НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Амерыка для амерыканцаў

Амерыка для амерыканцаў

Не шукайма сьляды нашых продкаў, а шукайма тое, што шукалі яны. Так казалі некалі мудрыя людзі.

Нашы продкі шукалі шчасьця, велічы і свабоды. Гэта было найвялікшае шуканьне, бо яму ахвяраваліся, за яго змагаліся і рызыкавалі жыцьцём. Такое змаганьне мае асаблівы сэнс, калі пад пагрозай знаходзіцца лёс народа, ці калі незалежнасьць яго страчана. Тады рушэньне рана ці позна набывае грамадзкую шырыню і выяўляецца ў форме нацыянальна-вызвольнага руху. Нацыянальна-вызвольны рух меў усеагульны характар. Ён узьнікаў там, дзе існавалі імпэрыі. Вызвольны рух – гэта заўсёды канцэпцыя змаганьня з імпэрыяй за сеабоду і незалежнасьць.

У Эўропе працэс вызваленьня з-пад імпэрскіх путаў найбольш інтэнсіўна адбываўся ў другой палове XIX і пачатку XX стагоддзяў, калі мноства народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы адваявалі сваю незалежнасьць.

Тады ў Эўропе змагаліся супраць чатырох імпэрыяў: Турэцкай Атаманскай імпэрыі, Аўстра-Венгерскай, Прусіі і Расеі. Але найперш, яшчэ ў XVIII стагоддзі пачала трашчэць Брытанская каляніяльная марская імпэрыя.

Першымі супраць брытанскага панаваньня паўсталі амэрыканцы. У той час наш вялікі беларус і герой гэнэрал Андрэй Тадэвуш Касьцюшка змагаўся за свабоду Амэрыкі. У цэнтры Вашынгтону яму стаіць бронзавы помнік на ўвесь рост. Амэрыканцы першымі выявілі сутнасьць і формулу антыкаляніяльнага змаганьня за неэалежнасьць. Яна вызначаецца ў закліку і сцьвярджэньні: «Амэрыка – для амэрыканцаў!».

У гэтых словах выяўлены ўнівэрсальны зьмест дэкалянізацыі і нацыянальна-вызвольнай барацьбы, дзе б яна ні адбывалася. Калі грамадзтва не наблізілася да зьместу і разуменьня гэтага сцьвярджэньня, значыць яно яшчэ цалкам не пасьпела да вызвольнага змаганьня.

І сапраўды, чаму краіна, зямля, на якой спрадвеку жыве і працуе пэўны народ, павінна належыць нейкай іншай краіне, чаму нейкія іншыя павінны ў ёй распараджацца і карыстацца зь яе багацьцяў ды з працы яе народу? Гэта ж парушэньне прыроднага і Боскага права. Гаспадар на зямлі той народ, які асвоіў і акультурыў яе сваёй працай, розумам і духам ад самага пачатку і спрадвеку, які стварыў на ёй культурнае грамадзтва цягам перадачы вынікаў працы ад продкаў з пакаленьня ў пакаленьне і прадаўжае на ёй жыць, тварыць і працаваць.

Эўрапейскія пасяленцы ступілі на амэрыканскі мацярык як піянэры і як калянізатары і адначасна самы апынуліся ў каляніяльнай залежнасьці ад мэтраполіяў. Яны сутыкаюцца з індзейцамі, што там жылі на пэўных тэрыторыях і адначасна займалі незаселеныя першародныя землі, якія абкультурылі і пераўтварылі сваёй працай, стварылі на іх цывілізаванае грамадзтва.

Барацьба за незалежнасьць ад мэтраполіяў вынікала з натуральнага права, а знакаміты і клясычны лёзунг вызвольных змагароў – «Амэрыка - для амэрыканцаў!» – адлюстроўваў гэтае права.

Потым, змагаючыся за незалежнасьць супраць імпэрыялізму, кожны народ выкарыстоўваў гэтае права ў сваім закліку і ў сваёй форме: «Мадзьяршчына (Венгрыя) – для мадзьяраў», «Балгарыя – для балгараў», «Італія – для італьянцаў», «Беларусь – для беларусаў» і г.д.

Беларускія адраджэнцы пачатку ХХ-га стагоддзя выдатна разумелі гэтую ідэю. Лёзунг «Беларусь – для беларусаў» быў сінонімам сцьвярджэньня «Незалежная Беларусь».

На грунце гэтай вялікай ідэі ў 1918 годзе была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка, прадэкляравана дэмакратыя і свабода.

У 1920-х гадах вялікі паэт і прарок беларускага адраджэньня Янка Купала па-мастацку выявіў і адлюстраваў вызвольны лёзунг незалежнасьці і свабоды ў выдатным творы – п’есе «Тутэйшыя». У п’есе ў надзвычай яркай і вобразнай форме паказана, як чужынцы, імпэрыялісты ўсіх колераў, акупанты з усходу і з захаду топчуцца па безабароннай Беларусі, абдзіраюць і зьневажаюць беларускі народ, ды даказваюць яшчэ сваё прыдуманае «права» на акупацыю Беларусі. І тады станоўчы герой твора напрасткі грымотна зьвяртаецца да ўсіх з магутным і справядлівым заклікам беларускага Адраджэньня: «Беларусь – для беларусаў!».

Янка Купала ў словах свайго станоўчага героя таксама выводзіць генэзіс нацыянальна-вызвольнай ідэі з натуральнага права і кліча ісьці ўсьлед за Амэрыкай па шляху незалежнасьці і свабоды.

Калі мы хочам спыніць акупантаў і гандаль нашай зямлёй, калі мы хочам сапраўды адрадзіць сваю дзяржаву і незалежнасьць, калі мы сапраўды цэнім свой гонар і хочам быць вольнымі людзьмі і гаспадарамі, – мы мусім паставіць заслон усялякай акупацыі, каляніялізму і чужой імпэрскай палітыцы і напісаць на сваім сьцягу выразна і запаветна: «Беларусь – для беларусаў».

Так казаў вуснамі сваіх драматычных герояў Янка Купала.

Для калянізатараў з усходу і з захаду, якія праводзілі інтэграцыю, асіміляцыю ды вынарадаваньне беларусаў, усьведамленьне беларусамі вызвольнай мэты – «Беларусь – для беларусаў» – было цьвіком у труну ўсёй захопніцкай палітыкі. На гэтым шансы акупантаў канчаліся. Няма нічога дзіўнага, што п’еса Янкі Купалы была забароненая.

У 20-х - 30-х гадах мінулага стагоддзя ворагі Беларусі з Усходу і з Захаду галоўны ўдар накіравалі на разгром Беларускага Нацыянальна-вызвольнага Руху. Сумеснымі намаганьнямі ім гэта ўдалося. Тысячы беларускіх адраджэнцаў былі расстраляныя ў Курапатах ды засьценках НКВД, забітыя падасланымі забойцамі, укінутыя ў ГУЛАГ ды Картуз-Бярозу, высланыя ў Сібір ды азіяцкія стэпы; беларускія палітычныя і грамадзкія арганізацыі пазачынялі і забаранілі, беларускі адраджэнскі друк ліквідавалі, беларускія кнігі спалілі ды арыштавалі ў спэцаддзелах бібліятэк. А потым, ужо ў пасьляваенны час, адбывалася мэтадычнае ганьбаваньне і абплёўваньне ўсяго адраджэнскага беларускага – вялікіх людзей, палітыкаў, пісьменьнікаў і паэтаў, фальсіфікавалі беларускую гісторыю, перакручвалі і замоўчвалі падзеі, зьнеслаўлялі вялікія і справядлівыя ідэі.

Тры зьявы Беларускага Адраджэньня выклікалі асаблівую нянавісьць у рускіх бальшавікоў – гэта дзейнасьць Рады БНР, беларускае адраджэньне ў час 2-й Сусьветнай вайны за немцамі і вызвольны лёзунг «Беларусь – для беларусаў». У зьнеслаўленьні гэтых каштоўнасьцяў бальшавіцкая прапаганда выкарыстоўвала толькі адзін псіхалягічны аспэкт: падсьведамасьць нянавісьці Другой Сусьветнай вайны.

Усё нацыянальнае беларускае, што завязана было з нацыянальнай ідэяй і беларускім адраджэньнем, аб’яўлялася фашысцкім: ці гэта беларускі нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, ці гэрб Пагоня, ці імёны забароненых вялікіх паэтаў, нават проста размова па-беларуску ва ўнівэрсытэце ці ва ўстанове – усё кваліфікавалася стукачамі, савецкімі абывацелямі і прапагандыстамі як «фашызм». Беларускае падавалі ў двух азначэньях: альбо «мужыцкае», альбо – «фашызм».

Руская камуністычная прапаганда ў Беларусі паўтарала гэтыя, скажам проста – ідыёцкія ярлыкі, з дня ў дзень, тупа, ненавісна і пастаянна, пакуль існаваў СССР.

Палітычная формула нацыянальна-вызвольнага руху «Беларусь – для беларусаў» перакручвалася пад савецкія ідэалягічныя ўяўленьні. За часы камуністычнага СССР ідэалёгіяй рускага імпэрыялізму і русіфікацыі быў так званы «інтэрнацыяналізм», згодна якога нібыта сьціраліся адрозьненьні паміж акупаванымі народамі ды расейцамі і ствараўся так званы «адзіны савецкі народ» (гэта значыць «адзіныя расейцы»). Палітычны лёзунг нацыянальнай свабоды камуністы апускалі на этнічны ўзровень і тлумачылі, што беларускія «нацыяналісты» (а, значыцца, – «фашысты») хочуць выгнаць зь Беларусі ўсіх расейцаў, усіх габрэяў, усіх, хто не беларусы, і стварыць этнічна чыстую дзяржаву.

Тым часам палітычны зьмест лёзунга вызвольнага руху мае антыкаляніяльны сэнс і вырашае пытаньне, каму павінна належыць краіна і хто ў ёй гаспадар, а ня тое, хто ў ёй павінен жыць (як спэцыяльна перакручвалі калянізатары).

Злавеснае адценьне набывае подласьць гэтай прапаганды, калі ўлічыць, што этнічныя чысткі і генацыд ажыцьцяўлялі якраз камуністы ў Савецкім Саюзе (прымусовае высяленьне татараў, чачэнцаў, інгушоў і інш.), у былой Югаславіі, у камуністычнай Польшчы (прымусовае высяленьне ўкраінцаў), у камуністычнай Балгарыі (дачыненьні да турак) і г.д. Я ўжо не кажу пра Кітай і азіяцкія рэжымы.

Тым часам нічога падобнага не рабілі дэмакраты і нацыянальна-вызвольныя рухі. У іх іншая, не таталітарная прырода.

Але трэба ведаць камунізм і Расею, каб зразумець характар іхняе прапаганды, пабудаванай на агрэсіўнай хлусьні.

Рэцыдывы гэтай прапагандысцкай агрэсіі мы сустракаем і цяпер. Нічога дзіўнага – існуюць пастаянныя крыніцы рэпрадукцыі старой нянавісьці да беларускага адраджэньня – гэта савецкая псіхалёгія часткі насельніцтва і – галоўнае – нязьменнасьць імпэрскай палітыкі Расеі ў дачыненьні да Беларусі.

Нягледзячы на маштабныя спробы расейскіх спэцслужбаў у канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя разграміць Беларускі нацыянальна-вызвольны рух, нічога ім не ўдалося. Вызвольны Рух мацнее і пашыраецца. Ён зьяўляецца рэальнай сілай, якая выяўляе нацыянальныя інтарэсы Беларускага Народу і супроцьстаіць расейскай імпэрскай палітыцы інтэграцыі і захопу нашай краіны.

На сьцягах і харугвах беларускага Адраджэньня несьмяротныя словы Янкі Купалы – «Жыве Беларусь!» і лёзунг амэрыканскага змаганьня за незалежнасьць, які зноўжа голасна падняў наш вялікі пясьняр – «Беларусь – для беларусаў». Гэта наша зямля.

І пакуль зьмест гэтых словаў трымае высока і змагаецца за яго хоць частка людзей, ніякі антыбеларускі рэжым ня будзе існаваць доўга. Ніякі агрэсар ня будзе ўпэўнены, што стане жыць за наш кошт і намі, беларусамі, кіраваць. Мы абавязкова вернемся да нармальнага стану, умацуем дзяржаву і незалежнасьць, усталюем права, справядлівасьць і дэмакратыю.

Гэта ня марныя словы, бо гісторыя і вопыт іншых пацьвярджаюць правільнасьць вызвольнага шляху. Ствараць можа толькі свабодны народ. І толькі свабодны народ здольны шанаваць свабоду іншых народаў.

Зянон Пазьняк

22.02.01

Дадаць у: