Ніколі б ні пісаў пра піраміды, біткоіны, блёкчэйны ды так званую “крыптавалюту”, калі б у паветры ні зьявіўся чарговы дэкрэт рэжыму “Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі”. Згодна гэтага опуса, беларусам дадуць магчымасьць ствараць біржы так званай “крыптавалюты”, здабываць і абменьваць “крыптафантомы” на рэальныя грошы. Прытым, ня будуць браць за тое падаткаў.
Шкода беларусаў, якіх зноў (у каторы раз) ашукаюць на мякіне, скарыстаўшы заганны інстынкт “халявы” і элемэнтарнае няведаньне, што такое грошы і як яны існуюць.
Шляхам матэматычных маніпуляцыяў (дапусьціўшы адну непрыкметную недакладнасьць) можна, напрыклад, “даказаць”, што 2 х 2 = “5”, але ў рэальнасьці ўсё ж гэта будзе “4”.
Тое ж і з грашыма, і з словаблудзцтвам пра “крыптавалюту”. Грошы як эквівалент трымаюцца на трох умовах (“трох кітах”). Гэта на эканоміцы (стварэньні матэрыяльных каштоўнасьцяў), на залатым і валютным запасах краіны.
Усялякая ідэя, прададзеная на рынку, пераходзіць у грашовы эквівалент тады, калі яна матэрыялізуецца ў рэальную матэрыяльную каштоўнасьць (тавар). Да матэрыялізацыі – гэта альбо толькі магчымасьць, альбо фантом. І калі ён праплочаны, але не рэалізаваны, то будзе стратным чыньнікам бюджэтнай і эканамічнай палітыкі.
Гандаль фантомамі можа быць прыстасаваны ў сістэме блёкчэйн і так званага “біткоіна», які рэальнай валютай не зьяўляецца. Словаблудзтва, якое зараз круціцца вакол дэкрэта Лукашэнкі, сьведчыць аб тым, што задумана чарговая піраміда “МММ” (вельмі на гэта падобная, толькі без Маўродзі). Нехта, відаць, унушыў правіцелю, што, маўляў, выйсьце ёсьць, можна “зрубаць” мільярды, і нават у міжнародным маштабе (асабліва калі пад працэс біткоіна падключыць энэргію будучай Астравецкай АЭС). Але калі ўсё абваліцца (а яно абваліцца) і самахоць абрабаваныя суайчыньнікі залемантуюць -- тады ўсё можна будзе зваліць на Трампа ды на міжнародныя маніпуляцыі амэрыканскага капіталу. Усяроўна ж ніхто з “падданых” у гэтым (і ні ў чым) не разьбіраецца. Палітычны клас зьнішчаны. Нацыянальнай эліты ўжо няма. «Крыптаэканоміка» дэкрэту – гэта як нехта рашыў бы разбагацець, гуляючы ў казіно. Мясцовыя лібэраль-гаваруны разважаюць пра міжнародны «прарыў», хваляць правіцеля, які раптам зьдзівіў сьвет сваім «сучасным» «мысьленьнем» і становіцца міжнародным «гульцом» (так і пішуць). Засталося толькі прайграць «народзец» у карты.
Дарэчы, нагадаю аб здольнасьці суб’екта, што выдае дэкрэты, да самых дзікіх авантур. (Пра дэкрэт № 3 аб “дармаедах” ужо ня кажам.) Яшчэ ў 1997 годзе, напрыклад, да правіцеля дастукаўся нейкі Віктар Лац, які прапанаваў праект вечнага рухавіка, што будзе забіраць энэргію гравітацыйнага поля Зямлі. Трэба толькі злавіць амплітуду гравітацыйных ваганьняў. Начальнік рэжыму выдзеліў 700 мільёнаў рублёў (па курсу 1997 года) на рэвалюцыйную справу. Яго падтрымаў «інтэлектуал» Шэйман, а іншы «інтэлектуал» – Пётра Пракаповіч, які займаў тады пасаду віцэ-прэм’ера ўраду, -- выдаў дэрэктыву Беларускаму электра-механічнаму заводу і заводу імя Казлова ажыцьцявіць праект (ня гледзячы на заключэньне Акадэміі Навук аб прынцыповай немагчымасьці зрабіць пэрпэтуум мобіле). Неўзабаве агрэгат быў скляпаны, але энэргіі не даваў. Кажуць, што гэтая канструкцыя яшчэ і цяпер іржавее на задворках завода. (Пра гэта: “Беларускія Ведамасьці”, -- 1998, №3(13), с. 13-14).
Праўда, усе гэтыя “вечныя рухавікі”, «дрэваапрацоўчыя камбінаты», “дармаеды” і т. п. – дробязі, у параўнаньні з планамі ўзбагаціцца на рулетцы міжнародных крыптапірамід, пакуль у гэтым яшчэ ніхто не разабраўся. Потым разьбяруцца.
27 сьнежня 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК