НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЭПІДЭМІЯ Covid-19. НЬЮ-ЁРК, 6.ІV.2020

ЭПІДЭМІЯ Covid-19. НЬЮ-ЁРК, 6.ІV.2020

Цэнтар пандэміі паступова пераходзіць у Амэрыку. Нягледзячы на ўсе захады і трыльёны даляраў, адпушчаныя на супрацьдзеяньне каранавірусу, хвароба пашыраецца, і вынікі яе могуць быць вельмі датклівымі. Сама дынамічная цывілізацыйная структура Злучаных Штатаў гэтаму будзе спрыяць. Амэрыка, як і ўвесь сьвет, аказалася таксама слаба падрыхтаванай да вызваньня.

На 6-га красавіка тут 366.785 захварэлых. За адзін дзень (6. 04. 2020) прыбавілася 29.522 захварэлых. Усіх у ЗША ўжо памерла 10.841 чалавек. За адзін дзень (6.04.2020) памерла 1225 чалавек.

Найгоршая сітуацыя ў штатах Нью-Ёрк і Нью-Джэрзі. У штаце Нью-Ёрк на 6.04.2020 захварэла 131.845 чалавек (траціна ад усіх захварэлых у краіне). Памерла -- 4758 чалавек (амаль палова ад усіх памерлых ў ЗША).

Дрэннае становішча ў Нью-Ёрку. Тут захварэла (на 6.04.2020) 72181 чалавек (гэта зн. больш чым палова ад хворых усяго штата). Памерла 3485 чалавек (траціна ад усіх памерлых у ЗША). За ўчарашні дзень (6.04.2020) у Нью-Ёрку памерла 600 чалавек (палова ад усіх памерлых у ЗША за гэты дзень). Кожны дзень колькасьць захварэлых у Нью-Ёрку павялічваецца ў сярэднім на 5 000 чалавек.

Вулічнае і офіснае жыцьцё ў Нью-Ёрку даволі спакойнае (мне прыходзіцца езьдзіць мэтро, бываць ў офісах і крамах). Людзі сталі больш засяроджаныя, амаль усе трымаюць дыстанцыю, бальшыня ў масках, амаль усе ў пальчатках. Шмат якія бізнэсы на карантыне і не працуюць, зачыненая большасьць крамаў, акрамя прадуктовых і аптэк ды выбарачна сфэры абслугі. Гарадзкія аўтобусы ўжо некалькі тыдняў бясплатныя. Мэтро платнае, і, як заўсёды, працуе дрэнна. На раніцы бывае скучанасьць людзей у вагонах.

Пэрспэктывы горада Нью-Ёрка і краіны дакладна ніхто ня ведае, хаця прагнозы робяцца. Выходзіць, аднак, што лёс Нью-Ёрка незайздросны. Людзі тут у асноўным законапаслухмяныя, але вельмі розны культурны і мэнтальны ўзровень жыхароў. Тым часам дысцыпліна, культура паводзінаў і самазахаваньня мае вялікае значэньне.

Асноўныя правілы: -- не датыкацца рукамі да твару (у крайнім выпадку праз сурвэтку, якую адразу выкінуць);

-- часта мыць рукі з мылам;

-- быць у масцы;

-- надзяваць гумовыя пальчаткі;

-- трымаць дыстанцыю;

-- частая дэзынфэкцыя рэчаў, дэталяў адзеньня і жыльля сьпіртам (не ніжэй 70% альбо іншым рэчывам, што забівае вірус (воцат не ніжэй 70% і іншае).

Да ўсяго гэтага раю хутка прывыкнуць, як да абавязковых правілаў гігіены, бо найбольш верагодна, што з каранавірусам прыдзецца жыць доўга.

Заўвага пра стан у Беларусі:

Людзі на Захадзе ня ведаюць, што Лукашэнка хворы на мазаічнцю псіхапатыю (за што быў камісаваны з узброеных сіл СССР) і думаюць, што чуюць натуральнага, здаровага хама, дурня і прыдурка, «народнага самародка», у СМІ цытуюць ягоныя неадэкватныя выказваньні пра каранавірус, зьняважлівыя заўвагі пра народ («жрать не будзет чэво») і пацяшаюцца зь Беларусі. За ўсю гісторыю нашага Вялікага Княства, БНР, БССР і Рэспублікі Беларусь мы не перажывалі такога сораму і ганебнага стану, як за часы мазаічнага лукашызму. Гэты сорам для народа страшнейшы, чым каранавірус. Вірус мінае, ганьба застаецца.

7 красавік 2020.                                                                      Зянон ПАЗЬНЯК

narodnaja-partyja.org

Дадаць у: