужываньні, практычна, не ўплывае (русіцызмаў-жарганізмаў няма), і перш за ўсё таму, што беларусы актыўна ўспрымаюць расейшчыну як варожую дыверсію ў мову і тут жа знаходзяць беларускія адпаведнікі тэрміналягічнаму паняцьцю. (Я не закранаю тут бытавую савецкую «трасянку». Вось прыклад у якую пачварнасьць можа ператварыцца мова, калі яе не шанаваць.)

У сітуацыі, якую я апісаў (калі ўлада антынацыянальная, а этнас амаль разбураны), асноўным чыньнікам разьвіцьця мовы і беларушчыны (падкрэсьлю зноў) становіцца культура. Тут ідзе змаганьне, і тут закладзены вялікія магчымасьці для выжываньня і перамогі над злом.

Тым часам глыбінны сэнс вітальнасьці нацыі і выжываньня мовы палягае ня толькі на моцным культурна-гістарычным грунце, але, што важна, – на нацыянальнай волі. Адсутнасьць волі зьвядзе на нуль усе магчымасьці. І менавіта тут крыецца балючая праблема нацыянальнага і моўнага разьвіцьця. Нават у цяперашняй цяжкай рэальнасьці могуць быць і сямейныя школкі для дзяцей, і паралельная адукацыя, і нядзельныя гурткі, і шмат-шмат што яшчэ, праз якое прайшлі народы ў імкненьні да лепшай будучыні дзеля нацыі і сваіх дзяцей.

Пытаньне правапісу засталося адкрытым. Яно не магло быць вырашана пры існуючай уладзе. (Але яно будзе вырашана.) Цяпер паўстала задача стварыць грамадзкую тэрміналягічную камісію (інстытут), каб запабегчы жарганізацыі мовы, засьмечваньню яе амэрканізмамі, чужой паразітнай лексікай, пазьбегнуць страты беларускай адметнасьці.

Зразумела, што перамяніць усё да лепшага можна толькі ў выніку кардынальных палітычных перамен. Але пазытыўная нацыянальная праца, зыходзячы з адэкватнай ацэнкі становішча, ніколі і ні пры якіх абставінах не павінна спыняцца.

 

21 верасьня 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: