НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ДА ГІСТОРЫІ МАСКОЎСКАЙ АФЁРЫ

ДА ГІСТОРЫІ МАСКОЎСКАЙ АФЁРЫ

У ліпені 1999 года мусіў скончыцца першы прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі. Тым часам рэжым не зьбіраўся праводзіць выбары. Улада стала рабіць адлік не ад ліпеня 1994-га, а ад лістапада 1996-га – часу дзяржаўнага перавароту Лукашэнкі і ўсталяваньня новай рэжымнай Канстытуцыі. Выбары перанесьлі на 2001 год.

Народны Фронт і іншыя дэмакратычныя арганізацыі лічылі, што трэба арганізаваць і правесьці законныя выбары ў 1999 годзе, магчыма нават альтэрнатыўныя на грамадзкіх пачатках, паколькі ўлада ўхілілася. Гэтая праца вымагала вялікай падрыхтоўкі. Яна пачалася.

Рэжым адрэагаваў хутка, стварыў “Рэспубліканскі штаб пры Мінюсьце для юрыдычнай ацэнкі дзеяньняў лідэраў радыкальнай апазыцыі па падрыхтоўцы альтэрнатыўных выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”. Даручэньні атрымалі КГБ і пракуратура.

У пачатку 1999 года ідэя альтэрнатыўных выбараў прэзыдэнта была актыўна падхоплена выхадцамі з асяроддзя Лукашэнкі, што рассварыліся са сваім уладным працадаўцам. Прыхільнікамі альтэрнатыўных выбараў сталі Віктар Ганчар (Старшыня ЦВК), былы прэм’ер Міхаіл Чыгір, спадары Лябедзька, Сініцын і іншыя, што ў 1994-м вялі Лукашэнку да ўлады. Пачаўся мэдыйны вэрхал, заклікі да “аб’яднаньня ўсіх дэмакратычных сіл” і таму падобныя канторскія “штучкі”.

Прытым стаўку рабілі на Міхаіла Чыгіра – былога прэм’ера, абсалютна шэрую бяскрылую фігуру з адрынутага асяроддзя Лукашэнкі.

Іхныя дзеяньні мелі фармальную падставу, але рэальна ня мелі ні грамадзкага  забесьпячэньня, ні палітычных пэрспектыў. Тым ня менш мэдыйны ўздым працягваўся. Бесперапынна мільгалі прозьвішчы Чыгіра і Ганчара. Ўсё выглядала настолькі штучна, што вушы расейскай агентуры не відаць былі хіба што сьляпому. Праўда, сьляпых тады ў беларускім палітычным полі існавала маса, але ўзьнікала пытаньне – навошта тая авантура робіцца.

Канчаткова ўсё стала зразумела пасьля двух візытаў да мяне ў Варшаву спадароў Ганчара і Чыгіра. Яны прасілі мяне ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата, бо ў іх для ажыцьцяўленьня выбараў няма структураў і людзей, і без ўдзелу Народнага Фронту правесьці такія выбары немагчыма. Пры гэтым яны казалі, што выбары робяцца пад Чыгіра, бо за ім, маўляў, Масква і (быццам бы) саўковы электарат Беларусі. Прастата і наіўнасьць гэтых энтузіястаў, зьмяшаная з палітычнай нечыстаплотнасьцю, зьдзіўляе мяне па сёньняшні дзень.

Тым часам яны ўжо вялі перамовы з нашымі фронтаўскімі нізавымі структурамі, прапануючы грошы і супольную перамогу “над дыктатарам”. У Фронт паплылі людзі з падазронай актыўнасьцю, якіх мы ніколі ня бачылі. Узьніклі спрэчкі і падзел пазыцыяў у Руху.

Зразумела, што пачалася генэральная атака на Фронт з прымяненьнем маскоўскіх грошай. Вынікам атакі павінна было стацца зьнішчэньне народнага руху БНФ і зганьбаваньне майго імя. У іншым выпадку – раскол Фронта.

Бальшыня з маіх шасьці намесьнікаў (з тых, якія не былі ў парляманце і ня мелі парляманцкага вопыту палітычнай барацьбы) падтрымалі авантуру, прыяжджалі да мяне, сур’ёзна ўгаворвалі балатавацца на кандыдата ў прэзыдэнты і меркавалі, што цалкам магчыма ажыцьцявіць такія выбары ў абход аўтарытарнай улады “ўсім разам” і нават пры пасіўным электараце. “І з лукашысцкай публікай?” – задаваў я скептычнае пытаньне, маючы на ўвазе Ганчара і кампанію. “Яна ўжо не лукашысцкая,” – быў адказ.

Я адчуваў, што будучы за мяжой і ня маючы непасрэдных кантактаў зь людзьмі і з сябрамі Фронту, я гэтую атаку (падмацаваную грашыма, якая йшла поўным ходам) проста так ужо не адкіну. Мы маглі страціць Рух. Трэба было прымаць вымушанае рашэньне і ўключацца ў абсурдныя падзеі па чужым сцэнары, каб мець кантроль над Фронтам і дзейнічаць па абставінах. Мая адмова ў той сытуацыі магла б прывесьці да агентурнага захопу Фронту, варожымі сіламі, якія б мелі разьвязаныя рукі.

Зразумела было таксама, што выканаўцы авантурнага праекту будуць займацца махінацыямі і фальсіфікацыямі, бо рэальна альтэрнатыўныя выбары ў тых абставінах правесьці ўжо было немагчыма.

Пагадзіўшыся на ўдзел ў выбарах, я выставіў Ганчару адну ўмову: выбары мусяць адбывацца згодна з Канстытуцыяй і строга па закону аб выбарах. Ганчар урачыста і зь лёгкасьцю пагадзіўся.

У працэсе, калі пачаліся шырокія парушэньні закона, галасаваньне на працягу дзесяці дзён з абходам кватэраў, падробка пратаколаў галасаваньня і татальная фальсіфікацыя галасаваньня, я афіцыйна пісьмова папярэдзіў В. Ганчара аб парушэньнях закона і недатрыманьні ўмовы. Ганчар адказаў высакамерна (праектанты, відаць, ужо палічылі, што справа зроблена). Тут, дарэчы, відаць тыповы почырк Лубянкі: зрабіць выбары ці рэфэрэндум, ці іншае што любым спосабам, не звяртаючы ўвагі ні  на правілы, ні на законы, ні на здаровы сэнс, ні на ахвяры, ні на сьведкаў, ні на палітыкаў (дакладна, як цяпер у акаупаваным Крыме). А потым за подлую працу прызнаньня афёры возьмуцца хлусьня, масавая дэзінфармацыя, прадажныя СМІ, лжывая дыпляматыя, etc. Такой заўсёды была руская імпэрская і захопніцкая палітыка.

Тым часам агентурная журналістыка, сканцэнтраваная ў так званых “дэмСМІ” (асабліва на радыё “Свабода”), рэгулярна давала бравурную інфармацыю аб нібыта мільёнах прагаласаваных, у той час, калі на справе ў большасьці не былі створаныя нават участковыя камісіі, а выбарчыя бюлетэні ў колькасьці ўсяго па 500 штук на кожны раён (дзе па 50-60 тысячаў выбаршчыкаў) завезьлі толькі за тры дні да заканчэньня дзесяцідзённага галасаваньня. Ва ўсёй Беларусі прагаласавала ад сілы ўсяго некалькі дзясяткаў тысячаў выбаршчыкаў. Тым часам у ЦВК Ганчару пачалі прысылаць падпісаныя некаторымі даверанымі старшынямі камісіяў чыстыя і незапоўненыя блянкі пратаколаў галасаваньня, якія пасьля атрыманьня адвольна запаўняліся членамі ЦВК . Прытым некаторыя фальсіфікаты перахапіла лукашысцкая міліцыя. (Чым не ўліка ў плянуемай крымінальнай справе па апаганьваньні БНФ!) У давяршэньне да ўсёй гэтай дурной выбарчай прафанацыі “дэмСМІ” пачалі даваць інфармацыю з ЦВК, што наперадзе быццам бы йдзе кандыдат Пазьняк, які нібыта апярэджвае кандыдыта Чыгіра на мільён галасоў. Тупасьць і нахабства  гэтай афёры зьдзіўлялі і абуралі да неверагоднасьці.

За тры дні да сканчэньня прафанацыі выбараў я абзваніў па тэлефоне структуры Народнага Фронту з прапановай выходзіць з ганебных выбараў, а сам напісаў заяву Ганчару, што адмаўляюся ад удзелу ў выбарах і здымаю сваю кандыдатуру. Пераважная бальшыня фронтаўскіх структураў выйшла з выбарчай авантуры. Афёра абвалілася, хаця вынікі яе былі ўсё ж вельмі дэструктыўнымі для БНФ і ў цэлым для Беларусі.

            Праз некалькі гадоў пасьля падзеяў я двойчы меў размову на гэтую тэму са старшынёй Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Сымонам Шарэцкім. Усплылі канкрэтныя факты.

            Напачатку Масква прапанавала паўдзельнічаць у альтэрнатыўных выбарах у якасьці кандыдата якраз Сымону Шарэцкаму, паабяцаўшы фінансаваньне і выставіўшы свае ўмовы. (Прапанова была на ўзроўні віцэ-прэм’ера Расеі спадара Чубайса.) Шарэцкі адмовіўся і расказаў пра тое Ганчару. Ганчар паехаў у Маскву і прапанаваў свае паслугі, якія былі прынятыя. Так зьявіўся “Праект Чыгір”, пра які я пісаў у пачатку 1999 года. Згодна праекту, Масква з падачы Ганчара прапанавала на кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ў альтэрнатыўных выбарах Міхаіла Чыгіра.

            Авантурызм у характары Ганчара мне быў добра вядомы, але ягонае нізкае шулерства ў тых псэўдавыбарчых дачыненьнях, выяўленае на ўзроўні маскоўскай палітбратвы, зьдзівіла тады шмат каго з нас, фронтаўцаў. Я ня думаю, што Ганчар адкрыта пайшоў на супрацоўніцтва з расейскай “канторай”, але тое, што ён даў сябе выкарыстаць, гэта несумненна. Маючы задаткі прыстойнага чалавека, ён самахоць уваліўся ў расейскую палітычную гразь (гэтак жа як раней у кампанію з Лукашэнкам), заблытаўся ў маскоўскіх сетках, перабольшыў свае здольнасьці і скончыў фатальна, магчыма так і не зразумеўшы, якое подлае гэтае канторскае зьвяр’ё і якую шкоду зрабіў ён для Беларусі.

            Падсумоўваючы гэтую кароткую інфармацыю (падрабязна яна апісаная мной у кнізе “Цяжкі час”, том 2, стар. 126-140), мушу паўтарыць, што пасьля 1994 і 1996 гадоў гэта была найбольш маштабная апэрацыя Лубянкі па развалу Беларускага Народнага Фронту, якая разьвівалася тады сумесна з палітычнай дыверсіяй Ганса Георга Віка, суправаджалася ахвярамі, пасадкамі ў турму і вымушанай эміграцыяй беларусаў. Справа зьнікненьня Ганчара засталася нераскрытай, а па факту сьмерці Генадзя Карпенкі справа нават не была ўзбуджана. Хаця тут выразна прасочваецца гэбоўскі сьлед.

            Перад сьмерцю, у канцы сакавіка, Карпенка прыязджаў да мяне ў Варшаву і, абураны дзеяньнямі Ганчара-Чыгіра, прапанаваў мне супрацоўніцтва. Мы дамовіліся, што 31 сакавіка ён прыедзе ў сядзібу БНФ у Менску на сустрэчу з кіраўніцтвам Народнага Фронту, дзе будзе заключана афіцыйнае пагадненьне аб супрацоўніцтве, прынята дэклярацыя і пададзена ў сродкі масавай інфармацыі. 31-га сакавіка Карпенка не прыехаў. У той дзень пры вельмі падазроных абставінах і прысутнасьці падазроных людзей (пра што ведае яго бліжэйшае асяроддзе) у Карпенкі быў справакаваны інсульт, і 6-га красавіка ён памёр. (Дарэчы, кожны палітык ведае, што стан здароўя – гэта важная інфармацыя для варожай разьведкі. У Амэрыцы зьвесткі пра стан здароўя людзей пад аховай закона.)

            Разбуральная апэрацыя з выкарыстаньнем “альтэрнатыўных выбараў”, задуманая Масквой і падтрыманая яе агентурай у Беларусі, у цэлым правалілася, але засталася да канца не раскрытай, і нават шмат кім незразуметай, бо адбывалася ў грамадзтве асьлепленым антыбеларускай прапагандай і савецкай сьведамасьцю. Цяпер, калі рускі гэбізм, пераацаніўшы ўласныя сілы, адкрыта паказаў усяму сьвету свае воўчыя клыкі, напаўшы на Ўкраіну, і калі яго сатанінская хлусьня дала збой, ня лішняе было б зноў нагадаць тыя падзеі з гісторыі ўнутранай акупацыі Беларусі і гэбісцкай агрэсіі Расеі, перад якой апынулася сёньня Ўкраіна. Антыгэбісцкі, антырасейскі фронт пашыраецца, і настане час, калі рускі гэбоўскі спрут, гэтае імпэрскае скопішча зла захлынецца сваёй ядавітай сьлінай і патоне ва ўласнай крыві.

 

8 красавіка 2014 г.                                                                               Зянон ПАЗЬНЯК 

 

Дадаць у: