НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Барацьба з агрэсарам – катэгарычны імпэратыў незалежнасьці, волі і свабоды

Барацьба з агрэсарам – катэгарычны імпэратыў незалежнасьці, волі і свабоды

(Выступ на Канфэрэнцыі (Асамблеі) патрыятычных дэмакратычных сілаў Беларусі)

 

Паважаныя спадарыні і спадары, паважаныя дэлегаты Канфэрэнцыі патрыятычных дэмакратычных сілаў Беларусі.

Віншую Вас з 26-й гадавінай Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь! 25-Жнівень – гэта найвялікшае сьвята нашай найноўшай гісторыі. Беларусы на справе адрадзілі сваю незалежную дзяржаву. Незалежная дзяржава фармуе незалежніцкую пазыцыю новага пакаленьня. Гэта рэальнасьць.

 

Наступны этап -- стварэньне вольнай дэмакратычнай Беларускай нацыянальнай улады. Гэты працэс пачаўся, але быў прыпынены ў 1994 годзе. Каб яго аднавіць, неабходна збавіцца ад антынароднай палітыкі ўнутранай акупацыі і моцна сцьвердзіць Беларускую Нацыянальную ідэю, якая абапіраецца на Беларускую мову, народную свабоду, вольную краіну, традыцыі нацыі і дэмакратыі.

Практыка паказала, што гэта нялёгкі працэс перш за ўсё таму, што за антынародным рэжымам у Беларусі стаіць маскоўскі імпэрыалізм, які праводзіць пэрманэнтную палітыку падпарадкаваньня і захопу чужых тэрыторыяў.

Імпэрская палітыка Расеі праводзіцца незалежна ад таго, хто там ва ўладзе і якую рыторыку дэкляруе ўлада ў Маскве. Гісторыя паказала, што рускі камунізм, які праводзіў генацыд і русіфікацыю насельніцтва Беларусі, быў рэальна толькіі формай рускага імпэрыялізму і сам па сабе, як ідэалёгія, нічога істотнага па сутнасьці для рускай улады ня значыў, акрамя прылады для ўмацаваньня імпэрыі, русіфікацыі і ілюзорнай ідэі падпарадкаваньня ўсяго сьвету Маскве.

Гэтая палітыка Расеі ня зьменіцца ніколі, ні пры якой уладзе і ні пры якой форме ідэалёгіі, пакуль Расея будзе існаваць як імпэрыя. Расея -- гэта праблема чалавецтва, генэзіс якой бярэ пачатак з ХІІІ стагоддзя, з гісторыі сусьветнай Мангольскай дзяржавы. Сёньня расейская праблема зноў набывае злавесныя формы ў сувязі з імпэрскай фашызацыяй расейскага грамадзтва і крыміналізацыяй расейскай чэкісцкай карпаратыўнай улады, якая дзеля захаваньня сябе ўзяла курс на агрэсію і вайну.

 

Экскурс у расейскую палітыку я мусіў тут зрабіць, каб давесьці відавочную праўду: разьвіцьцю нашай нацыянальнай супольнасьці, нашай дзяржаўнай Незалежнасьці ў любой форме (нават у форме антынароднай лукашысцкай дыктатуры) заўсёды будзе пагражаць небясьпека, пакуль на ўсходзе застанецца існаваць расейская агрэсіўная імпэрыя.

Стратэгічная выснова для гарантыі нашай нацыянальнай будучыні і бясьпекі суседніх краін такая: агрэсіўнай імпэрыі на ўсходзе не павінна быць. Мусіць стацца распад імпэрыі і вызваленьне народаў. Такой павінна быць сутнасьць усходнеэўрапейскай геапалітыкі.

Але нават калі б гэтая імпэрыя існавала вечна (а вечна яна існаваць ня будзе), заўсёды ёсьць надзейны спосаб пазьбегнуць небясьпекі. Гэты спосаб -- абавязковае змаганьне і барацьба, нават калі яна будзе доўжыцца цэлае пакаленьне. Але яна павінна быць. У дачыненьнях з Расеяй гэта ёсьць катэгарычны імпэратыў дзеля свабоды і перамогі народаў.

Гісторыя адназначна і абсалютна пацьвярджае гэтую выснову. Такім шляхам ішлі вольная Фінляндыя, Польшча, Эстонія, Латвія, Летува, Венгрыя, Румынія, Чэхія і Славакія, Грузія і Малдова. І вось цяпер ідзе Украіна. Яна ўжо вольная. Яна ўжо салідарная нацыя, і ніхто там не збаяўся, што за свабоду трэба плаціць крывёй, бо свабода шмат значыць для вольнага народа.

Цяперашняя агрэсія Расеі ня спыніцца, пакуль ва ўладзе будзе Пуцін і гэбоўская група ўлады. Вайсковыя вучэньні расейскага войска "Захад-2017" на тэрыторыі Беларусі трэба разглядаць як грубае парушэньне суверэнітэту Беларусі і пачатак гібрыднай акупацыі нашай краіны. Маштаб падрыхтоўкі расейскіх узброеных сілаў да гэтых вучэньняў несувымерны і неадпаведны заяўленым мэтам, а менавіта: удзелу ў вучэньнях трох тысячаў расейскіх жаўнераў. У той жа час адбываецца перакідка велізарных вайсковых сіл да мяжы з Беларусяй і Украінай, ствараюцца там новыя гарнізоны і штурмавыя дывізіі ваенна-паветраных сіл, заяўлена пра 4162 чыгуначныя вагоны для перавозкі раейскага войска і бронетэхнікі ў Беларусь. Усё гэта сьведчыць пра вялікія маштабы манэўраў, пра сотні тысячаў расейскіх салдат і мноства цяжкай зброі. Прымаюцца захады з боку Пуціна аб увозе расейскай супрацьпаветранай ракетнай абароны ў Беларусь. Ваенная падрыхтоўка Расеі сьведчыць пра іншы маштаб вучэньняў і пра іншыя задумы. Ціхая акупацыя Беларусі ўжо пачалася.

У сваіх дзеяньнях Расея кіруецца толькі палітычнымі матывамі -- дамоўленасьцю зь нелегітымным правіцелям Беларусі аб стварэньні так званай беларуска-расейскай "саюзнай дзяржавы". Гэта дамоўленасьць антыпраўная і антыканстытуцыйная. Фантом "саюзнай дзяржавы" не прызнаны нікім у сьвеце. Такая дзяржава не існуе ў рэальнасьці. Масква карыстаецца гэтым фантомам для прасоўваньня сваёй ваеннай экспансіі ў Беларусь.

З гледзішча беларускага і міжнароднага права, усе ранейшыя расейскія вайсковыя вучэньні на тэрыторыі Беларусі былі грубым парушэньнем суверэнітэту нашай краіны. Яны, аднак, ня мелі рэзкіх геапалітычных вынікаў. Цяперашнія вучэньні "Захад-2017" сьведчаць аб планах маскоўскай ваеннай экспансіі на нашу тэрыторыю і аб гібрыднай акупацыі нашай краіны.

Цяпер, у юбілейныя дні нашай Незалежнасьці, мы вымушаныя зноў узьняць свой голас у абарону суверэнітэту Беларусі і Беларускай дзяржавы. Наш голас павінен быць моцным, прапановы дакладнымі, заклікі канкрэтнымі. Мы павінны зыходзіць з таго, што супраць агрэсіі і інвазіі расейскіх войскаў на нашу тэрыторыю мае права паўстаць беларускае грамадзкае і збройнае супраціўленьне. У абставінах, якія склаліся, альтэрнатывы такому супраціўленьню няма.

Тым часам лічу правільным зьвярнуцца да кіраўніцтва Расеі і існуючага кіраўніцтва Беларусі з патрабаваньнем спыніць ваеннныя вучэньні "Захад-2017" і вывесьці расейскія войскі і тэхніку з тэрыторыі Беларусі.

Мы вымушаны канстатаваць, што ў выніку рэпрэсіўных і антыдэмакратычных дзеяньняў правячага рэжыму Беларускія вольныя сродкі масавай інфармацыі займаюць няпэўную пазыцыю і абмежаваны сегмент у інфармацыйнай прасторы. Некаторыя СМІ вымушаны дзейнічаць за межамі краіны. Тым часам практыка паказала, што дэзінфармацыя ў сродках масавай інфармацыі зьяўляецца для Пуціна важнейшай прыладай прапаганды і гібрыднай вайны.

Лічу неабходным зьвярнуць на гэта ўвагу. У цяперашні час неабходна мабілізацыя усіх сродкаў масавай інфармацыі вакол беларускіх інтарэсаў свабоды, незалежнасьці і суверэнітэту. Галоўны прынцып -- данясеньне праўды да беларускага грамадзтва. Вясеньнія выступы людзей супраць рабаўнічага і зьняважлівага дэкрэта №3 засьведчылі (бадай ці ні ўпершыню) выдатную працу вольных беларускіх журналістаў. Невыпадкова рэжым абрушыўся на іх з фальшывымі прэтэнзіямі і рэпрэсіўнымі штрафамі. Настаў час, калі праўдзівая праца беларускага журналіста робіцца запатрабаванай для грамадзтва як сродак супраціву супраць маскоўскай хлусьні і дэзінфармацыі.

Тым часам калі ў Эўразьвязе зачыняць Белсат (што абяцаюць зрабіць у канцы года) гэта будзе падступны ўдар у плечы ўсёй вольнай Беларусі ў цяжкім часе, калі праўдзівая інфармацыя найбольш патрэбная.

Будзем спадявацца, аднак, што пры нашым супраціве зачыненьне Белсату не адбудзецца, расейская гібрыдная акупацыя Беларусі будзе спынена, цемра прайграе і ўся наша краіна, уся Беларусь здолее мабілізавацца і салідарна абараніць свой дзяржаўны суверэнітэт, незалежнасьць, волю і свабоду.

Віншую ўсіх са Сьвятам Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь! Слава Айчыне!

 

26 жніўня 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: