НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Ахоўная зона месцамі парушаная нават на 70% тэрыторыі

Ахоўная зона месцамі парушаная нават на 70% тэрыторыі

Лідар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Зянон Пазьняк пракаментаваў «Салідарнасці» сытуацыю вакол будаўніцтва так званага «Бульбашъ-холла».

 

 

-- Заканадаўства тут парушана, але паколькі за ўсім гэтым крыміналам стаяць канфліктныя палітычныя сілы, то працэс будзе ня простым. Мы разумеем тое і гатовыя да барацьбы за законнасьць.

Матэрыялы, якія мы адаслалі ў абласную пракуратуру («мы» -- гэта значыць КХП – БНФ, заява за подпісам Ю. Беленькага), датычаць канкрэтных, даказуемых і пацьверджаных фактаў парушэньня закону.

Найперш, мы зрабілі абмеры тэрыторыі ахоўнай зоны і межаў будаўніцтва рэстарана з прывязкай да існуючых рэпераў (некаторыя рэперы будаўнікі, відаць, зьнішчылі). У выніку абмераў намі быў складзены акт за подпісамі Ю. Беленькага (намесьніка старшыні КХП – БНФ), В Нямковіча (старшыні ГА «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты») і А. Астаповіча (старшыні ГА Таварыства Аховы помнікаў гісторыі і культуры).

Выяўленыя грубыя парушэньні. Ахоўная зона месцамі парушаная нават на 70% тэрыторыі. Акт і вынікі абмераў перададзеныя ў пракуратуру. Зараз ідзе праверка пракуратуры.

Другое безумоўнае парушэньне – гэта адсутнасьць абавязковага ўзгадненьня праекта з навуковым кіраўніком матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці 1 катэгорыі “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій” 30-40 гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты М. Кляшторнай, што з’яўляецца грубым парушэннем дзеючага заканадаўства.

Усяго гэтага дастаткова, каб прыпыніць будаўніцтва аб’екта і абавязаць потым парушальнікаў выбрацца з ахоўнай зоны, заплаціўшы штрафы і аднавіўшы тэрыторыю. Але пабудова сумніўнага аб’екта ля Курапатаў можа застацца (як кажуць расейцы, «назло врагам»), калі пракуратура ня стане разьбірацца ў трэцім аспэкце гэтага дзіўнага будаўніцтва. Мы займаемся гэтым «аспэктам» ужо пэўны час, каб падрыхтаваць матэрыял у пракуратуру, але адчуваем, што без удзелу самой пракуратуры (і, дарэчы, журналістаў) падняць яго даволі цяжка.

Калі коратка, то справа вось у чым. Удалечыні ад ахоўнай зоны (бліжэй да вёскі Цна) у 2007 годзе быў прададзены праз аукцыён ўчастак зямлі пад будаўніцтва сэрвіснага цэнтру ля бэнзынавай аўтазапраўкі. Праз нейкі час гэты ўчастак беларускім уласьнікам быў прададзены маскоўскаму пакупніку, які пачаў будаваць тут свой сумніўны рэстаранны аб’ект, але на тэрыторыі шматкроць перавышаючай плошчу купленай пляцоўкі. Будаўніцтва заняло ня толькі зону рэгуляванай забудовы, але й палову ахоўнай зоны Народнага Мэмарыялу Курапаты.

Узьнікае шмат пытаньняў. Якім чынам была набытая дадатковая зямля ў зоне рэгуляваньня забудовы (ці законна, за якую суму і ці ўвогуле яна была прададзена і куплена, і г. д.)? Якая была першапачатковая дакумэнтацыя праекта, узгодненая некаторымі ўстановамі? Якое было тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне першапачатковага праекта і г. д.?

Можа, як кажуць, якраз тут цюцька закапаны. Рэжым прагніў настолькі, што няма яму ніякага даверу. Сэрыя парушэньняў з «будаб’ектам» такога роду як правіла не ўзьнікае на законнай аснове, і зьяўляецца вынікам больш глыбокіх сутнасных парушэньняў. Якіх – варта было б разабрацца глыбей, бо на рэстаранах такія парушальнікі ня спыняцца.

Дадаць у: