НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ДАДАТАК ПРА БАЙПОЛ І "ПЕРАМОГУ"

ДАДАТАК ПРА БАЙПОЛ І "ПЕРАМОГУ"

(Тэкст да патрыётаў Беларусі)

Байпол (міжнародная абрэвіятура, што абазначае "беларуская паліцыя") -- гэта самастойная група, якая складаецца з былых супрацоўнікаў Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных спраў (пракуроры, сьледчыя, апэратыўнікі і інш.), якія адмовіліся працаваць на тэрарыстычны антыбеларускі рэжым Лукашэнкі і выехалі за мяжу, дзе працягваюць змаганьне з рэжымам за вольную Беларусь.

Байпол не карыстаецца з фінансаваньня групоўкі, што створана вакол Ціханоўскай і Латушкі. Сьціплыя сродкі для дзейнасьці Байпола складаюцца з ахвяраваньняў беларусаў і грамадзкіх арганізацыяў. З прапановай аб гэтых ахвяраваньнях Байпол зьвяртаецца да суайчыньнікаў. Дзеля гэтага ўжо створана фундацыя "Байпол". Байпол -- гэта самадастатковая група, якая кантактуе зь іншымі групамі.

-- Дачыненьні --

Адносіны Байпола да групоўкі Ціханоўскай і Латушкі вынікаюць з дыпляматычнага разуменьня салідарнасьці пазыцыяў супраць лукашысцкага рэжыму (там, дзе пазыцыі супадаюць). Пазыцыя Байпола -- абарона суверэнітэту і незалежнасьці Беларусі, аднаўленьне законнасьці, вяртаньне законаў і законнай Канстытуцыі 1994 года; першая справа -- правядзеньня выбараў у Вярхоўны Савет па мажарытарнай сістэме.

Тым часам пастава насьледнікаў крамлёўска-газпрамаўскай палітыкі (Ціханоўскай-Латушкі) іншая -- выбары не парляманта па законнай Канстытуцыі 1994 года, а новыя выбары прэзыдэнта па існуючым лукашысцкім заканадаўстве. Пры такім падыходзе Масква атрымлівае вялікія магчымасьці зноў правесьці сваю кандыдатуру на абсалютнага правіцеля Беларусі.

* * *

Групоўка Ціханоўскай-Латушкі не зацікавілася праектам "Перамога" і не падтрымлівала яго. Але калі план быў публічна аб’яўлены Байполам, дык яны кінуліся вяшчаць аб падтрымцы плану "Перамога", ствараючы ўражаньне, што быццам бы гэта іхняя праца, што яны яе разам з Байполам рыхтавалі. Такая гэта ёсьць публіка і такія іхныя паводзіны. Яны імкнуцца дэманстраваць «ініцыятывы», бо зацікаўленыя, каб Захад іх за гэта падтрымліваў.

--

Па сутнасьці -- Нагадваю, што план "Перамога" -- гэта ёсьць не палітычная платформа, але прылада, механізм ліквідацыі тэрарыстычнай ўлады ў Беларусі. Гэта механізм апэратыўнай народнай рэвалюцыі, які рэальна можа спрацаваць пры масавым удзеле людзей у мабілізацыі ў адпаведны час.

Пасьлядоўнікі Адраджэньня, беларускія патрыёты і прыхільнікі Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту "Вольная Беларусь" (БНС) могуць запісвацца ў мабілізацыю "Перамога" і ў патрэбны час дапамагчы Беларусі.

Аднак усім трэба працягваць фармаваньне сваіх гарызантальных структураў (ствараць зьвязы па два чалавекі) у руху "Вольная Беларусь", рабіць усю працу, задэкляраваную намі яшчэ з 2014 года. Суполкі "Вольнай Беларусі" робяцца часткай мабілізацыі "Перамога», але застаюцца таксама асобнымі ў сітуацыі, якая створыцца.

-- У нацыянальных інтарэсах --

Трэба разумець, што ў аўтарытарным, антыбеларускім, тэрарыстычным рэжыме міліцыя ня можа быць "з народам" (як тое гукаюць некаторыя людзі). Тым больш, трэба цаніць тых нешматлікіх сумленных супрацоўнікаў у сфэры ведамства унутраных справаў, якія ахвяраваліся дзеля краіны і народа Беларусі, эмігравалі за мяжу ў цяжкае існаваньне, каб змагацца і працаваць дзеля волі і свабоды Айчыны.

Чаму мы (БНС "Вольная Беларусь") падтрымалі Байпол і праект "Перамога"? Перш за ўсё таму, што гэты план арыентаваны на ўнутраннае вырашэньне праблемы ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі сіламі самога Беларускага народа (без прэсаваньня народа чужымі санкцыямі, абяцанкамі «дыялогаў» з бандытамі і т. п.). Арыентацыя на ўнутраннае народнае вырашэньне праблемы ўлады -- гэта падыход, які адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам.

Тым часам рыторыка груповак Латушкі-Ціханоўскай, якія бяруць пачатак ад газпрамаўска-крамлёўскага праекту перамены ўлады ў Беларусі, з’арыентавана на зьнешняе вырашэньне беларускага пытаньня чужымі сіламі -- Эўразьвязу і Расеі, якія шляхам "дыялогу" (з удзелам гэтых груповак) павінны сесьці за стол "перамоваў" з бандыцкім рэжымам і вырашыць лёс Беларусі (у сваіх інтарэсах, вядома). Групоўкі Латушкі-Ціханоўскай тут, у ілюзорных перамовах (калі б яны адбыліся), удзельнічалі б толькі для антуражу, бо гэта марыянэткі, якія кантралююцца спэцслужбамі і ўтрымліваюцца на грошы перамоўшчыкаў. Але праўда такая, што ніякія «дыялогі» і «перамлвы» са злачынцамі не адбудуцца, бо немагчымыя.

-- Шырма павалілася --

3--5-га чэрвеня, напрыклад, быў наладжаны чарговы спэктакль з візітам гэтай кампаніі ў Польшчу. Слабая арыентацыя ў палітыцы і прыблізнае ўяўленьне аб тым, куды іх прывезьлі, прывяла да паказальнага скандалу. Сьвятлану Ціханоўскую запрасіў у госьці прэзыдэнт Варшавы лібэрал Рафал Тшаскоўскі, які ёсьць у апазыцыі да кіруючай партыі і ўраду і які рыхтуе вялікае апазыцыйнае мерапрыемства "Campus Polska Przyszłosci" насуперак кіруючай партыі. Тшаскоўскі запрасіў Ціханоўскую на Campus Polska, і яна пагадзілася ўдзельнічаць. Тады Тшаскоўскі падзякваў яе за згоду ўдзельнічаць у "Кампусе" і паведаміў: "Ціханоўская будзе з намі на @Campus_Polska. Нас чакае незвычайнае і несумненна павучальнае спатканьне."

У выніку тут жа пачуўся рэзкі выкрык намесьніка старшыні польскага Сэйму і кіраўніка парляманцкай бальшыні Сэйму спадара Рышарда Тэрлецкага, які прагучэў дакладна так: "Калі Ціханоўская хоча рэкламаваць антыдэмакратычную апазыцыю ў Польшчы і выступаць на мітынгу Тшаскоўскага, дык няхай шукае дапамогі ў Маскве".

Цяпер гэты скандал абмяркоўваюць польскія палітыкі і журналісты. (Пакуль што бальшыня на баку Тэрлецкага. Сьвятлана адказала: "Хай ён (Тэрлецкі) паглядзіць у вочы маім дзецям" і г. д. https://wiadomosci.onet.pl/).

Камэнтары тут не патрэбныя. Так маглі пакрыкваць на прыслугу ў гістарычныя часы, а не на "пані прэзыдэнт", якую вось ужо паўгода з фальшывым пафасам разыгрываюць у Эўразьвязе. Камэдыя пагарэла. Шырма павалілася. Глядач убачыў рэчаіснасьць. А ўвогуле ўсё гэта ганебна.

-- Пазытыўная справа --

План "Перамога" -- гэта сур’ёзны праект, падрыхтаваны беларусамі, якія прафэсійна разьбіраюцца ў тым, што прапануюць. Небясьпеку плана "Перамога " рэжым Лукашэнкі ўспрыняў зь непакоем. Пачаўся трольны галас, пасыпаліся розныя фальшыўкі, залемантавала агентура, неўрастэнікі ў сацыяльных сетках і т. п. -- усё, як звычайна.

Дзелавыя людзі на лямант і на троляў не зьвяртаюць увагі, не марнуюць час на пустыя гаворкі з заўзятарамі, калі ёсьць ідэя, мэта і праца. Павінна рабіцца пазытыўная справа і падрыхтоўка вызвольнага Паректа.

-- Рашэньне --

Першыя дні пасьля абвяшчэньня плану паказалі, што найбольшай перашкодай да хуткага дзеяньня зьяўляецца зразумелы недавер беларусаў да рэжымнай міліцыі і асобаў з судова-міліцэйскага асяроддзя. Нянавісьць да міліцэйскіх садыстаў і судовых мярзотнікаў такая, што яна аўтаматычна экстрапалюецца на ўсіх, хто належыць да судова-сілавога ведамства. Але ёсьць выключэньні. Хоць і няшмат, але ёсьць патрыёты.

Адзінае, што тут можна параіць, -- супакоіцца, уключыць галаву, падумаць і прыняць рашэньне ўдзельнічаць у праекце. Рызыкі тут няма. Ні прозьвішчы, ні адрасы дабраахвотнікаў нідзе не фігуруюць. Іх не існуе. Сувязь праз Тэлеграм адразу выдаляецца. Застаецца толькі аднабокі канал у "Перамозе", які недасяжны.

-- Працяг --

Зразумела, што найважнейшымі будуць дзеяньні пасьля рэалізацыі плану "Перамога" (гэта значыць пасьля ліквідацыі ўлады тэрарыстычнай хунты і вяртаньня ў законнае прававое поле). Тут важна будзе прадухіліць умяшаньне зьнешніх сілаў і забясьпечыць беларусам магчымасьць самым ажыцьцявіць перамены, перабудову ўлады і грамадзтва.

Праграма "Вольная Беларусь" (абмеркаваная яшчэ ў 2017 г. і вядомая грамадзтву) прадугледжвае стварэньне тымчасовага пераходнага рэвалюцыйнага ўраду, які забясьпечыць парадак, абарону суверэнітэту, верне законнасьць, адновіць законную Канстытуцыю 1994 года, правядзе выбары ў Вярхоўны Савет, які сфармуе законны урад.

Палітычную ініцыятыву стварэньня пераходнага рэвалюцыйнага ўраду і адказнасьць у дзеяньнях бярэ на сябе Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь", які з каардынацыйнага воргана за мяжой будзе пашыраны на ўсю Беларусь. Беларусы самы ўладкуюць сваю краіну, зробяць парадак і вызначаць самастойную будучыню Беларусі.

5 чэрвеня 2021 г.                                                 Зянон ПАЗЬНЯК

www.narodnaja-partyja.org

Дадаць у: