НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ФАЗА ЛІКВІДАЦЫІ

ФАЗА ЛІКВІДАЦЫІ

Злачынца прывыкае да зьверстваў гэтак жа, як забойца да крыві, калі не спатыкае супраціву. Аб зьнішчэньні беларусаў Лукашэнка цяпер стаў казаць больш адкрыта чым раней. Вось некалькі яго апошніх выказваньняў падчас нарады аб супрацьдзеяньні санкцыям. Сатрап запатрабаваў разабрацца зь іншадумствам у кіроўным апараце краіны.

 "Разьбярыцеся, бо занадта шмат стала ў нас кіраўнікоў, якія займаюць антыдзяржаўную пазыцыю, больш за ўсё ў Менску. І што мяне зьдзіўляе, гэта кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя. Шмат „разумных“ зьявілася..."

"Але калі кіруеце калектывам, вы дзяржаўныя людзі (усё роўна, прыватнае ці дзяржпрадпрыемства). Тым больш калі пагоны носіце ці ў апараце працуеце. У адваротным выпадку будзем расцэньваць гэта як здраду».

«Прыйшлі сьпісы з КДБ». За што сотнямі звальняюць беларусаў...

Усіх гэтых падпісантаў мы павінны бачыць, асабліва калі яны дзесьці „наверсе“, у вэртыкалі ўлады. ....

Тых, хто парушаў закон, штурхаў людзей на парушэньні, вось з гэтымі мы павінны разабрацца...

Спуску не павінна быць, хто вінаваты, хто здраднік, хто проста ня наш чалавек"... ( https://www.svaboda.org/a/31612165.html ). 

Такія маналогі ўжо не сьціхаюць.

Тут падложа і схема вынішчэньня грамадзтва. Меры няма. Існуе толькі мэта. У бліжэйшы час рэпрэсіі заканамерна пачнуцца ў самой рэжымнай сістэме ўлады (зрэшты ўжо пачаліся).

Калі б у рэжымнага чынавенства (у генэралаў, дырэктараў, загадчыкаў і інш.) былі за душой нейкія пачаткі беларускага патрыятызму (ці хаця б элемэнтарныя абавязкі перад Радзімай), то, магчыма, з вар’ятам маглі б неяк парадзіць. Але, відаць, адмоўная сэлекцыя адбылася настолькі моцна, што апальная абслуга, зьнікаючы, будзе маўчаць. 

Разборкі наверсе ў час рэпрэсіяў -- справа вядомая. Шкода, аднак, добрага даверлівага народу, асабліва моладзі і жанчын, якіх заўсёды шанавалі ў беларускім жыцьці.

Калісьці, гадоў дзесяць-патнаццаць таму, на пасадзе старшыні КГБ быў такі масковец Жадобін. Гэты масковец складаў сьпісы беларусаў, якіх планавалася (ў выпадку маскоўскай патрэбы) забіць у першую чаргу. Ён нават абнародваў, колькі беларусаў налічыў на расправу -- 1667 чалавек. (Лукашэнка ў 90-х казаў толькі пра 400).

Ва ўсёй гэтай прамаскоўскай пячорнай палітыцы паўдзікуноў зьдзіўляе нават ня іхняе адкрытае бахвальства аб зьнішчэньні беларусаў, але паспалітая рэакцыя (дакладней, адсутнасьць рэакцыі) шырокага беларускага грамадзтва, якое падтрымлівала рэжым (усё чуючы) і хваліла Лукашэнку. Вось тут і ёсьць фэнамэн існаваньня антынацыянальнай дыктатуры. 

Прычына зразумелыя -- страх, псіхалогія савецкага нявольніцтва і адсутнасьць нацыянальнага патрыятызму. Усё пачалося з уцёкаў ад свабоды, -- з акупацыйнай фразы: "зачэм этат беларускі язык"; "какая разьніца". Тут --  аснова асноў няшчасьця людзей.

Напачатку было Слова. Значэньне мае толькі Слова. Астатняе збоку. І Слова беларускага генія Багушэвіча вісіць, як Дамоклаў меч, над існуючым пакаленьнем: "Не пакідайце ж мовы нашай Беларускай, каб не ўмёрлі". Шкода, калі не пачуюць нават цяпер.

 

17 сьнежань 2021 г.        Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: