НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

АСАБЛІВАСЬЦІ РУСКАЙ ГЭБІСЦКАЙ ВАЙНЫ

АСАБЛІВАСЬЦІ РУСКАЙ ГЭБІСЦКАЙ ВАЙНЫ

            Пуцінскі гэбізм ужо два месяцы вядзе вайну супраць Украіны. Гэта тыповая руская вайна, тактыка якой зыходзіць яшчэ ад Арды (адрываньне кавалкаў). Тактыка аформілася як ваенна-дыпляматычная сістэма ўжо ў ХVІІІ стагоддзі за часы нямецка-расейскай царыцы Кацярыны ІІ. Такім мэтадам адбываліся разборы Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай. Цяперашні захоп Украіны пуцінскай Расеяй робіцца дакладна па той жа разборнай расейска-нямецкай схеме. Аналёгія пуцінска-гітлераўскай мэтодыкі вырастае з аднаго кораня (гэтак жа, як і фашызм нямецкай і рускай мадыфікацыі).

            Мэтадалёгія агрэсіі “кавалкавага” тыпу накіраваная (і можа выкарыстоўвацца) перш за ўсё супраць грамадзтваў, павязаных супольнымі кшталтамі (найперш па мове, рэлігіі і радзей па ідэалёгіі і этналёгіі). Супольны кшталт дае магчымасьць агрэсару лёгка праводзіць агрэсію знутры, ствараючы сэпаратысцкія, дыверсійныя, сэктанцкія, канфэдэратыўныя і таму падобныя ўнутраныя групы, арыентаваныя на краіну агрэсара.

            Разбор Рэчы Паспалітай – тут ужо клясыка такой агрэсіўнай мэтадалёгіі. Гэтак жа, дарэчы, як і гітлераўскія аншлюсы і анэксіі, якія па фармальных прыкметах паходзяць адтуль жа, з ХVІІІ стагоддзя. Павелічэньне “жыцьцёвай прасторы” (гітлераўскі тэрмін) абапіралася найперш на моўны і этнічны чыньнік. Нямецкая мова ў тыя часы – гэта ўся спадчына прускай і аўстрыйскай імпэрыяў. Тут найперш Аўстрыя, Чэхаславаччына (адпаведна Cудэты). Гэтыя тэрыторыі былі забраныя Гітлерам, практычна, без супраціўленьня з выкарыстаньнем шпіёнаў, дыверсантаў, стварэньнем “сэпаратыстаў” плюс ідэалагічных прыхільнікаў фашызму (па аналогіі саветы выкарыстоўвалі камуністаў).

            Другі прыём, які адначасна і эфэктыўна практыкавалі ў агрэсіі гітлераўская Нямеччына і савецкая Расея, -- гэта хлусьня, татальная дэзынфармацыя і прапаганда. Прытым заўважу, што калі для немцаў-гітлерцаў хлусьня была рацыянальнай тэхналёгіяй (па прыродзе сваёй немцы ня хлусяць), то для рускіх хлусьня -- гэта арганічная мэнтальная якасьць, над якой нават часам здуменна задумваліся і ламалі галаву рускія пісьменьнікі. (“Отчего врёт русский человек!” -- усклікаў І. Тургенеў.)

У першай палове ХХ стагоддзя французская каляніяльная імпэрыя была наймацнейшай дзяржавай з магутным і шматлікім войскам, ваеннымі ўмацаваньнямі, эканомікай і г. д. Гітлер захапіў яе хутка і без вялікіх стратаў, бо вайну з Францыяй найперш выйграў Ёзаф Гёбельс. Гэта была інфармацыйная вайна. На Францыю вяшчалі сотні нямецкіх радыёстанцый (на французскай мове). Дэзынфармацыя была настолькі эфэктоўнай і татальнай, што выклікала псіхалагічную паніку ўсёй французскай нацыі, калі Гітлер ударыў на краіну. Грамадзтва было ня ў стане прадумана супраціўляцца, а ўрад і камандаваньне ня змаглі падняць баявы дух арміі, ня здолелі хутка  мабілізаваць і адпраўляць патрэбныя вайсковыя часткі насустрач акупантам (чыгунка была паралізавана ўцекачамі). Праз месяц Францыя здалася.

Нагадаю асноўнае правіла гёбэльсаўскай прапаганды, якое цалкам перанята цяпер рускім гэбізмам: прапаганда зьвернута да масаў, а не да інтэлігенцыі, таму яе ўзровень павінен арыентавацца на самых абмежаваных сярод тых, на каго яна павінна ўзьдзейнічаць. Прапаганда не павінна быць аб’ектыўнай, мусіць зьвяртацца да пачуцьцяў, а не да розуму. Псіхознае ўзьдзеяньне на масы і ўзровень гэбісцка-гёбэльсаўскай прапаганды ў Расеі мы цяпер якраз назіраем.

 

            Я ўжо пісаў, што тэхналёгія пуцінскага захопу Украіны распрацаваная гэбістамі для так званых “брацкіх народаў”. Гэта значыць для тых, дзе ўдалося ўкараніць рускую мову і стварыць фармальна падобнае асяроддзе для масавай засылкі пераапранутых дыверсантаў, спэцслужбаў, рускіх крымінальнікаў, гопнікаў і т. п., дзе можна было разыграць сцэнар грамадзкага канфлікту, сэпаратызму, пратэсту і нават (пераапрануўшы войска) захапіць частку краіны альбо цэлую краіну знутры.

            Там, дзе грамадзкага асяроддзя рускай мовы ня створана, там акупантаў і дыверсантаў было б адразу відаць як чужакоў, і “брацкі” сцэнар быў бы немагчымы. У такім (“ня брацкім”) выпадку за часы СССР расейцы выкарыстоўвалі камуністычныя партыі ў іншых краінах, якія яны фінансавалі з Масквы і дапамагалі арганізоўваць. Камуністы, ачмураныя ідэалёгіяй “пралетарыяту” і “інтэрнацыянальным абавязкам”, заўсёды выступалі ў ролі нацыянальных здраднікаў і “пятай калёны”, якая адчыняла дзьверы акупантам. Гэтак была захоплена Прыбалтыка, пазьней, пасьля 2-й Сусьветнай вайны, краіны Цэнтральнай Эўропы, якія былі далучаныя да савецкага “сацыялістычнага лагеру”. (За царамі “брацкі” сцэнар выкарыстоўвалі для абароны “праваслаўя”, якое нібыта недзе там прыцясьнялі.)

            Рускі фашызм натуральна разьвіваўся з рускай гісторыі і гэтак жа натуральна злучыўся потым зь нямецкім. У сярэднявеччы самай магутнай дзяржавай ва Ўсходняй Эўропе, якая стрымлівала Арду і Маскву, была наша старажытная краіна Вялікае Княства Літоўскае. Яно ж было і рэлігійным цэнтрам і прыцягальным аб’яднаўчым культурным цэнтрам у гэтай частцы сьвету. Улічваючы стрымліваючы чыньнік ВКЛ, пэрманэнтная агрэсія маскоўскай Арды на захад заканамерна мусіла б прывесьці да маскоўска-нямецкага саюзу супраць ВКЛ (што і сталася). Расейскія цары нават мэнтальна былі гатовыя да такога супрацоўніцтва зь немцамі супраць нас. (У свой час маскоўскі цар Іван ІV Жахлівы на сцьвярджэньне замежнікаў, што ён цар “рускі”, адказаў, што рускія – гэта халопы, а ён, маскоўскі цар, нямецкага роду.)

            Ужо адзначана, што фашызм – гэта ідэалёгія маргінальнай групы, якая захоплівае абсалютную ўладу ў дзяржаве і імкнецца ўплываць на ўвесь сьвет. Фашызм, заснаваны на агрэсіі, на праве сілы і непрызнаньні правоў іншых, акрамя права сваёй групы ўлады. Тыповы фашызм – гэта нацызм (нацыянал-сацыялізм) у Нямеччыне і бальшавізм у Расеі (сацыял-фашызм). Тут фашызм меў толькі розныя ідэалягічныя апоры ў групах грамадзтва, будучы па сутнасьці адной і той жа зьявай.

            Перараджэньне рускага сацыял-фашызму ў імпэрскі нацыянал-фашызм адбылося за апошнія 10-15 гадоў на нашых вачах пад эгідай абсалютнай улады савецкага КГБ. КГБ у сымбіёзе з рускай праваслаўнай царквой (РПЦ) стаў той групай фашысцкай улады, якая прышла на зьмену КПСС. Сацыял-фашысцкая ідэалёгія камунізма заменена нацыянал-фашысцкай ідэалёгіяй “русский мир”, дзе ідэалагічным чыньнікам агрэсіі зьяўляецца руская мова.

            Напарцягу ўсяго свайго палітычнага жыцьця я пастаянна зьвяртаю ўвагу на тое, што, пачынаючы з ХХ стагоддзя, галоўным чыньнікам рускай імпэрскай палітыкі агрэсіі становіцца ўжо не “православие”, а руская мова. Бальшавікі, якія былі нацэлены на заваёву ўсяго чалавецтва і пабудову камунізму ва ўсім сьвеце, аб’явілі аб адзінай сусьветнай мове, якой, на іхную думку, павінна была стаць руская мова, хоць адкрыта яны пра тое не казалі, але ўсё дзеля таго рабілі.

            “Русский мир” – гэта мадыфікацыя бальшавіцкай імпэрскай ідэалёгіі ў галіне мовы, стварэньне падставаў для агрэсіі, акупацыі і захопу. Руская мова ў імпэрскай палітыцы Расеі зьяўляецца чыньнікам імпэрскай агрэсіі. Найбольш вымоўна такая палітыка відаць цяпер у Беларусі, ва Украіне, у Латвіі і Эстоніі.

 

            На колькі глыбока дэзарганізаваная і разваленая дзяржава Украіна, паказала цяпер вайна і напад Расеі. Украіна прадэманстравала і паказвае поўную няздольнасьць арганізаваць і аказаць супраціўленьне агрэсару. Ганебная здача Крыма ўражвае ня менш, чым бяскроўны ўнутраны захоп Беларусі і адкрытая сістэмнае зьнішчэньне беларускай нацыі пры зьнешнім існаваньні суверэннай дзяржавы. Фатальная эфэктыўнасьць разбуральнай дзейнасьці рускіх спэцслужбаў не паддаецца часам адэкватнаму асэнсаваньню, як не маглі асэнсаваць французы сваё ганебнае паражэньне ў 1940-м годзе і крах перад значна слабейшай арміяй фашысцкай Нямеччыны. Фашызм грозны сваім таталітарызмам, прапагандысцкай хлусьнёй і таемнай вайной разьведкі (унутранай і зьнешняй). Тут відаць мэтадалёгія фэнамэнальнага сацыяльнага зла, заснаванага на нянавісьці, на прэпараваным інтэлекце і нізкіх інстынктах. Эўропа нават не ўяўляе, у якой ступені яна знаходзіцца цяпер пад уплывам рускіх спэцслужбаў і агентуры. Гаварыць на Захадзе пра гэта бессэнсоўна. Гэта тое самае, што казаць сьляпому пра захад сонца, альбо абалваненаму рускай прапагандай беларусу пра небясьпеку з Расеі.

            Рускія – гэта цывілізацыйная праблема. І найперш тут праблема для Эўропы, якая няздольная яе вырашыць з прычыны сваёй адкрытай дэмакратыі і эканамічнага прагматызму, які ня ў стане асэнсаваць кансалідуючыю сілу эгалітарнай нянавісьці, бо яна не ўкладваецца ў эўрапейскія матэрыяльныя паняцьці здаровага сэнсу. Сэнс тым часам бывае розны.

            У 1968 годзе, калі саветы напалі на савецкую Чэхаславакію, я спытаў аднаго расейскага спэцыяліста, прысланага ў Беларусь будаваць “камунізм”, навошта яны, камуністы, напалі на сацыялістычную краіну? Адказ быў такі: “Зажрались. Трамваи у них бесплатные.” “Умом” Расею зразумець усё ж такі можна, калі ня быць эгацэнтрыстам. Эгалітарная мэнтальнасьць ёсьць сутнасьцю расейскай масавай псіхалогіі, якая выяўляецца ў сацыяльных паводзінах і грамадзкіх формах. У гэтым і прырода рускай агрэсіі (яднаньне на нянавісьці да лепшага). У гэтым вечная варожасьць да Захаду, да Амэрыкі, тым больш да тых, што збавіліся ад расейскага акупацыйнага кантролю і сталі жыць лепей.

У гэтым таксама характэрнасьць рускага капіталізма і эканамічнай канкурэнцыі (не ўдасканальваць сваю ватворчасьць, не разьвівацца, а разбурыць канкурэнта, альбо наняць кілера і забіць). У гэтым жа сэнс заснаванага на нянавісьці да багатых (“адабраць і падзяліць”) бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе. У гэтым сэнс дзеяньняў і псіхозу цяперашняга рускага імпэрскага нацыянал-фашызму.

У гэтым цяпер і зьмест рускай эгалітарнай нянавісьці да ўкраінцаў. Тыя, што захацелі нацыянальна разьвівацца, жыць лепш і арыентуюцца на дэмакратычную Эўропу, тыя, згодна рускага паняцьця, ёсьць “фашысты” (дарэчы тут геніальнае прадбачаньне Чэрчыля, што фашысты будуць называць сваіх праціўнікаў “фашыстамі” – ўсё па Гёбэльсу). А вось тыя, што, маўляў, будуць разам з “намі”, рускімі, у нашай маскоўскай гразі, на нашым маскоўскім узроўні (але як меншыя браты), тыя -- “украінцы”; “мы любім украінскі народ”, фальшыва кажуць тады рускія фашысты. І тут жа адначасна тыпова фашысцкае імпэрскае сцьвярджэньне: “Украіна – гэта не дзяржава, украінцы – ня нацыя і не народ. Няма ніякіх украінцаў, гэта рускія, якіх перарабілі на ўкраінцаў аўстрыякі, і якія, маўляў, прыдумалі ўкраінскую мову. Няма Украіны, ёсьць Маларасія” і т. п.

            Ня варта тут зьдзіўляцца і нават рацыянальна крытыкаваць такія шызоідныя заявы. Трэба ведаць, што эгалітарызм заснаваны не на лёгіцы, а на пачуцьцях, якія ў масавай сьвядомасьці амбівалентныя, бо пакліканы ў любой сытуацыі апраўдваць сваё нізкае “эго” (раўнаньне па нізкім узроўні).

            Для беларусаў як людзей эўрапейскай мэнтальнасьці наперадзе можна чакаць адкрытай канфрантацыі з рускім фашызмам (прытым незалежна ад мовы, крытэр будзе антыфашысцкі, антыімпэрскі). І тут беларусы паспытаюць на сабе ўсю вычварную тэрміналёгію, якую чулі ў адрас украінцаў. Стануць яны для маскоўцаў і “нацыстамі”, і “фашыстамі”, і “бульбашамі”, і “русафобамі”, і “польскай гнідай”, і “агентамі Дзярждэпа”, і “халуямі сусьветнай жыда-масонскай закулісы”, якія “предали трудолюбивый белорусский народ”. І гэты “народ”, маўляў,  ім трэба прыехаць на танках “спасать”.

 

            Мэтанакіраваны развал Украіны Расеяй пачаўся яшчэ ў 90-х гадах. Тады (пасьля ўнутранага захопу ўлады ў Беларусі) расейская дэзарганізацыя ўкраінскай дзяржавы з апорай на камуністаў пачала набываць сістэмныя формы. У 1999 годзе была зроблена ключавая дыверсія, якая мела фатальныя вынікі для ўкраінскай нацыі. Быў забіты Вячаслаў Чарнавіл. Нацыя засталася без альтэрнатыўнага нацыянальнага лідэра. З 2000-га года пачалася ў Расеі эра абсалютнай улады гэбізму. Украіну напоўнілі масы маскоўскай агентуры, якая займала вызначальныя пазыцыі ў дзяржаўных структурах краіны, спрыяла карупцыі і дэзарганізацыі. За часы ўлады наўпроставага стаўленьніка Крамля прэзыдэнта Януковіча поўнасьцю была развалена ўкраінская армія, інфільтравана служба бясьпекі, дэзарганізавана міліцыя і сілы ўнутранай бясьпекі (акрамя спэцаддзелаў, якія павінны былі ахоўваць уладу прэзыдэнта).

            Сёньняшняя бездапаможнасьць Украіны перад расейскай дыверсійнай вайной тлумачыцца трыма прычынамі. Найперш – дэзарганізацыяй і некіруемасьцю краіны ў выніку шматгадовай антыўкраінскай дзейнасьці рускіх спэцслужбаў разьведкі. Улада ў дзяржаве няздольная, мэханізм яе ўплыву паралізаваны. Любы план антытэрарыстычнай акцыі супраць дыверсантаў тут жа становіцца вядомы гэтым дыверсантам, якія ўжо чакаюць на месцы і захопліваюць у палон украінскіх афіцэраў СБУ альбо забіваюць іх, бяруць у палон украінскія танкавыя калёны, функцыянераў улады і г. д., займаюць горад за горадам сіламі ў некалькі дзясяткаў дыверсантаў. Паўсюдна відаць здрада ва ўкраінскіх структурах, бяздзейнасьць Кіева і актыўнасьць рускай разьведкі. Ініцыятыва знаходзіцца ў руках дыверсантаў.

            Адзначу такі вымоўны выпадак, які здарыўся ў апошнія дні красавіка. Расея пачала ўжо рыхтаваць дыверсійныя закалаты ў паўднёвых абласьцях Украіны. З Сімфэропаля ў Адэсу былі сфармаваныя два цягнікі рускіх дыверсантаў і цітушак (па 400 асобаў у цягніку). Саставы спакойна пераехалі мяжу. Аказваецца, што ва ўмовах дыверсійнай вайны ўкраінскія ўлады нават не перапынілі рух пасажырскіх цягнікоў з захопленага Крыма. Больш таго, начальнік Украінскай памежнай службы даў загад прапусьціць гэтыя цягнікі без памежнага кантролю. Гледзячы на ўсё гэта, цалкам верагодна, што 800 ўзброеных гопнікаў ды цітушак пад кіраўніцтвам афіцэраў рускага ГРУ будзе дастаткова, каб захапіць у такіх умовах мільённую Адэсу, пачаць закалаты і бойкі на вуліцах і аб’явіць яе рускім горадам ці “Адэскай рэспублікай”.

            Украінцаў шкадуе ўвесь сьвет, але некаторыя, гледзячы на пасіўнасьць кіраўніцтва і не разумеючы прычын, ужо пачынаюць сьмяяцца (не без удзелу рускай прапаганды, вядома).

            Другая прычына – слабасьць і няздольнасьць у гэтых умовах часовага кіраўніцтва Украіны. Ёсьць важкія аб’ектыўныя прычыны бездапаможнасьці ўлады, але палітычная логіка бязьлітасная і магчымасьць у будучыні пайсьці пад трыбунал за бяздарную здачу Крыма і за дапушчэньне дыверсантаў на Паўднёвы ўсход Украіны для гэтага кіраўніцтва цалкам мажлівая.

            Нарэшце, трэцяя прычына, якая не ляжыць на паверхні, але тлумачыць паводзіны часовага кіраўніцтва Украіны, -- гэта  патрабаваньні і ціск Эўразьвязу, які ведае свае інтарэсы і хоча іх захаваць коштам Украіны (тут той жа прынцып: “ніхто ня хоча паміраць за Гданьск”). Таму, маўляў, ня робім рэзкіх рухаў. Захад, маўляў, пакарае Расею санкцыямі. У гэтай чарговай чэмбэрленаўшчыне выкапана магіла для Украіны. Санкцыі фашысцкую Расею ня спыняць, а толькі кансалідуюць рускі люмпен на нянавісьці вакол рускага Пуціна, нанясуць эканамічны ўдар у адказ па Украіне, прысьпешаць і інтэнсіфікуюць дыверсійныя дзеяньні. Але галоўнае -- тут ёсьць чыньнік вызначальнага часу памерам у адзін месяц (прэзыдэнцкія выбары ва Украіне). Санкцыі ж разьлічаны на доўгі пэрыяд, на гады. Расея цяпер пасьлядоўна і па злому прафэсійна выйграе гэты вызначальны час. А значыць рыхтуе датклівую палітычную паразу Украіны.

Бяздарнасьць і шкурнасьць Захаду тут зь яго “санкцыямі” як заўсёды ўражвае (Захад нават крэдыты Украіне не скасаваў, як некалі змагарнай Польшчы). І ўсё гэта на фоне афіцыйных заяваў прэзыдэнта Абамы, што Амэрыка ні пры якіх умовах не прадугледжвае свой ваенны сцэнар ва Ўкраіне (ня ведаю ці падзякваў яму за гэта Пуцін, але казалі доўга сьмяяўся).

            Часовая ўлада Украіны трапіла ў поўную залежнасьць ад гэтай заходняй прагматыкі, нават вымушана душыць свой Правы сэктар, бо таго патрабуе лібэральны Захад, які баіцца ўсялякай нацыянальнай дэмакратычнай незалежнай сілы, арыентаванай на свой народ. У Беларусі гэтую заходнюю нацыянальна разбуральную палітыку мы ўжо перажылі ў канцы 90-х і добра ведаем, што яно  такое.

 

            Сытуацыя ва Украіне абавязвае нас, беларусаў, рабіць высновы, ставіць пытаньне як нам дзейнічаць, калі масковец палезе ў нашу краіну. А гэта верагодна. Ён ужо тут, але сьцішыўся. І мы ведаем, у якіх гарнізонах, затаіўшыся ён сядзіць.

            Першае правіла, пацьверджанае ўсёй чалавечай гісторыяй і законам: як толькі вораг, варожае войска, дыверсанты, цітушкі, рускія гопнікі са зброяй палезуць на нашу тэрыторыю, трэба біць адразу па лычу, без папярэджаньня і на паражэньне. Перамагае толькі той, хто за сябе змагаецца. Трэба ведаць, што нават параза, але з гонарам -- гэта палова будучай перамогі. Параза з ганьбай – гэта вечная параза.

            Антыбеларускі рэжым ня стане змагацца з акупантамі Ён стаўленьнік акупантаў. Розныя там словы сатрапа – гэта так, для страсеньня паветра. Усё робіцца наадварот, на шкоду нацыі. Але народ павінен супраціўляцца. Таму ўжо цяпер трэба да таго рыхтавацца ініцыятыўным людзям. Потым – як знойдзеш. Акупанты павінны нарвацца на супраціў і панесьці страты. Моладзь – рыхтуйся!

            Другое правіла кардынальнае. Як бы ні выстаўляў сябе сатрап у канфліктнай сытуацыі – абаронцам суверэнітэту ці міратворцам – ён ёсьць халуйскай прычынай усіх нашых нацыянальных бедаў, здраднікам, які нішчыць нашу мову, культуру, школу і адукацыю, які здаў рускім эканамічным разбойнікам нашу нацыянальную маёмасьць, які адчыніў мяжу расейскім імпэрцам, які прывёў чужынцаў, ворагаў, іхнюю агентуру, самалёты і войскі ў нашу Беларусь. Яго ўлада нелегітымная. Ніякай падтрымкі яму ня можа быць у ваенны час. Затрыманьне, палон, суд альбо сьмерць -- вось яго дарога. Абарона Беларусі – справа ўсяго народа, бо змаганьне будзе са сьмяртэльным ворагам за нашае нацыянальнае існаваньне.

 

30 красавіка 2014 г.                                                                                       Зянон ПАЗЬНЯК    

 

Дадаць у: