НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Беларусь пад блудам чужой палітыкі

Беларусь пад блудам чужой палітыкі

12 чэрвеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ:

“Падзеі апошняга месяца ў Беларусі не ўнесьлі істотных удакладненьняў у палітыку рэжыму па будучых выбарах. Стаўка на Казуліна пакуль застаецца ў сіле. Гэтаму пацьвярджэньне і адпраўка на “хімію” М. Статкевіча (каб не перашкаджаў сваімі амбіцыямі). Магчыма гэта ўзгоднена нават зь немцамі. Верагодней за ўсё, што многіх “правераных актывістаў” вікаўскай “апазыцыі” пастараюцца ў бліжэйшы час заткнуць на “хімію” гэтак жа, як і Статкевіча, а ўзамен выпусьцяць новых, якія будуць лямантаваць у паветра, а потым падтрымаюць Казуліна, ці каго іншага, якога яшчэ могуць вывесьці на прасцэніум. Пакуль што я схільны бачыць у падзеях мінулых месяцаў выключна маскоўскую тэхналёгію.

Добрай ілюстрацыяй да такога вываду зьяўляецца штучна раскручаны скандал вакол Саюзу палякаў Беларусі. Стварэньне міжнацыянальных канфліктаў у краінах, дзе Масква хоча ўкараніць свае інтарэсы, было і ёсьць першаснай справай у тактыцы расейскага КГБ. Найлепшая ілюстрацыя да гэтай палітыкі – Каўказ. (Паглядзіце, што крамлёўцы і Лубянка вытваралі з Грузіяй). Потым – Сярэдняя Азія. У Беларусі Маскве нічога не ўдалося, хаця перапробвалі ўсё ад фірмовага расейскага “бей жидов” да ўзбуджэньня палешукоў (успомніце такога Шэляговіча) і да натраўліваньня абласных гарадоў на Менск (маўляў “Минск всё забирает”).

Нягледзячы на поўны правал Масква не адмовілася ад сваёй тактыкі страўліваньня людзей і дэстабілізацыі ў грамадзтве. Для Масквы прынцыпова важна “завязаць” свайго небясьпечнага стаўленьніка Лукашэнку на які-небудзь нацыянальны канфлікт. Тады кіраваць такім сатрапам будзе проста, мэханізмы адпрацаваныя.

Другі аспэкт пытаньня ў тым, што Расея, дбаючы аб паглынаньні Беларусі, ня хоча дапусьціць добрых дачыненьняў Беларусі з Польшчай. Але, нягледзячы на ўсе супрацьдзеяньні, беларуска-польскія дачыненьні якраз найбольш плённыя ў параўнаньні з іншымі суседзкімі краінамі (маюцца на ўвазе перш за ўсё гандлёвыя дачыненьні і паміжлюдзкія адносіны).

Цяпер для Лукашэнкі настае якраз крытычны час, каб любымі спосабамі ўтрымацца ва ўладзе, правесьці выбары 2006 года ў сваю карысьць і не дапусьціць кансалідацыі супраць ягонага рэжыму. У гэтых умовах (мы бачым) рэжым робіць вытоптваньне беларускіх нацыянальных сілаў і нэўтралізацыю усіх, нават патэнцыйных антырэжымных груповак і асобаў. Ужываюць тэхналёгію “сьляпых завулкаў”, калі правакуюца бочныя дзеяньні, апазыцыйная траскатня і несуразіца (тыпу абсурдных “галадовак” па кватэрах), абы толькі адцягнуць увагу грамадзтва ад рэальнай нацыянальнай працы па зьмене ўлады і ад падрыхтоўкі да падзеяў 2006 года.

Лукашэнку цяпер асабліва патрэбныя “ворагі з Захаду”, дэстабілізатары грамадзкага спакою, карупцыянэры-абдзіральшчыкі народа, пятая калёна Брусэля і г.д., зь якой ён стане змагацца, каб “абараніць” беларускі народ. Рэжыму хацелася б адцягнуць грамадзкую ўвагу ад пытаньняў улады, ад будучых выбараў, каб ціха за шырмай грамадзкага вэрхалу і дэмагогіі рыхтаваць чарговую “элегантную перамогу” рэжыму.

У гэтых умовах прыдаўся б які-небудзь невялікі рэлігійны ці нацыянальны канфлікт (ізноў жа для адцягненьня ўвагі ад выбараў і незаконнага ўдзелу ў іх Лукашэнкі). Тым часам Лукашэнка наводзіў бы парадак, караў бы, мірыў, балбатаў, лавіў рыбку ў мутнай вадзе, набіраў бы ачкі гаспадара становішча.

Гэтую сітуацыю добра адчула Масква і стараецца пажаць тут неспатолены свой інтэрас.

Сітуацыя тым часам банальная і мераецца звыклымі гэбоўскімі меркамі. Саюз палякаў Беларусі за кіраўніцтвам Тадэвуша Гавіна быў прыхільны да БНФ. Фронт падтрымліваў гэтую арганізацыю. Тады агентуры ўдалося выпхнуць Гавіна і паставіць у кіраўніцтва іншую асобу – Тадэвуша Кручкоўскага. Т. Кручкоўскі, стаўшы кіраўніком СПБ, адразу заявіў, што арганізацыя ня будзе падтрымліваць Беларускі Народны Фронт і апазыцыю, а стане супрацоўнічаць з уладамі Лукашэнкі ў інтарэсах палякаў.

Гэтыя заявы Т. Кручкоўскага былі надрукаваныя ў Польшчы ў польскім друку і, як ня дзіўна, не сталіся прадметам увагі палітыкаў і журналістаў. Т. Кручкоўскі рэгулярна прыязджаў у Польшчу, удзельнічаў, напрыклад, у паседжаньнях Rady prezesów Europejskiej Unii Wspólnot Polonijnych, а ў 2002 годзе быў выбраны членам Прэзідыуму Rady Polonii Swiata, удзельнічаў у паседжаньнях Polonijnej Rady Konsultacyjnej у Сэнаце Польшчы і ў 2002 годзе быў нават абраны на сакратара гэтай Рады.

У сакавіку гэтага года адбыўся чарговы зьезд СПБ, на якім, відаць, нечакана для Кручкоўскага і ягоных апекуноў, на старшыню выбралі не яго, а іншую асобу. Кручкоўскі і ягоныя людзі паставілі пад сумніў законнасьць зьезду, а Мінюст Лукашэнкі не прызнаў яго правамоцнасьць і новае кіраўніцтва СПБ з-за парушэньняш Статуту і запатрабаваў правесьці паўторны зьезд.

Пачаўся скандал, які распальваецца з абодвух бакоў. Рэжым Лукашэнкі і маскоўская агентура хочуць сьпіхнуць канфлікт у нацыянальнае рэчышча, гучаць адпаведныя слоўцы, ярлычкі і тэрміналёгія, па тэлебачаньні паказваюць сумніўныя фільмы з абвінавачваньнем СПБ у падрыўной дзейнасьці разам з польскай дыпляматыяй, імкнуцца скляпаць з часткі нашых суайчыньнікаў нібыта “антыбеларускую” пятую калёну. І хто гэта імкнецца – нішчыцелі ўсяго беларускага, лукашысты, беларусафобы і падпявалы рэжыму.

Словам, скандал ствараецца па ўсіх тэхналягічных правілах маскоўскіх скандалатворцаў.

Самае дзіўнае, што шмат хто ў польскай палітыцы не разумее правакацыйнай сутнасьці і штучнасьці канфлікту і задумы яо праектантаў з Масквы, гавораць неадпаведныя словы і прапановы, якія толькі б распалілі скандал у патрэбным Маскве і Лукашэнку рэчышчы.

Тым часам маскоўская дыпляматыя тут жа пачала дзейнічаць. Расея стала прыкідвацца найлепшым сябрам Польшчы. Расейскі кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў тут жа спатыкаецца і размаўляе ў чатыры вочы з міністрам замежных справаў Польшчы, пасьля чаго польскі міністар заяўляе, што “Масква хоча паправы дачыненьняў з Польшчай” (газэта “Rzecz Pospolita”, – 2005, 11-12 чэрвеня), што ён ня можа адкрываць дэталяў размовы і г.д.

Як гэта ўсё нам вядома з гісторыі! Сутнасьць гісторыі, аднак, у тым, што на гісторыі ніхто ня вучыцца.

Калі б скандал сапраўды раскруцілі па маскоўскім сцэнары да ўзроўню нацыянальнага канфлікту, то пацярпелі б Польшча, Беларусь і беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух; выграў бы Лукашэнка і Масква. Але трэба разумець, што маскоўска-лукашэнкаўская афёра ў прынцыпе ня можа мець рэальнага сацыяльнага выніку, бо адсутнічае грамадзкая аснова нацыянальнага канфлікту. Яго проста не існуе нават у думках. Але прапагандысцкае ляпаньне лёзунгамі, заявамі і языкамі робіць сваю шкодную справу, бо тлуміць людзям розум, адцягвае ад рэальных задачаў адраджэньня дэмакратычнай Беларусі і ад змаганьня з рэжымам, кіруе ў бок, у сьляпы завулак, сее зерні недаверу і варожасьці паміж людзей. І ў гэтым ёсьць шкода правакацыйнай кампаніі і злачыннасьць рэжымнай палітыкі Лукашэнкі.

Як бачым, у гэтым скандале шмат што не вяжацца з лёгікай як з Лукашэнка-маскоўскага, так і з польскага боку. Відавочна, на жаль, што некаторыя польскія палітыкі паддаюцца на правакацыю Лукашэнкі, і Масква набірае ачкі. Бо Лукашэнка, маючы свой інтэрас, таксама ўвязаўся ў чужую гульню. Калі Маскве ўдасца канчаткова папсаваць дачыненьні Беларусі з Польшчай, гэта яшчэ мацней прывяжа рэжым Лукашэнкі да Расеі і ўзмоцніць маскоўскі ўплыў на Беларусі. Ці разумеюць на захад ад Буга, што яны прайграюць з Масквой? Сказаць цяжка. Асабліва калі палітыкай кіруюць нацыянальныя эмоцыі. І хоць бура ў шклянцы вады ніколі не стане патопам, страчаны на пустое час можа стацца фатальным аргумантам у справе захаваньня прамаскоўскай дыктатуры на Беларусі.

Як нам адносіцца да скандалу? Па-першае, мы не павінны ў яго ўвязвацца. Ён дрэнна пахне і абстаўлены эмоцыямі. Мы павінны тлумачыць людзям сутнасьць правакацыі і заклікаць працаваць для справы адраджэньня Беларусі і зьмены дыктатуры на дэмакратыю”.

Выступілі таксама сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў ў Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны ахарактарызавалі сацыяльна-палітычнае становішча ў Беларусі і вызначылі арганізацыйныя задачы структураў Фронту і Партыі. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Выступоўцы падкрэсьлілі неабходнасьць грунтоўнай падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, дзе беларускаму грамадзтву павінна быць запрапанавана беларуская альтэрнатыва і беларускі кандыдат Зянон Пазьняк, але ёсьць недапушчальны незаконны ўдзел у выбарах Лукашэнкі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьцінскай Партыі – БНФ

Дадаць у: