НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Беларускі Народны Фронт – Беларуская палітыка

Беларускі Народны Фронт – Беларуская палітыка

Лiст да сяброў БНФ

Трэба выразна разумець, што калi ў Беларусi ня будзе моцнай палiтычнай арганiзацыi, заснаванай на нацыянальная iдэi, — палiтычнай будучынi ў арганiзацыi няма.

Такой арганiзацыяй быў i ёсьць яшчэ на сёньня Беларускi Народны Фронт.

Беларускае грамадзтва

Сiлай, якая супрацьстаяла беларускаму нацыянальна-вызвольнаму руху i адраджэньню Беларусi напрацягу 200 гадоў расейскай акупацыi, была расейская iмпэрская адмiнiстрацыя i прарасейскае чынавенства (куды ўваходзiла яшчэ расейская праваслаўная царкава i расейскi друк).

За саветамi — гэта савецкая прамаскоўская адмiнiстрацыя i партыйная намэнклятура. Цяпер — былая савецкая адмiнiстрацыя i былая прамаскоўская намэнклятура.

Уладзiмер Старчанка прапанаваў (у артыкуле “Што адбылося на Беларусi”) называць гэтую антыбеларускую сiлу адзiным тэрмiнам —”каланiяльная адмiнiстрацыя”, бо гэтая зьява тыпалягiчная для ўсiх iмпэрыяў у пэрыяд развалу, калi яны iмкнуцца захаваць свой уплыў на вольных тэрыторыях.

У Беларусi з рэжымам “калянiяльнай адмiнiстрацыi” змагаюцца беларускiя нацыянальна сьведамыя людзi, якiя хочуць незалежнай, вольнай беларускай нацыянальнай дзяржавы, дзе будзе беларуская ўлада, беларуская адмiнiстрацыя i беларуская культура. Палiтычна актыўная частка гэтых людзей аб’ядналася ў Беларускi Народны Фронт i ў iншыя арганiзацыi, якiя стаяць на грунце беларускай нацыянальнай iдэi.

З цяперашнiм дыктатарскiм рэжымам калянiяльнай адмiнiстрацыi ў Беларусi змагаецца таксама намэнклятурная апазыцыя (цi “калянiяльная апазыцыя”, па класiфiкацыi Ўл. Старчанкi). Гэта выхадцы, у асноўным, зь дзяржаўнай адмiнiстрацыi, якiя апынулiся за бартом улады. Яны хочуць вярнуцца ва ўладу, прыстасаваўшы яе пад сябе, i пры гэтым iмкнуцца абаперцiся на Маскву i на Беларускi Вызвольны Рух.

Памiж нацыянальна-вызвольнай i калянiяльнай (намэнклятурнай) апазыцыямi iдзе змаганьне за ўплывы. Нацыянальна-вызвольная апазыцыя iмкнецца прышчапiць намэнклятурным апазыцыянерам нацыянальна-вызвольныя каштоўнасьцi, уплываць на фармаваньне iхнае нацыянальнае сьведамасьцi i схiлiць на грунт беларускай нацыянальнай iдэi.

Намэнклятурная апазыцыя iмкнецца скарыстаць нацыянальна-вызвольны рух у сваiх iнтарэсах, падкрэсьлiвае, што галоўнае ёсьць адзiнства “дэмакратычных сiлаў” i тое, што будзе потым.

Змаганьне за ўплывы спрыяла зблiжэньню да нацыянальных каштоўнасьцяў i да беларускай нацыянальнай iдэi некаторых намэнклятурных апазыцыянэраў, i наадварот — да пераходу на канфармiсцкiя пазыцыi часткi кiраўнiцтва Беларускага Народнага Фронту. Было падважана цьвёрдае правiла ў палiтыцы: супрацоўнiчаць па iнтарэсах i разьмяжоўвацца па прынцыпах. Канфармiзм прывёў да крызысу ў БНФ.

Дачыненьнi Расеi

Усе расейскiя палiтычныя сiлы i палiтыкi адзiныя ў iмкненьнi далучыць (“iнтэграваць”) Беларусь у Расею. “Палiтычная Расея” стаiць на iмпэрскiх пазыцыях. У 1994 годзе рускiя спэцслужбы, пракамунiстычныя i праiмпэрскiя колы зрабiлi стаўку на А.Лукашэнку ў Беларусi, дапамаглi яму узяць i умацаваць уладу, а ў 1996 годзе — зрабiць канстытуцыйны дзяржаўны пераварот. Пачалася палiтыка iнкарпарацыi Беларусi ў Расею.

У 1996-97 гг. iнкарпарацыю ўдалося стрымаць, дзякуючы адчайнаму супрацiўленьню беларускай нацыянальна-вызвольнай апазыцыi i супярэчнасьцям унутрырасейскай палiтычнай барацьбы.

Пасьля 1997 года ў расейскiх палiтычных структурах, зьвязаных зь бiзнэсам i эканамiчнымi рэформамi, узьнiкла думка замянiць Лукашэнку на iншага, больш прадказальнага i лiбэральнага стаўленiка з iмiджам дэмакрата. Мэтад — выбары. Таму неабходна было выключыць фактары рызыкi: разбурыць беларускiя нацыянальна-вызвольныя арганiзацыi (найперш БНФ), выцесьнiць, скампраметаваць цi “нэўтралiзаваць” лiдэраў i магчымых супернiкаў на выбарах.

Першы сур’ёзны праект у гэтым накiрунку — апазыцыйныя выбары прэзыдэнта Беларусi. Галоўная задача — разбурыць нацыянальна-вызвольны рух, зганьбаваць кiраўнiкоў, увесьцi ў iнфармацыйную свядомасьць iмёны новых “лiдэраў” i зарыентаваць яе на намэнклятурную апазыцыю.

Мэханiзмам дзеяньняў стаў галоўны лёзунг калянiяльнай апазыцыi —”адзiнства ўсiх дэмакратычных сiлаў” (без вызначэньня нацыянальных прынцыпаў i нацыянальнай пэрспэктывы).

Праект правалiўся ў вынiку жорсткай барацьбы i шэрагу выпадковасьцяў, але разбуральныя вынiкi яго — велiзарныя. Яны выклiкалi раскол у Беларускiм Народным Фронце.

Дачыненьнi Захаду

Захаду было б дастаткова бачыць Беларусь як больш-менш стабiльную краiну з прадказальнай уладай i палiтыкай, дзе ёсьць элементарная павага да законнасьцi i асноўных прынцыпаў дэмакратыi. Астатняе — пытаньне разьвiцьця i ўзаемных стасункаў. “Астатняе” — цяпер Захад мала цiкавiць.

Захад абыякавы да нашых беларускiх нацыянальных праблемаў. (Невялiкiя разыходжаньнi памiж больш радыкальнай (“прабеларускай”) пазыцыяй ЗША i памяркоўнай (“канфармiсцкай”) пазыцыяй Эўропы — ролi не адыгрываюць.) Акрамя таго, Захад ня хоча турбаваць Расею. Таму заходняя салiдарнасьць зарыентаваная на кантакты i на падтрымку ня больш моцнага, пэрспэктыўнага i пагрунтаванага ў масах беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, а на слабую, але канфармiсцкую (не антырасейскую) калянiяльную апазыцыю.

Уплыў на разьвiцьцё дэмакратыi ў Беларусi Захад ажыцьцяўляе найперш праз розныя дапамогавыя фонды i арганiзацыi, якiя выдаткоўваюць грашовыя гранты недзяржаўным арганiзацыям пад пэўныя праграмы. Утварылася цэлая сетка недзяржаўных дэмакратычных арганiзацыяў (НДА), створаных пад заходнюю дапамогу i пад патрабаваньнi грантадаўцаў. Дзейнасьць па ўтварэньнi i падтрымцы НДА мае станоўчыя, i адмоўныя вынiкi: пашырае дэмакратычныя iдэi, асьвету, iнфармацыю, друк, дапамагае вучыцца i працаваць i адначасна — плодзiць iлюзii, iмiтатараў, развальвае беларускiя палiтычныя арганiзацыi, разбэшчвае людзей.

Недзяржаўны (“незалежны”) друк

Амаль увесь недзяржаўны перыядычны грамадзка-палiтычны друк у Беларусi ў той цi iншай ступенi настроены апазыцыйна да рэжыму Лукашэнкi. Амаль увесь ён адлюстроўвае погляды калянiяльнай апазыцыi i ў асобных выданьнях пасьлядоўна варожы беларускаму нацыянальна-вызвольнаму руху (найперш — БНФ). Амаль увесь ён, поўнасьцю цi часткова, друкуецца на рускай мове.

Толькi некалькi нешматтыражных газэтаў, што выдаюцца ня ў Менску, адлюстроўваюць пазыцыi нацыянальна-вызвольнага руху, прыхiльныя да БНФ i друкуюцца па-беларуску.

Беларускi Народны Фронт

Беларускi Народны Фронт сваiм зьместам, iдэялёгiяй i структурай адлюстроўвае рэальнае грамадзкае становiшча беларускай нацыi. Беларускае грамадзтва цяпер, у канцы ХХ-га стагоддзя, павiнна вырашаць ня толькi праблемы постсавецкiя, посткамунiстычныя (пытаньнi ўлады), але i посткалянiяльныя, якiя не былi вырашаныя ў 1918 годзе (праблема беларускай мовы, беларускай нацыянальнай сьведамасьцi, беларускiх школаў, гiсторыi i г.д. Таму Фронт, па сутнасьцi, ёсьць i грамадзкая, i палiтычная арганiзацыя, адначасова займаецца i культурнiцтвам, i палiтыкай, ёсьць адначасна i партыяй, i рухам, мае два статуты i здвоеныя сiлы. У гэтым моц БНФ.

З iснаваньнем i дзейнасьцю Народнага Фронта зьвязана адраджэньне незалежнасьцi i нацыянальная будучыня Беларусi. Пачынаючы з 1988 года, антыбеларускiя сiлы ўсiмi сродкамi змагаюцца супраць Фронта. Стратэгiчна вызначаны два накiрункi палiтычнага зьнiшчэньня БНФ:

— стварэньне адмоўнага адваротнага iмiджу арганiзацыi i кiраўнiку Фронта;

— раскол арганiзацыi.

Але раскол арганiзацыi можна было ажыцьцявiць толькi знутры. Усе спробы разбурыць Фронт нiчога не далi, пакуль не пачалося бяспрынцыпнае ўзаемадзеяньне з калянiяльнай апазыцыяй. Травеньская выбарчая авантура намэнклятурнай апазыцыi (фальсыфiкацыя галасаваньня) i рашучы выхад зь яе сяброў БНФ сталi пачаткам рэальнага падзелу Фронту, паказалi, наколькi глыбока адбылося пранiкненьне ў Фронт iншых прынцыпаў i iншага сьветапогляду, а зь iмi — iншай этыкi i iншых паводзiнаў.

VI Зьезд БНФ (31 лiпеня — 1 жнiўня гэтага году) засьведчыў падзел Фронту на дзьве палавiны i дзьве пазыцыi, якiя ўмоўна можна назваць так: грамадзка-пазытывiсцкая (Л. Баршчэўскi, В. Вячорка, В. Iвашкевiч, А. Бяляцкi, Ю. Хадыка, М. Баўсюк i iнш.) i палiтычная кансэрватыўная (Ю. Беленькi, З. Пазьняк. Ул. Старчанка, А. Крыварот, М. Анцыповiч, С. Папкоў i iнш.). Агульнымi зьяўляюцца iдэi беларускага адраджэньня.

Словы аб адзiнстве Фронту ў гэтай сiтуацыi выяўляюць трывогу перад яго разбурэньнем i гавораць пра разуменьне неабходнасьцi адзiнства, але ранейшай еднасьцi ўжо не прадугледжваюць. Яе няма. Iснуе (створана, зроблена) iншая рэальнасьць, iншыя дачыненьнi. Павiнна быць iншае адзiнства.

Новае адзiнства

Iншага адзiнства неабходна дасягнуць як найхутчэй. Пакiну ў баку, хто рыхтаваў раскол, дзеля чаго, як, зь якiмi мэтамi i ўвогуле — маральна-палiтычныя ацэнкi таго, што сталася. Зыходжу з рэальнасьцi.

Беларускi Народны Фронт ёсьць ужо падзелены. Адзiнай арганiзацыяй (з адзiнай структурай, адзiным кiраўнiцтвам) ён ужо не застанецца, а калi застанецца, то нармальна дзейнiчаць ня зможа i расколецца з больш разбуральнымi вынiкамi i большай стратай часу.

У гэтай сiтуацыi старшыня Фронту, згодна Статуту БНФ, быў выбраны на VI-м Зьезьдзе з перавагай толькi ў чатыры галасы (прытым канфлiктуючы бок заявiў, што не прызнае яго выбраньня). Вось адлюстраваньне становiшча.

Iстотныя ня толькi розныя пазыцыi i аб’ектыўныя чыньнiкi, але i ўзаемадачыненьнi. Бальшыня фронтаўскiх крытыкаў ня ўмелi паводзiць сябе ў палiтычным канфлiкце: былi публiчна сказаныя словы нянявiсьцi i зьнявагi, скарыстаныя мэтады з арсеналу “разборак” намэнклятуры i прыёмаў бясслаўнай травеньскай прэзыдэнцкай выбарчай кампанii.

Наступствы такiх дачыненьняў адразу не зьнiкаюць нават на адлегласьцi, тым больш, што яны зыходзяць з розных групаў i з розных поглядаў на дзейнасьць i задачы БНФ. Калi ў 1995 годзе пастаноўка пытаньня аб расколе Фронта на партыю i рух выглядала штучна, зыходзiла толькi з амбiцыяў вельмi вузкага кола асобаў, то цяпер, праз чатыры гады развальнай працы (ня толькi гэтых асобаў), становiшча кардынальна згоршала.

Вопыт i жыцьцёвыя прыклады паказваюць што ў сiтуацыi пазыцыйнага i арганiзаванага падзелу былое адзiнства арганiзацыi ўтрымаць ужо немагчыма. Штучнае стрымлiваньне прывядзе да катастрофы. Трэба зыходзiць з таго адзiнства, якое засталося — з адзiнства беларускай нацыянальнай iдэi, адраджэнскiх прынцыпаў i мэты. Трэба замацаваць гэтае адзiнства ў новай сiстэмна-структурнай арганiзацыi БНФ.

Неабходна прызнаць пазытывiсцкую плятформу, зарыентаваную на НДА i на грамадзкую дзейнасьць i даць ёй магчымасьць арганiзацыйна аформiцца. За гэтай пазыцыяй стаiць меншая колькасьць фронтаўцаў. (Падзел на Зьезьдзе — амаль напалову.) Трэба прызнаць яе як частку Народнага Фронту, Прызнаць за ёй Статут БНФ i права дзейнiчаць згодна Статуту (выбары кiраўнiцтва, стварэньне структураў i г.д.).

Кансэрватыўная пазыцыя ў БНФ (зарыентаваная на традыцыйныя каштоўнасьцi i на канцэптуальную палiтычную дзейнасьць) арганiзацыйна афармляецца як партыйная частка Народнага Фронту. За ёй прызнаецца Статут Партыi БНФ i права дзейнiчаць згодна Статуту (выбары кiраўнiцтва, стварэньне структураў i г.д.).

Абедзьве часткi БНФ iснуюць як самастойныя арганiзацыi i ўтвараюць каалiцыю Беларускага Народнага Фронту. Каалiцыя БНФ ня ёсьць асобнай арганiзацыяй, ня мае агульнага Статуту i супрацоўнiчае на падставе дамоўленасьцi. Каардынацыя працы адбываецца праз Кансультатыўную Нараду, куды ўваходзяць старшынi i прадстаўнiкi абедзьвюх арганiзацыяў. Пастаянны старшыня Кансультатыўнай Нарады не выбiраецца. Нарада можа зьбiрацца ў любы час па меры неабходнасьцi.

Для рэгулярнага абмену iнфармацыяй Нарада зьбiраецца не радзей чым адзiн раз у месяц.

Прапанаваная новая структурная сiстэма БНФ як Каалiцыя адраджэнцкiх вызвольных арганiзацыяў адлюстроўвае сiтуацыю, дае магчымасьць хутка, без юрыдычных i арганiзацыйных цяжкасьцяў, апанаваць становiшча, спынiць паглыбленьне расколу i наладзiць скаардынаваную працу.

Пры такiм падыходзе, калi асобныя арганiзацыi дзейнiчаюць як каалiцыя, тады застаюцца агульная, ужо зацьверджаная сымволiка, агульныя офiсы i штаб-кватэры i нават некаторыя агульныя камiсii (напрыклад, па экалёгii, па культуры i iнш.).

Ня ўзьнiкне тэхнiчных праблемаў з удзелам у выбарах, бо каалiцыя БНФ ужо будзе iснаваць (гэта гатовы выбарчы блёк). Да таго ж, да яе могуць далучыцца iншыя самастойныя нацыянальна-вызвольныя i культурнiцкiя арганiзацыi. Зьяўляецца магчымасьць стварыць скаардынаваны адраджэнцкi нацыянальна-вызвольны блёк, разьвiтацца з канфармiзмам i спынiць калянiяльную дэмагогiю пра “объедiненiе всех демократiческiх сiл”. Каалiцыя нацыянальна-вызвольных арганiзацыяў можа каардынавацца тады з усёй намэнклятурна-дэмакратычнай апазыцыяй па схеме “1-1”, а не “1-35”, як увесь час хацелася калянiяльным камбiнатарам, спэцслужбам i творцам фантомаў.

Адным словам, у нас ёсьць магчымасьць накiраваць сiлу ўдара па Фронту супраць тых, хто наносiць удар, ператварыць раскол з фактару распаду i самазьнiшчэньня ў чыньнiк згуртаваньня на iншым сiстэмным узроўнi.

Неабходную падрыхтоўчую працу трэба зрабiць да 1-га верасьня. I на другiм паседжаньнi Зьезду адразу вырашыць усе фармальныя пытаньнi па абдуманым размежаваньнi i згуртаваньнi (стварэньнi Каалiцыi БНФ).

Калi прыйсьцi на Зьезд, не дамовiўшыся аб стваральным вынiку, то вынiк можа быць разбуральным, якi выключыць Фронт з нармальнай грамадзка-палiтычынай працы на доўгi час i прывядзе да вялiкiх стратаў.

Малады Фронт

Неабходна запабегчы арганiзацыйнаму расколу ў Маладым Фронце. Увогуле — трэба вельмi асьцярожна адносiцца да ўдзелу ў сур’ёзнай палiтыцы маладых дваццацiгадовых людзей. Тут нельга нашкодзiць. Моладзь, калi ўзьнiкне неабходнасьць, можа абаранiць Радзiму нават цаной самаахвяраваньня. Але грамадзтва павiнна берагчы моладзь.

Сур’ёзная, пасьлядоўная палiтычная дзейнасьць вымагае вопыту, псыхалягiчнай сьпеласьцi, наяўнасьцi адукацыi (цэнзу), становiшча ў грамадзтве, аутарытэту, матэрыяльнай самастойнасьцi i г.д. Маладыя павiнны яшчэ гэтага дасягнуць, ня мусяць прыносiць у ахвяру палiтычным страсьцям, руцiннаму i малому сваю будучыню, якая павiнна стаць будучыняй сьветлай i вольнай Беларусi. Галоўнае, каб малады хлапец, маладая дзяўчына былi адукаванымi асобамi, сьведамымi беларускай культуры i беларускай нацыi. Беларускiя маладыя людзi мусяць сабе ў гэтым дапамагаць i падтрымлiваць адзiн аднаго. З цягам часу (з узростам) будуць зьмяняцца ацэнкi i дачыненьнi ў палiтыцы i ў жыцьцi, але галоўнае павiнна злучаць усiх: Бог у душы i — “Беларусь — гэта сьвятое”; беларуская мова ёсьць Боскi дар, наша вялiкая мова; беларуская дзяржава — наш беларускi дом, даражым ёй, як бацькам i маткай; наш бел-чырвона-белы сьцяг i гэрб “Пагоня” ёсьць сiмвалы нашага iснаваньня.

Малады Фронт павiнен заставацца арганiзацыйна адзiным i мець сваю моладзевую канцэпцыю беларускiх нацыянальных каштоўнасьцяў, духоўнага беларускага асьветнiцтва i змаганьня за iдэалы. Арганiзацыйнае адзiнства Маладога Фронту i гэтай сiтуацыi — задача цалкам вырашальная i залежыць ад самiх маладафронтаўцаў.

Дачыненьнi, якiя трэба мець на ўвазе

Падрыхтоўка “калянiяльнай” замены Лукашэнкi, нягледзячы на правал праекту “Чыгiр”, працягваецца. Ёсьць вiдавочныя вынiкi гэтай дзейнасьцi. Выключаныя з палiтыкi Г. Карпенка, Ю. Захаранка, адсунуты ў бок i выгнаны зь Беларусi С. Шарэцкi, рэзка i татальна ўзмоцнена “вечная барацьба” з Пазьняком ( гэта значыць — са мной), Народны Фронт расколаты i працягваецца яго разбурэньне. У блiжэйшы час будзем назiраць спробы перакупiць (у лiтаральным сэнсе слова) частку сяброў БНФ.

Выстаўлены дзьве фiгуры — спадары М. Чыгiр i В. Ганчар (потым застанецца — адна). Цяпер апазыцыйную групу Вярхоўнага Савета (легiтымнасьць якой прызнае Захад i Народны Фронт) узначалiў В. Ганчар. Неўзабаве можна чакаць фармальнага зьмяшчэньня С. Шарэцкага з пасады старшынi Вярхоўнага Савета (калi ён ня стане выконваць абавязкi прэзыдэнта). Не сумняваемся, што Масква ведае, куды захоча ўкласьцi грошы. Плян замены калянiяльнай адмiнiстрацыi на Беларусi запрацуе з новай сiлай. БНФ вымушаны будзе разабрацца з прызнаньнем легiтымнасьцi Вярхоўнага Савета i авантўрызмам яго новага скандальнага кiраўнiка, да якога няма даверу.

Выхад з гэтага стану быў прапанаваны яшчэ год таму — стварэньне Грамадзянскага Парляманту Беларусi. Небясьпеку iдэi Грамадзянскага Парляманту апанэнты адчулi адразу i абвалiлi на яе цяжар крытычнай дэмагогii, Калянiяльнае апазыцыя ўжо выйграла час. Тым ня менш — ня ўсё страчана. Трэба прадаўжаць працу па стварэньнi Грамадзянскага Парляманту, а таксама паспрабаваць па-новаму глянуць на магчымасьцi сфармаваньня Часовага Ўраду Беларусi выконваючым абавязкi Прэзыдэнта.

Пакуль ня будзе створана альтэрнатыва рэжыму i Лукашэнку — усе намаганьнi ўсёй апазыцыi ў Беларусi нi да чаго не прывядуць. Альтэрнатыву iмкнецца стварыць калянiяльная апазыцыя i Масква. Трэба стварыць нашу альтэрнатыву. Яна павiнна быць вызвольнай i беларускай.


Зянон Пазьняк

Дадаць у: