НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Дрэнныя паводзіны

Дрэнныя паводзіны

             Народнае галасаваньне застала ў расплох падстаўную апазыцыю. Паўстала задача рэальнага змаганьня да якога яны не гатовыя. Народнае галасаваньне  можа перакрэсьліць пляны Масквы (праваліцца і Лукашэнка, і Казулін) і пляны Брусэлю (які баіцца страціць тут вікаўскую апазыцыю). Яны выказаліся супраць (як і трэба было чакаць). Прытым дэмагагічна: “Ідэя Народнага галасаваньня намі абмеркаваная, -- кажа А. Мілінкевіч, -- але адкінутая з прычыны, што на наш погляд, яна дэмабілізуе людзей, адбірае у іх веру ў перамогу. ... Наша ідэя іншая – аб’яднацца ўсім вакол адзінага прэтэндэнта аб’яднаных дэмакратычных сілаў, вылучанага кангрэсам” (Радыё “Свабода”, 23.01.06).

            Сутнасьць гэтай фразеалогіі такая:

      --  мы будзем удзельнічаць у выбарах па схеме Лукашэнкі, усе падтрымлівайце ў гэтым нас і верце ў нашу перамогу. А паколькі Народнае галасаваньне ў такую  “перамогу” верыць ня можа з прычыны яе немагчымасьці, то, значыцца, яно “дэмабілізуе” людзей і адбірае ў іх веру ў перамогу.

Як бачым гэтыя дзеячы ні на крок ня могуць адыйсьці ад дарожкі, пратаптанай незабыўным У. Ганчарыкам.

      Наступны абаронца сьляпога шляху сфармуляваў гэтую дарожку так:

“Толькі электаральная падтрымка, якая перавышае 50%, стварае ўмовы для пераменаў. Так, цяперашні рэйтынг, адносна задачаў, якія пастаўленыя, маленькі. Аднак іншага шляху, акрамя прапаганды праграмы, пэрсоны, кааліцыі – няма. Пасьпеем мы да выбараў выйсьці на 50%, то тады рэалізуем праект. А калі не пасьпеем, то той здабытак, які мы цяпер атрымаем, будзем нарошчваць далей пасьля выбараў.” (В. Івашкевіч, радыё “Свабода”, 23.01.06).

      Адказ на гэтыя наіўныя разважаньні ляжыць на паверхні вопыту мінулых гадоў.

      19 сакавіка ў Беларусі будзе вырашацца лёс антыбеларускай улады, лёс Лукашэнкі і пэрспэктыва ўлады ў Крамлі. У гэтых умовах пры любых раскладах выбаршчыкаў супэрмашына фальсіфікацыі (якую не кантралюе ніхто акрамя рэжыму) спрацуе адназначна ў карысьць рэжыму.

      Пасьля выбараў рэйтынг паражэнцаў падае ўніз і ніякіх “нарошчваньняў” ужо ня будзе. Тым больш, што ў падстаўной апазыцыі і ў Мілінкевіча няма ніякой народнай ідэі, акрамя “прагматычнага” падыходу да чужой палітыкі. Грамадзтва стане ўжо жыць іншай рэчаіснасьцю. Дасягаць вынікаў трэба на выбарах, а не пасьля.

      З аднаго заходу перамагчы фальсіфікацыйны рэжым галасаваньня немагчыма. Патрэбныя этапы. Першы этап – Народнае галасаваньне, якое можа рэальна і законна выкінуць Лукашэнку з выбарчага працэсу.

      Народнае галасаваньне дае ў рукі народу канкрэтны аргумант доказу ягонай праўды – гэта афіцыйны бюлетэнь з пячаткай і подпісамі членаў камісіі.

      Калі такіх бюлетэняў набярэцца шмат, яны стануць бясспрэчным сьведчаньнем фальсіфікацыі, зразумелым усім. Гэта стане зачэпкай для актыўных дзеяньняў вялікай колькасьці людзей. Гэта зьменіць клімат і дачыненьні да рэжыму ў грамадзтве, пазбавіць рэжым упэўненасьці ў сабе. Лукашэнка атрымае ўдар, паражэньне. Яго пачнуць пакідаць нават паплечнікі. (Тут закон зграі, мафіі, заснаванай на страху).

      У грамадзтве будуць узьнікаць умовы для дзеяньня, для стварэньня і падтрымкі Часовага ўраду і новых выбараў, на паверхні зьявяцца дзейныя здаровыя сілы нацыі. Ганебная вікаўская апазыцыя з Мілінкевічамі-Ганчарыкамі і ўсё гэтае псэўдаапазыцыйнае балота імгненна кане ў Лету. Сьвежы вецер павее над Беларусяй. Наперадзе вялікая праца, творцам якой можа стаць сам Беларускі Народ.

 

24 студзеня 2006 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: